Вы тут

Аляксандр Лукашэнка: "Патрэбна рэальная барацьба з найбольш цяжкімі формамі карупцыі і эканамічных злачынстваў"


Учора Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка правёў нараду па пытанні эфектыўнасці барацьбы з карупцыяй і эканамічнымі злачынствамі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Варта прызнаць, што яшчэ не ўсё неабходнае зроблена для спынення карупцыі і правапарушэнняў у эканамічнай сферы. Работа ўпаўнаважаных дзяржаўных органаў часта носіць бессістэмны характар і абмяжоўваецца выяўленнем малазначных злачынстваў. Пасіўнасць праяўляюць і мясцовыя органы ўлады", — адзначыў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ў краіне дзейнічае антыкарупцыйнае заканадаўства, якое адпавядае міжнародным стандартам, і сёння няма неабходнасці яго ў цэлым рэфармаваць. Прэзідэнт лічыць, што дзяржава мае права чакаць большага эфекту ад работы службаў і падраздзяленняў, якія павінны спыняць карупцыйныя праявы і эканамічныя злачынствы, паколькі затрачвае значныя сродкі на ўтрыманне гэтых структур.

"Відавочна, што асноўнымі прычынамі існуючай сітуацыі сталі самазаспакоенасць і інертнасць шэрагу начальнікаў падраздзяленняў праваахоўных і кантралюючых органаў, — заявіў кіраўнік дзяржавы. — Вінаватыя не стрэлачнікі, а хто сядзіць за гэтым сталом. Калі ў вас няма ўнутранай перакананасці, што гэта — страшная зараза для дзяржавы і яе трэба неадкладна выкараняць па ўсіх напрамках, мы ніколі карупцыю не пераможам".

"Хачу, каб вы зразумелі: я не пабаюся любога рашучага кроку і дзеяння, у тым ліку калі гэта будзе тычыцца самых высокіх службовых асоб", — падкрэсліў Прэзідэнт, папярэдзіўшы ўсіх прысутных на нарадзе кіраўнікоў ведамстваў аб персанальнай адказнасці за стан спраў у сферы стрымання карупцыі і эканамічных злачынстваў. "Падкрэсліваю: не павінна быць ніякай кампанейшчыны. Гэта пастаянная, мэтанакіраваная, штодзённая праца", — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Генеральная пракуратура на справе павінна стаць каардынатарам работы ў барацьбе з карупцыяй

Аляксандр Лукашэнка патрабуе ад Генеральнай пракуратуры, каб яна на справе стала каардынатарам работы ўсіх праваахоўных ведамстваў у пытаннях барацьбы са злачыннасцю і арганізацыяй процідзеяння карупцыі. "Час шчоўкаць абцасамі скончыўся. Патрэбна рашучая барацьба з гэтым злом, — сказаў Прэзідэнт. — Пакуль я ад Генпракуратуры гэтага не бачу".

"Рэальная барацьба з найбольш цяжкімі формамі карупцыі і эканамічных злачынстваў, якія наносяць значны матэрыяльны ўрон, а таксама шкоду правам і законным інтарэсам грамадзян, не павінна падмяняцца пагоняй за колькаснымі паказчыкамі па выяўленні і спыненні менш небяспечных парушэнняў", — падкрэсліў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка са шкадаваннем канстатаваў, што сярод праваахоўных органаў адсутнічае належнае ўзаемадзеянне па многіх пытаннях. "Насцярожвае і тое, што пракурорамі не прынята рэальных мер па ліквідацыі наяўных фактаў неканструктыўнай сумеснай працы аператыўных службаў і следчых падраздзяленняў у пытаннях ацэнкі сабраных доказаў па эканамічных злачынствах. Менавіта гэта часам служыць прычынай несвоечасовага завядзення альбо неабгрунтаванага спынення крымінальных спраў", — сказаў кіраўнік дзяржавы .

Ён таксама адзначыў, што з боку пракуратуры эфектыўная каардынацыя сумеснай работы падмяняецца паператворчасцю і абмеркаваннем статыстычных даных. "Вы мне абяцалі пакласці канец гэтай пісаніне", — сказаў Прэзідэнт, звяртаючыся да генеральнага пракурора Аляксандра Канюка.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на асаблівую значнасць пытанняў эфектыўнай барацьбы з карупцыяй і эканамічнымі злачынствамі. "З майго пункту гледжання, гэта найважнейшыя пагрозы для нашай дзяржавы. Нічога больш страшнага для нас сёння няма яшчэ і таму, што з іншымі пагрозамі мы спраўляемся, і, можна сказаць, паспяхова", — сказаў кіраўнік дзяржавы.

