Вы тут

Танцуй ад печкi!


Прынцыпы асваення прасторы сялянскай хаты, сфакусіраваныя ў народных фразеалагізмах, "задаюць" два вектары руху.

Так, пераступіўшы парог, госць не заводзіў гутарку з гаспадарамі, а спачатку кланяўся чырвонаму куту. Гэтая дыяганаль парог — чырвоны кут і была асноўнай сілавой (восевай) лініяй, якая ўмоўна дзяліла прастору на жаночую і мужчынскую паловы. Аднак пахавальны абрад беларусаў сведчыць пра тое, што ў сялянскай хаце была яшчэ адна сілавая лінія, якая злучае паміж сабой чырвоны кут і печ. Так, пасля вяртання з могілак удзельнікі пахаванняў мылі рукі ў двары, каля парога, затым уваходзілі ў хату і збіраліся каля печы. І толькі пасля спецыяльнага запрашэння можна было заняць месца за жалобным сталом. Гэтая ж дамінанта ў паводзінах прысутнічала і ў кантэксце вясельнага абраду. Пераступіўшы парог хаты бацькоў жаніха, нявеста тут жа кідала на печ свой пояс. Верагодна, менавіта ў сувязі з гэтымі і некаторымі іншымі абрадавымі дзеяннямі (напрыклад, калядным ігрышчам "Жаніцьба Цярэшкі") і з'явіўся фразеалагізм:<І> "Танцуй ад печкі".

Такім чынам, па дыяганалі ад чырвонага кута ў хаце была размешчана печ, якую абавязкова фарбавалі (бялілі) у белы колер. Яна абагравала хату ў халодны перыяд года і шмат у чым прадвызначала асаблівасці традыцыйнай беларускай ежы: асноўныя стравы павінны былі "ўварыцца" на працягу працоўнага дня. З цягам часу яна стала галоўным месцам у хаце, знакам жыцця, жыватворным ачагом, які падпітваў сілай сонца ўсіх дамачадцаў. Агонь у печы ўспрымаўся як зямны эквівалент нябеснага свяціла, назва якога ў беларускай народнай лексіцы нярэдка гучала як "слонца", таму і прыстасаванне для таго, каб зачыніць печ на ноч ці днём, называлі "заслонка" (або "засланка").

1375185299332_30-9

Збудаванне печы паўтарала мадэль хаты і нагадвала трохузроўневую структуру міфалагічнага Дрэва Сусвету:

"падпечак", "прыпечак" і "комін". Яе асноўныя элементы функцыянальна і канструктыўна афармляліся ўслед за этапамі фарміравання хаты і былі блізкія да іх па сваёй міфапаэтычнай ролі. Хата ў цэлым вызначала межы засвоенай чалавекам прасторы — у адрозненне ад неабжытага, не асвоенага. Таму печ можна лічыць сродкам утаймавання ці прыручэння агню.

Своеасаблівым цэнтрам жыцця, чароўнай жар-птушкай былі палаючыя вугельчыкі: "Поўны засечак чырвоных яечак", "Поўнае карыта золатам наліта". У паўсядзённым жыцці агонь у печы неабходна было падтрымліваць увесь час на працягу сутак. Для гэтага ўвечары вугельчыкі засыпалі ў спецыяльнае паглыбленне ў печы, а раніцай, прачытаўшы малітву, распальвалі новы агонь.

Агонь у печы тушылі толькі ў выключных сітуацыях: калі ў хаце хтосьці паміраў; падчас эпідэміі або мору хатняй жывёлы; у вялікія гадавыя святы — такія, як Каляды, Вялікдзень, Купалле, Багач.

Печ стараліся трымаць зачыненай. Калі хтосьці з дамачадцаў збіраўся ў дарогу, то яе зачынялі, нават калі ў ёй гарэў агонь. Зачыненай печ трымалі і тады, калі жанчыны пачыналі закладваць аснову, прасці, ткаць. Уважліва сачылі за тым, каб ніхто не садзіўся на печ, пакуль у ёй выпякаўся хлеб, а таксама забаранялі "выліваць памыі і іншую вадкасць у падпечча, бо пасаджаныя хлябы не будуць падыходзіць, румяніцца і запякацца". Як толькі хлеб вымалі з печы, тут жа на яго месца абавязкова клалі адно-два палены, каб "дабрабыт у хаце не пераводзіўся".

