Вы тут

ФАКТЫ, ПАДЗЕІ, НАВІНЫ


"Пашпартнае" SMS-паведамленне

У сезон адпачынкаў, самы "гарачы час" для супрацоўнікаў падраздзяленняў па грамадзянстве і міграцыі па афармленні і абмену пашпартоў, апошнія прапанавалі жыхарам Віцебшчыны новую паслугу.

— З 1 ліпеня ў мэтах эканоміі часу грамадзян падраздзяленнямі па грамадзянстве і міграцыі органаў унутраных спраў аказваецца новая паслуга па інфармаванні грамадзян з дапамогай SMS-паведамлення на мабільны тэлефон пра гатоўнасць да выдачы дакумента (пашпарта грамадзяніна Рэспублікі Беларусь, віду на жыхарства ў нашай краіне, праязнога дакумента), — паведамілі ва ўпраўленні ўнутраных спраў Віцебскага аблвыканкама. — Кошт за адно паведамленне — 1000 рублёў. Для аказання паслугі па SMS-інфармаванні неабходна ў заяве на выдачу (абмен) адпаведнага дакумента напісаць поўны нумар мабільнага тэлефона (+375 *********), на які будзе дастаўлена паведамленне, і прадставіць квітанцыю аб аплаце паслугі.

Ва ўпраўленні па грамадзянстве і міграцыі нагадалі, што пражыванне па несапраўдных дакументах можа пацягнуць прыцягненне грамадзяніна да адміністрацыйнай адказнасці і штрафу ў памеры да 4 базавых велічынь (зараз гэта 400 тысяч беларускіх рублёў). Таму, каб пазбегнуць непрыемнасцяў, трэба своечасова звяртацца ў падраздзяленні па грамадзянстве і міграцыі па месцы рэгістрацыі.

Аляксандр ПУКШАНСКІ.

Замкі: крок за крокам

Згодна з праграмай "Замкі Беларусі", рэстаўрацыю і кансервацыю шэрагу аб'ектаў гістарычнай спадчыны праводзяць з перспектывай іх далейшай музеефікацыі, паведаміў намеснік старшыні Гродзенскага аблвыканкама Ігар ЖУК.

Сёлета плануецца завяршыць кансервацыю Касцельнай вежы Навагрудскага замка і часткова аднавіць замкавую агароджу (выдзелена 8 мільярдаў рублёў з рэспубліканскага і абласнога бюджэтаў), а затым распачаць аднаўленне вежы Шчытоўка, якая ў далейшым будзе музеефікавана. Выдзелены сродкі і на кансервацыю Гальшанскага замка, дзе будзе адноўлена і музеефікавана адна вежа. У Лідскім замку ў гэтым годзе будуць завершаны будаўнічыя работы ва ўнутраным дворыку, а на наступны ёсць планы па музеефікацыі.

На думку Ігара Жука, самае складанае пытанне па кансервацыі — у Крэўскім замку. У сувязі з асаблівасцямі яго канструкцыі стаіць задача выбраць аптымальны варыянт кансервацыі з пазіцый эканамічнай абгрунтаванасці і максімальнага захавання гістарычнага помніка.

Барыс ПРАКОПЧЫК.

З Эміратаў на віцебскі пляж

Нацыянальныя зборныя па пляжным футболе з Аб'яднаных Арабскіх Эміратаў, Ірана, Турцыі, Польшчы, Украіны і Беларусі возьмуць удзел у адкрытым міжнародным турніры па пляжным футболе "Кубак Дружбы-2013", які пройдзе ў Віцебску.

— Турнір стартуе 4 ліпеня на стадыёне па пляжным футболе ў пойме ракі Віцьба. Спаборніцтвы праводзяцца пад эгідай ФІФА, асацыяцый "Беларуская федэрацыя футбола" і "Федэрацыя пляжнага футбола". Міжнародныя спаборніцтвы будуць абслугоўваць рэферы ФІФА з Беларусі, Эміратаў, Ірана, Польшчы і Украіны, — паведамілі ў арганізацыйным камітэце спаборніцтваў. — Цяперашні міжнародны турнір — 4-ы па ліку ў гісторыі развіцця пляжнага футбола ў нашай краіне. Пачынаючы з 2010 года, на гарачых пясках Віцебска спаборнічалі нацыянальныя зборныя каманды па пляжным футболе з Расіі, Латвіі, Літвы, Украіны, Азербайджана, Польшчы і Малдовы. Такое прадстаўніцтва сведчыць аб міжнародным прызнанні Беларусі, дзе актыўна развіваецца пляжны футбол. Прамое пацвярджэнне — поспехі нашай зборнай каманды ў еўрапейскіх і міжнародных спаборніцтвах высокага ўзроўню.

Для правядзення міжнародных спаборніцтваў у Віцебску функцыянуе спецыялізаваны стадыён па пляжным футболе, які адпавядае ўсім еўрапейскім патрабаванням і стандартам. Сёння ФІФА і Сусветная арганізацыя пляжнага футбола (BSWW) разглядае магчымасць правядзення ў Беларусі адборачнага этапу Лігі Еўропы па пляжным футболе.

Аляксандр ПУКШАНСКІ.

Лейтэнанты на белых лімузінах

Калону белых лімузінаў на цэнтральнай вуліцы Гомеля спынілі супрацоўнікі Дзяржаўтаінспекцыі. Як расказала начальнік аддзялення па агітацыі і прапагандзе ДАІ УУС аблвыканкама Вольга Развякова, выпускнікі інжынернага інстытута МНС нанялі сем іншамарак, каб з ветрыкам пракаціцца па вуліцы Савецкай у дзень развітання з навучальнай установай.

