Вы тут

ГАЛОЎНАЕ — ПРАВІЛЬНА ВЫБРАНАЯ СТРАТЭГІЯ


Некаторыя старонкі сучаснай гісторыі

Дзевяностыя гады мінулага стагоддзя сталі пераломнымі не толькі ў лёсе некалі адзінай вялікай дзяржавы, а і ў лёсе прадпрыемства. Тады ва ўмовах значнага (амаль у чатыры разы) падзення аб'ёмаў нафты для перапрацоўкі і непрадказальнасці развіцця сітуацыі ў будучыні паўстала пытанне аб неадкладных мерах па павышэнні эфектыўнасці вытворчасці. Зрабіць гэта можна было толькі шляхам павелічэння глыбіні перапрацоўкі нафты за кошт тэхнічнага пераўзбраення і глабальнай рэканструкцыі завода. Тады, у 90-я, на прадпрыемстве зрабілі выбар на карысць схемы паэтапнага правядзення рэканструкцыі завода на аснове тэхналагічных працэсаў, якія забяспечваюць павышэнне глыбіні перапрацоўкі нафты і атрыманне прадукцыі на ўзроўні сусветных стандартаў якасці.

У 2004 годзе была поўнасцю выканана Праграма развіцця прадпрыемства да 2005 года, якая складалася з чатырох этапаў, кожны з якіх разглядаўся як асобны валютаакупны праект. Рэалізацыя кожнага з іх забяспечвала атрыманне або новай прадукцыі, або сыравіны для далейшай перапрацоўкі. Найбольш важным з'явілася завяршэнне будаўніцтва і ўвод у эксплуатацыю камбінаванай устаноўкі каталітычнага крэкінгу. Тэхналогія працэсу дазволіла павялічыць глыбіню перапрацоўкі нафты і адбору светлых нафтапрадуктаў, а таксама выкарыстоўваць у якасці сыравіны сумесь гідраачышчанага вакуумнага газойлю і мазут нізкасярністай нафты. Увод устаноўкі каталітычнага крэкінгу дазволіў у паўтара раза павялічыць выпуск аўтамабільных бензінаў і ўдвая — звадкаваных газаў.

У выніку рэалізацыі Праграмы развіцця ААТ "Мазырскі НПЗ" на 2005-2010 гады ў 2006 годзе былі ўведзены ў эксплуатацыю блок вылучэння бензольнага канцэнтрату і ўстаноўка экстрактыўнай дыстыляцыі бензолу, што дазволіла зменшыць колькасць бензолу ва ўсім аб'ёме высокаактанавых бензінаў да патрабаванняў еўрапейскага стандарту ЕN 228 і атрымаць новы прадукт, бензол нафтавы, — самую важную сыравіну для нафтахімічнага комплексу рэспублікі.

У 2008 годзе ўведзена ў эксплуатацыю комплексная ўстаноўка фторыставадароднага алкіліравання. Быў атрыманы новы прадукт — алкілат (высокаактанавая экалагічна чыстая дабаўка да бензінаў). У 2010 годзе ўведзена ў эксплуатацыю ўстаноўка гідраабязсервання бензіну каталітычнага крэкінгу, якая зменшыла колькасць серы ва ўсім аб'ёме высокаактанавых бензінаў да патрабаванняў еўрапейскага стандарту ЕN 228:2008.

Дадатковае ўжыванне ў рэцэптуры падрыхтоўкі бензінаў высокаактанавай кіслародазмяшчальнай дабаўкі — метыл-трэт-бутылавага эфіру — дазволіла ў 2010 годзе паставіць на серыйную вытворчасць бензін для аўтамабіляў экалагічнага класа 5, які адпавядае па якасці патрабаванням еўрапейскага стандарту ЕN 228:2008.

На пачатку 2011 года была ўведзена ў эксплуатацыю новая ўстаноўка па вытворчасці вадароду, якая павінна забяспечыць ім новыя тэхналагічныя аб'екты.

У студзені 2012 года ўведзена ў эксплуатацыю ўстаноўка гідраачысткі дызельнага паліва, якая гарантавана забяспечвае вытворчасць усяго аб'ёму дызельнага паліва згодна з патрабаваннямі еўрапейскага стандарту ЕN 590.

У снежні 2012 года ўведзена ў эксплуатацыю ўстаноўка ізамерызацыі пентан-гексанавай фракцыі, прызначаная для атрымання высокаактанавага экалагічна чыстага кампанента бензінаў — ізамерызату. Гэта дазволіла не толькі атрымаць аўтамабільны бензін экалагічнага класа 5 АІ-92-К5-Еўра па СТБ 1656-2011, які па ўсіх паказчыках, акрамя актанавага ліку, адпавядае патрабаванням еўрапейскага стандарту ЕN 228, але таксама спыніць выпуск нерэнтабельнай прадукцыі — бензіну-сыравіны для піролізу і нізкаактанавага бензіну "Нармаль-80". Дзякуючы пуску ўстаноўкі ізамерызацыі аб'ёмы вытворчасці высокаактанавых бензінаў узрастуць больш чым на 200 тыс. тон за год, іх якасць цалкам адпавядае патрабаванням ЕN 228.

1375267055213_1

Візітоўка кіраўніка:

Анатоль Аляксандравіч Купрыянаў, генеральны дырэктар ААТ "Мазырскі НПЗ", ініцыятар і правадыр стратэгіі пастаяннага развіцця і ўдасканалення прадпрыемства, сапраўдны лідар, які карыстаецца заслужаным аўтарытэтам і павагай у калектыве. Яго дзейнасць накіравана на стварэнне згуртаванай каманды аднадумцаў, якой па плячы задачы любой складанасці.

— Зараз мы працуем над двума праектамі будаўніцтва, вельмі важнымі для развіцця завода. Першы — будаўніцтва камбінаванай устаноўкі вытворчасці высокаактанавых кампанентаў бензіну, дзякуючы якой без закупу кампанентаў збоку ўвесь аб'ём высокаактанавых аўтамабільных бензінаў будзе вырабляцца ў адпаведнасці з патрабаваннямі еўрапейскага стандарту ЕN 228. Гэты праект дастаткова дарагі, але мы знайшлі фінансавыя рэсурсы і ўпэўнены ў тым, што ён будзе выкананы, паколькі самае важнае пытанне — гэта арганізацыя фінансавання. Зараз на будаўнічай пляцоўцы ідуць работы па нулявым цыкле — заканчэнне гэтага праекта намечана на другі квартал 2015 года. З уводам устаноўкі ў дзеянне ўвесь бензін, які выпускаецца на заводзе, будзе адпавядаць стандарту "Еўра-5". Зараз мы выпускаем прыкладна 20% такога бензіну, а 80% пакуль адпавядае стандарту "Еўра-4".

