Вы тут

"Беларусь за перыяд суверэнітэту навучылася спраўляцца з пагрозамі сваёй незалежнасці"


Дарагія сябры!

3 ліпеня — наша галоўнае дзяржаўнае свята — Дзень Незалежнасці.

Дзень, закліканы аб'яднаць усю нацыю. Дзень нашай славы і гонару. Дзень памяці аб мінулым, гонару за цяперашняе і надзеі на будучыню.

Для ўсіх нас гэты дзень стаў двайным сімвалам. Сімвалам маладосці Беларусі — дзяржавы, якой ад роду ўсяго два дзесяцігоддзі. І адначасова сімвалам тысячагадовай гісторыі беларускага народа, які шмат стагоддзяў захоўваў і зберагаў сваю зямлю.

Мы адзначаем галоўнае дзяржаўнае свята ў дзень, калі чорны нацысцкі сцяг быў скінуты на зямлю нашай сталіцы — горада-героя Мінска, прапітаную крывёю.

На працягу стагоддзяў наш народ хацеў аднаго — свабодна жыць і мірна працаваць. Але гісторыя, на жаль, распарадзілася па-іншаму. З стагоддзя ў стагоддзе мы са зброяй у руках "баранілі родны парог".

1375447131133_1

У гэтых словах сімвалічна праяўляецца святы сэнс беларускай гісторыі. Ніколі беларусы не прыходзілі з мячом на чужую зямлю. Але кожны, хто прыходзіў са зброяй да нас, назаўжды ў нашай зямлі і заставаўся.

Праз войны і рэвалюцыі, праз разруху і спаленыя хаты, праз голад і холад, праз кроў, пот і слёзы многіх пакаленняў мы ішлі да незалежнасці.

У канцы мінулага стагоддзя нам з вамі выпала ўнікальная магчымасць — удзельнічаць у будаўніцтве першай беларускай дзяржавы, уладкоўваць жыццё ў ёй, абараняць яе незалежнасць і суверэнітэт. За плячыма ў нас не было ніякага вопыту, і ніхто не мог даць нам падказкі. Ды і часу на роздум, як вы памятаеце, гісторыя не пакідала — трэба было не проста будаваць дзяржаву, а вырашаць штодзённыя праблемы элементарнага выжывання.

Мы выстаялі. Мы не толькі пабудавалі дзяржаву, але ў першыя два дзесяцігоддзі жыцця суверэннай Беларусі навучыліся спраўляцца з традыцыйнымі пагрозамі нашай незалежнасці.

Перш за ўсё мы забяспечылі адзінства нацыі, унутраны мір і спакой. Менавіта аб наша адзінства разбіваюцца ўсе знешнія спробы распаліць пажар бунту або разбуральнай рэвалюцыі ў Беларусі. І менавіта адзінства нацыі складае падмурак нашага эканамічнага развіцця.

Сумесна з нашымі найбліжэйшымі саюзнікамі — перш за ўсё з брацкай Расіяй — мы забяспечваем знешнюю бяспеку нашай краіны і ахову заходніх межаў Саюзнай дзяржавы. Думаю, сёння нікому не прыйдзе ў галаву пагражаць Беларусі вайной.

Стварыўшы ўласную сацыяльна-эканамічную мадэль, мы забяспечылі і нашу эканамічную бяспеку — Беларусь корміць сябе і пастаўляе прадукты іншым, наша прамысловая прадукцыя, нягледзячы на жорсткую канкурэнцыю, прабіваецца на знешнія рынкі. Краіна годна жыве, зарабляючы на жыццё, колькі можа, сваім розумам і працай, а не распродажам народнага багацця або надзіманнем фінансавых бурбалак.

Але сёння мы падышлі да новага, пераломнага этапу нашай гісторыі. Сёння мы павінны навучыцца спраўляцца з новымі пагрозамі нашай незалежнасці і абараніць наш суверэнітэт у новым свеце, які імкліва змяняецца.
Умоўна гэтыя пагрозы мы можам падзяліць на дзве часткі: аб'ектыўныя, якія ад нас не залежаць, і суб'ектыўныя — засяроджаныя ў нас саміх. З аднаго боку, тыя, якія перадвызначаныя знешнім светам, нашай гісторыяй і геаграфіяй, а з іншага боку, тыя, якія закладзены ў нас саміх, у нашых уласных недахопах.

