Вы тут

Кіраўнікоў пакараюць за нявыплату ўзносаў у Фонд сацабароны


Мінпрацы ініцыюе ўстанаўленне адміністрацыйнай адказнасці кіраўніка за несвоечасовую і няпоўную выплату ўзносаў у Фонд сацабароны

Са сродкаў Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва Міністэрства працы і сацыяльнай абароны фінансуюцца пенсіі, дапамогі і іншыя выплаты ў адпаведнасці з заканадаўствам. Прычым амаль 80 працэнтаў расходаў бюджэту фонду — гэта пенсіі, якія для большасці атрымальнікаў з'яўляюцца адзінай крыніцай даходу. У першым паўгоддзі гэтага года фінансаванне ўсіх выплат праводзілася, як і ў папярэднія гады, у поўным аб'ёме і ва ўстаноўленыя тэрміны. Аднак намецілася такая негатыўная тэндэнцыя, як рост пратэрмінаванай запазычанасці па плацяжах у фонд. Яна не можа не трывожыць, прызнаў намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны Валерый Кавалькоў.

1375267040427_31-24

Некаторыя работадаўцы парушаюць заканадаўства па выплаце страхавых узносаў: узносы выплачваюцца несвоечасова, не ў поўным аб'ёме або на выплачваюцца зусім. А асноўная прычына пратэрмінаванай запазычанасці па плацяжах у бюджэт Фонду сацабароны насельніцтва — выплата суб'ектамі гаспадарання абавязковых страхавых узносаў у няпоўным аб'ёме.

"З аднаго боку, сума пратэрмінаванай запазычанасці (Br129,2 млрд) у агульнай суме плануемых у 2013 годзе паступленняў абавязковых плацяжоў у фонд (Br69,9 трлн) складае толькі 0,18 працэнта. З іншага боку, яна перавышае аб'ём сродкаў, накіраваных на развіццё стацыянарных устаноў сацыяльнага абслугоўвання (Br92,2 млрд), — адзначыў намеснік міністра. — Прыведзеныя мной лічбы — па сітуацыі на 1 красавіка гэтага года (яшчэ няма справаздачнасці за другі квартал). Але, паводле аператыўных даных, запазычанасць прадаўжае расці (ацэначна складае на 1 ліпеня Br174,3 млрд, з іх Br137,3 млрд завінавацілася Віцебская вобласць)".

У галіновым разрэзе найбольшыя сумы запазычанасці маюць сельскагаспадарчыя арганізацыі (амаль 70 працэнтаў ад агульнай сумы запазычанасці ў рэспубліцы). Сярод даўжнікоў таксама лічацца арганізацыі Мінбудархітэктуры, канцэрнаў "Беллегпрам" і "Беллеспаперапрам", Мінпрама і іншыя суб'екты гаспадарання.

Паводле слоў намесніка міністра, да павелічэння пратэрмінаванай запазычанасці прывяло таксама невыкананне сельгасарганізацыямі ўмоў прадастаўлення дзяржпадтрымкі. У выніку нявыплаты або няпоўнай выплаты бягучых плацяжоў у бюджэт фонду права на дзяржаўную падтрымку ў першым квартале бягучага года страцілі 66 арганізацый (на суму
Br13,4 млрд).

"Арганізацыі ідуць на розныя хітрасці для выплаты заработнай платы без выплаты страхавых узносаў, у тым ліку шляхам адкрыцця дадатковых разліковых рахункаў у банках", — сказаў Валерый Кавалькоў. Спецыялісты фонду, вядома ж, прымаюць меры па выключэнні выпадкаў выплаты заработнай платы без выплаты ўзносаў, праводзяць праверкі суб'ектаў гаспадарання. З Нацыянальным банкам дасягнута дамоўленасць аб аператыўным абмене з дапамогай інфармацыйных тэхналогій звесткамі аб адкрыцці арганізацыямі банкаўскіх рахункаў.

"Прапрацоўваецца пытанне аб устанаўленні адміністрацыйнай адказнасці кіраўніка арганізацыі за несвоечасовую выплату страхавых узносаў або іх выплату ў няпоўным памеры", — падкрэсліў Валерый Кавалькоў.

Паводле дзейнага заканадаўства санкцыі накладаюцца на суб'ект гаспадарання, а ў адносінах да кіраўніка арганізацыі, які ўласна і прымае рашэнне, плаціць або не плаціць у фонд, санкцыі не прадугледжаны.

Кантроль за выкананнем заканадаўства аб дзяржаўным сацыяльным страхаванні ўскладзены на органы фонду сацыяльнай абароны насельніцтва. Яны прымаюць усе магчымыя меры да суб'ектаў гаспадарання за нявыплату або няпоўную выплату страхавых узносаў.

Паводле аператыўных звестак, у першым паўгоддзі спецыялістамі фонду праведзена 6 тыс. 146 праверак плацельшчыкаў абавязковых страхавых узносаў. Па іх выніках даналічана плацяжоў на суму Br700 млн (паступіла па актах праверак на суму Br0,6 млрд, або 83,3 працэнта). Адміністрацыйная адказнасць за парушэнні заканадаўства аб дзяржаўным сацыяльным страхаванні прымянялася ў 4 тыс. 502 выпадках. Сума адміністрацыйных штрафаў склала Br6,1 млрд (з іх ужо выплачана Br3,9 млрд, або 64,5 працэнта).

У бягучым годзе змяніліся памеры дапамог сем'ям, якія выхоўваюць дзяцей, а таксама парадак іх выплаты па месцы работы. У сувязі з гэтым актывізавалася работа фонду па забеспячэнні правільнага назначэння і своечасовай выплаты дапамог са сродкаў дзяржаўнага сацыяльнага страхавання плацельшчыкамі страхавых узносаў.

Дарэчы, фінансаванне сродкаў на выплату дапамог у рэспубліцы ў выпадках, калі сума налічаных дапамог перавышала суму налічаных страхавых узносаў, і ў сувязі з несвоечасовай выплатай заработнай платы, праводзілася
1 тыс. 241 плацельшчыку абавязковых страхавых узносаў (у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года колькасць плацельшчыкаў абавязковых страхавых узносаў, якія звярнуліся ў органы фонду па пытанні фінансавання сродкаў на выплату дапамог, зменшылася на 1,1 працэнта).

Трэба адзначыць, што нацыянальным заканадаўствам устаноўлена залежнасць права на выплаты са сродкаў дзяржаўнага сацыяльнага страхавання ад выплаты абавязковых страхавых узносаў у бюджэт фонду. У перыяд, калі работадавец узносы не выплачвае або выплачвае ў няпоўным аб'ёме, у работнікаў не фарміруецца права на сацыяльныя выплаты, уключаючы пенсіі. У выніку нявыплата або няпоўная выплата ўзносаў адаб'ецца на памеры пенсіі ці дапамогі.

Сам работнік таксама павінен цікавіцца тым, як яго работадавец выконвае свае абавязацельствы па выплаце ўзносаў. Атрымаць неабходныя даныя аб стане разлікаў па плацяжах у фонд можна ў бухгалтэрыі па месцы работы. Акрамя таго, на кожную застрахаваную асобу фондам адкрыты і вядзецца індывідуальны асабовы рахунак, дзе змяшчаюцца даныя аб прыёме на работу і звальненні, сумах выплат (даходу), якія ўлічваюцца пры назначэнні пенсіі, і страхавых узносаў, а таксама звесткі аб перыя-
дах нявыплаты страхавых узносаў.

Алена ПРУС, БЕЛТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек збяруцца, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.