Маладыя афіцэры высоўваліся падчас руху ў вокны і люкі доўгіх машын амаль па пояс, чым стваралі на дарозе небяспечную сітуацыю. Такім чынам, кіроўцы аўто парушылі правілы перавозкі пасажыраў, і ў дачыненні да іх супрацоўнікамі ДАІ складзены адпаведныя адміністрацыйныя пратаколы. Адначасова былі запоўнены яшчэ і пратаколы за залішняе таніраванне шкла, ступень прапускання святла якога менш за 75 % (для ветравога) і 70 % (для іншых). Цяпер кіроўцам прыйдзецца плаціць штрафы ў агульнай суме да 6 базавых велічынь на кожную машыну.

Ірына АСТАШКЕВІЧ.

Гандлюйце, а плаціце мне?

Адразу тры крымінальныя справы распачаты ў дачыненні да былога начальніка арганізацыйна-выставачнага аддзела прадпрыемства "Віцебскі абласны цэнтр маркетынгу". Ён падазраецца ў тым, што браў грошы падчас правядзення кірмашоў, а ў касу іх не здаваў.

— Былы начальнік падазраецца ў тым, што ў час правядзення чарговай рэспубліканскай выставы-кірмашу таваравытворцаў "Малы бізнес у фестывальным Віцебску" ў чэрвені 2009 года, злоўжываючы службовымі паўнамоцтвамі, атрымаў ад індывідуальнага прадпрымальніка 600 тысяч рублёў — за дазвол на ўдзел у гэтай выставе. Узяў грошы, але не ўнёс іх у касу або на разліковы рахунак прадпрыемства, дзе працаваў, — расказаў Васіль Пашкоўскі, начальнік аддзела пракуратуры Віцебскай вобласці па барацьбе з карупцыяй і арганізаванай злачыннасцю. — Ён жа падазраецца, што ў 2010 годзе ў перыяд правядзення іншага віцебскага кірмашу — тавараў народнага спажывання "Перадфестывальны" — атрымаў ад дырэктара прыватнага прадпрыемства 400 тысяч рублёў — за права гандлю. Такім чынам па той жа крымінальнай схеме паклаў грошы сабе ў кішэню.

Відаць, начальнік аддзела вырашыў паставіць сваю дзейнасць на канвеер. І таксама падазраецца, што зноў "спакусіўся": тры гады таму ў перыяд правядзення ўжо ў Наваполацку пераднавагодняй выставы-кірмашу "Модныя тавары для жанчын" атрымаў ад грамадзяніна больш за 960 тысяч рублёў наяўнымі — за ўдзел жонкі апошняга ў названай выставе. Потым таксама "забыў" пералічыць атрыманыя грошы на рахунак роднага цэнтра маркетынгу.

Зараз незаконная дзейнасць маркетолага расследуецца супрацоўнікамі Следчага камітэта.

Аляксандр ПУКШАНСКІ.

Тайнікі ў "Мерседэсах"

"Мерседэс" непрацуючага жыхара Камянецкага раёна перасякаў польска-беларускую мяжу на мытным пасту "Пясчатка". Калі супрацоўнікі мытні прапанавалі 39-гадоваму вадзіцелю праехаць у бокс для паглыбленага надгляду, ён націснуў на газ і паспрабаваў уцячы з тэрыторыі паста. Затрымалі грамадзяніна вайскоўцы памежнай групы.

Як паведаміў супрацоўнік прэс-службы Брэсцкай мытні Андрэй Дубінка, у выніку надгляду ў дзвярах і пад заднім сядзеннем аўтамабіля знойдзена больш за 350 адзінак кантрабандных адзення і касметыкі на суму больш за 30 мільёнаў рублёў.

Цікава, што праз пару гадзін перасячы мяжу на "Пясчатцы" са схаваным таварам спрабаваў 30-гадовы брат вышэйназванага грамадзяніна. Прычым таксама на "Мерседэсе". Пры надглядзе выявілі схаваны абутак і вуглашліфавальную машынку. І машыны з абсталяванымі тайнікамі, і тавар канфіскаваны да рашэння суда.

Яна СВЕТАВА.

Студэнцкая вендэта

За два дні да атрымання дыплома не вярнулася дадому 23-гадовая жыхарка Рэчыцы. Яе напужаная маці адразу ж звярнулася ў міліцыю.

Як паведаміў начальнік упраўлення крымінальнага вышуку УУС Гомельскага аблвыканкама Віктар Чыкуноў, супрацоўнікі міліцыі пачалі пошук і правялі неабходныя аператыўна-вышуковыя мерапрыемствы. Цела дзяўчыны было знойдзена ў лясным масіве недалёка ад райцэнтра. Міліцыянерамі ў той жа дзень была ўстаноўлена асоба, якая падазраецца ў здзяйсненні забойства. Грамадзянін Расійскай Федэрацыі, які вучыўся сумесна з гэтай дзяўчынай у Мазырскім універсітэце, год таму сустракаўся з ёй, але ж тая аддала перавагу іншаму. Хлопец не супакоіўся і прыехаў для высвятлення адносін на машыне, у якую студэнтка села. Сварка закончылася сумна: грамадзянін ударыў дзяўчыну нажом. Падазронага, які прызнаўся ў здзейсненым злачынстве, аператыўнікі затрымалі ў Мазыры.

Ірына АСТАШКЕВІЧ.

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.