Вы тут

Ружовыя дні


—Хадзем шукаць крэветку. Чорт яе ведае, куды яна зноў схавалася. І калі толькі паспела?..

—Чаму б не паспець: у цябе толькі дзве нагі, а ў яе ажно дзесяць. Нічога не скажаш — крэветка.

Падхопліваюся з канапы, кідаю ў ракавіну кубак з недапітай кавай, чапляюся нагамі за тапкі — хто іх тут скінуў?.. Ледзь не падаю — на злом галавы лячу на Яго голас.

Ужо некалькі тыдняў запар штодня пасля вячэры мы сядаем насупраць акварыума і, назіраючы за гойданнем водарасцяў у хвалях, што ідуць ад сістэмы фільтрацыі, шукаем гэтую ружовую паўпразрыстую істоту. І так апантана, быццам яна зусім не крэветка, а якая-небудзь загадкавая рэліктавая мізіда. Гарэза, бывае, знаходзіцца. І зноў губляецца. Быццам дражніцца. Тады Ён, мой муж, галоўны здабытчык і захавальнік цікавостак у нашай сям'і і галоўны аквадызайнер па сумяшчальніцтве, пагрозліва абяцае выкарыстаць яе якім-небудзь "не вельмі прыстойным чынам". У якасці інгрэдыенту для салаты, напрыклад. Жартачкі на кулінарныя тэмы — амаль заўсёдныя нашы стасункі з хатнімі жывёлкамі.

Раней адзінай насельніцай вялікай шкляной скрыні была рыбіна, родавае імя якой гучыць, быццам зоркі па небе сцелюцца, — астранотус. Адзінай, калі, вядома, не лічыць безлічы слімакоў-"шпулек" (чытай — семак для астранотуса) і парачкі карасікаў, якія апынуліся ў гэтай кампаніі толькі таму, што не паспелі некалі, яшчэ ў стане малькоў, трапіць на кручок у якасці насадкі. Карасікі тыя не ў залік, бо планаваліся, зразумела, як ежа.

…Чорная, нібы ноч, з жаўтлявым млечным шляхам на баках, пры хваставым плаўніку яна мела жаўтлявае ж "вочка", якое ў спалучэнні з сапраўдным вокам стварала нейкую звышарыгінальную сіметрыю. Што да асноўнага колеру, то, напэўна, дзякуючы менавіта яму на растыражаванае пытанне суседзяў і знаёмых: "Калі смажыць будзеце?" — адказ заўсёды трымаўся напагатове: гэта, маўляў, чорная рыбіна — значыць, пойдзе на чорны дзень, а ён, дзякуй Богу, пакуль не настаў.

Аксамітная. Пагладзіць хацелася — такая аксамітная. На пукатым ілбе рыбіны прачытваўся няслабы інтэлект. Часам нават здавалася, што яна разумее, пра што маўчаць сцены пакоя, калі гаспадароў няма дома. Да карасікаў, якіх некалі, пашкадаваўшы, не з'ела, ставілася, як шляхцянка да чэлядзі. Людзей, асабліва дзяцей, пяшчотна любіла, забаўляючы жартоўнымі нападамі. Калі і хапала за руку, што давала ёй корм, то не кусаючы, а толькі мякенька шчыпаючы за палец…

Любіла макароны з маслам…

Апошнім часам яна хварэла, наша рыбіна астранотус. Мы яе лячылі, яна ачуньвала, але ненадоўга. Старэнькая ўжо і бачыла дрэнна. Не так, як у мінулыя гады, свавольнічала, не такі жыццесцвярджальны мела настрой. А нядаўна нашай чорнай рыбіны не стала. Калі ўлічыць, што адбылося гэта ў складаны для нашай сям'і час, то можна сказаць, што вось так — ёй дзякуючы — не настаў наш чорны дзень. Бо следам надышлі ружовыя. І зусім выпадкова — заблытаная ў водарасцях (якія Ён, мой муж, галоўны здабытчык і захавальнік цікавостак у нашай сям'і і галоўны аквадызайнер па сумяшчальніцтве, прынёс аднойчы аднекуль, каб цалкам аднавіць ландшафт шкляной скрыні), з'явілася гэта свавольная "рэліктавая мізіда" — ружовая крэветка, якая больш за што іншае любіць гуляць з намі ў хованкі.

—Знайшлася! Тут ёй, дарэчы, добра: як у пячорцы сядзіць.

Знайшлася. Там, дзе паміж шклом і кампрэсарам утварыўся даволі ўтульны гроцік.

—Мне тут таксама добра, — прамаўляю я, тулячыся да Яго. І таксама трапляю ва ўтульненькі гроцік, што ствараецца неўзабаве спецыяльна для мяне — яго моцным і мужным плячом…

Святлана ДЗЯНІСАВА,
галоўны рэдактар часопіса "Маладосць"

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.