Для любой нацыі, як, зрэшты, і для любога асобнага чалавека, заўсёды важна правільна разумець суадносіны гэтых рэчаў. Ніколі нельга хавацца за так званымі аб'ектыўнымі прычынамі, маскіруючы тым самым уласныя памылкі, коснасць і ляноту. Але адначасова важна разумець і межы ўласных магчымасцяў, каб не будаваць паветраныя замкі і не захапляцца пустым пражэктарствам.

Частка аб'ектыўных пагроз нашай незалежнасці ляжыць на паверхні.

Па-першае, гэта дэфіцыт прыродных рэсурсаў і энерганосьбітаў.

Па-другое, канкурэнцыя на знешніх рынках, якая пастаянна ўзмацняецца.

Па-трэцяе, аб'ектыўная залежнасць Беларусі ад агульнага стану сусветнай эканомікі, якая так і не выбралася з зацяжнога крызісу.

Наша краіна паступова вучыцца спраўляцца з гэтымі пагрозамі. Але мы робім гэта занадта павольна, не паспяваючы за знешняй сітуацыяй, якая імкліва змяняецца.

Ключавым рашэннем тут павінна стаць паскораная дыверсіфікацыя нашай энергетыкі, гандлю і эканомікі ў цэлым. Трэба адыходзіць ад залежнасці ад аднаго віду энергіі, аднаго віду рынку і аднаго пастаўшчыка.

У энергетыцы мы нездарма зрабілі стаўку на будаўніцтва атамнай станцыі. Гэты праект — падмурак нашай энергабяспекі. Але разам з ім ужо сёння мы павінны актыўна займацца так званай альтэрнатыўнай энергетыкай, якая выкарыстоўвае тэрмальныя воды, сілу ветру, невычэрпныя запасы сонечнага цяпла. Навуковы прагрэс імклівы. Цалкам верагодна, што менавіта ў гэтых сферах чалавецтва ў бліжэйшае дзесяцігоддзе ажыццявіць гіганцкі прарыў. І Беларусь не павінна застацца ў баку ад гэтага працэсу.

Гэтак жа сама неабходна дзейнічаць і ў засваенні новых рынкаў. Нашы кантакты з краінамі Азіі, Афрыкі, Лацінскай Амерыкі, якія яшчэ ўчора здаваліся экзатычнымі, сёння рэальна ўмацоўваюць наш суверэнітэт.

Узмацненне жорсткасці канкурэнцыі на традыцыйных рынках — гэта відавочны выклік нам. І мы павінны даць на яго двайны адказ — адстаяць нашы старыя традыцыйныя рынкі і разам з тым любымі спосабамі прарывацца на новыя.

Трэба разумець — сусветны рынак вельмі капрызны. Цяжка прадказаць паводзіны спажыўцоў, на якія адначасова хаатычна ўздзейнічаюць сотні фактараў. У гэтых умовах трэба рабіць стаўку на вытворчасць прадукцыі, якая ў найменшай ступені схільная ўплыву зменлівай кан'юнктуры. Калісьці нас крытыкавалі за стаўку на сельскую гаспадарку — маўляў, гэта прорва, якая паглыне любыя ўкладанні; лепш, маўляў, закупіць усе прадукты за мяжой.

Сёння мы бачым, што сельская гаспадарка не проста становіцца адной з асноў нашага экспарту. Развітая сельская гаспадарка — гэта краевугольны камень нашай незалежнасці. Мы забяспечваем уласную харчовую бяспеку. І адначасова вырабляем такі экспартны прадукт, які будзе заўсёды запатрабаваны чалавецтвам. Таму што попыт на аўтамабілі або тэлевізары можа то ўзрастаць, то падаць, і без іх у цяжкія часы абыходзіліся, а ежа патрэбная чалавеку кожны дзень. І таму попыт на якасныя прадукты харчавання, як на адзенне і жыллё, будзе вечным.

Паважаныя таварышы!

Усё тое, пра што толькі што гаварылася — і ўзмацненне жорсткасці канкурэнцыі, і сусветная фінансавая ліхаманка, і абвастрэнне барацьбы за рэсурсы, — з'яўляецца працягам важнага сусветнага працэсу, імя якому — глабалізацыя, каласальнага працэсу планетарнага маштабу.

