Вы тут

Бывай, аналагавае тэлебачанне!


Заўтра Асіповічы стануць першым беларускім горадам, у якім рэтрансляцыя тэлеперадач цалкам пяройдзе на лічбавы фармат. Сёлета да яго таксама далучацца Бабруйск, Касцюковічы і Жлобін. Тым жа, хто дагэтуль глядзіць тэлеперадачы па-старому, неўзабаве давядзецца паклапаціцца аб набыцці альбо сучаснага лічбавага апарата, альбо адмысловай прыстаўкі-дэкодара. Спецыялісты раяць падумаць пра гэта загадзя, каб не ствараць пасля ажыятажны попыт. Бо ўжо менш чым праз два гады ўсе аналагавыя тэлевізійныя перадатчыкі ў Беларусі будуць адключаны.

— Аднак новаўвядзенні пакуль закрануць адназначна тых, хто прымае тэлесігнал са звычайнай эфірнай антэны, — падкрэсліў дырэктар Беларускага радыётэлевізійнага перадаючага цэнтра Андрэй Кудырка. — Для кабельных аператараў нейкай падобнай планкі па часе не існуе. Кожны з іх будзе вырашаць пытанне пераходу на "лічбу" самастойна. Тым больш што ў буйных гарадах кшталту тых жа Асіповіч новы фармат ужо карыстаецца папулярнасцю. Па нашых падліках, прыкладна трэць насельніцтва зараз глядзіць перадачы з дапамогай ІР-TV — сістэмы лічбавага інтэрнэт-тэлебачання.

Цяпер жа лічбавы сігнал рэтранслюецца ўжо на 96% тэрыторыі краіны. 66 перадатчыкаў дазваляюць прымаць у добрай якасці, незалежна ад атмасферных перашкод і асаблівасцяў рэльефу мясцовасці, восем тэлевізійных каналаў. Гэта "Беларусь-1", "Беларусь-2", "Беларусь-3", АНТ, "НТБ-Беларусь", СТБ, "РТР-Беларусь" і "Мір". Аднак перш чым пачаць іх глядзець, трэба набыць неабходнае абсталяванне. Па словах начальніка Упраўлення арганізацыі гандлю і паслуг Міністэрства гандлю краіны Віялеты Бразоўскай, яго дэфіцыту ў крамах не назіраецца. Прыстаўка зараз каштуе ад 340 да 650 тысяч рублёў, тэлевізар з лічбавым цюнерам пацягне ўжо на 2-12 мільёнаў. Лічбавую эфірную антэну можна набыць за 200-300 тысяч.

Але не кожны чалавек зможа за раз выкласці з кішэні суму ў паўмільёна рублёў за дэкодар. Неабароненым людзям кшталту малазабяспечаных ці адзінокіх пенсіянераў пакупка рызыкуе ўляцець у добрую капеечку. Таму раённыя выканаўчыя камітэты распрацоўваюць праграмы іх падтрымкі. Вынікам гэтага стане істотная зніжка на тую ж прыстаўку.

Ад аналагавага тэлебачання на карысць лічбавага адмаўляюцца ўсё больш еўрапейскіх краін. Літаральна тыдзень таму да іх ліку далучылася Польшча. У Беларусі ж апошнім днём звычайнага тэлевяшчання стане 16 чэрвеня 2015 года.

Валяр'ян ШКЛЕННІК.

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Грамадства

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Існуюць строгія патрабаванні да месцаў для купання.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.