Вы тут

Прайсці праз «Бразгун»


"Бразгун". Для жыхароў Чэрыкаўскага раёна гэтае слова гаворыць шмат. Найперш гэта крыніца, якая некалі моцна "бразгацела". Гэта і абрад з аброчнай свечкай і абразом Пятра і Паўла. І традыцыйнае гулянне на лясной паляне пасля асвячэння вады. Гэта сам дзень — другі дзень пасля праваслаўнага свята ў гонар святых першавярхоўных апосталаў Пятра і Паўла.

1375448270734_1

Сёлета "Бразгун" зноў сабраў у лесе каля крыніцы дзясяткі паломнікаў — старых і маладых, дзяцей. Сярод тых, хто тройчы праходзіў пад старажытным абразом, быў і малады тата з немаўляткам у вазку Дзмітрый Мужчынін (на фотаздымку). Пабыць на "Бразгуне" для яго важна, найперш, каб набрацца здароўя, умацавацца ў веры, сустрэцца з землякамі, якія ніколі не прамінаюць гэты фэст-кірмаш.

1375448271486_2

"Бразгун" пачынаецца ў хаце Любові Чапелінай — жыхаркі вёскі Норкі. Шмат гадоў ікона Пятра і Паўла стаіць у яе хаце. Некалі ў вёсцы бытаваў абрад пераносу аброчнай свечкі, і гэты абраз раз на год насілі з хаты ў хату. Спачатку неслі да крыніцы. А пасля свят каля гаючай вады зноў неслі (за тры кіламетры)... да новых гаспадароў. З цягам часу Норкі апусцелі, і толькі дзве апякункі засталіся ў гэтага абраду: баба Люба і баба Ніна — Ніна Акімаўна Гаспадарова. А абрад, дзякуючы работнікам культуры раёна, узяты пад ахову як гісторыка-культурная каштоўнасць. І гэта вельмі радуе Любу і Ніну, іх дзяцей і ўнукаў, якія ў дзень "Бразгуна" заўсёды збіраюцца ў бацькоўскіх хатах.

1375448271370_3

Адкуль і як з'явілася ікона ў вёсцы, расказаў Анатоль Чапелін — сын Любові Ільінічны Чапелінай. Нібыта пецярбургскі вяльможа перадаў "Пятра і Паўла" вясковаму старасце. І што на старых картах пазначана і крыніца "Бразгун" як святое месца. Дзень з'яўлення крыніцы — яе гучнае з'яўленне пачулі нават у навакольных вёсках — стаў святам "Бразгун". А абрад пераносу свечкі з іконаю ўзнік як аброчны ад пажараў, якія некалькі разоў ушчэнт вынішчалі Норкі. Пасля абрадаў вёска больш не гарэла. Два гады таму ў суседняй вёсцы ўраган дахі з хат пазрываў, а Норкі ацалелі.
Цяпер насіць абраз да крыніцы старым не пад сілу, і яго перавозяць на легкавіку. Ставяць каля крыніцы, каб рытуал асвячэння вады праходзіў пад апекай нябесных ахоўнікаў Пятра і Паўла. Потым ахвотныя тройчы праходзяць (раней прапаўзалі на каленках) пад ёю, каб умацаваць здароўе. П'юць ваду, ходзяць басанож па ручаіне, зрываюць галінкі бярозак, якія ўпрыгожвалі крыніцу і ікону.

1375448272571_4

Асаблівая частка свята — кірмаш і гулянне. Цяпер людзей забаўляе мясцовая мастацкая самадзейнасць, працуюць латкі з салодкімі прысмакамі. Асабліва кранальна спяваў царкоўны хор і ансамбль духоўных спеваў з музычнай школы Чэрыкава. І гэта толькі першыя спробы зрабіць "Бразгун" вялікай падзеяй рэгіёна, вярнуць яму былую славу.

— Мы імкнёмся захаваць старажытны абрад, адрадзіць забытыя традыцыі і надаць святу новае, сучаснае дыханне, — кажа начальнік аддзела ідэалогіі, культуры і па справах моладзі Кацярына Каркозава.

Родам Кацярына Іванаўна з гэтай жа вёскі Норкі, на "Бразгуне", як той казаў, вырасла. Захаваць яго — справа яе гонару.

Заканчваецца "Бразгун" зноў у хаце бабы Любы. У вёсцы вырашылі: няхай Пятро з Паўлам яшчэ гадок пагасцююць у Чапеліных, а там відаць будзе, хто захоча абракацца і возьме свечку і абраз да сябе.

Анатоль КЛЯШЧУК.

Фота аўтара.

Чэрыкаўскі раён.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».