Вы тут

З любоўю да людзей


Славуты старажытны абраз Баркалабаўскай Божай Маці прадставяць гасцям Дня пісьменства ў Быхаве 1 верасня. Пра гэта дамовіліся мясцовыя ўлады і духавенства, і расказалі пра такія планы на свяце ў Баркалабаве.

24 ліпеня ў Быхаўскім раёне, паводле старадаўняй традыцыі, ушанавалі абраз Баркалабаўскай Божай Маці. Ён захоўваецца ў Свята-Увазнясенскім жаночым манастыры, што паблізу аграгарадка Баркалабава.

У гэты дзень манастыр наведалі сотні вернікаў. Яны прыехалі на аўтамабілях, веласіпедах, вазах. А таксама прыйшлі і пешшу хрэсным ходам — з Магілёва і Быхава. Вітаючы гасцей, у манастыры выклалі з кветак дарожку. Нягледзячы на дождж, каля галоўнага храма стаяла шмат людзей: унутры, дзе вёў службу епіскап Магілёўскі і Мсціслаўскі Сафроній, усім не хапіла месца. Вернікі на вуліцы пад парасонамі, схаваўшы абразы пад плёнку, слухалі трансляцыю службы.

1375105270224_26-20

Абраз Баркалабаўскай Божай Маці, убраны з нагоды свята ружамі, асвятлялі ў храме свечкі і лампады. Аднак дабрацца да самога абраза праз натоўп было няпроста. Кожны хацеў дакрануцца да старажытнай каштоўнасці, якая робіць вялікае ўражанне.

Гэтаму абразу больш за 350 гадоў, і ён мае цікавую гісторыю. Выяву Божай Маці падараваў манастыру ў 1659 годзе князь Пажарскі. Паводле падання, вайсковы абоз князя не здолеў крануцца з месца пасля прыпынку ў манастыры, пакуль Пажарскі не пакінуў прыгожы абраз у Баркалабаве.

Калі манастыр у савецкі час закрылі, каштоўнасць захоўвалі манашкі і простыя людзі, а пасля вайны перадалі ў царкву ў Быхаў. У 2010 годзе, калі ў Баркалабаве аднавілі манастыр, абраз Божай Маці, які вернікі шануюць як цудатворны, вярнуўся на сваю радзіму. І штогод, 24 ліпеня, тут адзначаюць яго прастольнае свята.

— Я радуюся, — сказаў пра свае пачуцці настаяцель Свята-Троіцкай царквы ў Быхаве айцец Мікалай. — І прасіў бы, каб мы сталі больш спагадлівыя і цярпімыя адно да аднаго, каб прымалі і любілі людзей.
І гэта магчыма.

— Баркалабава — цудоўнае месца, — падзялілася Антаніна з Гомельскай вобласці. — І мне падабаецца свята, якое не сапсаваў і дожджык, летні і цёплы.

— Для мяне тут роднае месца, таму што маці адсюль родам, — сказала Алена.
— Я прашу ў Баркалабаўскай Божай Маці дабрабыту і міру.

— Абраз прыгожы і нясе добрасць, — сказаў Аляксандр з Быхава. — Не кожнаму выпадае пабачыць такую легендарную старажытнасць, таму я горды, што я тут быў і стаяў побач. І я прашу здароўя для сябе і сваякоў, для ўсіх.

На свяце ў Баркалабаве пабываў і кіраўнік свецкай улады Быхаўскага раёна. Старшыня райвыканкама Дзмітрый Калееў сказаў, што рады вітаць усіх гасцей.

— Я ганаруся, што праз такую падзею становіцца вядомай быхаўская зямля, — пракаментаваў ён. — Многія знаходзяць тут суцяшэнне і радасць, і мяне гэта, як кіраўніка раёна, радуе. У часіны, калі навокал адбываюцца войны, разнастайныя катаклізмы, стыхійныя бедствы, нам усім трэба не страціць любоў да блізкага, да працы, да сям'і і да ўсяго навокал нас, каб не страціць саміх сябе.

Дзмітрый Калееў пацвердзіў, што абраз Баркалабаўскай Божай Маці змогуць пабачыць госці Дня беларускага пісьменства. Для гэтага каштоўнасць часова перавязуць з Баркалабава ў Свята-Троіцкую царкву ў раённым цэнтры. Гэта стане адной з адметнасцяў свята, якое адбудзецца ў Быхаве 1 верасня.

Ілона Іванова. Фота аўтара.

Быхаўскі раён.

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».