Таксама вялікая работа вядзецца па праектаванні і пачатку будаўніцтва комплексу глыбокай перапрацоўкі цяжкіх нафтавых рэшткаў (H-оіl), які дазволіць атрымліваць дадатковыя аб'ёмы маторных паліваў і вырабляць нізкасярністае кацельнае паліва. Тэрмін яго будаўніцтва вялікі і завяршыць яго плануем у 2017 годзе. Праект дастаткова дарагі — $1 млрд 400 млн. Такім чынам, з 2017 года глыбіня перапрацоўкі нафты на нашым прадпрыемстве павінна скласці прыкладна 89-90%, і мы будзем атрымліваць да 75% светлых нафтапрадуктаў. З уводам гэтай устаноўкі, мяркую, мы ўвойдзем у лідары не толькі сярод нафтаперапрацоўчых заводаў СНД і Еўропы, але і свету.

Дарэчы, на гэтым мы не збіраемся спыняцца, ужо зараз прапрацоўваем праграму развіцця нашага прадпрыемства да 2020 года. Плануем пабудаваць яшчэ адну ўстаноўку рэформінгу — бесперапыннай рэгенерацыі — вартасцю прыкладна $220 млн і ўстаноўку гідракрэкінгу, якая каштуе ў межах $300-350 млн. Калі нашы планы ўвасобяцца ў жыццё да 2020 года, думаю, што завод будзе цалкам адпавядаць лепшым узорам прадпрыемстваў па нафтаперапрацоўцы. Задача, безумоўна, складаная, але ж я лічу, што яна нам па сілах.

Ні года без новай устаноўкі

Такім чынам мадэрнізацыя Мазырскага НПЗ пачалася яшчэ ў 90-х гадах мінулага стагоддзя. У 1994 годзе сфарміравалася дакладная канцэпцыя паэтапнай рэканструкцыі прадпрыемства. Самы значны этап завяршыўся ўводам у эксплуатацыю ў 2004 годзе камбінававанай устаноўкі каталітычнага крэкінгу. Ён стаў магчымым дзякуючы рашэнням, прынятым пасля візітуПрэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі на прадпрыемства ў верасні 1999 года. менавіта пасля гэтага заводу была аказана дзяржаўная падтрымка ў вырашэнні праблемы фінансавання чацвёртага этапа рэканструкцыі. Праграма развіцця ААТ "Мазырскі НПЗ" на перыяд 2010-2015 гг., якая рэалізуецца ў наш час, прадугледжвае далейшае будаўніцтва высокатэхналагічных аб'ектаў і ўкараненне інавацыйных тэхналогій, накіраваных на атрыманне паліва, якое не толькі адпавядае патрабаванням сусветных стандартаў, але і канкурэнтаздольнае па выдатках на іх вытворчасць.

Галоўны інжынер прадпрыемства Сяргей Тукач

адзначае, што апошнім часам атрымлівалася ўводзіць у эксплуатацыю па дзве ўстаноўкі за год:

— На будаўніцтва кожнай ідзе ад 3 да 5 гадоў. Хутка не пабудуеш, таму трэба загадзя аналізаваць сітуацыю ў свеце праз мінімум пяць гадоў. Менавіта таму, напрыклад, па якасці дызельнага паліва, якое адпавядае еўрапейскім стандартам, мы зараз гадоў на 5-10 уперадзе. Калі неабходна, некаторыя яго параметры мы можам зрабіць яшчэ больш жорсткімі, чым цяпер — па серы, поліараматыцы. Вытворчасць бензіну, якасць якога адпавядае еўрастандартам — гэта не адзін, а вельмі шмат тэхналагічных працэсаў. Кожная ўстаноўка, якую будавалі, уносіла сваю лепту як у павелічэнне колькасці бензіну, так і ў паляпшэнне яго якасці. Мадэрнізацыя, якая праводзілася з 2004 года, зараз дазволіла нам выйсці на бензін пятага класа якасці. Мы прыпынілі выпуск бензіну "Нармаль-80", а з цягам часу можам прыпыніць і выпуск бензіну АІ-92. Тым не менш, не ўсе пытанні засталіся яшчэ вырашанымі. Для таго, каб быць канкурэнтаздольнымі, нам трэба выпускаць бензін яшчэ больш высокай якасці, у тым ліку па актанавым ліку. Наперадзе — будаўніцтва комплексу высокаактанавых дабавак, куды ўваходзіць тры ўстаноўкі: па вытворчасці меціл-трэт-буцілавага эфіру (МТБЭ), трэтамілмецілавага эфіру (ТАМЭ) і "Дымерсол-G". Пасля пуску гэтага комплексу мы зможам выпускаць бензін якасці не ніжэй, чым АІ-95 і АІ-98.

Галоўны тэхнолаг Аляксандр Шорац дадае, што пакуль глыбіня перапрацоўкі нафты складае каля 70%, а вось пасля ўводу ўстаноўкі вакуумнай перапрацоўкі мазуту гэтая лічба павінна падысці да 80%:

— Ёсць такі прадукт перапрацоўкі нафты — мазут. У адрозненне ад іншых прадуктаў, чым яго менш, тым лепш. Зараз ідуць пускавыя аперацыі на новай устаноўцы вакуумнай перагонкі мазуту — з яе ўводам мы скароцім колькасць мазуту і павялічым выпуск бензіну і дызпаліва. З пускам гэтай устаноўкі мы не толькі павялічым глыбіню перапрацоўкі і атрымаем больш высокарэнтабельных прадуктаў, але і якасць мазуту давядзём да еўрапейскага ўзроўню — з колькасцю серы да 1%. Мы імкнёмся, каб з уводам новых установак памяншаліся выкіды шкодных рэчываў у навакольнае асяроддзе. Наша паліва экалагічнае, і гэта таксама ўклад у ахову навакольнага асяроддзя краіны.

