Вы тут

Карані ў Дабрагошчы, або Яшчэ на аднаго зніклага без вестак стала менш


У "Звяздзе" за 28 мая я распавяла пра Алену Турлай з Новасібірска, якая праз доўгія гады пошукаў знайшла магілу свайго дзеда ў Паставах. Не паспела расчуленая ўнучка вярнуцца на радзіму, як вахту памяці ў яе пераняла зямлячка. Неўзабаве пасля дня Незалежнасці Галіна Кісялёва таксама прыляцела ў Беларусь, каб сустрэцца з дзедам, які 70 гадоў таму загінуў на Жлобіншчыне...

Вёска Дабрагошча сустрэла загадкавай цішынёй. І гэтая цішыня ў чарговы раз навеяла думкі пра хуткацечнасць часу. Ідзеш па мірнай зямлі, і цяжка паверыць, што тут калісьці людзі стралялі адзін у аднаго... Паводле слоў мясцовых, у чэрвені 1943 года вёска была спалена немцамі. А праз год у баях за Дабрагошчу і яе ваколіцы загінула больш як тысяча савецкіх воінаў. Сярод іх і дзед Галіны Кісялёвай...

— Майго дзядулю Давыдзенку Івана Рыгоравіча прызвалі на фронт у жніўні 1941 года, — распавядае Галіна Васільеўна. — Бабуля засталася адна з
6 дзецьмі на руках. 70 гадоў таму паштальён прынёс дадому сумную навіну: "Прапаў без вестак". Тым не менш бабуля працягвала чакаць мужа з вайны. Але так і не дачакалася... Ведаеце, я ніколі не бачыла свайго дзеда, у нас нават няма яго фотаздымка. Але мама і цёця з такой цеплынёй гаварылі пра свайго тату, што я, колькі сябе памятаю, лічыла сваім святым абавязкам знайсці яго магілу.

1375113022983_1

Пошукі пачаліся з наведвання Цэнтральнага музея Вялікай Айчыннай вайны на Паклоннай гары ў Маскве, куды Галіна разам з сынам прыехала ў 2004 годзе.

— У музеі захоўваецца 385 тамоў кнігі Памяці, — кажа Галіна Васільеўна. — У іх пералічаны ўсе загінулыя ў баях за Радзіму і зніклыя без вестак. Інфармацыю пра кожнага з іх можна атрымаць таксама з дапамогай электроннай кнігі Памяці. Але ні ў папяровых, ні ў электронных спісах дзеда не было. Работнікі музея параілі звярнуцца з запытам у Цэнтральны архіў Міністэрства абароны Расіі ў Падольск.

Жанчына так і зрабіла. І праз паўгода атрымала архіўную даведку. Там значылася, што стралок 409 стралковага палка 137 стралковай дывізіі радавы Давыдзенка Іван Рыгоравіч, 1898 года нараджэння, ураджэнец Алтайскага краю, загінуў 8 снежня 1943 года ў вёсцы Бор Жлобінскага раёна Гомельскай вобласці...

1375113023467_2

— З таго моманту ўсё закруцілася само сабой, — кажа спадарыня Кісялёва. — Я напісала Леаніду Апанасюку (былы мэр Жлобіна), начальніку ўпраўлення па ўвекавечанні памяці абаронцаў Айчыны і ахвяр вайны Міністэрства абароны Беларусі палкоўніку Віктару Шумскаму, у Жлобінскі ваенкамат... Гэтыя добрыя людзі параілі мне звязацца са старшынёй Дабрагошчынскага сельсавета. Па тэлефоне мне сказалі, што дзед сапраўды загінуў у вёсцы Бор і пахаваны ў брацкай магіле ў Дабрагошчы. Што памяць пра майго дзеда жыве, яго імя занесена ў спісы загінулых у Беларусі расіян і ў кнігу "Памяць" Жлобінскага раёна. Я ўдзячна новасібірскаму Беларускаму культурна-асветніцкаму цэнтру імя Еўфрасінні Полацкай і ўсім жыхарам Беларусі, якія адгукнуліся і дапамаглі мне знайсці магілу дзеда. А таксама старшыні Дабрагошчанскага сельскага Савета Сяргею Філіпчанку і яго жонцы, якія прытулілі мяне на тыдзень... Удзячна тым людзям, якія даглядаюць брацкую магілу.

Пасля таго як я зрабіла некалькі фотаздымкаў Галіны Кісялёвай каля брацкай магілы, жанчына прапанавала разам наведаць месца, дзе загінуў яе дзядуля.

Вёска Бор, а дакладней тое, што ад яе засталося, знаходзіцца за некалькі кіламетраў ад Дабрагошчы. Дабіраліся туды спачатку па вясковай гравійцы, затым па лясной вузкай сцежцы. Аб тым, што там некалі жылі людзі, сведчыць толькі запушчаны яблыневы сад.
Аб вайне ж нагадваюць ямы, якія пакінулі пасля сябе "чорныя капальнікі".
...Галіна нейкі час стаіць у разгубленасці. Затым падыходзіць да яблынькі, сярод лістоў якой прасвечваюцца дробныя зялёныя яблыкі, прыхінаецца да ствала і... не стрымлівае слёз...

1375113023362_3

— Вось ужо 10 гадоў як няма мамы... — кажа Галіна Васільеўна. — Шкада, яна ўжо ніколі не даведаецца, што я ўсё ж такі выканала яе жаданне — знайшла магілу яе бацькі. З шасці дзяцей дзеда ў жывых засталася толькі адна дачка. Калі я сюды ляцела, ёй споўнілася 85. Цётка Каця папрасіла, каб я ад яе імя пакланілася да зямлі тату і яго аднапалчанам за той вялікі бой. Лепшага падарунка ў дзень народзінаў ёй не трэба...

На развітанне сібірачка папрасіла перадаць усім сем'ям, якія атрымалі пасля вайны пахаванкі з тэкстам "Прапаў без вестак", не губляць надзеі і працягваць шукаць. Бо чалавек жывы, пакуль пра яго памятаюць!

***

На ўскрайку Дабрагошчы расце векавы дуб. Дзіва дзіўнае. Вёска гарэла, гінулі людзі, а ён выстаяў. Выстаяў, пэўна, дзякуючы сваім моцным караням. Бо не сакрэт, чым мацнейшыя карані, тым мацнейшае дрэва. Таксама і чалавек. Чым больш яму вядома пра продкаў, тым больш трывала ён стаіць на зямлі...

Надзея ДРЫЛА, фота аўтара.

Жлобінскі раён

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».