Сам па сабе гэты працэс да канца пакуль не асэнсаваны нікім. Чалавецтва яшчэ толькі пачынае пазнаваць і салодкія, і горкія плады глабалізацыі. Яно толькі пачынае асвойвацца ў новым для сябе свеце, дзе імкліва мяняюцца такія паняцці, як незалежнасць краіны і суверэнітэт. Паняцці, сэнс і змест якіх заставаліся нязменнымі на працягу стагоддзяў.

Глабалізацыя няўмольна далучае краіны і народы ў сусветны вір інфармацыі, тавараў і тэхналогій, ідэй і рэсурсаў. Бурацца гандлёвыя бар'еры, знікаюць візавыя перашкоды, сціраюцца культурныя адрозненні. Перамясціцца на край свету можна менш чым за суткі, а абмяняцца інфармацыяй з чалавекам, які знаходзіцца там, мы можам за лічаныя секунды. Глабалізацыя выводзіць працэс абмену ведамі і ідэямі на беспрэцэдэнтны ўзровень. Гэта, у сваю чаргу, падганяе навукова-тэхнічны прагрэс. Глабалізацыя рэзка ўзмацняе канкурэнцыю, з'яўляючыся магутным рухавіком сусветнага эканамічнага развіцця. Глабалізацыя дае новыя тавары і паслугі сотням мільёнаў новых спажыўцоў, павышаючы якасць жыцця чалавецтва.

Разам з тым яна нясе ў сабе шэраг схаваных пагроз, частку з якіх мы нават не ўсведамляем.

Бясконца ўскладняючыся, свет становіцца ўсё больш уразлівым. Атака тэрарыстаў у адным, толькі ў адным горадзе можа паставіць пад пагрозу бяспеку цэлага рэгіёну. Адна дэманстрацыя здольная падпаліць агонь грамадзянскай вайны ва ўсёй краіне, а потым перакінуцца на суседзяў. Спекуляцыі некалькіх ананімных біржавых трэйдараў здольныя абваліць эканоміку многіх дзяржаў. Нават развітых дзяржаў.

Будучыня ж можа аказацца яшчэ больш змрочнай. Хакерскія атакі, здольныя паралізаваць жыццё цэлых мегаполісаў, ужо заўтра могуць перакачаваць з галівудскіх фільмаў у рэальнае жыццё. Выводзіць з работы гіганцкія прадпрыемствы, пастукваючы пальцамі па клавіятуры камп'ютара за тысячы кіламетраў ад іх. Усё, што я толькі што сказаў, у той ці іншай ступені мы ўжо назіраем...

І адэкватнай абароны ад гэтых пагроз пакуль няма ні ў асобных краін, ні ў чалавецтва ў цэлым.

Усе гэтыя рэчы прама і непасрэдна ўплываюць на нашу незалежнасць. З кожным днём мы ўсё больш становімся залежнымі ад знешніх фактараў, паўплываць на якія мы часам проста не ў стане. Прычым гаворка ідзе не толькі аб энергетычнай залежнасці. Мудрагелістыя біржавыя і банкаўскія спекуляцыі ўплываюць на сусветную эканоміку не менш, а то і больш, чым суадносіны рэальных вытворчых сіл. Ад гэтых схаваных фінансавых гульняў залежаць кан'юнктура рынкаў, цэны на тавары, рух капіталаў. І наша арыентаваная на экспарт эканоміка аказваецца невялікай лодкай у гэтым бурным сусветным акіяне.

Гэтак жа мы аказаваемся ўцягнутымі ў агульны імклівы інфармацыйны паток. Ён не толькі штосекундна ўплывае на нашы каштоўнасці і свядомасць. Інфармацыйная цывілізацыя сферы духоўнай і інтэлектуальнай даўно перамясцілася ў рэальны свет. На планеце сёння засталося зусім мала рэчаў, незалежных ад інтэрнэту.

Усё — ад фінансавых плацяжоў і біржавага гандлю да энергетычных сістэм і кіравання транспартам — так ці інакш завязана на сусветную сетку. І чым далей, тым больш будзе ўзмацняцца гэтая залежнасць.

А значыць, і бяспека нашай краіны ва ўсіх рэальных сферах будзе ўсё больш залежаць ад бяспекі ў віртуальнай сферы.