Экспартны кірунак

Да 65% прадукцыі ААТ "Мазырскі НПЗ" рэалізуецца на экспарт. Яе спажыўцы ёсць у 20 краінах. Вялікія аб'ёмы пастаўляюцца ўНідэрланды, Украіну, Вялікабрытанію, Малдову, Польшчу, Венгрыю, Румынію, Літву, Латвію, Эстонію, Славакію, Кіпр, Швецыю, Данію. Топачныя мазуты прадпрыемства пастаўляе ў Італію праз чарнаморскія парты. Супрацоўнічае ААТ з Манголіяй, Фінляндыяй, Германіяй, Ліванам і іншымі краінамі..Начальнік аддзела маркетынгу Іван Стрыжоў гаворыць, што прадукцыя адпавядае самым жорсткім еўрапейскім стандартам і менавіта гэта дазваляе стабільна працаваць на экспарт:

— Адным з асноўных нашых рынкаў збыту з'яўляецца Украіна — таму што ўкраінскія заводы не вытрымліваюць канкурэнтнай барацьбы па якасці прадукцыі. Да таго ж там своечасова не была праведзена мадэрнізацыя. Наш завод — найбліжэйшы да ўкраінскага рынку, і каля трэці экспарту мы ажыццяўляем на гэты рынак. Гэта ў асноўным дызельнае і аўтамабільнае паліва. Таксама ў межах пагаднення з Расійскай Федэрацыяй вялікія аб'ёмы бензіну АІ-92 і АІ-95 пастаўляюцца на рынак гэтай краіны. Па даручэнні Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у 2007 годзе была створана Беларуская нафтавая кампанія. Яна мае даччыныя прадпрыемствы ў Вялікабрытаніі, Расіі, Польшчы, Прыбалтыцы, ва Украіне, што дапамагае нам прадаваць нашу прадукцыю на рынкі гэтых краін. Дарэчы, высокаэфектыўна рэалізоўваць нашу прадукцыю і на ўнутраных рынках. У выніку мы разам з усімі забяспечваем рытмічную работу нашага завода.

Хто хоча жыць, той павінен рухацца

На Мазырскім НПЗ, адным з самых буйных прадпрыемстваў нафтахімічнай галіны Рэспублікі Беларусь, бесперапынна рэалізуюцца праекты рэканструкцыі і мадэрнізацыі, а таксама вядзецца вялікая колькасць работ па тэхнічным пераўзбраенні, рамонце і абслугоўванні абсталявання, якімі самым непасрэдным чынам займаецца дырэкцыя па рэканструкцыі і развіцці ААТ.Дырэктар па рэканструкцыі і развіцці Вадзім Данілевіч гаворыць, што работа ўскладняецца тым, што ідзе паралельнае праектаванне, закупка і будаўніцтва:

— Адна з задач, якая пастаўлена кіраўніцтвам завода: мы павінны пераводзіць будаўніцтва ад ручнога кіравання да будаўніцтва на аснове праграмнага прадукту, дзе фіксуюцца ключавыя стадыі, якія мы павінны кантраляваць. Усе стадыі (праектаванне, заказ, закупка абсталявання, пастаўка, выкананне будаўніча-мантажных і пусканаладачных работ) павінны арганізоўвацца і кантралявацца заказчыкам. Таму летась і было створана новае структурнае падраздзяленне — аддзел па арганізацыі і суправаджэнні будаўніцтва. Дарэчы, кіраванне праектамі — гэта цэлы комплекс мерапрыемстваў, накіраваных на аптымізацыю выдаткаванага часу пры зададзеных матэрыяльных і грашовых рэсурсах на ўсіх этапах вядзення будаўніцтва якога-небудзь аб'екта, уключаючы праектаванне. У наш час кіраванне праектамі стала прызнанай метадалогіяй інвестыцыйнай дзейнасці ва ўсіх развітых краінах. Для яе сур'ёзнага засваення неабходны час і падрыхтаваныя кадры.

Менавіта таму мазырскія спецыялісты падрабязна знаёміліся з досведам укаранення аўтаматызаваных сістэм кіравання на адным з буйных расійскіх прадпрыемстваў. Дарэчы, галоўная складанасць пры ўкараненні АСКП (аўтаматызаваных сістэм кіравання праектамі) складаецца ў чалавечым фактары. Большасць супрацоўнікаў спачатку ўспрымаюць новую сістэму кіравання як дадатковую форму справаздачнасці, аднак праз некалькі месяцаў практычнай рэалізацыі становіцца зразумела, што сістэма сапраўды з'яўляецца прыладай аператыўнага кіравання праектамі, паколькі кожны спецыяліст, які мае доступ да АСКП, можа аператыўна адсочваць статус выканання сваіх задач, праекта ў цэлым і ацэньваць пры гэтым рызыкі, арыентавацца ў сувязях і залежнасцях паміж асобнымі задачамі. У праграмны прадукт заносяцца ўсе стадыі, пры гэтым ступень дэталізацыі бывае рознай. Але ж калі гэта тычыцца нават нейкага клапана з доўгім тэрмінам заказу, мы павінны кантраляваць працэс.

У Расіі таксама вядзецца мадэрнізацыя, таму павялічыліся тэрміны выканання заказаў на абсталяванне. Даводзіцца больш дакладна адсочваць, як гэта можа ў выніку паўплываць на будаўніцтва. Мы павінны загадзя прагназаваць, як затрымка ў выкананні нейкага заказу паўплывае на заканчэнне рэалізацыі праекта, і павінны распрацоўваць карэктуючыя мерапрыемствы — каб сціснуць нейкія іншыя стадыі, паскорыць тое, што ў нашых сілах. Сапраўды, такой практыкі па Беларусі няшмат. Аднак у свеце гэта правераная практыка, сапраўды рэальны рабочы прадукт, які дае аддачу. Калі аб'ект пушчаны своечасова або мы змаглі скараціць тэрміны будаўніцтва, — значыць, раней пачне акупляцца, раней будзе і прыбытак. Вядома ж: чым даўжэй ідзе будаўніцтва, тым даражэйшым яно становіцца. Таму мы кантралюем затраты і не дапускаем перарасходу — а ў складзе праграмнага прадукту ёсць улік не толькі тэрмінаў, але і бюджэту. Гэта мегазадача, якую мы павінны рэалізаваць.

