Вы тут

"Будаўнічую галіну неабходна прывесці да прытомнасці"


Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка 26 ліпеня азнаёміўся з ходам будаўніцтва аквапарку ў Мінску. Кіраўніку дзяржавы таксама далажылі аб выкананні яго даручэнняў па будаўніцтве ў сталіцы сацыяльна значных аб'ектаў і стварэнні сеткі спартыўных фізкультурна-аздараўленчых комплексаў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Гутарачы пасля з журналістамі, Прэзідэнт закрануў усю праблематыку будаўнічай галіны. Па словах кіраўніка дзяржавы, няма ніякіх сумненняў у тым, што яе ў Беларусі ўдасца аздаравіць. "Што тычыцца праблемы карумпаванасці некаторых чыноўнікаў, а іх нямала, то павінен сказаць, што ў свеце няма такога вопыту, каб цалкам зберагчы тую ці іншую галіну ад карупцыі. Такога вопыту няма. Але як бы тут ні стараліся некаторыя, хто нас крытыкуе ў Расіі, на Захадзе, у Амерыцы, — ім далёка да таго ўзроўню барацьбы з карупцыяй, які існуе ў Беларусі", — адзначыў беларускі лідар.

"Гэта вельмі сур'ёзны працэс, і я ўвесь час папярэджваў пра гэта. Некаторыя не разумеюць. Не разумеюць, значыць будзе пэўная адказнасць. Але пытанне не ў тым, каб пасадзіць. Пытанне ў аздараўленні ўсёй сістэмы", — лічыць Прэзідэнт. "Будаўнічая галіна ў нас не проста хранічна хворая. У нас такая галіна, якой яна наогул не павінна быць у нашым грамадстве і краіне. Таму, як бы хтосьці хацеў гэтага ці не, мы яе прывядзём да прытомнасці і аздаровім. Яна будзе працаваць у інтарэсах народа. Але цярпець суцэльныя скаргі ад людзей я як Прэзідэнт не мае намеру, я абавязаны рэагаваць на грамадскую думку", — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт заўважыў, што грамадзяне не патрабуюць ад будаўнікоў нічога звышнатуральнага, а толькі пабудаваць у тэрмін, якасна і за раней устаноўленую цану. "Вось мы і патрабуем гэтага. Думаю, вельмі многія ўжо зразумелі, што жартаваць мы ні з кім не маем намеру. Сёння старшыня камітэта дакладваў, што заведзена ўжо каля васьмі дзясяткаў крымінальных спраў толькі ў гэтай сферы. І мы пройдземся тут гусеніцамі самага цяжкага танка, пачынаючы ад чыноўнікаў УКБ, праз праекціроўшчыкаў і будаўнікоў. Але мы выраўнуем гэта месца так, што народ да нас прэтэнзій мець не будзе. І гэта толькі пачатак", — папярэдзіў кіраўнік дзяржавы.

Паводле слоў Прэзідэнта, зменіцца падыход і да прыватных кампаній у будаўніцтве. Ён стане больш жорсткім: "Яны (прыватныя структуры. — Заўвага БЕЛТА.) павінны разумець, што зарабілі свой адмоўны імідж. І мы ўсё больш будзем адмаўляцца ад прыватных забудоўшчыкаў, канцэнтравацца на буйных дзяржаўных будаўнічых кампаніях. Прыватнік атрымае заказ толькі тады, калі ён дакажа сваю кампетэнтнасць. Хочаш будаваць — калі ласка, але пакажы, дзе твая будаўнічая арганізацыя ці, у крайнім выпадку, дзе твае грошы, за якія ты хочаш будаваць".

"Проста так, як гэта было раней, ужо не будзе. Бярэ зямлю, пляцоўку, потым перапрадае, не выходзіць на яе, а калі і выйшаў, то пачынае "даіць" людзей на ўсю катушку, нічога не пабудаваўшы. Гэтага больш не будзе. А калі будзе, я ўжо шчыра і цвёрда сказаў: — усе сядуць у камеру. Будзем прымяняць карныя меры для таго, каб людзі на нас не крыўдзіліся", — рэзюмаваў Аляксандр Лукашэнка.

