Вы тут

Калі сціраюцца межы...


Цягам двух дзён у Міжнародным адукацыйным цэнтры імя Ёханэса Рау панавала атмасфера беларушчыны. Сотні людзей, частка якіх была апранута ў нацыянальныя строі, віталіся, размаўлялі (часам з моцным акцэнтам) па-беларуску, абмяркоўвалі пытанні нацыянальнай ідэнтычнасці, абменьваліся запрашэннямі ў госці, спрачаліся, дзяліліся праблемамі і планамі... Нават ахоўнікі ў канферэнц-зале былі апрануты ў вышываныя кашулі, падперазаныя паясамі. Так у Мінску праходзіў VІ з'езд беларусаў свету.

1375105271374_1

Міжнароднае грамадскае аб'яднанне "Згуртаванне беларусаў свету "Бацькаўшчына" ладзіць з'езды раз на чатыры гады, пачынаючы з 1993 года. Тады, на 1-м з'ездзе, сабралася больш за тысячу чалавек — дэлегатаў з беларускіх асяродкаў замежжа і Беларусі. Сёлетнія лічбы значна больш сціплыя: у Мінск прыехалі 254 дэлегаты (з заяўленых 330) з Беларусі, краін блізкага замежжа, а таксама з ЗША, Венгрыі, Чэхіі, Даніі, Швейцарыі ды іншых краін свету. Адметнасцю сёлетняга форуму стала тое, што ён супаў з 20-годдзем правядзення першага з'езда.

Падчас адкрыцця форуму кіраўнік МГА "ЗБС "Бацькаўшчына" Алена Макоўская прамовіла:

— Наш з'езд асаблівы, бо адбываецца ў юбілейны год. Гэта стала добрай нагодай ацаніць здабыткі і страты мінулага, а таксама акрэсліць нашы планы на будучыню. Магчыма, 20 год — не надта вялікі час, каб вырашыць усе праблемы. Магчыма, мы не зрабілі ўсё, што павінны былі зрабіць. Мы з розных краін, мы належым да розных пакаленняў, у нас розны вопыт і розныя ўмовы дзейнасці, у нас розныя погляды. Але тое, што нас яднае, нашмат большае: гэта тое, што мы — беларусы.

Сёлетні з'езд быў прысвечаны выклікам і магчымасцям беларускай нацыі ва ўмовах глабалізацыі. Як адзначыла Алена Макоўская, "ва ўмовах, калі ўніверсальная культура становіцца ўсё больш распаўсюджанай, усё большую каштоўнасць набываюць нацыянальныя асаблівасці. І тым больш намаганняў патрабуецца для таго, каб іх захоўваць і развіваць".

Сёння па-за межамі Беларусі пражывае звыш 3,5 мільёна нашых суайчыннікаў. У больш чым 20 краінах свету дзейнічае звыш 200 беларускіх арганізацый і асяродкаў. Чым жывуць яны сёння? Адзін з дэлегатаў з'езда, кіраўнік "Беларускай абшчыны ў Рэспубліцы Малдова" Юрый Статкевіч

падзяліўся з карэспандэнтам "Звязды":

— Наша суполка аматарская. Мы стварылі нядзельную школу, дзе дзеці і дарослыя вывучаюць беларускую мову, гісторыю Беларусі. Святкуем беларускія народныя святы — Гуканне вясны, Каляды, Купалле, Дзяды. Падтрымліваем нашых суайчыннікаў у Малдове. У суполцы існуе літаратурны гурток, праводзяцца выставы мастакоў. За 20 гадоў існавання суполкі мы выдалі 18 зборнікаў вершаў беларускіх паэтаў, а таксама двухтомнік вершаў паэтаў Малдовы на беларускай мове.

Па словах Юрыя Статкевіча, сёння сталічная суполка налічвае больш за 300 удзельнікаў. Акрамя таго, беларускія згуртаванні існуюць у шасці буйных гарадах Малдовы. Але ёсць і пэўныя цяжкасці. Галоўная з іх заключаецца ў фінансаванні, а дакладней, яго адсутнасці: арганізацыя існуе на ахвяраванні яе ўдзельнікаў. Таксама ёсць унутраная праблема: у суполку прыходзіць мала моладзі. Гэтыя дзве прычыны, на думку Юрыя Статкевіча, узаемазвязаны.

