Вы тут

ФАКТЫ, ПАДЗЕІ, НАВІНЫ


Манета "Ікона Прасвятой Багародзіцы "Іверская" ў золаце і серабры

Нацыянальны банк Беларусі ўвёў у абарачэнне залатыя і сярэбраныя памятныя манеты серыі "Праваслаўныя цудатворныя іконы", паведамляе ўпраўленне інфармацыі і грамадскіх сувязяў галоўнага банка краіны.

Залатая манета гэтай серыі пробай сплаву 999 мае два наміналы — 1000 і 50 рублёў. Манета ў 1000 рублёў мае масу 100 г і тыраж да 250 штук, а залатая манета ў 50 рублёў важыць 5 г, тыраж да 500 штук. Сярэбраная манета "Ікона Прасвятой Багародзіцы "Іверская" — наміналам 500 рублёў, пробай сплаву 925, масай 500 г (тыраж да 600 штук).

Манеты адчаканены на манетным двары ў Германіі, якасцю "пруф".

Сяргей КУРКАЧ.

Быхаўскі канверт

"Белпошта" аб'явіла, што 5 жніўня ўводзіцца ў абарачэнне мастацкі канверт з арыгінальнай маркай "Дзень беларускага пісьменства ў Быхаве".

На канверце ёсць выява герба Быхава і славутых месцаў і будынкаў горада — у прыватнасці старажытнага замка Сапегаў і Свята-Троіцкай царквы. На самой марцы — старажытны друкар і алфавіт з буквара Спірыдона Собаля.

1375113017257_27-31

Намінал маркі "А" адпавядае тарыфу на перасылку простага пісьма вагой да 20 грамаў у межах Беларусі. Мастак канверта і спецштэмпеля — Мікалай Рыжы. Канверт выраблены тыражом у 30 тысяч асобнікаў.

Спецыяльнае памятнае гашэнне адбудзецца 1 верасня
ў аддзяленні паштовай сувязі № 2 горада Быхава. Таксама ў планах "Белпошты" — выпуск напрыканцы жніўня маркі з гербам Быхава.

На сайце bеlроst.bу адзначаецца, што Дзень беларускага пісьменства — нацыянальнае свята. Яно адзначаецца з 1994 года ў першую нядзелю верасня. Праводзіцца дзеля прапаганды лепшых традыцый нацыянальнай культуры, друкаванага слова, духоўнасці беларускага народа. Цэнтрамі свята ўжо станавіліся 17 гарадоў. У Быхаве сёлета адбудзецца юбілейны ХХ Дзень беларускага пісьменства.

Ілона Іванова.

І выберуць малочнага караля

У Полацкім раёне сёння адбудзецца фестываль "Малочныя рэкі — 2013". У праграме свята-фэсту — правядзенне семінара для лепшых аператараў машыннага даення, дзіцячае свята "Піце, дзеці, малако — будзеце здаровы!", свята аграгарадка "Найлепшае месца на свеце", тэатралізаваная праграма "Малочнае раздолле".

Удзельнікаў і гасцей свята чакаюць "Малочная майстэрня" з майстар-класамі, на якіх пакажуць, што можна вырабіць з упаковак малочнай прадукцыі, бодзі-арт і разнастайная тэматычная конкурсная праграма. Будуць арганізаваны выстава-продаж малочнай прадукцыі, кірмаш-дэгустацыя. Святочныя мерапрыемствы завершацца выбарамі малочнага караля.

Правядзенне малочнага фэсту менавіта ў аграрным гарадку "Гараны" — частка стратэгіі развіцця Полацкага раёна, у рамках якой праводзіцца папулярызацыя такіх прафесій, як жывёлавод і аператар машыннага даення. Падчас свята будзе праведзена ўшанаванне лепшых работнікаў па выніках працы, знаёмства жывёлаводаў раёна з перадавым вопытам. На сённяшні дзень філіял Полацкага камбіната хлебапрадуктаў "Гараны-агра" з'яўляецца адной з лепшых гаспадарак Полацкага раёна. У прыватнасці, па ўмовах працоўнага саперніцтва аператараў машыннага даення ферма вёскі Арцюхі 4-ы раз заняла 1 месца ў абласным спаборніцтве сярод малочнатаварных фермаў, паведамілі ў Полацкім райвыканкаме. Свята пройдзе на тэрыторыі Гаранскай сярэдняй школы. У мерапрыемствах прымуць удзел не толькі жыхары аграгарадка, а і навучэнцы Полацкага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя сельскагаспадарчай вытворчасці, дэлегацыі ад сельскіх Саветаў Полацкага раёна і іншыя.

Аляксандр ПУКШАНСКІ.

У "МТБанка" — уласны працэсінг і новы банк-партнёр

"МТБанк" пераводзіць працэсаванне аперацый з выкарыстаннем картак у сваю ўласную працэсінгавую сістэму.