Мэр Мінска Мікалай Ладуцька расказаў, які вядзецца ў горадзе ўзвядзенне некаторых спартыўных фізкультурна-аздараўленчых комплексаў. Напрыклад, ужо вядома, што мінскі аквапарк пачне работу 1 мая 2014 года. Паводле яго слоў, да канца гэтага года поўнасцю завершацца будаўніча-мантажныя работы і аб'ект пяройдзе ў тэставы рэжым. На сёння будаўнічая гатоўнасць аквапарку складае 72%. Паводле слоў мэра Мінска, ужо закуплена ўсё неабходнае абсталяванне для аквапарку, на працягу жніўня яно будзе зманціравана.

Мікалай Ладуцька адзначыў, што ў краіне многія аб'екты праектуюцца і будуюцца сіламі беларускіх спецыялістаў. За 15 гадоў у Беларусі напрацаваны багаты вопыт. "Мінскі аквапарк з'яўляецца адным з такіх аб'ектаў, мы яго праектавалі самі з нуля. Па наборы функцый, маштабнасці ён з'яўляецца пятым у Еўропе. І, вядома, гэта ўнікальны аб'ект для краіны", — сказаў мэр.

У летні час аквапарк змогуць наведваць да 2 тысяч чалавек адначасова, у зімовы — больш за 1,6 тыс. Паслугамі аквапарку змогуць скарыстацца і людзі з абмежаванымі магчымасцямі. Побач з аквапаркам размесціцца гасцінічны комплекс, у склад якога ўвойдуць гасцініца эканом-класа ўзроўню "дзве зоркі" і восем катэджаў. Аквапарк з прылеглымі тэрыторыямі займае 38 га.

Мінскія ўлады прапануюць даць аквапарку назву "Купалле". Аднак Аляксандр Лукашэнка не падтрымаў гэтую ідэю, адзначыўшы, што над назвай трэба яшчэ падумаць.

Старшыня Мінгарвыканкама таксама далажыў Прэзідэнту аб тым, як ідзе рэканструкцыя стадыёна "Дынама". "Мы сёння добра ўяўляем, што будзем будаваць. Усе планіровачныя рашэнні цалкам зразумелыя", — адзначыў ён. Гэтая канцэпцыя распрацавана нямецкай кампаніяй, якая ўжо не адзін год працуе на рынку падобных паслуг у Еўропе.

"Неадкладна праектуйце і будуйце аб'ект, наколькі гэта магчыма. Трэба аператыўна арганізаваць падрыхтоўку праекта, нават калі гэта будзе рабіцца па частках, і пачынаць будаваць".

Прэзідэнту таксама было даложана аб ходзе будаўніцтва культурна-забаўляльнага спартыўнага комплексу "Чыжоўка-Арэна". Па словах Мікалая Ладуцькі, на гэтым аб'екце ўжо выканана 85% будаўніча-мантажных работ. Праведзены тэндары і пастаўлена большая частка абсталявання. Урачыстае адкрыццё "Чыжоўка-Арэны" плануецца прымеркаваць да свята 7 лістапада ў гэтым годзе.

Пасля Прэзідэнт адказаў на пытанні журналістаў. Вось аб чым ішла гаворка.

"Не рабіць катастрофу з сітуацыі з АЧС"

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што афрыканская чума свіней прыйшла ў Беларусь збоку. "Я не хачу тут нікога вінаваціць, — сказаў кіраўнік дзяржавы. — Але, адкуль бы ні прыйшла гэтая бяда, гэта гаворыць аб тым, што свет вельмі ўзаемазвязаны, і нам прыйдзецца з гэтым змагацца".

