У трэці раз у Мірскім замку прайшоў Міжнародны гістарычны фестываль "Спадчына стагоддзяў". Па сваіх маштабах мірскі фестываль не мае аналагаў у Беларусі.
Мерапрыемства сабрала ўдзельнікаў з Беларусі, Расіі, Украіны, краін Заходняй Еўропы (Польшчы, Латвіі, Аўстрыі), а таксама Ізраіля і іншых краін. У Мір з'ехаліся найлепшыя клубы гістарычнай рэканструкцыі, выканаўцы сярэднявечнай і фолк-музыкі, майстры старадаўніх рамёстваў, шоу-групы — усяго каля 800 чалавек.
Гэта была не простая імітацыя рыцарскага турніру, расказваюць удзельнікі, а самая сапраўдная рэканструкцыя. Адраджалася ўсё дасканала да самых дробязяў: ад адзення і зброі да гербаў і імёнаў. Месца ў гэтай сярэдневяковай іерархіі знайшлося не толькі грозным рыцарам і чароўным дамам, але і простым сялянам, якія дапамагалі воінам (праўда, у бітвах не ўдзельнічалі).
Побач з рысталішчам — сапраўдны сярэдневяковы кірмаш. Блазаны адпускаюць жарты на пацеху публіцы, "манахі" тут жа прадаюць індульгенцыі, а самыя сапраўдныя кавалі, не адыходзячы ад горна, рамантуюць узбраенне рыцараў, а ў перапынку куюць для гасцей сувеніры.
Галоўная ідэя фестывалю — максімальна дакладна ўзнавіць карціну сярэднявечнага рыцарскага турніру і жыцця палявога лагера. Госці ўбачылі рэканструкцыю баёў і побыту ХІV — ХV стагоддзяў. У праграме былі кірмаш рамёстваў, сярэднявечныя гульні і танцы, музычныя канцэрты, пешы і конны турніры, стральба лучнікаў, масавыя баі. Фестываль сумясціў рэканструкцыю матэрыяльнай культуры рыцарскіх турніраў і поўнакантактныя баі па правілах, якія існавалі ў ХІV — ХV стст. У адрозненне ад пастановачных, такія паядынкі адрозніваюцца дынамізмам, захопліваюць гледачоў сваім азартам і непрадказальнасцю. Праграма завяршылася вогненным шоу і салютам. Лета для ўдзельнікаў рэканструктарскіх клубаў — самы гарачы сезон. Наступны буйны фестываль адбудзецца на Міншчыне — у гонар перамогі ў Грунвальдскай бітве.
Антон ЗАПОЛЬСКІ.
Пасля смерці Сталіна «жалезная заслона», якая аддзяляла Савецкі Саюз ад навакольнага свету, прыадчынілася.
АВЕН. Неабходна будзе сканцэнтраваць намаганні на рабоце.
«Ні разу не пашкадавала, што прыйшла працаваць у такую ўнікальную структуру, як спажыўкааперацыя»