Новыя інфармацыйныя тэхналогіі, каласальная моц інтэрнэту, што аблытала сеткай усю планету, разам з нябачанымі раней магчымасцямі ўтойваюць прамыя пагрозы суверэнітэту не толькі асобных дзяржаў, але і кожнай асобы. Мы гэта з вамі ўжо праходзілі. Няхай і "ў першым класе пачатковай школы", але праходзілі.

Апошнія гучныя выкрыцці толькі пацвердзілі тое, што экспертам было вядома даўно. З'яўляючыся заканадаўцам мод у тэхналогіях, Злучаныя Штаты, абапіраючыся на вядучыя хайтэк-карпарацыі, будуюць нябачаную ў гісторыі чалавецтва сістэму татальнага назірання і кантролю.

Яшчэ гадоў дзесяць падобнага развіцця, і ў звычайнага чалавека, у якім бы кутку планеты ён ні знаходзіўся, ужо не застанецца прыватнага жыцця.

Кожны яго рух, кожны яго ўчынак, кожная яго прыхільнасць будзе фіксавацца ўсёпранікальнай электронікай. Яшчэ ўчора гэта здавалася фантастыкай. Але сёння мы бачым, што ўжо заўтра гэта можа стаць явай.

Мяне часта крытыкавалі за тое, што я часам называў Злучаныя Штаты сучаснай дыктатурай. Мне ніколі не хацелася пакрыўдзіць ці абразіць гэтую вялікую краіну. Але хіба спробы татальнага сачэння ў сусветным маштабе не з'яўляюцца дакладнай прыкметай дыктатарскіх і таталітарных замашак? І не толькі з боку Злучаных Штатаў, як мы бачым у апошні час.

Мы ў Беларусі не імкнёмся кантраляваць прыватнае жыццё грамадзян. Гэта недапушчальна! Больш за тое, недатыкальнасць прыватнага жыцця, абарона асабістай прасторы чалавека былі, ёсць і будуць фундаментальнымі прынцыпамі нашай палітыкі. Мы не можам гэтага дапусціць і з боку іншых дзяржаў. Нават імперый. У гэтым праяўляецца наша прыхільнасць сапраўдным дэмакратычным прынцыпам і, галоўнае, наша павага да асобы чалавека.

Беларусь у садружнасці з іншымі краінамі, нашымі сябрамі і саюзнікамі, павінна навучыцца супрацьстаяць спробам заснаваць сусветную электронную дыктатуру. Нашы сеткі, базы даных, каналы камунікацый, дзяржаўныя сакрэты, а таксама прыватнае жыццё нашых грамадзян павінны быць надзейна абаронены ад любога замежнага замаху.

Мы выдатна разумеем, што ў сучасных умовах пра гэта лягчэй сказаць, чым зрабіць. Але іншага выйсця ў нас няма — планета ўжо ўступіла ў эпоху неаб'яўленых кібервойнаў. І прайграць тут мы не маем права.

Вядома, у адзіночку мы не здольныя супрацьстаяць глабальным тэхналогіям. Таму ў гэтай сферы мы павінны рэзка нарасціць супрацоўніцтва з нашымі саюзнікамі. І перш за ўсё з Кітайскай Народнай Рэспублікай, краінай, якая здолела стварыць эфектыўную сістэму абароны нацыянальнай кіберпрасторы. Думаю, у бліжэйшы час мне ўдасца сур'ёзна абмеркаваць гэтую праблему з кіраўніком Кітая.

Скажу прама — сярод усіх новых выклікаў і пагроз інфармацыйная бяспека ў самым шырокім сэнсе гэтага слова з'яўляецца галоўнай. Гэта не азначае, што мы жадаем адгарадзіцца ад усяго свету ці нейкім чынам абмежаваць законныя свабоды нашых грамадзян у інтэрнэце. У нас ужо кожны пяты чалавек "сядзіць" у гэтай павуціне.

Наадварот. Намі абвешчаны стратэгічны курс на паскораную інфарматызацыю краіны. У бліжэйшы час мы рэзка прыбавім тут абароты. Тэхналагічнае адставанне ў інфармацыйнай сферы — гэта таксама вельмі сур'ёзны выклік незалежнасці. Мы не толькі не павінны дапусціць адставання, але ў бліжэйшыя гады паспрабуем зрабіць Беларусь як мінімум рэгіянальным лідарам у развіцці лічбавай эканомікі і інфарматызацыі ўсіх бакоў жыцця.

