Вы тут

Колькасць прэтэндэнтаў на студэнцкі білет скарацілася... але прахадныя балы на "бюджэт" могуць узрасці


16 ліпеня стартуе апошні этап прыёмнай кампаніі ў ВНУ — у гэты дзень пачнецца прыём дакументаў у вышэйшых навучальных установах другога патоку, які будзе доўжыцца да 25 ліпеня. Безумоўна, гэта самы напружаны і хвалюючы час для ўсіх: абітурыентаў, іх бацькоў, прадстаўнікоў ВНУ, членаў дзяржаўнай камісіі па кантролі за ходам падрыхтоўкі і правядзення ўступных іспытаў. Усё ж такі абсалютная большасць ВНУ уключана ў другі паток, у тым ліку і такія гіганты, як Беларускі нацыянальны тэхнічны ўніверсітэт, Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт, БДУІР, эканамічны універсітэт, абласныя ўніверсітэты, медыцынскія ВНУ...

Абітурыентаў хвалюе, хопіць ім балаў ці не, каб прайсці на "бюджэт". І хоць 36% патэнцыяльных прэтэндэнтаў на студэнцкі білет ужо адсеяліся, не пераадолеўшы мінімальную планку на ЦТ, гэта наўрад ці неяк адаб'ецца на ўкамплектаванні самых прэстыжных у сучаснай моладзі спецыяльнасцяў. Больш за тое, ёсць верагоднасць, што прахадныя балы сёлета ўзрастуць, паколькі вынікі ўдзельнікаў ЦТ у верхняй частцы рэйтынгавай шкалы аказаліся больш высокімі, чым летась.

"Якасныя" абітурыенты — для сур'ёзных спецыяльнасцяў

У Белдзяржуніверсітэце, напрыклад, даўно ніхто не здзіўляецца, калі агульная сума балаў у прэтэндэнта на студэнцкі білет перавышае 360, 370 або нават 380 балаў. Уладальнікаў такіх высокіх балаў можна сустрэць на самых розных факультэтах БДУ — такіх, напрыклад, як эканамічны факультэт, факультэт міжнародных адносін, факультэт прыкладной матэматыкі і інфарматыкі, юрыспрудэнцыі, на спецыяльнасцях Інстытута бізнесу і менеджменту тэхналогій. А больш як 300 балаў у суме меў летась кожны трэці абітурыент БДУ.

Адной з асаблівасцяў уступнай кампаніі гэтага года ў БДУ стане павелічэнне прыёму на скарочаную форму навучання выпускнікоў каледжаў. Іх будуць прымаць на 10 спецыяльнасцяў (летась прымалі толькі на тры): "Правазнаўства", "Матэматыка і інфармацыйныя тэхналогіі", "Сацыяльная работа", "Дызайн", "Руская філалогія", "Беларуская філалогія", "Дакументазнаўства", "Фінансы і крэдыт", "Менеджмент", "Бізнес-адміністраванне". Скарачэнне тэрмінаў навучання пасля каледжа складзе як мінімум год.

Увогуле на працягу трох апошніх гадоў прыём у ВНУ выпускнікоў сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў для атрымання адукацыі ў скарочаныя тэрміны паступова павялічваўся. У 2012 годзе ён склаў 15,7 тысячы выпускнікоў ССНУ, або 17,8% ад агульнай колькасці. У 2013 годзе прыём на скарочаны тэрмін навучання будуць ажыццяўляць ужо 39 ВНУ, прычым Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Я. Купалы, Беларуска-Расійскі ўніверсітэт, Брэсцкі дзяржаўны тэхнічны ўніверсітэт, Гомельскі дзяржаўны тэхнічны ўніверсітэт імя П. Сухога, Мінскі інстытут кіравання сёлета істотна пашырылі пералік спецыяльнасцяў па падрыхтоўцы кадраў па інтэграваных праграмах.

