Вы тут

"Жорсткі" дэфіцыт здымнага жылля ўзвінціў цэны


Істотнае павелічэнне попыту на арэнду прыватных кватэр "стартавала" яшчэ ў другой дэкадзе чэрвеня. Тады зусім слабенькія бюджэтныя кватэры ў старых дамах магчыма было зняць за 280—300 долараў. Чакалася выпраўленне сітуацыі, калі на рынак арэнды традыцыйна трапляе дадатковы аб'ём кватэр сезоннага тыпу ад дачнікаў, якія летам жывуць за горадам. Гэтая тэндэнцыя сёлета не спрацавала. Пра сённяшняе развіццё сталічнага рынку арэнды і прагнозы на бліжэйшую і доўгатэрміновую перспектыву карэспандэнту "Звязды" расказвае намеснік генеральнага дырэктара Цэнтра гандлю нерухомасці "ПАКАДАН" Аксана Лукашэвіч.

Выбару практычна няма

Калі ў першай дэкадзе чэрвеня назіраўся недахоп параўнальна таннага арэнднага жылля, то зараз сітуацыя істотна змянілася і не ў лепшы бок. Напрыканцы ліпеня сталіца атрымала сапраўды жорсткі дэфіцыт амаль усіх тыпаў стандартнага арэнднага жылля. Мінімальны кошт арэнды аднапакаёвых кватэр цяпер дасягнуў 370—400 долараў. Тут лепш нават казаць, што да 400 долараў варыянтаў у агенцтваў практычна няма. Яно часам і бывае, але...

Існуючы ажыятаж прывёў да таго, што будучыя кватаранты здымаюць аднапакаёўкі за 400 долараў практычна ў любых раёнах горада і з любой камплектацыяй.

Гэта могуць быць кватэры з мэбляй, са старой мэбляй ці часткова з ёй, або ўвогуле без нічога. Ва ўсіх гэтых выпадках гаспадары жылля адшукаюць сабе кліентаў. Зараз ідзе барацьба не за кліентаў, якія даюць грошы, а за жыллё.

А вось менавіта свабоднага жылля ў Мінску і не хапае. У дзень да спецыялістаў агенцтва нерухомасці "ПАКАДАН" трапляюць толькі 1—2 новыя кватэры па зразумелым невялікім кошце. Амаль імгненна такое жыллё і здаецца, бо попыт на здымныя кватэры зараз перавышае прапанову ў разы.

Крыху лепшыя па якасці аднапакаёвыя кватэры прапануюцца кліентам ужо па цэнніку ў дыяпазоне ад 440 да 480 і нават да 500 долараў. З такім цэннікам кватэры маюць ужо адносна сучасную мэблю, там ёсць пральная машына і іншая бытавая тэхніка.

У гэтым дыяпазоне цэн здаюцца сярэднія па якасці аднапакаёўкі каля буйных гандлёвых комплексаў і побач з метро. Але і падобных кватэр бізнес-класа ўжо не хапае. У дзень новага паступлення такога жылля зрэдку бывае больш за 3—4 кватэры.

Маленькія кватэры ў цэнтры і аднапакаёвае элітнае жыллё мае цэннік ад 520 да 800 долараў.

Уласная думка

Не трэба быць занадта сквапнымі

Так здарылася, што ў свой час карэспандэнт "Звязды" сам на працягу 13 гадоў здымаў кватэру. Кошты на арэнду тады былі зусім іншыя — ад 60 да 120 долараў.

Мне заўсёды шанцавала з гаспадарамі, якія павялічвалі цэннік толькі праз даволі працяглы час і не вельмі моцна. Сёння мой знаёмы здае двухпакаёўку без мэблі ў новым мікрараёне за 350 долараў. Цэннік арэнды на такое жыллё ў Мінску сёння ўжо істотна павялічыўся, але мой таварыш вырашыў быць чалавекам і кошт не мяняць. Ён лічыць, што ў першую чаргу трэба мець паразуменне са сваім сумленнем, што трэба ўлічваць інтарэсы і праблемы іншых людзей. Нельга ўсё вымяраць грашыма, якія зарабляюцца не працай, а на штучным ажыятажы. Я падтрымліваю яго пазіцыю "на ўсе 100".

А яшчэ мяне абурае той факт, што вялікая колькасць кватэраздатчыкаў займаецца прыватнай арэндай па шэрай схеме і падаткі не плаціць. Тут я нагадаю, што сёлета падатковыя органы арганізавалі амаль 500 праверак па лініі здымнага жылля. Пасля чаго ў бюджэт дадаткова паступіла 283,6 млн рублёў. З пачатку года да 1 ліпеня на ўліку ў інспекцыях Мінска ў якасці кватэраздатчыкаў зафіксавана 40488 падаткаплацельшчыкаў, што на 5184 чалавекі больш, чым за падобны перыяд летась.

Сяргей ПАЛІНІН.

Не хапае і двухпакаёвых кватэр

Мінімальны кошт двухпакаёвых кватэр у трэцяй дэкадзе ліпеня дасягае 420—450 долараў плюс аплата камунальных паслуг. Бываюць, праўда, і двухпакаёўкі за 380—400 долараў, але гэта ўжо жылыя памяшканні з параметрамі ніжэй за сярэдні ўзровень якасці, або ў тых выпадках, калі вам сапраўды пашанцуе.