Менавіта ў гэтай сферы ў бліжэйшыя гады будзе праходзіць, калі можна так выказацца, адзін з галоўных франтоў барацьбы за нашу незалежнасць. І менавіта нашай здольнасцю вырашаць гэтыя задачы будзе вызначацца далейшае захаванне рэальнай незалежнасці нашай краіны.

Я ўсё гэта, паважаныя сябры, сказаў, можа быць, упершыню і так проста, таму што я як Прэзідэнт павінен вам сказаць тое, што нас чакае заўтра. Усё добрае мы прывыклі бачыць. Яно і так прыйдзе і забудзецца. А вось тое небяспечнае, што сёння схавана, і тое, што відаць нямногім, пра гэта я вымушаны і павінен праўду сказаць. Пры тым я хачу, каб мяне грамадства зразумела. І пасля майго выступлення, як звычайна бывае, на асобных сайтах і ў апазіцыйных сродках масавай інфармацыі, асабліва ў некаторых нашых суседзяў, пачынаюць тузаць, маўляў, Лукашэнка кагосьці запалохвае, ад чаго-небудзь хоча адгарадзіцца. Якраз не. Я не запалохваю, я папярэджваю грамадства. Я сваё грамадства, за якое адказваю, сваіх беларусаў пра гэта папярэджваю. І мы ні ад чаго не адгароджваемся і не будзем адгароджвацца. Таму што толькі слабы будзе хавацца, бегчы за вугал і паглядаць. Гісторыя сучаснасці гэтага ўжо не дапускае. Я кажу гэта таму, што мы, будучы ўцягнутымі, не будзем хавацца ад гэтых працэсаў. Мы будзем вучыцца змагацца ў гэтым віры, каб застацца незалежнымі. Вось увесь сэнс сказанага. І я не хачу сёння забягаць наперад і казаць пра тое, што мы нечаму навучыліся.

Сярод новых пагроз ёсць і яшчэ адна, не менш важная. Глабалізацыя стандартызуе не толькі вытворчасці і тэхналогіі. Яна відавочным чынам размывае ранейшыя духоўныя каштоўнасці, на якіх грунтавалася чалавечая цывілізацыя, знішчае самабытнасць асобных краін і народаў. І вельмі хутка тых, хто не хоча і не ўмее гэтаму супрацьстаяць.

З кожным годам свет на нашых вачах становіцца ўсё больш яркім і энергічным. Але адначасова гэты ж свет становіцца ўсё больш сумным і аднастайным.

1375447132714_2

Куды б вы ні прыехалі, знойдзеце адны і тыя ж сеткі крам, рэстаранаў, гасцініц. На вуліцах вы ўбачыце адны і тыя ж маркі машын. Вы ўбачыце людзей, якія апрануты ў вопратку адных і тых жа брэндаў і якія ўткнуліся ў планшэтнікі адных і тых жа фірмаў.

Стандартызацыя вытворчасці і спажывання, жорстка кіруемая мода, уцягнутасць сотняў мільёнаў людзей у адзіную інфармацыйную сетку павольна, але дакладна забіваюць разнастайнасць чалавечай цывілізацыі.

І ў гэтых умовах асабліва важна захаваць нашы традыцыі, нашу культурную і ментальную самабытнасць, не ператварыцца ў "агульначалавекаў" без імені, роду і племені. Вось таму мы ў апошні час, хай сабе невялікія, хай маленькія, мы ўсё больш праводзім рознага роду мерапрыемствы на зямлі: фестывалі, конкурсы для дзяцей і дарослых, таленавітых людзей. Для таго, каб захаваць тое, што да нас напрацоўвалася нашымі папярэднікамі стагоддзямі.

Усе мы павінны зразумець: незалежнасць — гэта ў тым ліку права адстойваць ўласныя маральныя каштоўнасці, права жыць па сумленні ў адпаведнасці з натуральнымі законамі прыроды і чалавечай маралі.

Дыскусіі вакол так званых аднаполых шлюбаў, якія нядаўна ўспыхнулі з новай сілай у старой Еўропе, не з'яўляюцца проста непрыемным прыватным эпізодам. Гэта трагічны знак агульнага духоўнага крызісу і асляплення заходняга свету. Гэта таксама сведчанне аслаблення ў ім унутранай волі. І справа тут не толькі ў праславутых аднаполых шлюбах. Прама на нашых вачах адбываецца адмова ад базавых, традыцыйных каштоўнасцяў еўрапейскай цывілізацыі. Руйнуецца інстытут сям'і як натуральнага саюза паміж мужчынам і жанчынай, асвечанага самой прыродай.