У той жа час Прэзідэнт адзначыў і пэўныя станоўчыя зрухі, якіх дабіліся ў выніку выпрацоўкі сістэмы мер па выкараненні супрацьпраўных з'яў ва ўсіх іх формах і праявах, аналізе дзейнасці адпаведных дзяржаўных структур па гэтых напрамках. "На працягу трох апошніх гадоў колькасць карупцыйных і эканамічных злачынстваў у краіне скарачаецца, — сказаў кіраўнік дзяржавы. — Як бы да нас ні ставіліся ў Заходняй Еўропе, Амерыцы

, іншых краінах, усе адназначна прызнаюць, што ў Беларусі ўлада імкнецца паставіць заслон любым карупцыйным злачынствам. Недатыкальных у краіне няма. Гэта ацэнкі з боку расіян, украінцаў, палякаў, іншых, не толькі суседзяў нашай дзяржавы". Палепшыўся і міжнародны імідж Беларусі па гэтых пазіцыях. "Гэта ў цэлым пацвярджае дзейснасць прымаемых на дзяржаўным узроўні мер, асабліва прафілактычных. Тым не менш актуальнасць антыкарупцыйнай тэмы не зніжаецца. Яна патрабуе пастаяннай увагі і сістэмнай работы як праваахоўных органаў, так і ўсяго грамадства", — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

МУС недапрацоўвае па выяўленні эканамічных злачынстваў

"Валодаючы самым вялікім патэнцыялам і неабходнымі магчымасцямі, ведамства заняло незразумелую чакальную пазіцыю", — адзначыў Прэзідэнт. Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу міністра ўнутраных спраў Ігара Шуневіча на неапраўдана зацягнуты працэс рэарганізацыі галоўнага ўпраўлення па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй. "Нягледзячы на тое, што супрацьдзеянне карупцыі вызначана ў якасці асноўнай задачы для гэтага падраздзялення і на гэтую задачу асаблівы ўпор рабіўся ў ходзе нарады па рэфармаванні органаў унутраных спраў, ніякіх рашэнняў па яе выкананні пакуль не прынята, па меншай меры, у поўным аб'ёме, — канстатаваў Прэзідэнт. — Больш за тое, у апошні час я атрымліваю ўсё больш інфармацыі ад міністра па асобных карупцыйных праявах. Але яна проста нікчэмная ў параўнанні з той інфармацыяй, якую я маю ад іншых структур. Гэта выяўленыя вамі дробныя факты карупцыі і эканамічных злачынстваў".

На думку кіраўніка дзяржавы, страціла сваю арганізуючую ролю і галоўнае ўпраўленне па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі. Нягледзячы на складаную абстаноўку ў гэтай сферы, колькасць эканамічных злачынстваў, якія выяўляюцца органамі ўнутраных спраў, знізілася за тры гады практычна на трэць. "Нізкія вынікі работы на фоне захоўваемага самага вялікага некамплекту ў аператыўных падраздзяленнях, які дасягае амаль 15%, нездаровы маральна-псіхалагічны клімат у калектыве сведчаць, што дзейнасць гэтага падраздзялення выпала з поля зроку як міністра, так і начальнікаў абласных упраўленняў. І начальнікаў зверху, якія павінны кантраляваць дадзеныя працэсы, я маю на ўвазе кіраўнікоў Дзяржсакратарыята і Генпракуратуры", — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

"Уважліва разбярыцеся ў сітуацыі, якая склалася, і неадкладна прыміце дзейсныя меры па выпраўленні сітуацыі, калі неабходна, то і кадравыя. Вядучая служба міністэрства не павінна адседжвацца ў цені!" — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка, звяртаючыся да міністра ўнутраных спраў.

Выкараніць кругавую паруку пры барацьбе з карупцыяй і эканамічнымі злачынствамі

"Ні адзін невінаваты не павінен быць прыцягнуты да адказнасці. Не павінна быць і выбарачнага, як у нас часта бывае, прыцягнення да адказнасці за эканамічныя злачынствы і карупцыю. Маўляў, гэта свае знаёмыя, нават калі і парушылі нешта — добра, закрыем вочы, папярэдзіўшы ціхенька ў лазні, на пікніку, на п'янцы, на паляванні, на рыбалцы. А гэтых вось ці не ведаем, ці занадта яны насвавольнічалі, давайце, адкруцім ім галаву. Хачу сказаць наступнае: пры такой спробе галовы будуць адкручаныя тым, хто гэтым займаецца. У аснове павінна ляжаць выключная справядлівасць! Вінаваты — адказвай, хто б ты ні быў!" — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Звяртаючыся да генеральнага пракурора і старшыні Следчага камітэта, Прэзідэнт адзначыў, што яны нясуць персанальную адказнасць за захаванне законнасці пры расследаванні крымінальных спраў, асабліва па эканамічных злачынствах. "Той, хто здзейсніў злачынства, абавязаны пакрыць прычыненую шкоду ў поўным аб'ёме і панесці заслужанае пакаранне. Гэтае пытанне павінна быць пад пастаянным вашым кантролем. Трохразовы, пяціразовы плацеж за выяўленыя скрадзеныя ў дзяржавы і грамадства грошы", — падкрэсліў Прэзідэнт.