Цяпер кватэр з коштам арэнды да 450 долараў таксама не хапае, бо штодзённая прапанова падобнага жылля складае не больш чым 4—5 жылых памяшканняў. Крыху лепшыя па камплектацыі і рамонце двухпакаёўкі прапануюцца ўжо за 500 долараў. Сапраўды ўпакаваныя мэбляй і бытавой тэхнікай двухпакаёвыя кватэры, што знаходзяцца побач з лініяй метро, маюць цэннік ад 600 да 700 долараў. Зразумела, што здымаць такія "залатыя" кватэры могуць далёка не ўсе патэнцыяльныя кватаранты.

Попыт на трохпакаёвыя кватэры зараз не вельмі вялікі. Сярэдні кошт арэнды шматпакаёвак складае зараз каля 500—600 долараў. Часам магчыма адшукаць нават крыху таннейшую трохпакаёўку за 450—480 долараў, аднак тут ёсць адно "але"... Звычайна па такім кошце здаюць шматпакаёўкі вялікіх плошчаў у новабудоўлях, дзе ў кватэры зарэгістраваны максімум адзін чалавек. А гэта значыць, што камунальная плата такога жылля зімой будзе зашкальваць.

Патрабаванні да кватарантаў сталі больш жорсткімі

Заяў на арэнду недарагіх кватэр цяпер у агенцтвах нерухомасці стала даволі шмат. Хто гэтыя кліенты? Не, гэта яшчэ не студэнты, хваля якіх чакаецца прыкладна праз месяц. Сёння кватэры арандуюць маладыя сем'і, якія вырашылі жыць асобна ад бацькоў; маладыя спецыялісты, што атрымалі перспектыўную працу ў сталіцы і... актыўныя маладыя людзі, якія маюць добрыя заробкі. Апошнія раней здымалі асобныя пакойчыкі, а зараз яны "кучкуюцца" па некалькі чалавек і здымаюць ужо асобнае жыллё. Гэта рэальная катэгорыя кватэранаймальнікаў, якая не заўсёды задавальняе кватэраздатчыкаў.

Сёлета гаспадары арэндных кватэр сталі больш патрабавальна ставіцца да выбару будучых кватарантаў. Амаль усе гаспадары жадаюць, каб гэта абавязкова была сям'я без малых дзяцей (ці ўвогуле без дзяцей) і без жывёл. Узнікаюць парадаксальныя сітуацыі, калі гаспадар кватэры паведамляе аб тым, што побач з яго домам ёсць дзіцячы садок і школа, а потым патрабуе, каб у кватарантаў не было дзяцей. Дзіўная сітуацыя...

Спадарыня Лукашэвіч паведамляе, што часам сярод гаспадароў здымных кватэр пачынаюць гуляць зусім незразумелыя чуткі. Напрыклад, што калі сям'ю з малым дзіцем афіцыйна аформіць па дагаворы ЖЭСа, то потым узнікнуць пэўныя праблемы з іх магчымым высяленнем нават тады, калі кватаранты не будуць плаціць за арэнду. Такія чуткі не маюць пад сабой ніякай глебы, лічыць Аксана Лукашэвіч. Цяпер у большасці выпадкаў у кватарантаў патрабуюць даведку аб сярэдніх заробках, а ў асобных выпадках — і пашпарт, каб даведацца, што шлюб гэтай сям'і сапраўды зарэгістраваны.

Новы трэнд на кампаньёнства

За апошні час павялічыўся кошт арэнды і асобных пакойчыкаў у звычайных кватэрах. Сёння асобны пакой у кватэры разам з гаспадарамі каштуе ад 140 да 160 долараў. Можна зняць пакой у кватэры, якую ўжо здымае нейкі грамадзянін. У гэтым выпадку арэндная плата ўсёй кватэры дзеліцца напалову і кошт пакойчыка без гаспадароў будзе ўжо да 250 долараў. Пры арэндзе шматпакаёвых кватэр сістэма кампаньёнства выкарыстоўваецца ўсё часцей студэнтамі. Галоўнае, каб гаспадары жылля былі не супраць таго, калі з іх кватэры арганізуюць інтэрнат.

Праблема дэфіцыту здымнага жылля працягнецца на гады

Аксана Лукашэвіч упэўнена, што сур'ёзны недахоп аб'ектаў прыватнай жыллёвай арэнды будзе назірацца ў Мінску ад 2 да 5 гадоў. І гэта пры ўмове, што ў бліжэйшы час у сталіцы будзе весціся масавае будаўніцтва новых жылых кварталаў.

Нават масавае будаўніцтва арэндных дамоў сітуацыю ў прыватным сектары арэнды не выправіць. Справа ў тым, што арэндныя кватэры размяркоўваюцца толькі сярод чаргавікоў або тых спецыялістаў, якія патрэбны гораду. Добра, калі арэндныя дамы знімуць вострую праблему сярод чаргавікоў праз 10—15 гадоў, лічыць наш эксперт.

Калі закрануць бліжэйшую перспектыву з арэндай, то і яна не радуе. Аксана Лукашэвіч прагназуе чарговую хвалю ажыятажнага попыту на здымныя кватэры ў трэцяй дэкадзе жніўня і ў верасні. Магчыма, што тады сярэднія цэны арэнды бюджэтных кватэр павялічацца яшчэ на 50—100 долараў. Гэтае падаражанне справакуюць не толькі студэнты і маладыя спецыялісты пасля ВНУ, але і новыя работнікі буйных супермаркетаў Мінска, упэўнена Аксана Лукашэвіч.

Сяргей КУРКАЧ.

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.