"Не бачу тут ніякай катастрофы, як гэта звычайна раскручваецца", — сказаў кіраўнік дзяржавы. Паводле яго слоў, нават Захад прызнаў, што ў Беларусі эфектыўна змагаюцца з гэтым захворваннем. Прэзідэнт звярнуў увагу на тое, што вірус АЧС гіне пры тэмпературы 60 градусаў, таму досыць тэрмічнай апрацоўкі, каб вірус загінуў.

Па словах кіраўніка дзяржавы, ачагі захворвання вызначаны. "Мы цяпер працуем з насельніцтвам, каб лакалізаваць гэтыя асяродкі, каб яны не мелі распаўсюджвання", — дадаў Прэзідэнт. Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў цяперашняй сітуацыі найбольшую занепакоенасць выклікае сітуацыя з асабістымі падвор'ямі насельніцтва. "На комплексах мы парадак навядзём, гэта прасцей, — сказаў кіраўнік дзяржавы. — Я папрасіў, каб звярнуліся да людзей, раз такое здарылася, адправіць на забой хатніх свіней. Ці мы забяром, дзяржава заплаціць".

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што вядзецца работа і па папярэджанні распаўсюджвання віруса сярод дзікіх жывёл. "Што тычыцца камбікармоў, то тут прасцей. Трэба карміць сваімі камбікармамі, а з дабаўкамі працаваць больш акуратна і правяраць", — сказаў Прэзідэнт. "Трэба эфектыўна змагацца з гэтай заразай, хоць яна і не шкодная для чалавека, — лічыць Аляксандр Лукашэнка.
— Я не бачу тут асаблівых праблем, у гэтым кірунку мы вельмі жорстка дзейнічаем". Прэзідэнт адзначыў, што КДБ і пракуратуры даручана ажыццяўляць нагляд за дзейнасцю ўсіх структур, пачынаючы ад урада і заканчваючы ветэрынарным урачом канкрэтнага ўчастка, назіраць, як яны дзейнічаюць у гэтай сітуацыі.

"Таму не перажывайце: елі шашлык з свініны і ешце, — сказаў Прэзідэнт. — Толькі не купляйце мяса на вуліцы, лепш на рынку і ў крамах". Гаворачы пра сябе асабіста, Аляксандр Лукашэнка расказаў, што аддае перавагу курынаму мясу і ялавічыне. "Але часам таксама ўжываю і свініну. І не трэба думаць, што ў Прэзідэнта шмат людзей, якія правяраюць кожны кавалак ежы. Нічога падобнага! На "Камароўцы", як і вы, асобныя прадукты закупляем", — сказаў Прэзідэнт.

Аб затрыманні супрацоўніка спецслужбаў, які працаваў на замежныя дзяржавы

Каментуючы сітуацыю вакол былога супрацоўніка амерыканскіх спецслужбаў Эдварда Сноўдэна, кіраўнік дзяржавы адзначыў, што гэта актуальна і для Беларусі. "Мы нядаўна затрымалі аднаго са здраднікаў, які ў спецслужбах служыў і быў праз прадстаўнікоў каталіцкай царквы звязаны з замежнымі дзяржавамі, і не толькі здаваў інфармацыю, але з-за яго дзейнасці пацярпелі людзі, якія працуюць за мяжой", — заявіў Прэзідэнт.

"Гэта як называецца? З нашага пункту гледжання — здрада. А чаму з амерыканскага пункту гледжання Сноўдэна нельга расцаніць як здрадніка? Таму тут не павінна быць двайных стандартаў. Мы павінны зыходзіць з гэтага", — дадаў Аляксандр Лукашэнка.

"Расіі даўно трэба было даць Сноўдэну палітычны прытулак"

"Сёння кіраўніцтва Расіі ўжо і не ведае, што з гэтым Сноўдэнам рабіць. Я б на месцы расіян асабліва ў гэтым плане не напружваўся, а даў бы яму палітычны прытулак", — сказаў Прэзідэнт Беларусі. Такую пазіцыю Аляксандр Лукашэнка патлумачыў тым, што Амерыка прытуліла сотні расійскіх здраднікаў. "Колькім яны людзям там далі прытулак, колькі забралі адсюль сакрэтаў, колькі тэрарыстаў, якіх Расія патрабуе выдаць, у сябе прытулілі і не выдаюць", — заўважыў беларускі лідар.

