Вы тут

Сяргей Макей: "Афіцэр павінен умець усё: і жанчыну кахаць, і Радзіму любіць, і песні спяваць"


Песня Сяргея Макея "Айчыны нашай сцяг" прагучыць на парадзе 3 ліпеня ў выкананні зводнага аркестра Узброеных Сіл

Як лічыць палкоўнік запасу Сяргей Макей, у яго самая звычайная біяграфія. Нарадзіўся ў цудоўным гарадку Валожын, што пад Мінскам, у вайсковай сям'і: бацька служыў, маці загадвала бібліятэкай у вайсковай часці. Іншай мары, як стаць "салдатам", у хлопца не было. Пасля заканчэння сярэдняй школы спрабаваў паступіць у ваеннае вучылішча, ды не прайшоў медыцынскую камісію: траўма пазваночніка. У першы раз хірург сказаў: маўляў, хлопец, ты не прыгодны да вайсковай службы ўвогуле. У другі раз, калі ўбачыў старога знаёмага на парозе, літаральна выгнаў за дзверы. Трэцім разам усё паўтарылася. Іншы б на яго месцы прымірыўся з абставінамі, але толькі не Макей. Чацвёртая, апошняя спроба стала для Сяргей шчаслівай.

85 гадоў на службе ўсёй сям'ёй

— На той час мне "стукнула" 20, а прымалі ў вучылішча толькі да 21, — згадвае мой суразмоўца. — Магчыма, доктар мяне пашкадаваў, а можа, убачыўшы маю ўпартасць, зрабіў выгляд, што не пазнаў. Хаця скажу, што гэтыя тры гады я не марнаваў час: займаўся спортам, трэніраваў мышцы спіны. Акрамя таго, паспеў закончыць Мінскі электратэхнікум сувязі. Набытая там спецыяльнасць адпавядала выбранай вайсковай. Таму мне было лягчэй прайсці па конкурсе, які складаў 17 чалавек на месца.
1375447138339_2-4
Пасля заканчэння каманднага факультэта Чарапавецкага вышэйшага ваеннага інжынернага вучылішча радыёэлектронікі лейтэнант прыехаў служыць у родны горад. У 153-й асобнай радыётэхнічнай брыгадзе асобага прызначэння ён прадоўжыў фамільную справу. Стаж службы сям'і Макея ў гэтым вайсковым фарміраванні налічвае 85 гадоў: тут служылі бацька, маці і родны брат.

— Аднойчы мой дзед праглядаў здымкі, дзе я сфатаграфаваны з афіцэрамі свайго батальёна каля казармаў, якія знаходзяцца на тэрыторыі сядзібы графа Тышкевіча. І раптам кажа: "Унук, дык я тут у 1938 годзе служыў пры паляках", — смяецца Сяргей Аляксандравіч.

Менавіта ў Валожыне афіцэр прайшоў усе прыступкі службовай лесвіцы: ад камандзіра ўзвода да камандзіра батальёна. Затым яму прапанавалі пасаду ў Міністэрстве абароны Беларусі, пасля быў намеснікам камандзіра 120-й асобнай механізаванай брыгады, зноў вярнуўся ў ваеннае ведамства, адкуль пайшоў у запас у званні палкоўніка.

Рамантык, летуценнік, патрыёт

— Сяргей Аляксандравіч, наколькі ведаю, вы чалавек творчы, пішаце вершы і музыку да іх. Адкуль у вас талент?

— Калісьці я скончыў музычную школу па класе баяна. Не скажу, што з вялікім задавальненнем туды хадзіў, мабыць, больш пад прымусам маці. Асабіста мне было цікавей збіраць макулатуру ці металалом. Але пасля заканчэння школы музыку не забываў. Акрамя таго, у старэйшых класах іграў у вакальна-інструментальным ансамблі на бас-гітары. І сваю першую песню напісаў якраз у школе. Вядома, пра каханне. Гэта была першая спроба пяра.

Потым гэтае захапленне адышло на другі план. У тэхнікуме ён быў вельмі актыўны, займаўся баскетболам, удзельнічаў ва ўсесаюзных спаборніцтвах, быў камандзірам студэнцкага будаўнічага атрада. У вайсковым вучылішчы дзякуючы моцнаму і зычнаму голасу з першага дня стаў запявалам, удзельнічаў у самадзейнасці.

— У пачатку 1990-х на карце з'явілася новая дзяржава пад назвай Рэспубліка Беларусь. Паўстала пытанне аб тым, што спяваць, — гаворыць Сяргей Аляксандравіч. — Калі мы — дзяржава і ў нас ёсць свая мова, то трэба і спяваць сваё, айчыннае. Прабачце, не "по долинам и по взгорьям шла дивизия вперед" ці "по диким степям Забайкалья". Кінуўся ў бібліятэку, але на армейскую тэматыку там нічога не знайшоў. Вырашыў перакласці на родную мову сваю любімую песню, якую выконваў у вучылішчы, "Армия моя": "Если на Отчизну нагрянет беда, позовет солдата труба. Армия моя, ты на страже всегда! Ты — моя любовь и судьба". Але перакладчык з мяне, як высветлілася, не вельмі добры і нічога асаблівага не атрымалася. Але тэма той песні, пра ваенны лёс, пакінула ўва мне адбітак, і на яго падмурку я напісаў іншыя вершы, а потым і музыку. У выніку атрымалася мая першая, беларускамоўная страявая песня "Айчыны нашай сцяг": "Радзіму абараняць у цяжкі час заўжды гатовы. Мы ўсе ўмеем ваяваць, але пра мір вядзём размовы".