На працягу некалькіх апошніх гадоў у БДУ канстатавалі зніжэнне агульнай паспяховасці студэнтаў, але, нарэшце, намецілася станоўчая тэндэнцыя — якасць падрыхтоўкі студэнтаў пачала расці, пра што сведчаць і вынікі зімовай сесіі… Колькасць першакурснікаў, якія атрымалі тры нездавальняючыя адзнакі, што цягне за сабой аўтаматычнае адлічэнне, зменшылася на 2%, затое павялічылася колькасць тых, хто навучаецца на 6 балаў і вышэй.

Таму павышэнне мінімальнага прахаднога бала на цэнтралізаваным тэсціраванні ў БДУ толькі вітаюць, хоць і разумеюць, што павышэнне ніжняй планкі на ЦТ прывядзе да таго, што не ўсе месцы будуць запоўнены на платнай форме навучання. Але для БДУ больш важна ўкамплектаваць "якаснымі" абітурыентамі бюджэтныя аддзяленні. Асабліва гэта актуальна для прыродазнаўча-навуковых дысцыплін.

Дарэчы, сёлета ў БДУ адкрываецца 11 новых спецыяльнасцяў: "Матэматыка і інфармацыйныя тэхналогіі", "Камп'ютарная матэматыка і сістэмны аналіз", "Механіка і матэматычнае мадэляванне", "Камп'ютарная фізіка", "Фізіка нанаматэрыялаў і нанатэхналогій", " Ядзерныя фізіка і тэхналогіі", "Фундаментальная хімія", "Хімія высокіх энергій", "Хімія лекавых спалучэнняў" і г. д. Даволі складана ўявіць сабе на такіх сур'ёзных спецыяльнасцях уладальнікаў нізкіх балаў.

Будзь у курсе:

Згодна з Кодэксам аб адукацыі, установы вышэйшай адукацыі заключаюць цяпер дагаворы з усімі студэнтамі: не толькі платнай, але і бюджэтнай формы навучання. У дагаворах прапісаны ўмовы навучання і ўзаемныя абавязацельствы двух бакоў. Але калі абітурыент непаўналетні, то для падпісання дагавора патрабуецца прысутнасць яго законнага прадстаўніка. На сайце Міністэрства адукацыі прадстаўлены тыпавыя дагаворы аб падрыхтоўцы спецыяліста з вышэйшай адукацыяй і за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту, і на платнай аснове

Перавагі аўтаматызаванай сістэмы залічэння

Абітурыенты з недастаткова высокімі баламі ў сертыфікатах ЦТ па фізіцы і матэматыцы, на жаль, пры прыёме на тэхнічныя спецыяльнасці — будзённая з'ява. Аднак Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт інфарматыкі і радыёэлектронікі гэтая праблема закранула летась у найменшай ступені, прынамсі, яго бюджэтную форму навучання.

Так, на дзённую бюджэтную форму навучання па тэхніка-тэхналагічным профілі прахадны бал выпускнікоў гарадскіх школ склаў 220 і вышэй. Для выпускнікоў сельскіх школ — 210 і вышэй. Самыя высокія прахадныя балы былі ў тых, хто паступаў на спецыяльнасці "Інфарматыка і тэхналогіі праграмавання" — 356, "Эканоміка і арганізацыя вытворчасці" — 343 і "Праграмнае забеспячэнне інфармацыйных тэхналогій" — 333. (300 балаў і больш мелі летась больш як 30% абітурыентаў БДУІР. Як, цікава, будзе складвацца конкурсная сітуацыя сёлета?)

Галоўнае новаўвядзенне сёлетняй прыёмнай кампаніі ў БДУІР — магчымасць указваць пры падачы дакументаў на спецыяльнасці тэхніка-тэхналагічнага профілю адразу 7 прыярытэтных спецыяльнасцяў. Нагадаем, што толькі ў БДУІР дзейнічае аўтаматызаваная сістэма прыёму заяў і залічэння. Спачатку абітурыент са сваім наборам сертыфікатаў удзельнічае ў конкурсе на спецыяльнасць, указаную ў прыярытэтах першай, а затым — па другой і іншых спецыяльнасцях. Толькі пры паступленні на эканамічны профіль засталіся два прыярытэты.

