Вы тут

Уладзімір АНДРЭЙЧАНКА: "Палата прадстаўнікоў сканцэнтравана на заканадаўчым вырашэнні канкрэтных, запатрабаваных жыццём задач"


— Уладзімір Паўлавіч, у любой справе асабліва важны пачатак і перш за ўсё — псіхалагічна, каб умацоўвалася ўпэўненасць у сваіх сілах і не згасала жаданне смела імкнуцца, дамагацца большага. На ваш погляд, ці сталі такім натхняльным пачаткам для Палаты прадстаўнікоў цяперашняга склікання дзве мінулыя сесіі?

— Натхняльным? Несумненна, інакш бы вынікі нашай работы былі б іншымі. І не толькі статыстычна — прыняты 64 законапраекты ў другім чытанні, у тым ліку 29 аб ратыфікацыі міжнародных дагавораў і пагадненняў, і 51 — у першым, але і па змястоўнай значнасці сфарміраванай заканадаўчай базы.

1375361476281_1-28

— У чым гэтая значнасць праяўляецца?

— Яна праяўляецца ў тэматычным дыяпазоне нарматыўна-прававых актаў, іх актуальнасці, адпаведнасці прыярытэтам развіцця краіны і задачам, вызначаным кіраўніком дзяржавы ў штогадовых пасланнях беларускаму народу і парламенту. Заканадаўства абнаўляецца ў цеснай увязцы з работай, якая праводзіцца ў краіне па мадэрнізацыі эканомікі, умацаванні нацыянальнай бяспекі, развіцці сацыяльнай сферы, міжнароднага супрацоўніцтва, прыняцці дзяржавай дадатковых гарантый сацыяльнай абароны тых катэгорый грамадзян, якія маюць у ёй асаблівую патрэбу. Гэтыя пытанні праходзяць скразной лініяй праз усё рэгуляторнае поле, створанае намі на дзвюх сесіях.

— Якія заканадаўчыя рашэнні прынцыпова важныя, ключавыя?

— Такія рашэнні ёсць у кожным тэматычным блоку, самы буйны з якіх — па пытаннях эканомікі. Я выдзеліў бы тут найперш стымуляванне дзелавой актыўнасці, прытоку інвестыцый, далейшае паляпшэнне ўмоў для гаспадарчай дзейнасці, у тым ліку ў аграпрамысловым комплексе. Прадметна і мэтанакіравана мы займаемся таксама развіццём сацыяльнага заканадаўства. У цэнтры ўвагі дэпутатаў знаходзяцца пытанні дзяржаўнай дапамогі сем'ям, якія выхоўваюць дзяцей, працоўных і жыллёвых адносін, аховы працы, адукацыі, аховы здароўя, культуры, фізічнай культуры і спорту. Як вядома, дзяржавай значна павялічаны памеры дапамогі па цяжарнасці, родах і доглядзе дзіцяці ва ўзросце да трох гадоў. Гэта пазітыўна ўплывае на паляпшэнне ў нашай краіне дэмаграфічнай сітуацыі.

Прынясуць грамадству карысць і прынятыя парламентам рашэнні па ўмацаванні нацыянальнай бяспекі, удасканаленні судавытворчасці, ад чаго залежыць упэўненасць людзей у абароненасці сваіх правоў і ўвогуле стан правапарадку. Запатрабаваныя жыццём змяненні ўнесены ў нарматыўна-прававую базу экалогіі і прыродакарыстання. Пашырылася заканадаўства міжнароднага супрацоўніцтва нашай краіны. Адзначу ратыфікацыю шэрагу новых інтэграцыйных пагадненяў у рамках Еўразійскай эканамічнай супольнасці і СНД.

— Са сказанага вамі вынікае, што дэпутаты сур'ёзна заглыбіліся ў заканатворчую работу.

— Да любой работы, якой займаешся, трэба ставіцца сур'ёзна, з усёй адказнасцю. А ў заканатворчасці гэта, я сказаў бы, умова з умоў.

— Умова чаго?

