Вы тут

Ужо трэцяе пакаленне сталее на яго вачах


Іван Міхайлавіч Скрыпцоў узначальвае Баркалабаўскі сельсавет, што ў Быхаўскім раёне, з 2007 года. Старшыня ведае тут усіх, любіць свае мясціны і лічыць, што прызначэнне мясцовай улады — працаваць з людзьмі.

Жыццё ў Баркалабаве

Іван Міхайлавіч — чалавек спакойны і разважлівы. Ён не мае жадання да перамены месцаў работы. У яго працоўнай кніжцы ўсяго некалькі запісаў. Пасля заканчэння сельскагаспадарчай акадэміі ён атрымаў размеркаванне ў Быхаўскі раён: працаваў у адной з гаспадарак галоўным інжынерам, а потым паехаў у Баркалабава і ўзначаліў мясцовы калгас імя Карла Лібкнехта.

— Наколькі я ведаю, менавіта ў Баркалабаве быў створаны першы на Быхаўшчыне сельсавет і ўзнікла першая камуна, — расказвае Іван Міхайлавіч. — Прычым па дэкрэце Леніна тут атрымалі першы трактар, і я яшчэ, калі прыехаў працаваць сюды, заспеў жывым таго дзеда, які быў на ім першым трактарыстам!

Сам Скрыпцоў — ураджэнец Дрыбінскага раёна.

— У маёй роднай вёсцы Вярба, калі я з'язджаў у "вялікае жыццё", было больш за 70 двароў, — расказвае ён. — А цяпер засталіся "жывымі" толькі некалькі хат.

Такі лёс наўрад ці напаткае аграгарадок Баркалабава і яго наваколле. Людзей прываблівае старажытная гісторыя гэтых мясцін, маляўнічая прырода, сучасная інфраструктура, а таксама і невялікая адлегласць ад абласнога цэнтра. Трыццаць кіламетраў для аўтааматара — зусім не адлегласць, і таму невыпадкова, што сельсавет масава акупавалі дачнікі — тут "нарэзалі" 900 участкаў пад лецішчы.

1375361494659_1

— Баркалабава — гэта сапраўды добрае месца для жыцця, — пацвярджае Скрыпцоў. — Ёсць чыгунка і аўтамабільныя дарогі, водаправод. Нядаўна правялі прыродны газ. Калі я працаваў старшынёй калгаса, мы шмат рабілі для таго, каб палепшыць умовы жыцця людзей. Цяпер, калі я працую ў сельсавеце, амаль няма скаргаў па праблемах вады, дарог, іншых выгод.

Шукаць кансэнсус

На тэрыторыі Баркалабаўскага сельсавета 9 вёсак і адна чыгуначная станцыя. Колькасць насельніцтва — каля 900 чалавек.

— Я тут жыву даўно і абсалютна ўсіх жыхароў ведаю, — гаворыць старшыня. — Ужо трэцяе тутэйшае пакаленне сталее на маіх вачах. Але я не з тых, хто лічыць, што ў наш час кіпень быў больш смачны, і не скарджуся на моладзь. Мне, наадварот, падаецца, што цяперашнія маладыя людзі лепшыя — больш разумныя за нас, не такія наіўныя.

Іван Міхайлавіч гаворыць, што праца старшыні сельсавета ў асноўным складаецца са стасункаў з людзьмі, таму яна цікавая, але цяжкая і вельмі адказная.

— На мой погляд, самае галоўнае — паставіць сябе на месца чалавека, які прыйшоў са сваёй праблемай, — дзеліцца вопытам Скрыпцоў. — Табе не проста выпадае добразычліва з ім гутарыць, але менавіта паглядзець на сітуацыю з яго пазіцыі. У такім разе можна пазбегнуць вялікіх памылак.

Да такога стаўлення яго прывучыла калгасная праца. Іван Міхайлавіч узгадвае, што ў 1970-я гады, калі ён стаў кіраваць сельскай гаспадаркай, становішча яе было не самым лепшым.

— Калгас быў абавязаны ўсім арганізацыям, і цяжка было, пакуль не прыдумалі харчовую праграму, — працягвае ён. — Так што трэба было працаваць і выжываць: і людзям заробак плаціць, і з крэдыторамі не пасварыцца. Як казаў Гарбачоў, знаходзіць кансэнсус, шукаць згоду паміж уласным гонарам і патрэбамі людзей. З тых часоў і звычка засталася: не толькі зразумець чалавека, а паставіць сябе на яго месца.

Духоўнае і надзённае

Адна з адвечных славутасцяў гэтых мясцін — велічная рака Днепр, неверагодна прыгожыя краявіды. Цяпер тут проста паломніцтва рыбакоў, асабліва ў выхадныя дні. На ўлоў ніхто не скардзіцца: калі ні зірнеш на людзей з вудамі — нехта цягне шчупака.