Трэба дадаць, што ў БДУІР пасля заканчэння першага ці другога курсаў студэнт пры жаданні будзе мець магчымасць перайсці на любую іншую спецыяльнасць з мінімальнай здачай акадэмічнай розніцы, паколькі вучэбныя планы і праграмы па ўсіх спецыяльнасцях на першым і другім курсах максімальна ўніфікаваныя. Калі будуць свабодныя месцы на бюджэтнай форме, у студэнта ёсць шанцы трапіць на "бюджэт", а пры іх адсутнасці можна будзе перавесціся на платную форму навучання. Затое менавіта на тую спецыяльнасць, якая сапраўды будзе маладому чалавеку па душы.

У БДУІР ў новым навучальным годзе адкрываецца адразу 12 новых спецыяльнасцяў: "Праграмаваныя мабільныя сістэмы", "Радыётэхніка (праграмаваныя радыёэлектронныя сродкі)", "Радыётэхніка (тэхніка лічбавай радыёсувязі)", "Электронныя і інфармацыйна-кіруючыя сістэмы фізічных установак", "Інфакамунікацыйныя тэхналогіі", "Эканоміка электроннага бізнесу", "Электронны маркетынг" і іншыя.

Таксама ў Беларускім дзяржаўным універсітэце інфарматыкі і радыёэлектронікі была адноўлена вячэрняя форма навучання, якая стала цудоўнай альтэрнатывай завочнаму аддзяленню. У першую чаргу вячэрняя форма навучання разлічана на тых, хто ўжо працуе, хоць наяўнасць працоўнай кніжкі і не з'яўляецца абавязковай умовай для паступлення. Падрыхтоўка на вячэрняй форме навучання будзе весціся па чатырох спецыяльнасцях: "Электронныя вылічальныя сродкі", "Інжынерна-псіхалагічнае забеспячэнне інфармацыйных тэхналогій", "Інфармацыйныя тэхналогіі і кіраванне ў тэхнічных сістэмах" і "Вылічальныя машыны, сістэмы і сеткі".

1375448280957_img_4620

Парадак замены сертыфіката:

Для замены сертыфікатаў у Рэспубліканскі інстытут кантролю ведаў неабходна прад'явіць наступныя дакументы:

Пры страце сертыфіката:

1. Дакумент з любой рэдакцыі газеты, які пацвярджае размешчанае там паведамленне аб несапраўднасці сертыфіката на імя заяўніка;

2. Ксеракопію пашпарта;

3. Заяву на імя дырэктара РІКВ.

Пры замене пашпарта (віду на жыхарства):

1. Даведку з органаў унутраных спраў аб замене пашпарта (віду на жыхарства);

2. Ксеракопію новага пашпарта;

3. Сертыфікат, які падлягае замене;

4. Заяву на імя дырэктара РІКВ.

Пры памылках у сертыфікаце:

1. Ксеракопію пашпарта;

2. Сертыфікат, які падлягае замене;

3. Заяву на імя дырэктара РІКВ.

Паступленне ці адпачынак за мяжой?

У ліпені найбольшая колькасць пытанняў, што паступаюць на "гарачую" лінію Міністэрства адукацыі, як правіла, датычацца правядзення для сельскай моладзі асобнага конкурсу і магчымасці сумясціць паступленне і адпачынак за мяжой. Праўда, яшчэ пасля абвяшчэння вынікаў ЦТ званілі абітурыенты, якіх цікавіла, ці не будзе зменшана ніжняе значэнне тэставага бала? Але такое пытанне ў міністэрстве не разглядалася.

