Вы тут

Нашу песню ў Вільнюсе спявалі


Беларусь і Літва — краіны-суседкі — маюць шмат падабенства. І ў нацыянальнай разнастайнасці — таксама. Прадстаўнікі 154 нацый жывуць сёння ў Літве. Дзе беларуская суполка — адна з найбуйнейшых. Па розных падліках, сёння там пражывае недзе ад 50 да 60 тысяч чалавек, якія афіцыйна лічаць сябе беларусамі.

Пытанні самаідэнтыфікацыі, зберажэння культуры нацыянальных суполак (і, што асабліва важна, — больш актыўнага ўдзелу моладзі ў гэтых справах) — сталі галоўнай тэмай пасяджэння "круглага стала", якое адбылося ў сценах літоўскага Сейма. Арганізатарамі выступілі: з літоўскага боку асацыяцыя "Новая форма" і Згуртаванне беларускіх грамадскіх арганізацый Літвы, ад нашай краіны — Таварыства па сувязях з суайчыннікамі за мяжой "Радзіма".

Падобныя пытанні для нашай суседкі няпростыя. Некаторыя з іх вырашаюцца адразу, астатнія чакаюць свайго часу. У Вільнюсе дзяржава выдзеліла добры будынак, дзе нацыянальныя меншасці могуць атрымаць месца свайго прадстаўніцтва і правядзення мерапрыемстваў. Калісьці ў краіне працаваў спецыяльны Закон аб нацыянальных меншасцях, дзейнасць якога потым прыпынілі. Цяпер плануюць зноў вярнуцца да яго.

Прысутнасць і актыўны ўдзел у мерапрыемстве дэпутатаў Еўрапарламента ад Літвы Раландаса Паксаса і Ёзаса Імбрасаса, дэпутатаў Нацыянальнага парламента і гарадскога Савета Вільнюса — таксама паказвала актуальнасць тэмы. Якая сёння і для ўсёй Еўропы надзённая. Як адзначыў Раландас Паксас, у Еўрапарламенце ніколі не сходзяць з парадку дня два пытанні. Гэта праблема змянення клімату і справы нацыянальных меншасцяў.

1375447139760_2-7

І дэмаграфічныя пытанні непакояць Літву. Насельніцтва імкліва змяншаецца. Хаця гэта таксама агульнаеўрапейская тэндэнцыя, але літоўскія лічбы асаблівыя. За апошнія дзесяць гадоў колькасць жыхароў зменшылася аж на 11 працэнтаў.

— Пакідае краіну моладзь, — зазначыў дэпутат Сейма Рэмігіюс Жэмайтайціс. Які сам, дарэчы, нягледзячы на маладосць, у парламенце ўзначальвае адзін з самых складаных камітэтаў — па эканоміцы.

Змяншаецца ў Літве і колькасць тых, хто працягвае лічыць сябе этнічнымі беларусамі. Але ў Вільнюсе і сёння паспяхова працуе беларуская школа — адзіная поўная сярэдняя беларуская школа ў замежжы. Носіць імя Францыска Скарыны, займае сёмае месца ў рэйтынгу ўсіх сярэдніх агульнаадукацыйных школ Літвы. Больш у краіне, апроч сям'і, дзецям няма дзе беларускай мове. Перастаюць быць папулярнымі і рускамоўныя школы. Дзеці больш ахвотна выбіраюць навучанне па-літоўску. Гэта таксама тэндэнцыя. Напрыклад, у рускамоўнай школе Шаўляя засталося толькі 140 вучняў — вельмі мала для горада з моцнай рускамоўнай дыяспарай.

Дарэчы, у беларускай школе ў Вільнюсе налічваецца 166 вучняў.

А вось што тычыцца колькасці беларускіх студэнтаў ва ўніверсітэтах Літвы, то яна, па словах Рэмігіюса Жэмайтайціса, у апошнія гады імкліва расце.

— Нашым беларускім суполкам тут працаваць можна, прычым працаваць цікава, — кажа былы пасол Літвы ў Беларусі (ён быў самым першым літоўскім паслом у нас) Альфонсас Аўгуліс. — Мы праводзім шмат мерапрыемстваў сярод беларусаў літоўскага памежжа. І культурных, і спартыўных. — Я ўнукаў сваіх вучу, каб яны маглі размаўляць на ўсіх мовах, якімі сам валодаю. Безумоўна ж, і беларускай вучу.

— У Еўрапейскім саюзе, членам якога з’яўляецца Літва, адносінам да нацыянальных меншасцяў прапанавана надаваць пастаянную ўвагу, — сказаў у сваім выступленні Раландас Паксас. — Адзінага механізму, праўда, не прапісана, кожная краіна рашае гэта пытанне па-свойму. Пытанне няпростае, але я лічу, што Літва выконвае яго, нараканняў ад еўрапейскага супольніцтва ў наш бок няма.

На пасяджэнні "круглага стала" з цікавасцю слухалі і пра беларускі вопыт працы з нацыянальнымі меншасцямі, з беларусамі замежжа. Пра гэта прысутным расказалі прадстаўніца таварыства "Радзіма" Галіна Навіцкая і Вераніка Русакова з Саюза беларускіх грамадскіх яўрэйскіх аб'яднанняў і абшчын.

Падчас пасяджэння размова ішла і пра неабходнасць больш цеснага супрацоўніцтва паміж людзьмі нашых краін, асабліва паміж моладдзю. Галоўная перашкода тут — візавае пытанне. Беларусам наогул атрымаць уязную візу — нацыянальную ці шэнгенскую — няпроста. Ды яшчэ заплаціць за яе 60 еўра — гэта для школьніка ці студэнта вельмі вялікія грошы.

Еўрапарламентарыі Раландас Паксас і Ёзас Імбрасас, якія прысутнічалі на пасяджэнні "круглага стала", паведамілі, што яны ў еўрапейскім парламенце ініцыявалі прапанову істотнага скарачэння кошту ўязных віз для беларусаў. Хаця б да памеру аплаты нашых суседзяў — украінцаў і расіян. Безумоўна, гэта справа не аднаго кроку, але радуе, што прапанова хаця б агучана. Кропля камень точыць.

Яшчэ адным светлым момантам мерапрыемства ў Вільнюсе стала выступленне старшакласніц мясцовай школы. Юныя вільнюсчанкі па-майстэрску праспявалі прысутным літоўскія песні, а потым цудоўна выканалі і нашу "Касіў Ясь канюшыну". Ды так выканалі, нібы жывуць у нас і мову добра ведаюць. Хаця дзяўчаты вывучылі тэкст песні літаральна напярэдадні мерапрыемства. Вось і спрачайся тут з тымі, хто ў Беларусі жыве, а родную мову ні вучыць, ні ўжываць не хоча: маўляў, занадта складана.

Вікенцій Ключнік.

Вільнюс—Мінск

Выбар рэдакцыі

Грамадства

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

Форма сацыяльнай актыўнасці падлеткаў.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».