Вось канкрэтны прыклад: зараз вядзецца вялікая работа па праектаванні і пачатку будаўніцтва комплексу глыбокай перапрацоўкі цяжкіх нафтавых рэшткаў (H-оіl), які плануем здаць у 2017 годзе. Рэалізацыя пачата дастаткова даўно: праектаванне і заказ абсталявання ідуць некалькі гадоў. Сёлета вырашаюцца пытанні з фінансаваннем. Пад гэты комплекс мы павінны зараз замовіць абсталяванне, частка якога будзе гатова толькі праз 2,5 года. Таксама летась быў праведзены тэндар па заказе рэактараў, маса якіх складае больш за 800 тон. З Японіі ў наступным годзе іх даставяць па водных шляхах, урэшце па Прыпяці — сюды, на прычал. Нам загадзя трэба стварыць інфраструктуру па дастаўцы іх на аб'ект. А гэта азначае рэканструкцыю прычала на Прыпяці, будаўніцтва пад'язной дарогі, замову спецыяльнай грузапад'ёмнай тэхнікі і гэтак далей...

Акрамя таго, што мы будуем новыя аб'екты, мы павінны яшчэ і мадэрназаваць існуючыя — каб забяспечыць тую ж энергаэфектыўнасць. Напрыклад, на заводзе сябе добра зарэкамендавала праграма па замене печаў на больш энергаэфектыўныя, выдаткі акупляюцца за некалькі гадоў. Завод жа пабудаваны дастаткова даўно, тэхналогіі памяняліся і ёсць больш эфектыўнае абсталяванне. За кошт замены, мадэрнізацыі можна знізіць выдаткі на вытворчасць прадукцыі. Гэтыя работы часткова таксама выконваюцца праз дырэкцыю.

Для забеспячэння працы любой устаноўкі патрэбна, каб былі пабудаваны і аб'екты агульназаводскай гаспадаркі: міжцэхавыя камунікацыі, паркавая гаспадарка, дапаможныя аб'екты для забеспячэння электраэнергіяй, тэхнічнай вадой, паветрам, — гэта тое, што быццам наўпрост не ўплывае на атрыманне новай прадукцыі, але ж без гэтых аб'ектаў галоўны аб'ект не зможа працаваць. Гэта вялікі аб'ём працы, ён можа ў кошце праекта заняць да 30-40%.

1375267055499_2

Інвестыцыі ў будучыню

Мэтай любога прадпрыемства, у тым ліку ААТ "Мазырскі НПЗ" з'яўляецца забеспячэнне стабільнага фінансавага стану і атрыманне максімальнага прыбытку. Будаўніцтва новых высокатэхналагічных аб'ектаў, стварэнне сучаснай вытворчай базы магчыма, толькі калі ёсць добры падмурак. Намеснік генеральнага дырэктара па эканоміцы і фінансах Сяргей Крот гаворыць, што апошнія гады не былі простымі для прадпрыемства, але ж рэканструкцыя і мадэрнізацыя вытворчасці ішла бесперапынна.

— 2009 год, калі пачаўся фінансавы крызіс, мы прапрацавалі даволі добра — пры тым, што цана нафты падала да 30-35$ за барэль. Аб'ём прыбытку знізіўся, але ж пэўная эфектыўнасць была. Пры гэтым мы сутыкнуліся са значным дэфіцытам фінансавых сродкаў для працягу нашай рэканструкцыі. Узнікла дылема: працягваць будаўніцтва ці на нейкі час прыпыніць. Мы, можна сказаць, апошнюю кашулю здымалі, але ж будаўніцтва не прыпынялі.

2010 год быў для нас самым складаным і напружаным. Якраз закончылася трохгадовае пагадненне з РФ (2007-2009 гады), пасля чаго значна пагоршыліся ўмовы закупкі нафты. Таму ў 2010 годзе мы выжывалі за кошт аптымізацыі вытворчасці. Пры гэтым нам давялося крыху знізіць аб'ёмы перапрацоўкі нафты. Тады свае магутнасці прадпрыемства дазагружала нафтай з Венесуэлы.

У 2011 годзе, калі адбылася дэвальвацыя, нашы фінансавыя паказчыкі пагоршыліся, і гэта было звязана са змяненнем курсу беларускага рубля. Адбылася пераацэнка нашых валютных абавязацельстваў па крэдытах і мы, вядома, мелі значныя страты, але адтэрмінаваныя. Год быў складаны, але мы яго прайшлі. Нас выратоўваў канцэрн "Белнафтахім", які шукаў магчымасці для таго, каб купіць для нас валюту праз біржу. Пасля таго, як сітуацыя стала больш зразумелай, мы арыентуемся, дзе могуць быць падводныя камяні і як на іх не наступіць.

Наша фінансава-гаспадарчая дзейнасць у першую чаргу залежыць ад цаны на нафту і прадукты яе перапрацоўкі. Паколькі мы экспартна-арыентаванае прадпрыемства (65-68% складае экспарт), адпаведна, кан'юнктура і цэны на знешнім рынку істотна ўплываюць на эфектыўнасць працы.

У 2012 годзе сітуацыя вярнулася ў нармальнае рэчышча. Падпісаныя пагадненні дазваляюць нам стабільна працаваць. Летась упершыню за апошнія 10 гадоў мы дасягнулі максімуму па перапрацоўцы нафты — 11 млн 91 тысяча тон. У 2012 годзе практычна ў 2 разы павялічыўся выпуск высокаактанавых бензінаў стандарту "Еўра" — на 195%. Істотна вырас і аб'ём выпуску АІ-92 — да 110%. Па дызельным паліве рост вытворчасці склаў 136%. Рэнтабельнасць продажаў летась складала каля 10%.

Новыя інвестпраекты, якія мы пачалі зараз рэалізоўваць, патрабуюць вялікіх фінансавых укладанняў. Толькі ўстаноўка комплексу глыбокай перапрацоўкі цяжкіх нафтавых рэшткаў (H-оіl) каштуе каля $1 млрд 400 млн. Мы зараз вядзём перамовы з многімі банкамі пра фінансаванне. Аб'ёмы інвестыцый у асноўны капітал штогод складаюць каля 1 трлн 292 млрд рублёў. Сёлета запланавана каля 1 трлн 600 млрд рублёў.