Адначасова грамадства спажывання заганяе чалавека ў замкнёнае кола бесперапыннай пагоні за новымі прадуктамі і тэхнічнымі навінкамі, якія бясконца мяняюцца, начыста пазбаўляючы яго жыццё спакою і душэўнай раўнавагі.

Нядзіўна, што ўсё гэта нараджае ў многіх адчуванне пратэсту. Еўрапейская моладзь пачынае шукаць выйсце з задушлівага свету спажывальніцтва і, на жаль, усё часцей знаходзіць яго ў радыкальных вучэннях.

Крызіс нацыянальнай, чалавечай ідэнтычнасці, аб якім яшчэ ўчора казалі толькі навукоўцы-футуролагі, на нашых вачах становіцца сумнай рэальнасцю. Хто сказаў, што чалавецтва застрахавана ад рэгрэсу і заўсёды будзе рухацца толькі наперад і наверх?

Гісторыя ведае шмат трагічных прыкладаў, калі гінулі бліскучыя цывілізацыі, саступаючы месца дзікаму варварству. Многія з іх, занесеныя пяском часу, не пакінулі нашчадкам амаль нічога.

Іншыя ж як быццам засыналі на доўгі час, апускаючы краіны і народы ў цёмныя стагоддзі. Гістарычная памяць Еўропы павінна захоўваць гэтыя ўспаміны. Унікальны грэка-рымскі свет паў не пад ударамі варвараў — ён паў, страціўшы ўнутраную сілу і страціўшы духоўныя арыенціры.

Ёсць і больш свежыя прыклады. Дэкадэнства і духоўная няўпэўненасць буржуазнай Еўропы пачатку ХХ стагоддзя выклікалі да жыцця прывід нацызму. Да гэтага часу многія дзівяцца, як краіна Шылера, Гётэ, Гегеля магла нарадзіць Гітлера і Гімлера?

Прычын можна знайсці тысячы, але галоўная адна — адмова грамадства ад традыцыйнай маралі забівае яго і выпускае на волю самыя цёмныя інстынкты, якія хаваюцца ў чалавечай душы.

Тое ж пагражае і сучаснай цывілізацыі, калі яна і далей будзе ісці па шляху адмовы ад чалавечай прыроды, каб дагадзіць супрацьпрыродным скрыўленням.

Паважаныя таварышы!

Шмат хто з нас прывык да звычайнага погляду на рэчы: каб забяспечыць незалежнасць краіны, дастаткова фізічна кантраляваць яе тэрыторыю і мець моцную матэрыяльную аснову ў выглядзе эканомікі, якая працуе, і нармальную армію — сістэму бяспекі нашай дзяржавы. Гэта фундаментальна. Гэта класіка — усё гэта абсалютна справядліва. Але новы час дадаў новыя патрабаванні. І калі мы не пераасэнсуем новыя выклікі і пагрозы, то рызыкуем страціць незалежнасць не таму, што нас фізічна заняволяць, а таму, што нас заваююць тэхналагічна і ідэалагічна, духоўна.

Тыя дзяржавы, якія здолеюць выстаяць на гэтых франтах, зберагуць сябе. Але той, хто прайграе, захоўваючы знешнія атрыбуты незалежнасці, будзе асуджаны жыць па чужой указцы і згодна з чужой воляй.

Мы павінны ясна разумець: незалежнасць краіны — клопат кожнага з нас.

Калі мы хочам жыць на сваёй зямлі, сваім розумам і працай, па сваіх законах і традыцыях, калі мы хочам быць адзінымі гаспадарамі на зямлі Беларусі, жыць у міры, спакоі і дабрабыце, то ўсе і кожны павінны зразумець: клопат краіны, зберажэнне яе незалежнасці — гэта наша агульная справа.

І нават калі дзяржава напружвае ўсе свае сілы, а народ застаецца пасіўным і абыякавым, то справа гэта асуджана.

Беларуская дзяржава шмат зрабіла для таго, каб абараніць сваіх грамадзян.

Мы не дазволілі кінуць грамадства ў бездань дзікага рынку ўзору ліхіх дзевяностых.