Такім чынам банк атрымае магчымасць самастойна рэалізоўваць новыя прадукты, укараняць новыя карткавыя прадукты, недаступныя іншым банкам з-за пэўных тэхналагічных абмежаванняў. Павялічыцца хуткасць рэагавання на запыты кліентаў, а час на распрацоўку новых прадуктаў значна скароціцца. Банк зможа самастойна персаналізаваць карткі, што паскорыць працэс выдачы картак на рукі кліентам.

Новым партнёрам "МТБанка" стала ААТ "Белгазпрамбанк". Неўзабаве да ліку партнёраў павінен далучыцца і яшчэ адзін буйны банк. У бліжэйшыя ж некалькі месяцаў працягнецца супрацоўніцтва з "Пріорбанкам".

У сувязі з адкрыццём працэсінгавага цэнтра "МТБанк" бясплатна замяніў плацежныя карткі MаstеrСаrd/Mаеstrо на карткі Vіsа. Па кругласутачным нумары О'К-цэнтра — (017) 229 99 99 можна даведацца, у якім аддзяленні забраць сваю картку Vіsа.

Святлана БАРЫСЕНКА.

Задэклараваць абышлося б танней

Партыю запчастак да мота- і велатэхнікі канфіскавалі ў рэспубліканскім пункце мытнага афармлення "Новая Гута".

На мікрааўтобусе "Rеnаult Mаstеr" наш суайчыннік з Украіны вёз сем пасажыраў, якія набылі чатыры лодкі з ПВХ і іншыя тавары. Менавіта таму кіроўца абраў для дэкларацыі чырвоны калідор. Пры гэтым сам заявіў, што ў яго няма тавараў, якія трэба пісьмова дэклараваць. Пры мытным надглядзе мікрааўтобуса была дэмантавана ашалёўка салона, пад якой знаходзілася больш за 560 адзінак запасных частак да мота- і велатэхнікі, а таксама запасныя часткі да бензапіл і маторнае масла да іх, камплектуючыя да лодак з ПВХ. Дарэчы, кіроўца мікрааўтобуса прызнаў факт незаконнага перасоўвання тавару. Увесь кантрабандны тавар і мікрааўтобус (коштам больш за Br159 млн) канфіскаваны. Распачаты адміністрацыйны працэс. Кіроўцу пагражае штраф у памеры ад 20 да 50 базавых велічынь, паведамляе прэс-група Гомельскай мытні.

Ірына АСТАШКЕВІЧ.

Кіраўнік выманьваў крэдыты

У Віцебскай вобласці па выяўленых Камітэтам дзяржкантролю фактах выманьвання крэдытаў пракурорам Мёрскага раёна заведзены аж 5 крымінальных спраў у дачыненні да былога дырэктара камбікормавага завода.

— У 2010—2011 гадах адным з банкаў былі выдадзены Мёрскаму камбікормаваму заводу крэдытныя рэсурсы ў суме 32,3 мільярда рублёў. Гэтым суб'ектам гаспадарання прадстаўляліся ў банк загадзя лжывыя дакументы аб колькасці закладной маёмасці — таварна-матэрыяльных каштоўнасцяў. Апошніх не было зусім, альбо меліся ў значна меншых аб'ёмах, чым прадстаўляліся ў заклад банку, — паведамілі ў Камітэце дзяржкантролю Віцебскай вобласці.

Акрамя таго, як устанавілі рэвізоры, прадпрыемства не выканала сваіх абавязацельстваў па крэдытных дагаворах у частцы вяртання крэдытных сродкаў ва ўстаноўлены графікам тэрмін.

Аляксандр ПУКШАНСКІ.

Падкінуў угору і не ўтрымаў...

Маленькі жыхар Яраслаўля, які разам з маці прыехаў ў госці да беларускіх сваякоў, з сур'ёзнымі траўмамі трапіў у бальніцу. Пра гэта паведамілі ў аддзяленні інфармацыі і грамадскіх сувязяў УУС Мінаблвыканкама.

Няшчасце здарылася ў Крупскім раёне. 22-гадовы мінчанін, які, як высветлілася, знаходзіўся нападпітку, бавіў час на вуліцы разам з пляменнікам, якому няма яшчэ і годзіка. Падчас гульні вырашыў падкінуць дзіця ўгору і... не ўтрымаў. Як вынік — хлопчык з закрытай чэрапна-мазгавой траўмай і пераломам патылічнай косці шпіталізаваны ў нейрахірургічнае аддзяленне.

Надзея ДРЫЛА.

Стомленыя за рулём

20 ліпеня ўдзень у Быхаўскім раёне вадзіцель заснуў за рулём і страціў кантроль над кіраваннем аўтамабіля. "ВАЗ" з'ехаў у кювет і перакуліўся. У выніку пацярпелі тры чалавекі: у бальніцу з рознымі траўмамі дастаўлены сам кіроўца, 27-гадовы жыхар Магілёва, і яго 11-гадовая пасажырка. Яшчэ адна 47-гадовая жанчына, якая ехала ў аўтамабілі, знаходзіцца ў рэанімацыі. Прычынай здарэння называюць стомленасць вадзіцеля.