За 2010-2012 гады мы ўвялі ў дзеянне сем новых прамысловых установак, такім чынам вартасць аб'ектаў, уведзеных за кошт крэдытных і асабістых рэсурсаў, склала $685 млн.

Якасць — галоўны прыярытэт

Прадукцыя Мазырскага НПЗ заўсёды вызначалася высокай якасцю. Гаворка ідзе ў першую чаргу пра выпуск прадукцыі, якая адпавядае патрабаванням еўрапейскіх стандартаў, бо больш за палову прадукцыі рэалізуецца ў развітых краінах Еўропы.

Сертыфікаты адпаведнасці сістэмы менеджменту якасці патрабаванням міжнароднага стандарту ІSО 9001:2008, сістэмы кіравання навакольным асяроддзем — патрабаванням стандартаў ІSО 14001:2004 і СТБ ІSО 14001-2005 і сістэмы менеджменту аховы працы — патрабаванням стандарту ОHSАS 18001:2007 пацвярджаюць здольнасць арганізацыі заўсёды выпускаць прадукцыю самай высокай якасці з мінімальным шкодным ўздзеяннем на навакольнае асяроддзе і пры бяспечных умовах працы для персаналу.

Напрыклад, бензін АІ-95 стандарту "Еўра-5" адпавядае якасці еўрапейскага стандарту ЕN-228:2008. Гэты від паліва дазваляе павысіць магутнасць рухавіка, знізіць расход паліва, палепшыць эксплуатацыйныя характарыстыкі аўтамабіля. Для аўтаўладальніка гэта азначае, што рухавік будзе абаронены ад нагару, павялічыцца яго рэсурс і значна знізіцца колькасць шкодных выкідаў у атмасферу.

Начальнік службы якасці і стандартызацыі прадпрыемства Людміла Галаванава расказвае, што цяпер усе бензіны, дызпаліва і бітумы вытворчасці Мазырскага НПЗ адпавядаюць самым сучасным еўрапейскім патрабаванням:

— Мы, каб стварыць упэўненасць спажыўца ў якасці нашых нафтапрадуктаў, пастаянна праводзім працэдуры пацвярджэння адпаведнасці ў органах сертыфікацыі. Такім чынам не толькі наш пашпарт сведчыць, што якасць нафтапрадуктаў адпавядае ўсім патрабаванням, якія да іх прад'яўляюць тэхнічныя нарматыўныя прававыя акты, але і незалежны орган сертыфікацыі гэта пацвярджае. Да распрацоўкі тэхнічных рэгламентаў на аўтамабільнае паліва не было нават абавязковага патрабавання на сертыфікацыю прадуктаў, але мы даўно займаліся добраахвотнай сертыфікацыяй нафтапрадуктаў. Такім чынам мы заваёўвалі і заваявалі давер спажыўца да нашай прадукцыі. У 2008 годзе быў распрацаваны тэхнічны рэгламент РБ, якія вызначаў абавязковыя патрабаванні да ўсіх відаў аўтапаліва. Дакумент патрабаваў абавязкова дэклараваць нафтапрадукты таксама ў незалежным органе. З 31 снежня 2012 года ўступіў у сілу тэхнічны рэгламент Мытнага саюза пра патрабаванні да паліва. Зараз мы маем дэкларацыі на ўсе віды паліва, зарэгістраваныя ў Беларускім дзяржаўным інстытуце стандартызацыі і сертыфікацыі. І гэта дае нам права пастаўляць наша паліва ва ўсе краіны Мытнага саюза. Наша лабараторыя вельмі добра аснашчана, яна ўключана ў адзіны рэестр выпрабавальных лабараторый Мытнага саюза і мае права на ўзроўні незалежных праводзіць выпрабаванні для мэтаў дэкларавання на адпавяданне рэгламенту Мытнага саюза. Мы пацвярджаем адпаведнасць не толькі ўнутры сваёй краіны і Мытнага саюза, але і імкнёмся дапамагаць у продажы нашых нафтапрадуктаў на экспарт. У прыватнасці, ва Украіну. І калі ў нас ёсць дзяржаўны сертыфікат Украіны на адпаведнасць іх ДСТУ, гэта мае вялікае значэнне і для продажу нашых нафтапрадуктаў, і для хуткасці праходжання іх праз мытню. Гэта немалаважна ў частцы абарачальнасці вагонацыстэрнаў. Таму ўсе асноўныя віды паліва, якія мы экспартуем, таксама маюць украінскія сертыфікаты на адпаведнасць іх дзяржстандартам. Прыняцце Еўрапейскага рэгламенту RЕАСH у свой час стварыла для нас нямала праблем. Мы добра папрацавалі, каб зарэгістраваць усе нашы экспартныя нафтапрадукты ў еўрапейскім хімічным агенцтве. Зараз пашпарты бяспекі ў адпаведнасці з патрабаваннямі Еўрапейскага рэгламенту распрацаваны.

У гармоніі з прыродай

Мазырскі НПЗ, як і любы індустрыяльны аб'ект такога маштабу, у сілу спецыфікі вытворчасці не можа не ўплываць на навакольнае асяроддзе. Кіраванне і кантроль яго стану былі і застаюцца прыярытэтнымі кірункамі вытворчай дзейнасці завода, таму тут вядзецца планамерная работа па ўкараненні мерапрыемстваў, накіраваных на зніжэнне нагрузкі на навакольнае асяроддзе ў зоне ўплыву завода і пры выкарыстанні яго прадукцыі.

У сваёй дзейнасці Мазырскі НПЗ кіруецца прынцыпам строгага выканання заканадаўчых патрабаванняў і стандартаў у вобласці экалогіі, для чаго распрацоўваюцца і ўкараняюцца мерапрыемствы па рацыянальным выкарыстанні прыродных рэсурсаў, зніжэнні выкідаў, скідванні забруджвальных рэчываў, утварэнні адходаў, забруджвання глебы, выкарыстанні небяспечных рэчываў. Менавіта таму ўдасканаленне вытворчых працэсаў на заводзе непарыўна звязана з правядзеннем цэлага комплексу прыродаахоўных мерапрыемстваў, накіраваных на зніжэнне негатыўнага ўздзеяння на навакольнае асяроддзе. Вялікая ўвага надаецца ўкараненню прагрэсіўных тэхналогій, якія адпавядаюць існуючым і перспектыўным экалагічным патрабаванням пры праектаванні, распрацоўцы вытворчых працэсаў, новых відаў прадукцыі, а таксама папярэджанню аварыйных сітуацый за кошт бяспечнай эксплуатацыі вытворчых аб'ектаў і стварэнні бяспечных умоў працы.