Не маючы прыродных рэсурсаў, мы пабудавалі сацыяльную эканоміку, дзе на першым месцы стаіць клопат пра чалавека, пра тое, каб ён заўсёды меў працу, даступную медыцыну і адукацыю, жыў у міры, бяспецы, каб быў абаронены ў старасці.

Мы пастаянна аказваем і будзем аказваць жорсткі, каласальны ціск на дзяржапарат, на чыноўнікаў, прымушаючы іх служыць людзям, не браць чужога, весці сціплы лад жыцця.

Усе гэтыя рэчы высвечваюцца яшчэ больш ярка пры параўнанні сітуацыі ў нас і ў многіх іншых краінах.

Ключавую ролю ва ўсім гэтым адыгралі не стыхія вольнага рынку, не замежныя эканамічныя мадэлі, а маладая беларуская дзяржава.

Але моцная дзяржава мае і свой адваротны бок. Яна закалыхвае, яна расслабляе нацыю.

Трэба глядзець праўдзе ў вочы. Усё шырэй распаўсюджваюцца ў нас лянота і ўтрыманства, усё часцей можна пачуць словы: "А навошта мне самому нешта рабіць? Вось ёсць дзяржава — хай яна пра мяне і клапоціцца".

Вось тут і крыюцца суб'ектыўныя пагрозы нашай незалежнасці, пра якія гаварылася ў пачатку выступлення.

Гэта нашы коснасць і лянота, невуцтва і хамства, адсутнасць парадку і дысцыпліны, разгільдзяйства, п'янства, наркаманія, наплявацельскае стаўленне да працы і многае іншае.

Давайце паглядзім праўдзе ў вочы.

Чаму нашы тавары з цяжкасцю канкурыруюць на знешніх рынках? Не толькі з прычыны так званай неспрыяльнай кан'юнктуры. Ёсць і цалкам суб'ектыўныя прычыны — таму што часта мы працуем дрэнна. П'янства на працоўных месцах да канца так і не зжылі. Тэхналогіі не выконваюцца часам, на рабоце многія не напружваюцца, добрасумленнасць становіцца рэдкасцю. І гэта тычыцца не толькі вытворчасці. Паглядзіце на наш сэрвіс. Прадаўцы ў крамах, афіцыянты ў кавярнях, аўтаслесары ў майстэрнях часта хамяць, жульнічаюць, падманваюць сваіх кліентаў — тых, хто плаціць ім свае грошы.

Усе гэтыя бытавыя рэчы складаюцца ў агульную карціну, і ў выніку атрымліваем — нашы работнікі вырабляюць прадукцыі ў разы менш, чым амерыканцы, і больш нізкай якасці, чым немцы. І пры гэтым не напружваюцца, як тыя ж кітайцы, карэйцы або японцы.

Вядома, так нельга казаць аб усіх нашых людзях. У нас сотні тысяч вельмі добрасумленных і працавітых людзей, на якіх краіна трымаецца. Але побач з імі яшчэ шмат п'яніц і гультаёў, якія ўявілі, што дзяржава можа і павінна зрабіць за іх абсалютна ўсё. Больш за тое, яны перашкаджаюць працаваць, уплываючы на тых, хто хоча працаваць.

Гэтыя настроі захопліваюць нават так званых прыхільнікаў свабоднага рынку. Пацешна назіраць, як адны і тыя ж людзі ў тэорыі выступаюць за поўную лібералізацыю за ўсё і ўсяго, за сыход дзяржавы з усіх сфер, але ледзь дзесьці з'яўляецца праблема, як тыя ж самыя людзі пачынаюць стагнаць: а дзе ж дзяржава, чаму не працуюць чыноўнікі і далей у тым жа духу.

Імкненне заўсёды спадзявацца на дзяржаву, патрабаваць ад яе вырашэння ўсіх пытанняў і ўскладаць на яе адказнасць літаральна за ўсё, што адбываецца вакол, распаўсюджана ва ўсіх пластах грамадства.

Наш менталітэт тут просты — дзяржава павінна зрабіць усё: і выплаціць пенсію, і даць працу, і правесці газ, і пабудаваць дарогу, і разбіць кветнік, і выхаваць кінутых дзяцей, і вылечыць алкаголіка.

Скажу адразу і прама: думаць, што дзяржава павінна рабіць усё і за ўсіх, — небяспечная памылка. Скажу больш жорстка — гэта прамы шлях да дэградацыі нацыі, да застою і заняпаду.

