Вы тут

ФАКТЫ, ПАДЗЕІ, НАВІНЫ


Чорны дзень Белага возера

Удзень у нядзелю на возеры Белае, што ў Жыткавіцкім раёне, загінула пяць чалавек. З іх трое — хлопчыкі ва ўзросце чатырох, пяці і сямі гадоў. Глыбіня возера ў месцы, дзе перакулілася лодка, прыблізна 10 метраў, а адлегласць да берага — каля 200.

Як расказала афіцыйны прадстаўнік упраўлення Следчага камітэта па Гомельскай вобласці Марыя Крываногава, Жыткавіцкі раённы аддзел Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь завёў крымінальную справу ў дачыненні да 40-гадовага жыхара Жыткавіч па прыкметах злачынства, прадугледжанага ч. 2 арт. 316 УК Рэспублікі Беларусь (парушэнне правіл бяспекі руху і эксплуатацыі маламерных суднаў асобай, якая кіруе суднам, што пацягнула па неасцярожнасці смерць чалавека).

Падчас папярэдняга следства высветлена, што гэты грамадзянін, знаходзячыся ў стане алкагольнага ап'янення, кіраваў дзюралевай маторнай лодкай "Прагрэс" на возеры Белае каля вёскі Баравая Жыткавіцкага раёна. У лодцы знаходзілася дзевяць пасажыраў. Яшчэ адзін чалавек перавозіўся ў надзіманым балоне для катання, так званай "таблетцы", якая буксіравалася з дапамогай вяроўкі. У нейкі момант, на віражы, кіроўца не справіўся з лодкай. Маламернае судна перакулілася і затанула. У выніку здарэння загінулі трое дзяцей, 32-гадовая маці старэйшага з іх (усе — жыхары Салігорска) і яшчэ 30-гадовая жыхарка Жыткавіч. На месцы здарэння працавалі супрацоўнікі МНС, Таварыства выратавання на вадзе, следча-аператыўная група Жыткавіцкага аддзела СК сумесна з супрацоўнікамі абласнога і цэнтральнага апарата Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь, аператыўная група УУС Гомельскага аблвыканкама.

Зараз знойдзены ўсе целы загінулых. Маламернае судна канфіскавалі для правядзення экспертызы. Пры правядзенні першапачатковых следчых дзеянняў з боку кіроўцы лодкі выяўлены шэраг парушэнняў, у тым ліку: маторная лодка не была зарэгістравана ў вызначаным парадку і не была разлічана на такую колькасць чалавек, усе пасажыры знаходзіліся без выратавальных камізэлек.

У прэс-службе Гомельскага абласнога ўпраўлення МНС дадаюць, што тых, хто выжыў, выратавалі відавочцы няшчаснага выпадку, якія апынуліся побач на дзвюх маторных лодках. На жаль, дапамагчы астатнім яны не змаглі. Безвыніковымі былі і рэанімацыйныя мерапрыемствы, што праводзіліся жанчыне, якую без прыкмет жыцця вынялі з вады амаль адразу пасля аварыі.

Зараз кіроўца маторнай лодкі затрыманы і дае паказанні. Санкцыямі інкрымінаванага яму злачынства прадугледжана пакаранне да 7 гадоў пазбаўлення волі.

Першыя тысячнікі-камбайнеры

У Гомельскай вобласці ўшанавалі камбайнераў, якія з пачатку жніва намалацілі больш за тысячу тон збожжа.

У прыватнасці, першыя экіпажы-тысячнікі з'явіліся ў Брагінскім раёне. Такога высокага паказчыка ў рэгіёне ўжо дасягнулі два экіпажы камбайнераў ААТ "Чамярыскі" ў складзе Рыгора і Аляксея Сніцарэнкаў, а таксама Міхаіла і Вячаслава Салдаценкаў. Першую тысячу тон збожжа хлебаробы намалацілі вечарам у нядзелю. Каштоўнымі падарункамі камбайнераў-тысячнікаў аддзячыла кіраўніцтва Гомельскага аблвыканкама, абласнога прафсаюза АПК. Віншаванні з першай тысячай новага збожжа прыняў і экіпаж-тысячнік КСУП "Агракамбінат "Холмеч" Рэчыцкага раёна. У яго склад уваходзяць старшы камбайнер Васіль Каваль і камбайнер Віталь Ільеў. Хлебаробы працуюць на камбайне "Lехіоn-760", і на ўчарашнюю (15.07) раніцу яны намалацілі больш за 1211 тон збожжа.

Ірына АСТАШКЕВІЧ.