— Высокай якасці законаў, іх адэкватнасці патрабаванням часу.

— Але ж час даволі імклівы, а ў перыяд глабальных эканамічных трансфармацый — асабліва. Ці лёгка трымаць руку "на пульсе"?

— Ва ўсякім разе гэта не ў цяжар, калі ёсць прафесіяналізм, разуменне задач краіны і чуйнасць да сусветных тэндэнцый. Плюс абавязковае ўзаемаразуменне па прынцыпова важных пытаннях з партнёрамі па заканатворчым працэсе. Законы ж ствараюцца калектыўна.

— І, заўважу, нярэдка даволі працягла, як тыя ж, напрыклад, знакавыя для другой парламенцкай сесіі законы аб інвестыцыях, канцэсіях, бухгалтарскім уліку і справаздачнасці і іншыя, пра змест якіх ужо расказвалася ў друку, у тым ліку і на старонках "Звязды". Як вы лічыце, яны адпавядаюць брэнду законаў новага пакалення?

— У адваротным выпадку яны не былі б прыняты. За ўсімі законамі, асабліва базавымі, сістэмнымі, — стратэгічныя мэты дзяржавы: павышэнне якасці жыцця, дабрабыту людзей на аснове ўстойлівага эканамічнага росту. Удасканальваючы прававы механізм, мы ўлічваем і ацэньваем комплекс розных фактараў, у тым ліку абгрунтаванасць новаўвядзенняў і перспектывы правапрымяняльнай практыкі. Хаця дапрацоўка праектаў названых і некаторых іншых законаў ішла няпроста, іх прыняцце ў выніку вялікай работы, праведзенай дэпутатамі і экспертамі, стала ўзважаным і запатрабаваным крокам па шляху абнаўлення заканадаўства. Несумненна, прававыя навацыі адэкватныя задачам новага этапу развіцця краіны.

— Аднак жа трэнд дынамікі эканамічнага росту не настолькі станоўчы, як бы хацелася.

— Пакуль што так, але не адна Беларусь сутыкнулася з эканамічнымі цяжкасцямі. Гэта дытычыцца як СНД, так і большасці краін Еўрасаюза і свету. Ды і ў вядучых эканоміках праблем хапае. Наш урад, як вядома, прадпрымае меры па паскарэнні эканамічнага росту, сярод якіх і ўдасканаленне прававой базы. Новыя заканадаўчыя рашэнні эканамічнага блока, у тым ліку стымулюючае прыцягненне інвестыцый, мы разглядаем як паслядоўныя, сістэмныя дзеянні па павышэнні эфектыўнасці рэальнага сектара эканомікі. Менавіта ў гэтым каштоўнасць новых законаў. Хачу падкрэсліць: тое, што падчас разгару сусветнага эканамічнага крызісу нашай эканомікай прадэманстравана ўстойлівасць да сур'ёзных выпрабаванняў, пацвярджае трываласць закладзенага ў мінулыя гады нарматыўна-прававога падмурка. Цяпер мы ўмацоўваем заканадаўчую базу з улікам правапрымяняльнай практыкі і надзённых задач.

— Уладзімір Паўлавіч, як вы ацэньваеце палітычны рэсурс цяперашняга дэпутацкага складу Палаты прадстаўнікоў?

— Ён залежыць у першую чаргу ад прадуктыўнасці заканадаўчай работы, таму яе інструментарый завостраны на дасягненне канкрэтных якасных вынікаў. Маю на ўвазе прадметны падыход да максімальна магчымай канкрэтызацыі законапраектаў, скарачэння нормаў непрамога дзеяння, пашырэнне "нулявога чытання" і грамадскага абмеркавання паступіўшых у Палату прадстаўнікоў нарматыўна-прававых актаў, маніторынг заканадаўства, радыётрансляцыі з сумесных пасяджэнняў Палаты прадстаўнікоў і Савета Рэспублікі, на якіх члены ўрада адказваюць на пытанні парламентарыяў. На такіх пасяджэннях заслухоўваюцца даклады намеснікаў прэм'ер-міністра, абмяркоўваюцца самыя важныя праблемы эканамічнага і сацыяльнага развіцця краіны і шляхі іх вырашэння. Варта сказаць і пра рэгулярнае правядзенне выязных пасяджэнняў пастаянных камісій, што дапамагае акцэнтаваць наспелыя пытанні і выпрацоўваць агульную пазіцыю па карэкціроўцы нарматыўна-прававой базы.

