Вы тут

"Шлюбныя адносіны спыняюцца — бацькоўскія застаюцца"


Беларусь знаходзіцца на другім месцы пасля Расіі па колькасці разводаў. Гэтая праблема болем адгукаецца ў сэрцы кіраўніка адвакацкага бюро "Права і сямейная медыяцыя"Алены ЖДАНОВІЧ. Піянерка беларускай медыяцыі імкнецца калі не захаваць чужыя сем'і, то, як мінімум, навучыць пары чуць адно аднаго. Хаця б дзеля ўласных дзяцей. Бо кропка ў шлюбе, як вядома, не спыняе бацькоўскія адносіны.

Пра тату, Алімпіяду і дысгармонію

У мяне быў культ таты. І я заўсёды хацела пайсці па яго слядах. Тата доўгі час працаваў беларускім транспартным пракурорам. Ён годны чалавек ва ўсіх адносінах: вельмі прыстойны, добры, справядлівы. У той час, калі мы вучыліся, не віталіся дынастыі інтэлігентных прафесій. Лічылася, што дынастыя абавязкова павінна быць працоўнай: токары, слесары... Але я лічу, што гэта вялікае шчасце, калі ты можаш працягнуць шлях, выбраны бацькамі.

На юрфак паступала ў 1980 годзе. У год Алімпіяды быў вельмі высокі конкурс. Тых ведаў, якія я атрымала ў школе № 4 імя Кірава, хапіла, каб годна здаць іспыты ў ВНУ. І не адной мне. Толькі падумайце: з 28 аднакласнікаў 25 атрымалі вышэйшую адукацыю. Мы ўсе паступалі без асобай дадатковай падрыхтоўкі, без рэпетытараў.

На 4 курсе я выйшла замуж за свайго сакурсніка. Немагчыма было, каб сваякі працавалі ў адной арганізацыі. А паколькі мужа размеркавалі ў органы пракуратуры, то мне нічога не заставалася, як пайсці працаваць у адвакатуру.

1375447136683_1Я чалавек зусім не канфліктны. Але па працы мне даводзіцца быць уцягнутай у чужыя канфлікты. Для мяне гэта заўсёды суправаджалася і суправаджаецца ўнутранай дысгармоніяй. Таму хацелася перамен у працы, але не кардынальных. У 2008 годзе адкрыла для сябе медыяцыю. Аказалася, у свеце ўжо больш за паўстагоддзя існуе альтэрнатыва судовым спрэчкам. Паспяховасць яе надзвычай высокая.

Пра нянавісць, закон "Аб медыяцыі" і кампраміс

Да выбару новай спецыялізацыі прыйшла ў тым ліку і пасля таго, як сябры вырашылі падаць на развод. Рабіла ўсё магчымае, каб захаваць іх сям'ю. Але, на жаль, у мяне нічога не атрымалася. На міжнароднай канферэнцыі нямецкая адвакат-медыятар сказала: "Усе вашы намаганні дарэмныя. Медыятар ніколі не вырашыць канфлікт блізкіх людзей". Цяпер, з вопытам, разумею, што гэта так. Калі б на той момант ім сустрэўся нейтральны чалавек, які б нічога не ведаў пра іх мінулае, то, магчыма, усё б склалася па-іншаму.

Мне вельмі хацелася,

каб беларусы таксама даведаліся, што канфлікты можна вырашаць без звароту ў суд. Я адна з першых у краіне прайшла навучанне медыяцыі. І вельмі ўдзячная калегам, якія ў адказны момант паверылі і пайшлі за мной як партнёры бюро. У нас утварылася згуртаваная каманда. А гэта залог будучага поспеху, у якім я ні на хвіліну не сумняваюся. Дарогу адолее той, хто ідзе.

1375447136671_2Я так рада, што 26 чэрвеня ў другім чытанні быў прыняты законапраект "Аб медыяцыі". Гэта сама па сабе рэвалюцыйная падзея. Бо прававая культура нашага грамадства, скажу шчыра, агрэсіўная. Калі што здараецца, мы адразу бяжым у суд: "Я табе пакажу, я табе дакажу!..". Суд, грошы, нервы, здароўе, нянавісць... А чаму б не вырашыць канфлікт інтэлігентна, цывілізавана?

Медыяцыя ў Беларусі стала развівацца яшчэ да прыняцця закона, пераважна ў гаспадарчым правасуддзі. Прагматычныя бізнесмены зразумелі, што ім выгадна ісці да медыятара, а не ў суд. Нашмат лепш згладзіць канфлікт, знайсці кампраміс, чым разарваць ранейшыя кантракты і марнаваць час на пошукі новага партнёра. Аднак мала хто ведае, што ўнікальны пазасудовы спосаб вырашэння спрэчкі эфектыўны і ў іншых выпадках.

