Вы тут

Мая цудоўная нянька


Сучасныя жанчыны ўсё часцей вымушаны выходзіць з дэкрэтнага водпуска датэрмінова, і тады перад імі паўстае пытанне: каму даверыць сваё дзіця? Добра, калі на дапамогу гатовы прыйсці бабулі. А калі такой магчымасці няма?.. У гэтым выпадку застаецца толькі адно рашэнне: шукаць няньку збоку. Але як не памыліцца з выбарам нянькі?

1375113014808_27-7

Яшчэ дзесяць гадоў таму жанчына, у якой павінна было нарадзіцца дзіця, лічылася на нейкі час страчанай для грамадства і актыўнага ладу жыцця. Немаўля моцна прывязвала маці да дому і хатніх абавязкаў на цэлыя тры гады. Ды і сама жанчына не вельмі імкнулася сумяшчаць актыўнае прафесійнае і грамадскае жыццё з доглядам дзіцяці. Але потым сітуацыя пачала змяняцца. Сучасныя прадстаўніцы прыгожага полу ў дэкрэтным водпуску знаходзяцца звычайна не больш за паўтара-два гады. А выпадкі, калі маці цалкам выкарыстоўвае адведзены ёй працоўным кодэксам тэрмін на догляд дзіцяці, наогул сталі рэдкасцю. Сучасная жанчына проста не можа дазволіць сабе знаходзіцца столькі часу па-за межамі абранай прафесіі. Да таго ж вельмі часта прадстаўніцы прыгожай паловы займаюць значныя пасады, з якімі (і гэта таксама зразумела) баяцца развітацца з-за вострай канкурэнцыі ў прафесійнай сферы. Ёсць і яшчэ вельмі значны аргумент — гэта грошы, якія ў любой, нават самай забяспечанай сям'і, ніколі не бываюць лішнімі. Дык ці трэба здзіўляцца таму, што некаторыя сучасныя жанчыны наогул... не выкарыстоўваюць свой дэкрэтны водпуск? У выніку паслугі бэбі-сітараў (ці нянек) становяцца ўсё больш папулярнымі?..

Як паведамілі ў агенцтве па найме хатняга персаналу, кожны другі званок да іх быў зроблены з мэтай знайсці няньку для дзіцяці. І калі раней нянек звычайна шукалі для дзетак ад аднаго-двух гадоў, то цяпер усё часцей замаўляюць бэбі-сітараў для зусім маленькіх — да году. А попыт, як водзіцца, дыктуе і кошт паслугі. Бэбі-сітары, нанятыя бацькамі праз агенцтвы, абыходзяцца ў сярэднім па 3,5—4 у. а. у гадзіну. Сума толькі за тыдзень працы такой нянькі набягае немаленькая. Таму многія мамы і таты спрабуюць абыходзіць агенцтвы-пасрэднікі і шукаюць нянек для сваіх дзетак напрамую — праз аб'явы ў сродках масавай інфармацыі. Бэбі-сітары, нанятыя такім чынам, каштуюць крыху танней — ад 2,5 да 3 у. а. за гадзіну. Але ў гэтым выпадку ўзнікае ўжо іншая праблема. Калі ў агенцтве існуюць пэўныя патрабаванні да кандыдатаў у нянькі (узрост, вопыт работы з маленькімі дзецьмі, рэкамендацыі ад ранейшых працадаўцаў і вельмі часта — спецыяльная прафесійная адукацыя), то сітары, знойдзеныя праз аб'явы, — як чорны кот у цёмным пакоі. Добра, калі сям'і пашанцуе і трапіцца сумленная нянька, якая хоць і не зусім адпавядае патрабаванням агенцтваў, але ставіцца да сваіх абавязкаў адказна. А калі не, то сям'я рызыкуе і здароўем дзіцяці,
і дабрабытам.

Выпадкі, калі сітары здекваліся з дзяцей ці абкрадалі сваіх працадаўцаў, вельмі распаўсюджаны ў суседняй Расіі. А вось у нашай краіне гучных гісторый, звязаных з дзейнасцю несумленных нянек, не было. Самая агідная гісторыя, якую мне ўдалося знайсці, — гэта сітуацыя, з якой сутыкнулася маладая маці Валянціна. З мужам Аляксеям яны пажаніліся, калі ёй было 23, а яму 26 гадоў. Абое прыехалі ў Мінск з абласных цэнтраў, таму, калі нарадзілася дачушка Марына, бабуль з дзядулямі побач не аказалася. Марынцы толькі споўніўся годзік, як Валянціне прапанавалі вельмі добрую пасаду.