Толькі за апошнія гады ў ААТ "Мазырскі НПЗ" былі ўведзены ў эксплуатацыю два новыя блокі абаротнага водазабеспячэння, устаноўка ўтылізацыі серавадародазмяшчальнага газу, станцыя ультрафіялетавага абеззаражвання сцёкавых вод, блок утылізацыі вуглевадародных факельных газаў, сучасныя нафтапасткі і флататары на ачышчальных збудаваннях, высокаэфектыўнае абсталяванне па абязводжванні асадкаў сцёкавых водаў, комплекс па перапрацоўцы нафташламу, устаноўка тактавага наліву бензінаў, якая дазволіла зменшыць як страты нафтапрадуктаў, так і выкіды ў атмасферу. Выкананне прыродаахоўных мерапрыемстваў з'яўляецца асновай паспяховай рэалізацыі экалагічнай палітыкі арганізацыі.

У "Сосны" — па здароўе

Санаторый "Сосны", дзе штогод на льготных умовах можа адпачыць кожны завадчанін з сям'ёй, нядаўна быў капітальна адрамантаваны. Адбылася перапланіроўка пакояў, зроблены рамонт камунікацый, усталяваны шклопакеты, адрамантаваны санвузлы, заменены дах... Таксама капрамонт адбыўся ў медыцынскім корпусе, басейне і іншых пабудовах. Зараз памяшканні, звязаныя паміж сабой, нагадваюць вялізны казачны дом пасярод бору — з добраўпарадкаванай тэрыторыяй навокал.

136 месцаў, на якія разлічаны санаторый, ніколі не бываюць пустымі. Дарэчы, тут ёсць нумары двухмесныя, аднамесныя, люкс і паўлюкс. У двары — універсальнае спартыўнае поле са штучным пакрыццём. Яшчэ адна прасторная спартыўная зала — у самім будынку. Зручная лесвіца вядзе да ракі, добраўпарадкаванага пляжа з раздзявальнямі, стрэшкамі і лаўкамі, прыстасаванымі для спакойнага адпачынку.

Усе карпусы аб'яднаны паміж сабой і для праходжання працэдур не трэба выходзіць на вуліцу — у халодны час такая зручнасць становіцца асабліва актуальнай. Басейн цёплы, з дадатковымі воднымі фізіяпрацэдурамі. Начальнік санаторыя "Сосны" Вадзім Марціновіч гаворыць, што на 70% установа запоўнена супрацоўнікамі завода або членамі іх сем'яў, якія карыстаюцца магчымасцю адпачыць і паправіць здароўе на льготных умовах. Яшчэ каля 10-15% адпачывальнікаў — заводскія пенсіянеры. Усё, што застаецца свабодным, выкупляюць іншыя арганізацыі або прыватныя асобы. Калі меркаваць толькі па нумарах на машынах, якія знаходзяцца на аўтастаянцы побач — санаторый нафтаперапрацоўшчыкаў добра ведаюць жыхары Расіі.

Санаторый прызначаны для лячэння захворванняў страўнікава-кішачнага тракта, апорна-рухальнага апарату, сардэчна-сасудзістай і дыхальнай сістэм, гінекалагічных.

Увогуле ж у трохпавярховым медыцынскім корпусе вядуць прыём усе неабходныя пацыентам урачы: тэрапеўт, неўролаг, фізіятэрапеўт, ёсць стаматалагічны кабінет з самым сучасным абсталяваннем — устаноўкай "СІРОНА".

Магчымасці медыцынскіх і фізіятэрапеўтычных працэдур прадстаўлены вельмі шырокім спектрам. У санаторыі ўжываюцца наступныя метады лячэння: гразелячэнне прывазной граззю возера Сакі (Крым, Украіна), нафталаналячэнне, азакерыталячэнне, водалячэнне (ванны, падводны душ-масаж, душ Шарко, цыркулярны душ), масаж ручны і апаратны, міні-саўна "кедравая бочка", магнітатэрапія, інгаляцыя лекавымі прэпаратамі, фізіятэрапія, лячэбная фізкультура, механатэрапія, лазня і саўна, плавальны басейн, электрасвятлолячэнне, лазератэрапія, крыатэрапія, транскраніяльная электрастымуляцыя галаўнога мозгу, мультырэзанансная тэрапія токамі (КВЧ-тэрапія), сухія вуглякіслыя ванны ("Рэабокс"), фітатэрапія, трэнажорная зала...

У санаторыі ажыццяўляецца здабыча і ўжыванне мінеральнай вады двух відаў. Вада падаецца ў бювет.

Свідравіна №1 глыбінёй 600 м выводзіць на паверхню хларыдна-натрыевыя мінералізаваныя воды са слабашчолачнай рэакцыяй, якія выкарыстоўваюцца для вонкавага ўжывання пры захворваннях сардэчна-сасудзістай сістэмы, апорна-рухальнага апарату, гінекалагічных захворваннях і скурных захворваннях.

Свідравіна №2 глыбінёй 405 м змяшчае гідракарбанатна-хларыдна-натрыевыя воды з мінералізацыяй з павышанай колькасцю гумінавых кіслот і слабашчолачнай рэакцыяй. Яны ўжываюцца для лячэння хранічных гастрытаў, язвавай хваробы страўніка і дванаццаціперснай кішкі, хранічных калітаў, панкрэатытаў, захворванняў печані, мочавыдзяляльнай сістэмы, хвароб абмену рэчываў. Вада з гэтай свідравіны мае незвычайны карычневаты колер (яго даюць менавіта гумінавыя кіслоты, якія з'яўляюцца прыродным антыаксідантам).

Пяціразовае харчаванне адпачывальнікаў — на падставе сямідзённага заказнога меню арганізавана ў сталовай санаторыя на першым паверсе жылога корпуса. Ёсць таксама бар, бібліятэка, більярд, лыжная база, танцавальна-канцэртная зала, настольны тэніс, дзіцячая пляцоўка з каруселямі.

Адрас санаторыя "Сосны"
ААТ "Мазырскі НПЗ":

227760, Гомельская вобласць, в. Стрэльск.

Тэл.: (8 0236) 37 35 77, 37 34 81.