Наконт асобнага конкурсу сярод абітурыентаў-гараджан і абітурыентаў з сельскай мясцовасці ў Міністэрстве адукацыі патлумачылі, што залічэнне па асобным конкурсе ажыццяўляецца толькі на бюджэтныя месцы. Спачатку на месцы, вызначаныя кантрольнымі лічбамі прыёму (без уліку лічбаў прыёму на ўмовах мэтавай падрыхтоўкі), залічваюцца асобы, якія маюць ільготы на залічэнне без уступных іспытаў і па-за конкурсам. А тыя месцы, што засталіся, дзеляцца прапарцыянальна пададзеным заявам сярод дзвюх катэгорый абітурыентаў — сельскіх і гарадскіх. А пры залічэнні на ўмовах аплаты дзейнічае агульны конкурс, без раздзялення выпускнікоў на сельскіх і гарадскіх.

Дарэчы, і на бюджэтную форму навучання не заўсёды бывае асобны конкурс. Калі бал сяльчан вышэйшы ці роўны балу гараджан, то праводзіцца агульны конкурс. У 2012 годзе агульны конкурс ажыццяўляўся больш чым на палову спецыяльнасцяў, гэта значыць, што ў абітурыентаў з сельскіх населеных пунктаў былі даволі высокія балы.

Што тычыцца ўладальнікаў мэтавых накіраванняў, то калі абітурыент па конкурсе не праходзіць на мэтавыя месцы, ён аўтаматычна ўдзельнічае ў агульным конкурсе на бюджэтнае навучанне, а калі і тут яму не хапае балаў, ён можа паступіць на ўмовах аплаты.

Ад абітурыентаў, якія не прайшлі па конкурсе на дзённую бюджэтную форму навучання, дакументы для ўдзелу ў конкурсе ў той жа ВНУ на завочную і вячэрнюю формы атрымання адукацыі за кошт сродкаў бюджэту будуць прымацца па 2 жніўня, а на дзённую, завочную і вячэрнюю формы навучання на платнай аснове — па 4 жніўня.

Трэба мець на ўвазе, што, згодна з Правіламі прыёму ў ВНУ, абітурыент павінен прад'явіць у прыёмную камісію дакумент, які сведчыць яго асобу. Бацькі падаваць дакументы ў прыёмную камісію замест сваіх дзяцей могуць толькі ў выключных выпадках: напрыклад, калі абітурыент выехаў за мяжу для ўдзелу ў міжнародных алімпіядах, спаборніцтвах ці конкурсах, у выпадку хваробы і лячэння за мяжой па накіраванні ўстановы аховы здароўя, і гэта яны могуць пацвердзіць дакументальна. Важнай прычынай можа стаць і службовая камандзіроўка. У такіх выпадках прадстаўнікі абітурыента могуць падаць у прыёмную камісію яго дакументы з даверанасцю, аформленай натарыяльна. Выезд за мяжу на адпачынак ці знаходжанне пашпарта ў пасольстве для адкрыцця візы не лічацца ўважлівымі прычынамі.

У Міністэрстве адукацыі параілі абітурыентам пільна правяраць пакет дакументаў, якія яны рыхтуюць для прыёмнай камісіі. Правільна павінны быць аформлены медыцынская даведка, дакумент аб адукацыі, сертыфікат. Ва ўсіх дакументах напісанне прозвішча, імя і імя па бацьку павінна супадаць з пашпартнымі звесткамі. Калі пасля атрымання сертыфіката ЦТ мяняецца пашпарт, прозвішча, то перад візітам у прыемную камісію сертыфікат трэба замяніць у Рэспубліканскім інстытутце кантролю ведаў. Менавіта з‑за такіх нябачных падводных камянёў не варта цягнуць падачу дакументаў да апошняга дня.