— Вядома, вельмі шкада было пакідаць дзіця, — расказвае жанчына, — але я разумела, што такую працу могуць больш і не прапанаваць. Таму, параіўшыся з мужам, вырашыла выходзіць з дэкрэта. Паўстала пытанне аб тым, каму даверыць догляд дачушкі.

Спачатку пара звярнулася ў агенцтва, але кошт паслуг "легальнага сітара" ў месяц аказаўся занадта высокім для Валянціны і Аляксея. Пасля няў-далага звароту да агенцтва яны вырашылі шукаць няньку праз знаёмых, але таксама безвынікова. Тады сям'я звярнулася да рекламных аб'яў. Пасля неаднаразовых сустрэч з кандыдаткамі ў "сітары" ўзялі 32-гадовую Алену. Жанчына была стараннай, адказнай і ласкавай. Маленькая Марынка да яе хутка прывыкла. Валянціна проста не магла нарадавацца на сваю няньку, пакуль аднойчы, вярнуўшыся выпадкова раней з работы, не застала свайго мужа Аляксея з Аленай.

— У мяне быў шок! — расказвае Валянціна. — А самае жудаснае, што сувязь мужа з нянькай доўжылася некалькі месяцаў!

Зразумела, ад паслуг Алены адмовіліся. Мужу Валянціна даравала, але непрыемны асадак застаўся. І ўжо сваё другое дзіця жанчына няньцы не даверыла. Сына даглядала маці Валянціны.

Але гэтая сітуацыя, хутчэй, выключэнне з правіла...

— Калі вы шукаеце скандальныя гісторыі, то гэта не да мяне. Мая нянь-
ка — цудоўны чалавек, і мы з ёй сябруем! — сказала яшчэ адна мая субяседніца.

Гісторыя знаёмства Юлі з нянькай Веранікай — узорная, хоць і звонку тыповая. Юля таксама была вымушана рана выйсці з дэкрэта — яе старэйшай дачушцы не было яшчэ года. Дзяўчынка захварэла, а маці не магла доўга яе даглядаць. Вось сямейная пара і вымушана была шукаць няньку. Ім пашанцавала знайсці Вераніку сярод знаёмых мужа. Дарэчы, іх бэбі-сітару тады таксама было крыху за 30, але Юлю малады ўзрост нянькі не спужаў. Ды і падстаў расчаравацца ў сабе Вераніка не давала. Мабыць, дзякуючы свайму добраму і шчыраму характару і прафесійнай адукацыі (Вераніка раней працавала ў дзіцячым садку).

— Мне настолькі спадабалася Вераніка, што калі на свет з'явіўся сын Нікіфар, то нават не ўзнікла пытання, да каго зноў звярнуцца па дапамогу, — узгадвае Юлія.

Пасля Нікіфара ў "бэбі-сітарскай" практыцы Веранікі было яшчэ двое дзяцей: дзяўчынка і хлопчык. І іх бацькі таксама не расчараваліся ў няньцы.

Разам з тым, сказаць, што маладыя пары ахвотна імкнуцца наймаць такіх жа маладых "бэбі-сітарш", нельга. Маці ў большасці выпадкаў звяртаюцца па дапамогу да нянек, якім "пад 50" і больш гадоў. У такім выпадку сям'я атрымлівае шэраг "бонусаў": нянькай наўрад ці спакусіцца малады муж, а мудрасць і вопыт старэйшай жанчыны будуць вельмі дарэчы.

...Святлана і Канстанцін прыехалі ў Беларусь з Расіі. Яны працуюць у філіяле расійскага выдавецтва ў нашай рэспубліцы. Калі ў іх нарадзіўся Сярожа, пара магла звярнуцца па дапамогу толькі да бэбі-сітара.

Няньку Святлана і Канстанцін наймалі праз агенцтва. Ім парэкамендавалі Надзею Віктараўну. Жанчыне 57 гадоў. Да таго, як выйсці на пенсію, яна працавала настаўнікам у сярэдняй школе.