Важна, асабліва ў сямейных спрэчках, калі з разводам адносіны былых мужа і жонкі не спыняюцца, захаваць паважлівыя стасункі. Недарэмна кажуць, што шлюбныя адносіны спыняюцца — бацькоўскія застаюцца на ўсё жыццё. Таму трэба забыць тое дрэннае, што было ў мінулым, каб дзеці выраслі ў псіхалагічна здаровай атмасферы.

Пра трывогу, шалёныя грошы і адказнасць

Калі два гады таму мы зарэгістравалі першае ў Беларусі адвакацкае бюро і аб'явілі, што яно называецца "Права і сямейная медыяцыя", мне, як кіраўніку, было трывожна. А раптам новая паслуга не будзе карыстацца попытам?.. Псіхалогія ж нашых людзей такая, што дзяржаўным органам яны давяраюць больш за ўсё. Але ўжо на другі дзень патэлефанаваў малады чалавек, які доўгі час жыў і працаваў у Амерыцы, і папрасіў правесці медыяцыю.

Першая ў маім жыцці медыяцыя прынесла задавальненне як мне, так і бакам. Ім не давялося звяртацца ў суд, ва ўпраўленне адукацыі. Не прыйшлося страчваць шалёныя грошы і час. Хапіла адной сесіі, каб вырашыць пытанне, звязанае з удзелам у выхаванні дзіцяці маці, таты, бабулі і дзядулі. Калі б гэта былі судовыя працэсы, то бабулі з дзядулем трэба было б заяўляць асобныя іскі.

Людзі не разумеюць у поўнай меры тую адказнасць, якую бяруць на сябе, калі ўступаюць у шлюб. Медыяцыя дазваляе ім вярнуць гэту адказнасць — адказнасць за прынятае рашэнне.

Медыятар не мае права даваць парады. Ён павінен так арганізаваць перамовы, каб кліенты самі свядома прынялі рашэнне. Як правіла, тыя пагадненні, якіх людзі дасягаюць не ў прымусовым, а ў добраахвотным парадку, і выконваюцца добраахвотна. Калі бакі жадаюць, дасягнутая дамоўленасць можа быць аформлена ў прававы дакумент.

1375447136575_3Я праводзіла медыяцыі, дзе адным з бакоў былі замежнікі. Для іх было дастаткова, што дамоўленасці дасягнуты. Яны гатовы былі выконваць іх без якога-небудзь умяшання дзяржаўных органаў. Гэта як раней у славян было купецкае слова. Вельмі хацелася б да такога вярнуцца, каб грамадзяне былі адказныя за тое, што адбываецца, — і ў першую чаргу ў іх жыцці.

Пра вяселлі з галубамі, разводы і сямейнага псіхолага

У Беларусі скасоўваецца амаль кожны другі шлюб. Я лічу, што гэта не звязана ні з якімі матэрыяльнымі цяжкасцямі. Гэта проста нежаданне і няўменне знаходзіць выйсце з канфліктнай сітуацыі. Людзі развучыліся размаўляць. Ды і культ сям'і чамусьці перастаў выхоўвацца з дзяцінства.

За год работы адвакацкага бюро мы правялі 29 працэдур медыяцыі, з іх 26 закончыліся заключэннем медыятыўнага пагаднення. Калі ў выніку медыяцыі атрымліваецца захаваць сям'ю — гэта самы цудоўны вынік, які толькі можна дасягнуць. Праўда, на жаль, да нас звычайна звяртаюцца толькі тады, калі гаворка ўжо ідзе аб урэгуляванні спрэчкі, а не самога канфлікту. Таму, як толькі адчулі, што ў сям'і наспявае канфлікт, лепш звярнуцца да сямейнага псіхолага. Да псіхолага ў пэўных сітуацыях мог бы накіроўваць пару, каб яна паспрабавала дамовіцца, і суд ці іншы орган.

Невымоўнае шчасце, калі твае навыкі дапамагаюць людзям вырашыць лёсавызначальную праблему. Калі ж у працэдуры медыяцыі не атрымліваецца захаваць сям'ю і ўсё-такі неабходны развод, то ён павінен быць мірным, годным чалавечай сутнасці. Я заўсёды задумвалася, чаму так атрымліваецца: прыгожыя шыкоўныя вяселлі з галубамі, а праз некаторы час — нянавісць і вайна? Чаму не расставацца прыгожа, захоўваючы нармальныя чалавечыя адносіны на будучыню?