"Што ж вы Пуціну прад'яўляеце прэтэнзіі, што ён сябе нібыта няправільна паводзіць. Правільна паводзіць. Даўно трэба было прадаставіць палітычны прытулак. Тады б вы ведалі, што свет глабальны, узаемазалежны, і той жа тэрарыст, які жыў у Расіі, заўтра ён можа нешта ўчыніць у Амерыцы. Нядаўна факты такія былі. Таму на месцы расійскага кіраўніцтва я б дзейнічаў больш рашуча ў гэтым плане, і гэта было б апраўдана", — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Разам з тым, кіраўнік беларускай дзяржавы прызнаў, што ЗША цалкам абгрунтавана лічаць Сноўдэна здраднікам. "Пан Сноўдэн працаваў у спецслужбе не адзін год. Больш за тое, калі ён туды ўладкоўваўся на працу, то дакладна сабе ўяўляў, чым яму прыйдзецца займацца і чым займаюцца спецслужбы наогул і амерыканская ў прыватнасці. Яго рыхтавалі, ён вучыўся і ведаў, што спецслужбы не толькі дагала "распранаюць" чалавека, яны слухаюць яго, прасвечваюць і г.д., — адзначыў Прэзідэнт. — Таму калі ты прыйшоў туды працаваць — працуй. Але калі ты хочаш займацца праваабарончай дзейнасцю, прапіхваць нейкія правы чалавека, то табе трэба звольніцца са спецслужбы" .

"Што датычыцца амерыканцаў, то яны за што змагаліся, на тое і напароліся. Вы (амерыканцы. — Заўвага. БЕЛТА) усюды крычыце, што вы — апора правоў чалавека. Дык якія ж гэта правы чалавека? Добра б, беларусаў і расіян праслухоўвалі (яны нас лічаць сваімі сапернікамі), але яны ж усю Заходнюю Еўропу пералапачвалі, фільтравалі у суткі па 500 млн. званкоў. Гэта ж якую сістэму трэба мець! Чаму вы ўмешваліся ў прыватнае жыццё людзей?!" — заўважыў Прэзідэнт Беларусі.

"Можа, гэта і апраўдана, але вы ж тады нас не абвінавачвайце ў незахаванні правоў чалавека. Ніякіх правоў чалавека там няма, суцэльныя парушэнні, і справа Сноўдэна гэта пацвярджае, і не толькі гэтая справа", — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

"Тое, што адбылося са Сноўдэнам раней і пасля, мы бачым, што гэта — блеф. Гэта адзін з кірункаў барацьбы амерыканцаў і Захаду супраць няўгодных краін. Тое, што яны робяць з правамі чалавека, з людзьмі наогул, недапушчальна", — лічыць беларускі лідар. "Але нам лепш не ўмешвацца ў гэта. Яны няхай самі разбіраюцца са сваім Сноўдэнам. але гэта толькі пачатак для амерыканцаў. Пажар яны будуць тушыць па розных напрамках. Яны яго распалілі, і яны яго будуць тушыць", — дадаў Аляксандр Лукашэнка.

"Змяняецца свет, трэба змяняцца і царкве"

"Увесь свет развіваецца, змяняецца, больш за тое, змяняецца не так, як хацелі б мы, і не ў той бок, як хацела б царква. Змяняюцца сістэмы, структуры і самі людзі. З майго пункту гледжання, калі змяняецца свет, і царква павінна мяняцца", — сказаў кіраўнік дзяржавы. "Мне здаецца, мы напярэдадні нейкай рэформы, няхай спакойнай, эвалюцыйнай, паступовай рэформы праваслаўнай царквы, і, можа, не толькі праваслаўнай царквы", — дадаў ён.