А вось беларуская дыяспара на тэрыторыі Швейцарыі хоць і дзейнічае ўсяго 1,5 года, але актыўна развіваецца. Кіраўнік Асацыяцыі беларусаў у Швейцарыі Аляксандр Сапега (які прызнаўся, што не з'яўляецца нашчадкам знакамітага магнацкага роду), распавёў "Звяздзе":

— Па афіцыйных даных на 2012 год, у Швейцарыі пражывала 2,5 тысячы беларусаў. Але праблема ў тым, што іх складана сабраць разам. Аднак мы ладзім культурныя мерапрыемствы, у якіх удзельнічаюць не толькі беларусы, але і ўкраінцы, расіяне, швейцарцы, што цікавяцца Беларуссю. На жаль, наша моладзь не такая актыўная, як старэйшае пакаленне. Але, тым не менш, летась у нашай асацыяцыі было 20 чалавек, а цяпер амаль 90.

Павітаць удзельнікаў мерапрыемства прыйшлі прадстаўнікі Пасольства Украіны, Пасольства Нідэрландаў у Польшчы і Беларусі, а таксама дзяржаўных органаў улады Беларусі: Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу, міністэрстваў культуры, адукацыі, эканомікі, замежных спраў, а таксама асабіста міністр культуры Барыс Святлоў і ўпаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Леанід Гуляка. Прагучалі вітанні ад першасвятароў праваслаўнай і грэка-каталіцкай цэркваў. Віншаванні форуму даслаў нават прафесар Барыс Кіт, якому цяпер 103 гады.

Сам з'езд пачаў сваю працу з выбару працоўных органаў. Затым на працягу двух дзён дэлегаты прадстаўлялі аўдыторыі справаздачы, выступы, праекты, прапановы. Падчас свайго дакладу Алена Макоўская нагадала пра асноўныя пытанні, якія "чырвонай лініяй" праходзяць праз усе з'езды: гэта стварэнне заканадаўчай базы для супрацоўніцтва дзяржавы і беларускай дыяспары і адкрыццё Беларускага дома. Была ўзнята і праблема міграцыі беларусаў у краіны блізкага замежжа. Пры гэтым Алена Макоўская зазначыла, што з Беларусі можа "вымыцца" самы каштоўны рэсурс — людзі.

— Мы не можам супрацьстаяць працоўнай міграцыі. Мы жывём у час глабалізацыі, але можам агульнымі высілкамі дзяржавы і грамадскасці супрацьстаяць асіміляцыі, развіваць і падтрымліваць нацыянальную культуру, зрабіць так, каб беларуская мова заняла належнае месца ва ўсіх сферах жыцця, — упэўнена яна.

Увогуле адным з найважнейшых пытанняў, якое абмяркоўвалі падчас з'езда, было менавіта захаванне нацыянальнай мовы. Згодна з вынікамі сацыялагічнага апытання, з часу апошняга з'езда 2009 года на 10 — 15% знізілася колькасць беларускамоўных сярод дыяспары.

— Калі ў першым пакаленні чалавек губляе мову, то ў другім—трэцім ён губляе нацыянальнасць, — справядліва канстатаваў старшыня Таварыства беларускай мовы Алег Трусаў. А кіраўнік рэгіянальнага грамадскага аб'яднання "Іркуцкае таварыства беларускай культуры імя Яна Чэрскага" Алег Рудакоў на гэты конт заўважыў, што размаўляць на нацыянальнай мове трэба не толькі сярод абмежаванага кола аднадумцаў, а неабходна "ісці ў народ". І дадаў, што падчас прыездаў у Беларусь сам заўжды размаўляе па-беларуску.

Між тым, у дачыненні мовы на мерапрыемстве ў карэспандэнта "Звязды" склалася цікавае назіранне: беларусы далёкага замежжа прадстаўлялі свае прамовы пераважна па-беларуску, а некаторыя дэлегаты з ліку бліжэйшых нашых суседзяў — Расіі і Украіны — выступалі па-руску. Здавалася б, каму лягчэй авалодаць мовай?.. Здараліся нават казусныя выпадкі. Напрыклад, калі адзін з беларусаў Украіны паведаміў, што ў дзяцінстве яго білі за ўжыванне беларускай мовы, нехта адзначыў, што "мала білі", пасля чаго зала выбухнула смехам. А вось дэлегатка, якая з чатырох гадоў жыве ў Эстоніі, распавяла, што, не маючы моўнага асяродку, свабодна размаўляе і піша па-беларуску. "Было б жаданне", — падсумавалі ў прэзідыуме з'езда.