У кожным грамадзяніне павінна жыць пачуццё адказнасці і патрыятызму. Адказнасці перш за ўсё за сваю дзяржаву, за сваю зямлю, якая ўжо нам з вамі — цяперашняму пакаленню — не належыць. Яна дзецям нашым і ўнукам належыць.

Уклад у абарону незалежнасці Беларусі, у забеспячэнне яе бяспекі можа і павінен зрабіць кожны.

Самаадданая праца селяніна на хлебнай ніве — гэта ўклад у харчовую бяспеку.

Творчы пошук навукоўца — гэта ўклад у інтэлектуальную бяспеку.

Укладанне ўласных сродкаў прадпрымальніка ў стварэнне вытворчасці ў роднай краіне — гэта ўклад у эканамічную бяспеку.

І нават звычайнае эканомнае стаўленне да электрычнасці ва ўласным доме — гэта таксама ўклад у энергетычную бяспеку краіны.

Усё гэта і ёсць зберажэнне нашай незалежнасці. З такіх, на першы погляд невялікіх, але штодзённых учынкаў, з агульных неабыякавых адносінаў да лёсу Айчыны і складаецца сіла нацыі, якую ў гэтым выпадку не здольныя зламаць любыя знешнія абставіны і пагрозы.

Мы толькі тады можам быць абсалютна спакойныя за лёс незалежнай Беларусі, калі кожны яе грамадзянін будзе ставіць пытанне так: што я зрабіў для краіны, а не што краіна павінна зрабіць для мяне?

Пакуль жа мы вельмі часта чуем другую частку пытання і вельмі рэдка — першую.

Гэта зусім не значыць, што пачуццё патрыятызму згасла ў грудзях нашых людзей. Небяспека гуртуе нас, раскрывае лепшыя якасці. І тады аказваецца, што патрыятызм вышэй, чысцей і ў канчатковым рахунку мацней дробязнага эгаізму.

Быць можа, сёння камусьці здаецца, што няма нічога важней за асабістае шчасце і дабрабыта. І яны стаяць невымерна вышэй, чым інтарэсы Радзімы. Гэта абман.

У адзіночку чалавек вельмі безабаронны ў гэтым свеце. І калі прыходзіць небяспека, выстаяць можна толькі разам. У жыцці кожнай нацыі бывае драматычны час выбару, калі гонар становіцца вышэй за жыццё.

"Я не магу абяцаць вам нічога, акрамя цяжкай працы, поту, крыві і слёз", — казаў Уінстан Чэрчыль у фатальную хвіліну, калі нацысцкая ваенная машына, крушачы Еўропу, рыхтавалася да фінальнага кідку на Брытанскія астравы.

І вогненным летам сорак першага, калі нашы арміі адступалі і траплялі ў акружэнне, калі стальныя змеі вермахта нястрымна распаўзаліся па нашай зямлі, калі, здаецца, канала апошняя надзея, прагучалі галоўныя словы той вайны, словы, якія сталі святымі. Словы, якія мы паўтараем увесь час: "Наша справа справядлівая. Вораг будзе разбіты. Перамога будзе за намі".

Гісторыя даказала: перамагае той, хто гатовы ісці да канца і ахвяраваць ўсім.

Тыя, хто падымаўся ў атаку, не думалі ні пра ўзнагароды, ні пра славу. І ні ў аднаго з іх не ўзнікала сумнення, ніхто з іх не задаў сабе пытанне: а можа, мая ахвяра марная?

Яны проста ведалі — няма нічога ў жыцці даражэй Радзімы. І верылі — марных ахвяр у імя Айчыны не бывае.

Тыя, хто загінулі, не ўбачылі сустрэчы на Эльбе, сцягу над рэйхстагам і Параду Перамогі. Аддаючы сваё жыццё, яны пакідалі нам сваю веру.

Перакананы, што гэтая вера, гэтая гатоўнасць скласці галаву за Айчыну і сёння жывая ў нашай нацыі.

Дык будзем жа вартыя святой памяці продкаў, іх гарачай веры і іх бессмяротнага подзвігу. Мы абавязкова павінны зберагчы нашу родную Беларусь і зрабіць яе яшчэ багацейшай і больш прыгожай!

З надыходзячым святам вас, дарагія сябры!

З Днём Незалежнасці!

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.