Тэл./факс (8 0236) 37 35 77.

Праезд аўтобусам з горада Мазыра
ад прыгараднага прыпынку "Школа №11"
да санаторыя "Сосны" ў 8.20, 12.30, 17.40, 20.20.

Усё для людзей працы

Не толькі высакаякасная прадукцыя і бесперапыннае ўдасканаленне вытворчасці з'яўляюцца прадметам гонару Мазырскага НПЗ. Самым каштоўным рэсурсам кіраўніцтва лічыць сваіх супрацоўнікаў і надае вялікую ўвагу падтрымцы іх ведаў і кампетэнтнасці, стварэнню бяспечных умоў працы, забеспячэнню сацыяльнай абароненасці, пра што сведчыць аб'ёмны сацыяльны пакет, які ахоплівае ўсе катэгорыі персаналу і пенсіянераў арганізацыі. Рашэнне сацыяльных пытанняў у арганізацыі адбываецца ў адпаведнасці з Праграмай сацыяльнага развіцця. Яна складаецца з некалькіх базавых частак, якія ахопліваюць усе сферы жыцця працаўнікоў.

Будзьце здаровымі

Асаблівую ўвагу на прадпрыемстве надаюць здароўю сваіх супрацоўнікаў. Штогод на прадпрыемстве праводзіцца прафілактычны медыцынскі агляд завадчан, якія працуюць у шкодных умовах працы. А тыя, хто працуе ў звычайных умовах, праходзяць яго ў адпаведнасці з калектыўным дагаворам раз на тры гады. Медыцынскім абслугоўваннем супрацоўнікі завода карыстаюцца ў медпункце і ў гарадской паліклініцы №1. Працаўнікам, членам іх сем'яў і пенсіянерам прадпрыемства па льготных пуцёўках дае магчымасць аздаравіцца і прайсці лячэнне ў санаторыі "Сосны", які належыць ААТ. Штогод летам завод арганізоўвае аздараўленне каля 1000 дзяцей супрацоўнікаў на ўзбярэжжы Чорнага і Азоўскага мораў. ААТ траціць на гэта каласальныя грошы, але ж і работнікі, і іх дзеці застаюцца вельмі задаволенымі. Пры неабходнасці завод аплачвае складаныя медыцынскія аперацыі ці дарагое лячэнне па заявах людзей. З Беларускім рэспубліканскім унітарным страхавым прадпрыемствам "Белдзяржстрах" другі год запар заключаны дагавор добраахвотнага страхавання медыцынскіх паслуг усіх работнікаў прадпрыемства.

Смачна есці

Харчаванне на прадпрыемстве забяспечваюць 7 сталовых на 575 пасадачных месцаў, у якіх штодзень харчуецца каля 2 тысяч чалавек. На працоўныя месцы, якія звязаны з бесперапынным працэсам вытворчасці, па заяўках працаўнікоў гарачыя абеды дастаўляюцца ў спецыяльных тэрмакантэйнерах. Ва ўсіх падраздзяленнях пакоі прыёму ежы абсталяваны неабходным інвентаром і посудам.

Разам весела спяваць

Вольны час калектыву ААТ "Мазырскі НПЗ" арганізаваны з размахам. Палац культуры, які часам называюць "цэхам добрага настрою", мае асобны будынак з тэатральна-канцэртнай залай на 850 месцаў. За мінулы год яго наведала больш за 96 тысяч чалавек.

Яркія і цікавыя мерапрыемствы займаюць не толькі завадчан, але і ўсіх жыхароў Мазыра. Тут працуюць 17 клубаў па інтарэсах і аматарскіх аб'яднанняў, дзе могуць правесці свой вольны час прадстаўнікі ўсіх узроставых катэгорый, а таксама 25 калектываў мастацкай самадзейнасці, 11 з якіх носяць званне заслужаных, народных або ўзорных. Далёка за межамі Гомельшчыны вядомы калектывы "Сваякі", "Жывіца", балет-студыя "АlехіS", якія прымалі ўдзел у папулярных беларускіх тэлепраграмах, перамагалі ў прафесійных фестывалях, гастралявалі не толькі па Беларусі, але і за яе межамі.

Арганізацыяй вольнага часу работнікаў завода і членаў іх сем'яў займаюцца таксама камітэт фізічнай культуры завода, дзіцячы спартыўна-тэхнічны клуб "Старт" і спецыялізаваная дзіцяча-юнацкая школа алімпійскага рэзерву "Жамчужына Палесся". Вадзім Кілбас адзначае, што пярвічнай прафсаюзнай арганізацыяй "Белхімпрафсаюз" штогод праводзіцца круглагадовая ўнутрызаводская спартакіяда:

— Усе структурныя падраздзяленні абавязкова прымаюць удзел у спаборніцтвах па футболе, валейболе, тэнісе, більярдзе, шахматах, дартсе... Людзі з задавальненнем не толькі разам працуюць, але і адпачываюць.

Молада — не зелена

На працягу апошніх гадоў на заводзе ідзе актыўная змена пакаленняў. Сёння персанал на чвэрць прадстаўлены моладдзю ва ўзросце да 31 года. На плечы Савета маладых працаўнікоў ускладзены стратэгічныя задачы садзейнічаць стварэнню ўмоў для ўсебаковага развіцця моладзі, яе адаптацыі да працоўнага калектыву, далучаць маладых да практычнага вырашэння вытворчых і сацыяльна-эканамічных праблем прадпрыемства, маральнае, патрыятычнае і экалагічнае выхаванне моладзі, падтрымка маладых сем'яў. Савет удзельнічае ў распрацоўцы і ажыццяўленні комплексных праграм прадпрыемства па рабоце з моладдзю, у правядзенні культурнай і спартыўнай работы. Гэта спрыяе фарміраванню здаровага ладу жыцця. Маладыя людзі ўдзельнічаюць у разнастайных экскурсіях, турзлётах, культурна-забаўляльных мерапрыемствах, шэфствуюць над брацкай магілай і арганізоўваюць збор гуманітарнай дапамогі для Мазырскага дзіцячага дома.