Акрамя агучвання дакладаў, на сходзе праводзілася праца ўдзельнікаў па секцыях. Сёлета яны ахапілі наступныя тэмы: "Магчымасці ўнутраных сіл Беларусі і дыяспары па ўмацаванні нацыянальнай ідэнтычнасці", "Новая" і "старая" эміграцыі: супрацоўніцтва на карысць нацыянальнага развіцця", "Культурная спадчына беларускага замежжа". Па выніках работы секцый дэлегаты вылучылі канкрэтныя прапановы па ўмацаванні беларускай ідэнтычнасці — такія як эканамічнае і культурнае стымуляванне членаў дыяспары (асабліва моладзі) для актыўнага ўдзелу ў беларускім жыцці за мяжой або вяртання на радзіму; стварэнне прывабнай, эфектыўнай, грамадска актыўнай і канкурэнтаздольнай "беларускай мары" і іншыя.

1375105271319_2

Нягледзячы на тое, што на сходзе сабраліся аднадумцы, не абышлося і без спрэчак, якія разгарэліся падчас прыняцця выніковых дакументаў з'езда. Тым не менш большасць дэлегатаў прагаласавала за прыняцце звароту да кіраўніцтва Рэспублікі Беларусь пра стварэнне заканадаўчай і нарматыўна-прававой асновы для ўзаемадзеяння з беларусамі замежжа, праграмы "Беларусы замежжа" на 2013 — 2017 гг., рэзалюцыі "Беларуская мова — галоўны фактар захавання беларускай нацыі", заявы "Пра акт добрай волі", рэзалюцый "Пра захаванне гістарычна-культурнай спадчыны" і "Пра транслітарацыю найменняў беларускіх геаграфічных аб'ектаў", а таксама за выніковую рэзалюцыю дэлегатаў VІ з'езда беларусаў свету. Напрыканцы форуму было абрана кіраўніцтва МГА "ЗБС "Бацькаўшчына". На чале арганізацыі засталася Алена Макоўская.

Сустрэча беларусаў свету пакінула пасля сябе неадназначныя ўражанні ў яе ўдзельнікаў.

— Шчыра кажучы, ад з'езда я чакаў іншага, — падзяліўся прадстаўнік беларусаў у Швейцарыі Аляксандр Сапега. — Бо я разлічваў, што будуць уздымацца пытанні актыўнасці беларусаў за мяжой, а большасць тэм, якія прагучалі, закранала праблемы, звязаныя з жыццём у Беларусі. Я лічу, што гэта павінны вырашаць грамадзяне, якія пражываюць на тэрыторыі дзяржавы, а не эмігранты.

— З'езд — гэта крок наперад у развіцці нашых узаемаадносін з дыяспарай, — зрабіў выснову па выніках форуму ганаровы сябар Вялікай Рады "Бацькаўшчыны" Адам Мальдзіс. — "Бацькаўшчына" пасталела. Добра, што ў арганізацыю за гэты час прыйшлі новыя маладыя людзі. У той жа час аб'яднанне не забываецца на сваіх членаў, якія даўно і плённа працавалі на яго карысць. Таксама важна, што на гэтым з'ездзе ўпершыню прысутнічалі і адносныя "левыя" і "правыя", "прагрэсісты" і "кансерватары". Асабліва добра гэта было відаць на прыкладзе Масквы, Малдовы, Літвы. Затое мяне здзівіла і шакіравала, што ў Латвіі і ў Польшчы дагэтуль ніяк не могуць падзяліць паміж сабой уладу ў дыяспары. Гэтым самым яны шкодзяць успрыняццю беларусаў у сваіх краінах. Таксама добра, што на з'ездзе прысутнічаў міністр культуры, але ў кулуарах усе казалі: "А дзе астатнія міністры?.." Яшчэ адна рэч здзівіла мяне падчас з'езда. У нас існуе дзве грамадскія арганізацыі па падтрымцы сувязяў з дыяспарай — "Бацькаўшчына" і "Радзіма". Другая чамусьці адсутнічала на сустрэчы. Навошта рабіць супрацьстаянне? Наадварот, трэба працаваць на ўзаемаразуменне, тым самым умацоўваючы нашу незалежнасць.

Дзіяна СЕРАДЗЮК.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».