На беразе Дняпра, дзе рэчка робіць паварот, размясціўся Свята-Узнясенскі жаночы манастыр, адроджаны на вельмі старажытным месцы. Знакамітыя Баркалабаўскія хронікі былі напісаны якраз тут, шмат стагоддзяў таму. У савецкі час манастыр закрылі і ўрэшце зруйнавалі, а цяпер манашкі адбудоўваюць манастыр нанова.

— Мы ставімся да гэтай справы з разуменнем: наша супрацоўніцтва — з карысцю для абодвух бакоў, — падкрэслівае старшыня сельсавета. — У кожнага з нас, безумоўна, свае задачы, але і яны часам супадаюць. У нас ёсць людзі неўладкаваныя, праблемныя. Ім часам у манастыры даюць разавую працу, каб зарабіць на кавалак хлеба. І пры гэтым яшчэ блаславяць ды накажуць, каб віна не піў. І гэта, як ні дзіўна, мае добры ўплыў. Яны слухаюць!

Сельсавет таксама дапамагае манастыру — з тэхнікай для добраўпарадкавання, з арганізацыяй суботнікаў, прыбіраннем тэрыторыі. У манастыр прыязджаюць паломнікі да знакамітага на ўсю Беларусь абраза Баркалабаўскай Божай Маці. А многія, з практычным падыходам, сумяшчаюць наведанне храмаў з наступным адпачынкам у аграэкасядзібах Быхаўскага раёна.

Яблычны сезон

У Баркалабаўскім сельсавеце працуюць старшыня і кіраўнік справамі Надзея Мікалаеўна Данілкіна.

— Нам вельмі дапамагла камп'ютарызацыя, — тлумачыць Іван Міхайлавіч. — Раней кожную паперу трэба было прачытаць ды напісаць, а цяпер "клік-клік" — і ёсць даведка. Так што мы новым сучасным павевам радуемся.

Якімі ж клопатамі цяпер заняты Баркалабаўскі сельсавет? Сезонная навіна: у акрузе прыватныя гаспадары маюць добры ўраджай яблыкаў, і людзі пайшлі ў сельсавет па даведкі, каб здаць вырашчаныя і сабраныя плады на Быхаўскі кансервава-агароднінасушыльны завод.

— Увогуле з рознымі праблемамі даводзіцца разбірацца штодня, — усміхаецца Іван Міхайлавіч. — Сёння паскардзіліся на суседскіх курэй, якія нешта склявалі на агародзе. Тут усё проста, ды і ў сялян канфлікты такога кшталту здараюцца зрэдку. Затое гарадскія (я маю на ўвазе — дачнікаў) часта маюць прэтэнзіі адзін да аднаго. То пчолы замінаюць, то агароджа няправільная, то нехта гучна музыку слухае. Даводзіцца мірыць.

1375361495557_2

Старшыня савета па-філасофску дадае, што "праблемы былі да нас, пры нас і пасля нас таксама будуць". На яго думку, план дзеянняў тут просты: трэба ў межах духоўных і фізічных сіл дапамагаць людзям.

З уладай надзейна

Добра, калі праблемы людзей ёсць каму вырашаць, калі ёсць да каго звярнуцца, лічаць у Баркалабаве.

— Сельсаветы абавязкова патрэбны, тут і меркаваць няма чаго, — не мае сумненняў Скрыпцоў. — Чалавеку трэба куды-небудзь прытуліцца. Павінен існаваць орган улады на месцы. Можа, працу сельсаветаў трэба ўпарадкаваць: стварыць кодэкс, чым канкрэтны мы павінны займацца. І мне падаецца, што тут самае галоўнае — гэта праца з насельніцтвам, з іх клопатамі і патрэбамі, у тым ліку і з дакументамі. Калі мы не зможам вырашыць, то параду дадзім чалавеку — што рабіць і куды звяртацца. Многім людзям і такая дапамога патрэбна.

Іван Міхайлавіч узгадвае, як у "Паднятай цаліне" Шолахава хадзіў дзед з пячаткай. Можа, вобраз для сучаснасці і ўтрыраваны, адразу заўважае ён, але старшыня сельсавета ўпэўнены, што людзі адчуваюць сябе больш надзейна, калі побач ёсць прадстаўнік улады. Такое меркаванне, гаворыць ён, вяскоўца падтрымліваюць.

— Мае пажаданні людзям, каб яны не хварэлі і былі здаровымі, — кажа Іван Скрыпцоў. — Каб была стабільнасць у сям'і і грамадстве. І каб паміж людзьмі было паразуменне.

Ілона Іванова.

Фота Анатоля Клешчука.

Быхаўскі раён.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».