Прыёмныя камісіі ВНУ другога патоку будуць працаваць па суботах 20, 27 ліпеня, 3 жніўня і ў нядзелю 4 жніўня (апошні дзень прыёму дакументаў на платнай аснове). І ўсё ж такі хацелася б параіць абітурыентам не адкладваць свой візіт у прыёмную камісію на апошні дзень, таму што такіх "разумнікаў" можа быць шмат, і сітуацыя з конкурсам можа змяніцца літаральна за некалькі апошніх гадзін ці ўжо пасля закрыцця прыёмных камісій. Часцей за ўсё перападаюць свае дакументы тыя, чый бал знаходзіцца на мяжы прахаднога, а ў гэтай сітуацыі можна і памыліцца з падлікамі.

У 18 гадзін прыёмная камісія спыніць выдачу абітурыентам дакументаў з мэтай іх падачы на іншую спецыяльнасць, пры гэтым будзе ажыццяўляцца прыём дакументаў ад усіх абітурыентаў, што паспелі трапіць у будынак да таго, як дзверы на ўваход зачыніліся.

Залічэнне, як абяцаюць у Міністэрстве адукацыі, будзе ажыццяўляцца ў максімальна адкрытым рэжыме, таму што поўная і праўдзівая інфармацыя аб ходзе прыёму дакументаў з'яўляецца сведчаннем празрыстасці конкурсу. Спісы залічаных павінны змяшчаць інфармацыю аб колькасці набраных балаў і льготным залічэнні (без уступных іспытаў і па-за конкурсам), каб у абітурыентаў і іх бацькоў не ўзнікала ні цені сумнення.

Будзь у курсе:

Грамадзянам Расійскай Федэрацыі, Рэспублікі Казахстан, Кыргызскай Рэспублікі, Рэспублікі Таджыкістан, а таксама грамадзянам Рэспублікі Беларусь, якія пастаянна пражываюць на тэрыторыі замежных дзяржаў і там атрымалі агульную сярэднюю адукацыю, даецца магчымасць паступлення на платную форму навучання ў беларускія ВНУ толькі па выніках гутаркі — без уступных іспытаў. Але ў гэтым выпадку аплачваць навучанне яны будуць па тарыфах, устаноўленых для замежных грамадзян. Дакументы ад замежных грамадзян, а таксама ад грамадзян краін ЕўрАзЭС, будуць прымацца прыёмнымі камісіямі да 15 кастрычніка ўключна...

Надзея НІКАЛАЕВА.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Беларускі Чырвоны Крыж працягвае аказваць дапамогу падчас пандэміі і іншых надзвычайных сітуацый

Беларускі Чырвоны Крыж працягвае аказваць дапамогу падчас пандэміі і іншых надзвычайных сітуацый

Каля мільёна чалавек атрымала падтрымку ў выглядзе прадуктовых набораў, ваўчараў, якія можна было «атаварыць», грашовых сродкаў, дастаўкі прадуктаў на дом, а таксама простай размовы па тэлефоне «гарачай лініі» са спецыялістам.

Грамадства

Матывацыя праз гейміфікацыю, або як працуюць механізмы гульні ў адукацыі

Матывацыя праз гейміфікацыю, або як працуюць механізмы гульні ў адукацыі

Вядома, што гульня здольная захапіць усю ўвагу чалавека і не адпускаць яе доўгі час.

Культура

Падмурак Трэцяга Рэнесансу закладваецца ва Узбекістане

Падмурак Трэцяга Рэнесансу закладваецца ва Узбекістане

У Ташкенце прайшлі Тыдзень культурнай спадчыны Узбекістана і ІV Міжнародны кангрэс Сусветнага таварыства па вывучэнні, захаванні і папулярызацыі культурнай спадчыны Узбекістана «Культурная спадчына Узбекістана — падмурак новага Рэнесансу».

Грамадства

Елку можна секчы, але нельга спальваць у печы. Чым небяспечныя хвойныя дрэвы і што з імі рабіць, асабліва пасля свят

Елку можна секчы, але нельга спальваць у печы. Чым небяспечныя хвойныя дрэвы і што з імі рабіць, асабліва пасля свят

Елкі, вывезеныя на смеццевыя палігоны, падчас гніення выдзяляюць у асяроддзе шкодныя рэчывы не горш за пластык.