Вы тут

"Вялікае мастацтва..." Семяновіча


Вяртанне кніг нашага земляка, выдадзеных у ХVІІ стагоддзі: тры асобнікі

"Вялікае мастацтва артылерыі" Казіміра Семяновіча, падобна, было вельмі запатрабаванай кнігай. На розных мовах свету выдавалі яе! Аўтар, відаць, зрабіў на той час вельмі актуальную, наватарскую працу, здзейсніў сапраўдны навуковы прарыў. Яго трактат, упершыню выдадзены на латыні ў 1650 годзе ў Амстэрдаме, фактычна стаў падручнікам па артылерыі. Але ў нашай краіне не было ніводнага асобніка выдання ХVІІ стагоддзя. Да мінулага года. А летась адбыўся прарыў: выданні трактата на лацінскай (1650 года) і на французскай (1651 года) мовах атрымала Нацыянальная бібліятэка Беларусі дзякуючы падтрымцы ААТ "БПС-Сбербанка". І сёлета Беларусь займела трэцюю кнігу, якая была выдадзена ў 1676 годзе ў Франкфурце-на-Майне. Пераклад зроблены Томасам Бэрэнам, а ўступнае слова напісаў Даніэль Эрліх. Атрымаць гэтую кнігу ўдалося дзякуючы спонсарам з "БелАВМ", якія перадалі яе ў падарунак бібліятэцы.

Каштоўныя набыткі Нацыянальнай бібліятэкі — гэта набыткі для нас усіх. Магчымасць усвядоміць, як выхадцы з нашых земляў уплывалі на развіццё сусветнай навуковай думкі. Магчымасць зразумець: кожны народ нараджае геніяў, пра якіх потым ствараюцца легенды. Легендарнымі становяцца іх працы, якія вярэдзілі розумы ў свой час — нездарма ж кнігі Семяновіча выдаваліся па ўсёй Еўропе.

Відаць, усім хацелася марыць пра новыя гарызонты, заваёўваць прасторы і адчуваць сябе гаспадарамі свету: ці не да гэтага прывяло чалавецтва бурнае развіццё касманаўтыкі?

Прычым тут ХVІІ стагоддзе, — могуць спытаць тыя, хто са школьных гадоў уражаны адкрыццямі Цыялкоўскага. Усё проста: ён са сваімі марамі-тэорыямі быў, напэўна, геніяльным, але не першым, хто сваімі навуковымі даследаваннямі пачаў ствараць падмурак касмічнай будучыні чалавецтва. Казімір Семяновіч, які паходзіў з Вялікага Княства Літоўскага і называў сябе шляхціцам-ліцвінам, лічыцца адным з заснавальнікаў сусветнай ракетнай балістыкі і касманаўтыкі. Ён жа фактычна акрэсліў магчымасць з'яўлення шматступенчатай ракеты, прыдумаў падзяляць паліва на адсекі. Амерыканскае касмічнае агенцва НАСА лічыць Казіміра Семяновіча заснавальнікам усёй ракетнай тэхнікі. Яго распрацоўка трохвугольнага крыла дагэтуль выкарыстоўваецца ў будаўніцтве касмічных апаратаў.

Праўда, за апошнія стагоддзі імя Семяновіча амаль знікла са свядомасці людзей у нашай айчыне — былі іншыя героі і вынаходнікі, пра якіх шмат пісалі і распавядалі. Пра тое, што была праца шляхціца родам з Дуброўна, што на Віцебшчыне, ведалі больш спецыялісты. Асоба адраджэнскага складу, Семяновіч быў вельмі адукаваным чалавекам у свой час, валодаў рознымі мастацтвамі — як тэхнічнымі, так і прыгожымі. Фактычна, гэта наш Леанарда. І як у Леанарда, у яго гісторыі ёсць свая таямніца. Заўчасная і нечаканая смерць Казіміра Семяновіча застаецца таямнічай: ці то небяспечныя доследы раптоўна падарвалі здароўе, ці то зайздроснікі, ці то надта смела ён вывучаў Сусвет і нехта яго ў гэтым спыніў. Але застаецца яшчэ і загадка другога тома гэтай "прарыўной" працы, дзе аўтар нібыта вынайшаў, як удасканаліць зброю. І калі недзе ёсць рукапіс (а нам жа вядома, што яны не гараць!), то застаецца марыць пра збег абставін, пры якім могуць сысціся зоркі і знайсціся мецэнаты на наступнае вяртанне навуковых прац Семяновіча.

Ларыса ЦІМОШЫК

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».