"Дзякуй богу, наша царква не хварэе на ту заразу, якой захварэла царква на Захадзе. Пра гэта ўсе чулі:
і педафілія, і "блакітныя", і "ружовыя" — там чорт ведае што сёння адбываецца, — лічыць Прэзідэнт. — Але хварэць мы ўжо пачынаем. І я думаю, што праваслаўная царква тут, у тым ліку і з дзяржавай, недапрацоўвае. Мы можам страціць цэлае пакаленне моладзі". Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што пра гэта гаворыць і Папа Рымскі Францішак.

Прэзідэнт сказаў, што з'яўляецца прыхільнікам паступовага рэфармавання царквы, пачынаючы ад царкоўнай мовы і заканчваючы працягласцю службаў. "Вельмі доўгія, працяглыя набажэнствы, пропаведзі, а старэйшае пакаленне, бабулькі, проста не вытрымліваюць гэтага. Трэба быць больш кароткімі, кампактнымі, больш сучаснымі, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Я супраць таго, каб людзі ў царкве 2-3 гадзіны падчас пропаведзі або набажэнства стаялі на нагах, нідзе не прысесці". Акрамя таго, Прэзідэнт адзначыў, што ён праціўнік узвядзення царквой велічэзных храмаў. "Яны павінны быць утульнымі, храмы — для душы", — сказаў ён. "Гэта мой пункт гледжання. Вы ў мяне спыталі, я шчыра адказваю", — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

"Можа быць, я не маю рацыі, але лічу, што царква любой канфесіі павінна ісці побач з грамадствам. Не патураючы недахопам грамадства, яна павінна змагацца супраць іх, але ні ў якім разе не адставаць ад агульнага развіцця", — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка лічыць, што пытаннямі рэфармавання царквы мог бы заняцца Патрыярх Кірыл, паколькі ён актыўны чалавек. "Гэта абсалютна здаровы чалавек, разумны і, галоўнае, — самы малады Патрыярх, якога паважае моладзь. І калі ён зараз страціць час і не пераканае сваё асяроддзе, паству, што трэба паволі рэфармавацца, — напэўна, не хутка мы вернемся да гэтага пытання. Таму надзеі і на нашага Патрыярха, і на нашых царкоўнаслужыцеляў", — сказаў Прэзідэнт.

"Я рызыкнуў, вядома, агучыць свой пункт гледжання, але, мне здаецца, ёсць над чым задумацца. І ў Беларусі мы над гэтым падумаем", — дадаў Аляксандр Лукашэнка.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Чаму ў старасці псуецца характар, з'яўляюцца бяссонніца і трывожнасць

Чаму ў старасці псуецца характар, з'яўляюцца бяссонніца і трывожнасць

Аб праблемах старэння і тым, як заўважыць і, магчыма, прадухіліць розныя псіхалагічныя захворванні ў пажылых, мы паразмаўлялі з урачом-псіхатэрапеўтам Гарадскога клінічнага псіхіятрычнага дыспансера Марынай Шчаслянок.

Грамадства

«Беларусь у маіх вачах». Блогер Паліна Амяльянчык адкрывае цікавыя факты з гісторыі роднага краю

«Беларусь у маіх вачах». Блогер Паліна Амяльянчык адкрывае цікавыя факты з гісторыі роднага краю

Акрамя фотаздымкаў храмаў і руін былых сядзіб, практычна кожны пост Паліны суправаджаецца яркімі біяграфіямі землякоў. 

Грамадства

Канфуцый «прапісаўся» ў Мінску. Гутарым з дырэктарам Рэспубліканскага інстытута кітаязнаўства імя Канфуцыя БДУ, былым паслом Беларусі ў Кітаі Анатолем Тозікам

Канфуцый «прапісаўся» ў Мінску. Гутарым з дырэктарам Рэспубліканскага інстытута кітаязнаўства імя Канфуцыя БДУ, былым паслом Беларусі ў Кітаі Анатолем Тозікам

20 студзеня Беларусь і Кітай адзначаюць 29-ю гадавіну ўстанаўлення дыпламатычных адносін паміж нашымі краінамі.