— Заканатворчы рух ідзе па розных лініях?

— Па розных, але ў адным рэчышчы. І прыносіць плён.

— Час летніх адпачынкаў для гэтай работы, напэўна, не вельмі спрыяльны?

— Ён не з'яўляецца перашкодай, калі ёсць жаданне і ўменне прафесіянальна і творча працаваць над законамі. Пасля завяршэння вясновай сесіі Палаты прадстаўнікоў заканатворчая работа не спынілася. Яе эпіцэнтр перамясціўся з Авальнай залы ў пастаянныя камісіі і рабочыя групы па падрыхтоўцы законапраектаў. На так званых "летніх канікулах" толькі адпускнікі. Ідзе звычайны нарматворчы працэс. Рыхтуюцца законапраекты да трэцяй сесіі, а іх у камісіях дапрацоўваецца ўжо больш за пяцьдзясят. Акрамя гэтага, праводзяцца міжнародныя сустрэчы. Дэпутаты ўдзельнічаюць і ў міжпарламенцкіх мерапрыемствах. Мы па-ранейшаму выязджаем у свае выбарчыя акругі, праводзім прыёмы выбаршчыкаў, наведваем прамысловыя і аграрныя прадпрыемствы, палеткі, гутарым з камбайнерамі і механізатарамі, спецыялістамі сельскай гаспадаркі, цікавімся ходам палявых работ. Працуем у звычайным рытме.

— Што вы адзначыце сярод законапраектаў, якія стануць ядром праграмы асенняй сесіі?

— Цэнтральным сесійным пытаннем будзе праект закона аб рэспубліканскім бюджэце на 2014 год. Дэпутатам таксама прадстаіць завяршыць работу над буйным пакетам законапраектаў другога чытання, сярод якіх такія тэмы, як развіццё канкурэнцыі, энергазберажэнне, працоўныя адносіны, паштовая сувязь, гандаль і грамадскае харчаванне, прафілактыка правапарушэнняў, мытнае рэгуляванне. Шэраг нарматыўна-прававых дакументаў мы абмяркуем у першым чытанні. Яны рэгламентуюць пытанні эканамічнай неплацежаздольнасці, цэнаўтварэння, аховы здароўя, шлюбу і сям'і і іншыя. Новыя законапраекты працягваюць паступаць, так што парадак дня сесіі сфарміруецца насычаны.

— Бюджэтныя параметры, як вядома, пакуль яшчэ распрацоўваюцца і ўзгадняюцца ва ўрадзе. Якім у цэлым чакаецца рэспубліканскі бюджэт?

— Нармальная жыццядзейнасць краіны ў 2014 годзе будзе забяспечана. Гэта — галоўнае.

Аляксандр ФІЛІМОНАЎ.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Дыета ад хандры. Што жаваць, каб не перажываць

Дыета ад хандры. Што жаваць, каб не перажываць

«Сумныя» прадукты — прэч з халадзільніка!

Грамадства

«Сталінскі праспект мы называлі брадвеем». Як і чым жылі беларускія стылягі

«Сталінскі праспект мы называлі брадвеем». Як і чым жылі беларускія стылягі

Пасля смерці Сталіна «жалезная заслона», якая аддзяляла Савецкі Саюз ад навакольнага свету, прыадчынілася.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

АВЕН. Неабходна будзе сканцэнтраваць намаганні на рабоце.

Грамадства

Прынцып Інэсы Караткевіч: цаніць кожную хвіліну

Прынцып Інэсы Караткевіч: цаніць кожную хвіліну

«Ні разу не пашкадавала, што прыйшла працаваць у такую ўнікальную структуру, як спажыўкааперацыя»