Загартоўка кадраў

Толькі што атрымалі дыпломы выпускнікі Мазырскага дзяржаўнага політэхнічнага каледжа, якія на працягу амаль чатырох гадоў вучыліся па спецыяльнасці "перапрацоўка нафты і газу". Усе маладыя спецыялісты, якія атрымалі прафесію "аператар тэхналагічных установак", працаўладкаваны на Мазырскі нафтаперапрацоўчы завод. Прадпрыемства не толькі было ініцыятарам ідэі адкрыцця ў каледжы новай спецыяльнасці, але і стала базавым для праходжання ўсіх практык. На арганізацыю навучальнага працэсу Мазырскаму каледжу былі выдзелены немалыя сродкі. На базе ўстановы адукацыі абсталяваны спецыяльныя кабінеты і лабараторыі, завезены неабходнае навучальнае абсталяванне і матэрыялы для працы ў лабараторыях.

Ветэраны застаюцца ў калектыве

Не абышлі ўвагай у Мазырскім НПЗ і ветэранаў працы. Быць заводскім пенсіянерам тут ганарова і прэстыжна, бо прадпрыемства клапоціцца пра тое, каб, знаходзячыся на заслужаным адпачынку, людзі працягвалі адчуваць сябе членам вялікай заводскай сям'і. Для гэтага, у адпаведнасці з умовамі калектыўнага дагавора, яны маюць магчымасць бясплатна чытацьгазету "Мозырский нефтепереработчик", лячыцца ў санаторыі "Сосны", набываючы пуцёўку з заводскай датацыяй, бясплатна пратэзаваць зубы, атрымліваць штоквартальную матэрыяльную дапамогу і іншае. Для працы з заводскімі пенсіянерамі створаныСавет ветэранаў завода, які сумесна з супрацоўнікамі Палаца культуры займаецца арганізацыяй самых розных мерапрыемстваў.

Чыста там, дзе даглядаюць

Утрыманне тэрыторый і збудаванняў стаіць у адным шэрагу з вырашэннем вытворчых задач, таму госці з розных куткоў свету, якія бываюць у ААТ, заўсёды адзначаюць высокі ўзровень культуры вытворчасці. Уся тэрыторыя падзелена на сектары, замацаваныя за структурнымі падраздзяленнямі завода з мэтай падтрымання парадку і рэгулярнага догляду пасадак. За ўтрыманнем заводскай тэрыторыі вядуць кантроль супрацоўнікі гаспадарчага цэха. У іх структуры ёсць цяплічная гаспадарка, дзе вырошчваецца расада кветак і дэкаратыўных кустоў для высадкі на тэрыторыі прадпрыемства.

Па трамваях звяраюць гадзіннік

Трамвайнае ўпраўленне — гэта яшчэ адно з унікальных падраздзяленняў ААТ "Мазырскі НПЗ". Сёлета яно адзначае 25-гадовы юбілей: у пачатку жніўня 1988 года першы мазырскі трамвай адправіўся па сваім нязменным дагэтуль маршруце: да завода і назад. Даўжыня маршруту складае каля 20 кіламетраў, якія трамвай праходзіць за 40 хвілін. Штодня мазырскія трамваі перавозяць каля 5 тысяч чалавек. Асноўныя пасажыры — супрацоўнікі вялізнага нафтаперапрацоўчага прадпрыемства, якія карыстаюцца гэтым відам транспарту бясплатна. Аднак нямала і работнікаў іншых прадпрыемстваў прамысловай зоны, а таксама дачнікаў. Нават у час пік, калі побач рухаецца паток аўтамабіляў, гэты транспарт ідзе строга па раскладзе. Сёння мазыран абслугоўваюць каля паўсотні трамваяў, пра стан якіх клапоціцца прадпрыемства. Зразумела ж, і трамвайнае палатно, і абсталяванне трамвайных прыпынкаў — у зоне ўвагі прамысловага гіганта.

Выказваем шчырую падзяку за арганізацыйную і інфармацыйную дапамогу ў падрыхтоўцы гэтага матэрыялу начальніку рэдакцыйна-выдавецкага аддзела акцыянернага таварыства "Мазырскі НПЗ" Ліліі Драгель, а таксама калектыву газеты "Мозырский нефтепереработчик".

Матэрыялы падрыхтавалі Ірына АСТАШКЕВІЧ, Віктар ПАЗНЯКОЎ. Фота Яўгена ПЯСЕЦКАГА.

УНП 400091131

Візітоўка прадпрыемства:

Адкрытае акцыянернае таварыства
"Мазырскі нафтаперапрацоўчы завод"

Jоіnt Stосk Соmраnу "MОZYR ОІL RЕFІNЕRY" (JSС "MОZYR ОR")

Таварыства ўваходзіць у склад канцэрна "Белнафтахім".

Год заснавання: 1975-ы, з 1994 года — ААТ "Мазырскі нафтаперапрацоўчы завод".

Колькасць працоўных: 4720 чалавек.

Амаль 10% калектыву — кіраўнікі, 17% — спецыялісты, 4% — служачыя, 69% — рабочыя. Больш за палову ўсіх супрацоўнікаў маюць сярэднюю спецыяльную і вышэйшую адукацыю.

Сярэдні ўзрост супрацоўнікаў — 39 гадоў, моладзі ва ўзросце да
31 года — 25%.

Асноўныя акцыянеры ААТ "Мазырскі НПЗ":

• Дзяржаўны камітэт па маёмасці Рэспублікі Беларусь — 42,76% акцый;

• ААТ НГК "Слаўнафта" — 42,58% акцый;

• ТАА "МНПЗ плюс" — 12,25% акцый;

• Фізічныя асобы — 2,41% акцый.

Асноўныя віды дзейнасці: вытворчасць і пастаўка нафтавага паліва, нафтабітумаў, серы і нафтапрадуктаў для наступнай перапрацоўкі.

г. Мазыр-11, Гомельская вобл., 247760, Рэспубліка Беларусь

Тэл.: +375 (236) 37 33 30,
33 07 77, 37 34 99

Факс: +375 (236) 33 78 43

Е-mаіl: оffісе@mnрz.bу

Wеb: httр://www.mnрz.bу

Mоzуr-11, Gоmеl Rеgіоn, Rерublіс Bеlаrus, 247760

Тэл.: +375 (236) 37 33 30,
33 07 77, 37 34 99

Факс: +375 (236) 33 78 43

Е-mаіl: оffісе@mnрz.bу
Wеb: httр://www.mnрz.bу

І ПАСЛЯДОЎНАЯ ТАКТЫКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».