Дарэчы, 3 ліпеня яна будзе гучаць на парадзе ў выкананні зводнага аркестра Узброеных сіл Беларусі.

Сяргей Макей стварае розныя песні: пра каханне, дарагі сэрцу Валожын, родную мову. Але, як прызнаўся, бліжэй яму армейская, ваенна-патрыятычная тэматыка.

— Калі я стаў намеснікам камандзіра батальёна, а потым і камандзірам, вырашыў: трэба, каб у кожнай роце была свая песня на беларускай мове. І я ўзяўся за выкананне гэтага задання. Спачатку напісаў песні для сваіх падраздзяленняў, а потым ужо і для іншых.

Творы таленавітага аўтара прыйшліся даспадобы і салдатам, і афіцэрам. Іх запелі ў розных часцях Узброеных Сіл. І калі вы пачуеце песню ў выкананні вайскоўцаў на беларускай мове, то на 50 працэнтаў яна складзена Сяргеем Макеем. На жаль, прафесійныя паэты і кампазітары на сучасную армейскую тэматыку амаль не пішуць.

З песняй "Айчыны нашай сцяг" афіцэр удзельнічаў у першым тэлевізійным фестывалі салдацкай песні, зараз ён называецца тэлефестываль армейскай песні "Звязда". І стаў лаўрэатам.

Умець запальваць "зоркі"

Падчас працы ў Міністэрстве абароны, пачынаючы з 2006 года, Сяргей Макей і сам займаўся арганізацыяй "Звязды". Цяпер Сяргей Аляксандравіч адышоў ад справы, але не страціў цікавасці да фестывалю, сочыць за таленавітымі выканаўцамі і дапамагае ім заявіць пра сябе. Напрыклад, падчас 14-га фестывалю ўпершыню салдат тэрміновай службы Аляксандр Панасюк стаў уладальнікам Гран-пры ў намінацыі "Аўтар — выканаўца".

— Зараз ён стварыў групу "Квартал", якая працуе ў моладзевым стылі хіп-хоп. Маладыя людзі самі пішуць вершы, перакладаюць іх на музыку. У іх, напрыклад, з'явілася песня "За Победу", — радуецца за поспехі свайго падапечнага Сяргей Аляксандравіч, але пры гэтым сціпла замоўчвае, што менавіта ён дапамог гурту паўдзельнічаць у музычным праекце "Айчыне служым". У салдат, якія праходзяць тэрміновую службу, няма магчымасці знайсці добрую песню, зрабіць аранжыроўку. Таму яны часта звяртаюцца да свайго настаўніка, які аддае ім ужо гатовыя творы. І многія з маладых становяцца лаўрэатамі фестывалю. На апошнім, напрыклад, з песняй Сяргея Макея на беларускай мове "Ой, ты, каша" ім стаў курсант ваеннай акадэміі з Венесуэлы, які выканаў яе вельмі эмацыянальна, як гэта могуць рабіць толькі лацінаамерыканцы.

— Узровень "Звязды" сапраўды вельмі высокі. На постсавецкай прасторы нідзе няма фестывалю такога кшталту, — упэўнены мой субяседнік. — Адсюль выйшлі такія выканаўцы, як Руслан Аляхно, Андрэй Усанаў, Рада Сямёнава, Анастасія Шавярэнка — у далейшым удзельнікі і пераможцы розных музычных праектаў на тэлебачанні.

— І ўсё ж не шкадуеце, што не сталі прафесійным паэтам-песеннікам? Магчыма, склалі б канкурэнцыю самому Ігару Лучанку? — звяртаюся да Сяргея Аляксандравіча.

— Прафесійны занятак творчасцю мае на ўвазе матэрыяльныя выгоды. А гэта супярэчыць маім прынцыпам. Я раблю ўсё паводле натхнення сэрца і душы і не атрымліваю за гэта грошай — наадварот, укладваю асабістыя сродкі. Дастаткова дорага каштуе аранжыроўка, запіс песень. Нядаўна я выдаў першы дыск песень "Айчыны нашай сцяг" з дапамогай маіх сяброў — Віталя Супрановіча, кіраўніка гурта "Стары Ольса" Зміцера Сасноўскага. Але гэта не камерцыйны праект, — адказвае ён.

— Якія планы на будучыню?

— Шчыра кажучы, творчасць пакуль пачакае. Дажыўшы амаль да 50 гадоў, я, нарэшце, пабудаваў сваю кватэру. Да гэтага даводзілася жыць з сям'ёй на здымных кватэрах, у інтэрнатах. Таму сваімі рукамі даводжу жыллё да ладу.

— З гэтай нагоды я сваім падначаленым заўсёды гаварыў, што сапраўдны афіцэр павінен умець усё: і будаваць, і рамантаваць, і Радзіму любіць, і жанчыну кахаць. Гэта мой прынцып па жыцці.

Дадам, што Сяргей Макей — актыўны ўдзельнік сацыяльных сетак, дзе прапаноўвае карыстальнікам шмат беларускіх песень армейскай тэматыкі. На яго старонкі заходзіць шмат людзей, якія звяртаюцца з просьбай выкарыстаць творы ў сваіх мэтах. І нікому з іх аўтар не адмовіў.

— Калі б усё пачаць нанова, што б памянялі ў жыцці? — дапытваюся ў Сяргея Аляксандравіча.

— Магчыма, стаў бы яшчэ і журналістам, — чую ў адказ.

Сяргей Макей сапраўды захапляўся журналістыкай. Нават падчас службы прасіў камандзіраў дазволіць завочна паступіць на факультэт журналістыкі. Але мара ўвасобілася ў дачцэ Вользе, якая працуе карэспандэнтам на сталічным тэлебачанні (СТБ).

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».