Да печы заўсёды ставіліся з вялікай увагай і павагай: на ёй адпачывалі, яна сагравала і лячыла, на ёй зараджалася новае жыццё, там жа парой старыя людзі чакалі сваіх апошніх дзён. Падтрыманне агню і падрыхтоўка ежы было падобна падтрыманню жыцця на зямлі. На Палессі сярод беларусаў вядомы абрад "Жаніцьба коміна", які праводзіўся двойчы ў год: у дні вясновага і восеньскага раўнадзенстваў.

Высокі статус печы не дазваляў пры ёй вымаўляць грубыя або нецэнзурныя словы. Гаспадар хаты тут жа заўважаў: "Няможна казаць, бо печ у хаце!" Або хтосьці з прысутных сам успамінаў пра забарону і рабіў агаворку: "Сказаў бы, ды печ у хаце!".

Значная колькасць рытуальных дзеянняў выконвалася пры непасрэдным удзеле печы. Яе белы колер і месца размяшчэння (каля парога) сведчылі пра ролю пасрэдніка паміж жывымі і мёртвымі. Так, вяртаючыся з могілак пасля пахаванняў, родныя і блізкія збіраліся на памінальную вячэру. Але перш чым сесці за стол, усе прысутныя павінны былі "пагрэць рукі", г. зн. па чарзе падысці да печкі і аберуч дакрануцца да яе, а таксама зазірнуць у печ, каб пазбавіцца ад тугі па нябожчыку і страху перад ім, "каб смерць праз комін пайшла".

Нараджэнне і першыя гады жыцця дзіцяці таксама не абыходзіліся без печы. Напрыклад, пры першым рытуальным купанні нованароджанага ў ваду неабходна было пакласці дзевяць вугельчыкаў, каб засцерагчы яго ад сурокаў. На працягу першай паловы года ваду пасля купання дзіцяці вылівалі ў падпечак, і туды ж кідалі малочныя зубы, прыгаворваючы: "Мышка, мышка! На табе зуб касцяны, а дай мне жалезны!". Пры непасрэдным удзеле печкі бабка-павітуха здзяйсняла абрад "перапякання" дзіцяці (г. зн. паўторнага "выпякання" на хлебнай лапаце): печ павінна была "паглынуць" хваробу і "выпечы" здаровага чалавека.

Не кожны пячнік мог скласці добрую печ. Неабходна было валодаць прафесійнымі навыкамі і ведамі, якія перадаваліся з пакалення ў пакаленне і захоўваліся ў тайне. Адно з такіх правілаў: печ трэба класці пад поўню, тады яна "будзе доўга служыць і добра грэць".

Прыкметнае месца займала печ у вясельнай абраднасці. Так, перад тым як сваты выходзілі з хаты жаніха, яго маці зачыняла печ засланкай, звязвала поясам вілкі, чапялу, качаргу і іншыя прадметы, якія стаялі каля печы, і кідала на печ, сват "грэў" аб печ рукі і г. д. Калі сваты прыходзілі ў хату да нявесты, нярэдка звярталіся са словамі прывітання да печкі як захавальніцы цяпла (а значыць, і сямейнага шчасця), а засватаная дзяўчына, пакуль госці вялі перамовы з бацькамі, залазіла на печ, нібы шукала там правільнае рашэнне. Саскочыўшы на падлогу, будучая нявеста тым самым падавала знак, што яна згодна пайсці замуж.

Абрад выпякання самага галоўнага атрыбуту вясельнай імпрэзы — каравая суправаджаўся песнямі, у якіх апяваліся каравайніцы, лепшыя прадукты, з якіх прыгатуюць каравай, і асабліва печ, у якой народзіцца новы хлеб — знак маладой сям'і:

Гожа печка, гожа,
Як чырвона рожа.
Не шкада караваю даці,
Бо ўмее запякаці.

Печ надзялялі рысамі добрай, мудрай жанчыны, якая заўсёды дапаможа сваім дамачадцам: "Печ нам маці родная". Нездарма, пакідаючы бацькоўскую хату, нявеста ціха прыгаворвала: "Добрая доля, ды ідзі за мной. З печы полымем, з хаты каміном", а "на другі дзень пасля вяселля маладую жонку (будучую гаспадыню) падводзілі да печы, каб у яе складваліся з ёй добрыя, прыязныя адносіны".

Аксана КАТОВІЧ, Янка КРУК

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».