Я выходзіла замуж зусім у іншы час. Тады шлюбныя дагаворы не заключалі. Як адвакат, лічу, што гэтага не трэба саромецца. Бо тыя праблемы, якія могуць узнікнуць пасля, будуць больш непрыемнымі, чым момант, калі людзі адкрыта гавораць пра тое, што іх хвалюе матэрыяльная частка ўзаемаадносін. Перад тым, як ісці ў ЗАГС, асабліва важна быць шчырымі, сумленнымі.

Для большасці з нас характэрна, як правіла, вузкатунэльнае мысленне. Людзі бачаць толькі адно рашэнне праблемы. Медыятар жа павінен зразумець інтарэсы кожнага з удзельнікаў медыяцыі і зрабіць так, каб яны былі па максімуме задаволены. Для гэтага ён павінен быць не толькі добрым юрыстам, але яшчэ і псіхолагам.

Многія людзі звяртаюцца да медыятара з-за таго, што судовыя расходы і паслугі адваката для іх непад'ёмныя. Медыяцыя, сапраўды, больш танны варыянт вырашэння спрэчкі. У 5 разоў , а то і больш, танней, чым судовая працэдура. У прыватнасці, чалавек, які звяртаецца ў суд з пытаннем падзелу маёмасці, павінен заплаціць дзяржпошліну. Яна складае 5% ад той долі маёмасці, на якую ён прэтэндуе. Удзел адваката ў судовым пасяджэнні каштуе каля 2 мільёнаў. Адным судовым пасяджэннем, як паказвае практыка, выдаткі не абмяжоўваюцца. Адзін бок, як правіла, не задаволены судовым рашэннем. Ён звяртаецца ў суд у касацыйным парадку. Піша скаргі ў парадку нагляду. І выдаткі павялічваюцца як снежны ком. Таму лепш вырашаць спрэчкі ў добраахвотным парадку, як гэта робяць ва ўсім свеце.

Пра кампенсацыю, канфлікт і крайнюю меру

У працы адваката вельмі шмат негатыву. Мне даводзіцца прымаць удзел у тым ліку і ў крымінальных справах, звязаных са знаходжаннем людзей у следчых ізалятарах. Таму без кампенсацыі душэўных сіл складана прыйшлося б... Кампенсацыя — гэта сям'я, сябры, спорт, прырода. Чалавек вельмі шмат сіл чэрпае ад сям'і, асабліва жанчына. Калі ў сям'і ўсё добра, то і на працы ўсё ладзіцца. І можна дазволіць сабе ўдасканальвацца ў сваёй прафесіі.

Я вельмі шчаслівая ў сямейным жыцці. Мы з мужам стварылі добрую сям'ю, ідзём па жыцці рука аб руку. Многага дасягнулі. Самае вялікае дасягненне — нашы дзеці. У нас дзве дачкі, якія працягнулі юрыдычную дынастыю. Мы гэтаму вельмі рады.

У нашай сям'і склалася табу: дома ніколі не абмяркоўваем канфлікты чужых людзей. Негатыў пакідаем на рабоце. Гэта дапамагае захаваць сям'ю і сябе. Жыць чужым жыццём немагчыма, калі ёсць сваё.

Не трэба баяцца канфлікту, бо ён дае штуршок да развіцця нечага новага. Недарэмна кажуць: "Калі вы жывяце без канфліктаў — праверце ці ёсць у вас пульс". Нармальны чалавек дома, на працы, хоча ён ці не, сутыкаецца з канфліктамі. І вось уменне выйсці з іх без страт — гэта свайго роду майстэрства.

Веды па асновах бесканфліктных зносін дапамагаюць мне не толькі па працы, але і ў паўсядзённым жыцці. Я навучылася калі не пазбягаць канфліктаў, дык з мінімальнымі стратамі выходзіць з іх. Таму рэкамендую кожнаму чытаць кнігі па псіхалогіі. Гэта не будзе лішнім.

Мая вялікая мара — каб у нас медыяцыя па сямейных справах, на справах аб абароне правоў спажыўца, па многіх працоўных спрэчках, стала, як у многіх еўрапейскіх краінах, абавязковай. У Вялікабрытаніі ёсць закон, згодна з якім пары, якія разводзяцца, павінны звярнуцца да спецыяліста-медыятара, паспрабаваць вырашыць канфлікт. Суд павінен з'яўляцца не першай інстанцыяй вырашэння канфлікту, як цяпер у нас. А апошняй. Судовы працэс — гэта ўсё ж крайняя мера.

Надзея ДРЫЛА.

Фота Надзеі БУЖАН.

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.