Вада трапіла нават у метро

У мінулую суботу на сталіцу абрынуўся моцны дождж, што прывяло да сур'ёзных наступстваў.

З 11.10 да 12.15 было зарэгістравана выпадзенне амаль 54 мм ападкаў пры сярэднямесячнай норме 90 мм. У выніку падтапленняў глыбінёй да 35 см на сямі ўчастках дарог рух 21-га тралейбуснага маршрута спыніўся на час ад 40 хвілін да трох гадзін. Па інфармацыі Мінскага гарадскога ўпраўлення МНС, былі падтоплены тры прыватныя жылыя дамы па вуліцы Валгадонскай (узровень вады ў жыллі склаў 20 см). Эвакуацыя не праводзілася. Вада трапіла на станцыі метро "Парк Чалюскінцаў" і "Усход". Праўда, спынення руху электрацягнікоў не было. Работнікі МНС эвакуявалі з легкавога аўтамабіля па вуліцы Гало на сухі ўчастак мясцовасці двух чалавек. "Шкода" заглохла ў вадзе (узровень вады склаў 35 см). У машыне былі кіроўца 1983 года нараджэння і яго сын 2004 года нараджэння. Яны не пацярпелі.

Сяргей РАСОЛЬКА.

Будзе Дзень рыбака

У Беларусі плануюць узаконіць свята прафесіяналаў і аматараў рыбнай лоўлі — Дзень рыбака. Пра гэта паведаміў карэспандэнту БелТА прадстаўнік рэспубліканскага дзяржаўна-грамадскага аб'яднання "Беларускае таварыства паляўнічых і рыбаловаў" Сяргей Дарашэвіч па выніках пленуму РДГТ.

Дзень рыбака быў заснаваны ў канцы 1960-х гадоў указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР, нагадаў Сяргей Дарашэвіч. З тых часоў у многіх краінах былога СССР ён штогод адзначаецца кожную другую нядзелю ліпеня. "У Беларусі пасля распаду СССР Дзень рыбака адзначаўся нефармальна, цяпер свята атрымала другое жыццё", — дадаў Сяргей Дарашэвіч, адзначыўшы, што раней у БТПР не раз паступалі прапановы ад супрацоўнікаў рыбалоўных прадпрыемстваў і простых рыбакоў адрадзіць свята. Цяпер у мэтах папулярызацыі свята таварыства распрацоўвае план рыбалоўных мерапрыемстваў на бліжэйшыя гады. У перспектыве Дню рыбака плануюць надаць статус афіцыйнага прафесійнага свята. Адпаведную прапанову БТПР накіруе ў Савет Міністраў.

"Дзень рыбака — душэўнае свята, якое збірае разам прафесійных рыбакоў, супрацоўнікаў рыбаводных прадпрыемстваў, простых аматараў рыбалкі", — дадаў Сяргей Дарашэвіч.

...І раптам ударыла маланка

У Кармянскім раёне на рацэ Сож двое рыбакоў лавілі рыбу з металічнай лодкі з маторам. Сталі чутнымі далёкія грымоты, і хмары пачыналі згушчацца, але ў месцы, дзе яны рыбачылі, была ясная пагода.

Адзін з рыбакоў стаяў у лодцы, а другі сядзеў у ёй. Раптам ударыла маланка, — у рыбака, які стаяў. Яго выкінула з лодкі ў ваду. Відавочцы падплылі да пацярпелых на сваёй лодцы і аказалі першую медыцынскую дапамогу. Але ж мужчына памёр па дарозе ў бальніцу.

Падчас купання ў адным з гомельскіх вадаёмаў загінуў чацвёртакласнік. Як расказаў прэс-сакратар Гомельскага абласнога ўпраўлення МНС Руслан Габрылёў, трое падлеткаў вырашылі выкупацца ў возеры каля алеі Закаханых. Пры гэтым пачалі скакаць у ваду з моста. Затым два хлапчукі — родныя браты — адышлі пагутарыць з сябрамі. Трэці застаўся скакаць адзін. Калі дзеці вярнуліся, яны не знайшлі таварыша. Пры гэтым яго вопратка ляжала на беразе. Хлапчукі падбеглі да мінака і расказалі пра здарэнне, а мужчына патэлефанаваў у МНС. Па папярэдніх звестках, дзіця скокнула з моста і стукнулася галавой аб апору. Траўма не дазволіла падняцца на паверхню вады. Цела хлопчыка з дна вадаёма паднялі вадалазы Таварыства выратавання на вадзе.

Ірына АСТАШКЕВІЧ.

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.