— Выхоўваць дзяцей — яе прызванне, — гаворыць Святлана, — яна проста не можа без гэтага. Да таго ж яе дзеці ўжо дарослыя, а ўнукаў пакуль няма. Незрасходаваную любоў Надзея Віктараўна цалкам перанесла на нашага Сярожку, а мы з мужам гэтаму толькі рады.

Аднак сцвярджаць, што ўсе жанчыны-маці імкнуцца наймаць бэбі-сітараў, нельга. Вельмі многія мамы ад паслуг нянек адмаўляюцца прынцыпова.

— Як можна даверыць сваё дзіця чужому чалавеку? — кажа Наталля.

Жанчына працуе ў банку, займае адказную пасаду. Муж кіруе падраздзяленнем на прамысловым прадпрыемстве. Ні адзін з іх не мог скарыстацца правам на дэкрэтны адпачынак. Наталля, калі нарадзілася дачка Варвара, узяла толькі бальнічны ў сувязі з нараджэннем дзіцяці і ў хуткім часе выйшла на працу.

— З дачушкай, пакуль мы з мужам на рабоце, знаходзіцца мая маці, — расказвае Наталля. — Яна і ёсць самая лепшая з нянек на свеце!

З пазіцыяй Наталлі не згодна маці-адзіночка Ксенія:

— У мяне сына таксама даглядала бабуля разам з прабабуляй. Але, калі б я магла наняць бэбі-сітара, то зрабіла б гэта. Кошт паслуг такіх нянек значна перавышаў мой заробак. Наняць бэбі-сітара можа дазволіць сабе не кожная сям'я, ужо не кажучы пра маці, якая адна выхоўвае дзяцей.

Але, на здзіўленне, самым жорсткім праціўнікам "нянек збоку" аказаўся... мужчына. Калі я ў Фейсбуку звярнулася да сяброў з пытаннем: што яны думаюць пра бэбі-сітараў, Аляксандр адказаў катэгарычна:

— Лічу, што нельга заводзіць дзіця, калі бацькі дзеля яго не здольны цалкам змяніць сваё жыццё. Даверыць сына ці дачку бэбі-сітару — значыць пакінуць яго з чужым чалавекам. Мы з жонкай на гэта не пайшлі. І ўпэўнены, што правільна зрабілі. Бо толькі бацькі могуць выхаваць маленькага чалавека як след: сапраўдным, шчырым, з добрым сэрцам і душой.

Наймаць ці не для свайго дзіцяці няньку, кожная пара вырашае самастойна. І ў кожнай сям'і ёсць свае "за" і "супраць" гэтага кроку. Але калі вы ўсё ж такі вырашылі зрабіць яго, то абавязкова запытайце ў сябе: наколькі вы зможаце давяраць сваёй няньцы і ці адпавядае яна вашым патрабаванням? Бо Аляксандр мае пэўную рацыю: як ні круці, а вы збіраецеся ўзяць у дом і сям'ю чужога чалавека.

Алена КАВАЛЁВА

Выбар рэдакцыі

Культура

Бландзінкі за шпільцішам. Карэспандэнт «Звязды» зазірнуў углыб аргана

Бландзінкі за шпільцішам. Карэспандэнт «Звязды» зазірнуў углыб аргана

Прыгажуні-гераіні паралельна — выкладчыцы Віцебскага дзяржаўнага музычнага каледжа імя Салярцінскага.

Грамадства

Як кадравыя агенцтвы падманваюць даверлівых грамадзян

Як кадравыя агенцтвы падманваюць даверлівых грамадзян

Калі ў кадравым агенцтве вам прапануюць заплаціць грошы і гарантуюць стапрацэнтнае працаўладкаванне, смела разварочвайцеся і сыходзьце: перад вамі, напэўна, ашуканцы.

Грамадства

Прыродныя антыбіётыкі: Лекі, якія дапамагаюць перамагчы інфекцыю і ўмацоўваюць ахоўныя ўласцівасці арганізма

Прыродныя антыбіётыкі: Лекі, якія дапамагаюць перамагчы інфекцыю і ўмацоўваюць ахоўныя ўласцівасці арганізма

У адрозненне ад «хімічных антыбіётыкаў», прыродныя лекі не толькі дапамагаюць перамагчы інфекцыю, але і ўмацоўваюць ахоўныя ўласцівасці арганізма.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

СКАРПІЁН. На гэтым тыдні традыцыйны падыход да вырашэння праблем не заўсёды будзе ўдалы.