— Трэба адпачыць, а не выпрабоўваць лёс, — настойліва раіць інспектар аддзялення па агітацыі і прапагандзе Магілёўскай ДАІ Вольга Вяршубская. — Цяпер у перыяд водпускаў многія адпраўляюцца на аўтамабілях да мора, пераадольваючы вялізныя адлегласці. У гэтым выпадку ні ў якім разе не трэба эканоміць час на сне і адпачынку.

Ілона Іванова.

Інспектары па сігнале спрацавалі хутка

Жыхар Мінска адпачываў з сябрамі на Бярэзіне. Праплываючы на лодцы побач з вёскай Красны Бераг, ён заўважыў у вадзе паплаўкі ад выстаўленай сеткі. Пра гэта мужчына паведаміў па нумары тэлефона даверу Дзяржаўнай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь.

"На месца выехала група на чале з намеснікам начальніка Бярэзінскай міжраённай інспекцыі. Каб затрымаць парушальніка, які хаваўся ў кустах, з доказамі віны, было вырашана, што адзін з супрацоўнікаў пад выглядам рыбака-аматара "выпадкова" зачэпіць сетку вудай. І гэты план спрацаваў: браканьер выйшаў на пытанне "рыбака" і падчас размовы прызнаўся, што менавіта ён паставіў сетку, — расказала журналісту "Звязды" прэс-сакратар Дзяржінспекцыі Вольга Грамовіч. — Малады чалавек аказаўся прыезджым з Гомельскай вобласці. І хоць рыбы ён налавіць не паспеў, яго дзеянні былі кваліфікаваны як парушэнне Правілаў вядзення рыбалоўнай гаспадаркі і рыбалоўства. Яму пагражае штраф да 50 базавых велічынь".

Сяргей РАСОЛЬКА.

За "ліпай" не схаваўся

Шчучынскі раённы аддзел Следчага камітэта завяршыў расследаванне крымінальнай справы ў дачыненні да вытворцы работ мясцовай МПМК-166, які з-за асабістай зацікаўленасці падрабляў афіцыйныя дакументы.

На працягу двух гадоў гэты спецыяліст, выкарыстоўваючы свае службовыя паўнамоцтвы, перыядычна накіроўваў пяцёра падпарадкаваных яму работнікаў выконваць будаўніча-мантажныя работы ў дачным доме сваёй знаёмай. Пры гэтым для налічэння ім зарплаты і іншых выплат уносіліся фіктыўныя звесткі ў афіцыйныя дакументы, што прадастаўляліся ў аддзел кадраў і бухгалтэрыю прадпрыемства, — табелі па ўліку рабочага часу і на выплату надбаўкі за раз'язны характар работ. У выніку рабочым было неабгрунтавана налічана больш за 12 мільёнаў рублёў.

Вытворцу работ прад'яўлена абвінавачванне ў здзяйсненні злачынства. Матэрыяльныя страты ён кампенсаваў у поўным аб'ёме. Крымінальная справа перададзена пракурору для вырашэння пытання аб накіраванні ў суд, паведамляе прэс-служба ўпраўлення Следчага камітэта Беларусі па Гродзенскай вобласці.

Барыс ПРАКОПЧЫК.

Кран на лом

Месяц таму ў райаддзел міліцыі Акцябрскага раёна паступіла заява ад намесніка Акцябрскага райвыканкама пра знікненне непрацуючага вежавага крана "КБ-100", які знаходзіўся на тэрыторыі ліквідаванага малога прадпрыемства "Залессе", размешчанага ў аднайменнай вёсцы.

Аператыўнікі Акцябрскага РАУС высветлілі, што вежавы кран быў дэмантаваны яшчэ ў сакавіку 2013 года. Яго здаў на металалом былы супрацоўнік ліквідаванага прадпрыемства, а цяпер дырэктар адной з прыватных фірмаў. Грамадзянін папярэдне распілаваў вялізную металічную канструкцыю, а потым здаў лом на Светлагорскае прадпрыемства другаснай сыравіны праз раз'язнога нарыхтоўшчыка Акцябрскага райпа. Нарыхтоўшчык, дарэчы, не знайшоў часу праверыць дакументы і паверыў выкрадальніку, што кран належыць яму. Больш за тое, па просьбе злодзея ён у закупную ведамасць унёс несапраўдныя звесткі: здадзены металалом распісаў на восем грамадзян, якія металалом яму не здавалі і нават не ведалі, што ён упісаў іх прозвішчы ў ведамасць і замест іх распісаўся. Па факце крадзяжу ў дачыненні грамадзяніна заведзена крымінальная справа, паведамілі ў прэс-службе Гомельскага абласнога УУС. Між іншым, матэрыяльная шкода, прычыненая Акцябрскаму райвыканкаму, складае больш за Br22,5 млн.

Ірына АСТАШКЕВІЧ.

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.