"Я заўважаю, што ў нас утвараецца маленькая кругавая парука на ўзроўні раёнаў, гарадоў, абласцей. Яны пачынаюць жыць па сваіх законах, а вы, напэўна, думаеце пачынаць таксама жыць па сваіх законах у цэнтры. Можаце кіраваць — кіруйце усёй сістэмай, не — значыць, будзем думаць: ці новых людзей прыцягваць, ці сістэму мяняць", — сказаў кіраўнік дзяржавы.

"У выніку міліцыя, падатковыя органы, мясцовая ўлада варацца ва ўласным соку, вырашаючы толькі вузкаведамасныя задачы, а ў арганізацыях і ўстановах гадамі захоўваецца сітуацыя, спрыяльная для здзяйснення правапарушэнняў", — адзначыў Прэзідэнт.

"З поля зроку праваахоўных і кантралюючых органаў не павінны выпадаць ні адно ведамства, ні адна сфера дзейнасці, і перш за ўсё тыя, якія закранаюць стратэгічныя інтарэсы дзяржавы і прадстаўляюць найбольшую зацікаўленасць грамадзян", — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

У сувязі з гэтым ён звярнуў увагу Савета Міністраў, Камітэта дзяржкантролю на неабходнасць працягу работы па ўдасканаленні кантрольна-рэвізійных службаў. "На сённяшні дзень у краіне няма кантралюючага органа, у абавязках якога ўказана правядзенне праверак у арганізацыях, якія не маюць ведамаснага кантролю, па ўсіх магчымых напрамках дзейнасці. Гэтае пытанне падлягае дадатковай прапрацоўцы, але нагадваю аб недапушчальнасці раздзімання толькі што прыведзенага ў аптымальны структурны стан дзяржаўнага апарату. Колькасць чыноўнікаў узрасці не павінна", — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

"І пытанне тут не ў колькасці, а ў якасці. У нас людзі шустрыя, асабліва прадпрымальнікі. Калі б мы эфектыўна тузанулі ў розных кропках па адным, па двух, па трох такіх парушальніках, па канкрэтных напрамках, яны б зразумелі, што ад іх патрабуецца. Але калі няма такой сістэмнай барацьбы, а мы тузаем там, дзе нешта прарвала, яно так і атрымліваецца", — сказаў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу яшчэ на адзін момант: "Пастаянна гучаць словы аб праве на памылку. Але памылка памылцы розніца. Галоўнае, каб яны не ператварыліся ў сістэму і каб грошы не перацякалі з дзяржаўнай у асабістую кішэню. Памылкі павінны выпраўляцца, а злачынцы — карацца. І гэтую грань паміж памылкай і злачынствам праваахоўныя органы павінны вызначаць дакладна".

Ліквідаваць ілжэпрадпрымальніцтва

"Неабходна прызнаць, што меры, якія прымаюцца ўсімі праваахоўнымі і кантралюючымі органамі краіны, не дазваляюць у поўным аб'ёме спыніць ілжэпрадпрымальніцтва і, галоўнае, ліквідаваць яго як высокапрыбытковы выгляд крымінальнага бізнесу. Гэта трэба зрабіць неадкладна", — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што аналіз выяўленых парушэнняў сведчыць аб тым, што аснову большасці злачынных замахаў у сферы падаткаабкладання складаюць здзелкі, учыненыя з ілжэпрадпрымальніцкімі структурамі. Паводле слоў Прэзідэнта, шкода, якая прычыняецца імі дзяржаве, штогод узрастае, а колькасць расследаваных спраў няўхільна падае. З-за такой няспрытнасці кантралюючых органаў эканоміка толькі за мінулы год страціла больш як
Br700 млрд.

"Праваахоўныя і кантрольныя органы фактычна "б'юць па хвастах", выяўляючы такія структуры часта на заключнай стадыі іх злачыннай дзейнасці, калі асноўная маса фіктыўных здзелак ужо завершана і грашовыя сродкі выведзеныя з безнаяўнага абароту", — канстатаваў кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт адзначыў, што органамі фінансавых расследаванняў даецца прававая ацэнка толькі дзеянням заснавальнікаў або дырэктараў гэтых ілжэструктур. "Але ні перад пракуратурай, ні перад органамі ўнутраных спраў не ініцыіруюцца пытанні дачы прававой ацэнкі чыноўнікам, якія зарэгістравалі відавочна падстаўную фірму. Не ўстанаўліваюцца рэальныя асобы, якія стаялі за стварэннем гэтых структур, і тыя, хто імі на самай справе кіруе. Фактычна да адказнасці прыцягваюцца так званыя стрэлачнікі", — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт не бачыць пакуль належнай аддачы і ад дзейнасці фінансавай міліцыі, дэпартамента фінансавага маніторынгу.

"Пра якую эфектыўнасць можа ісці гаворка, калі, напрыклад, не прымаюцца неабходныя меры па вяртанні з-за мяжы валютных сродкаў, а гэта не адзін дзясятак мільярдаў рублёў, выведзеных з гаспадарчага абароту краіны", — падкрэсліў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка даручыў старшыні Камітэта дзяржкантролю прапрацаваць пытанні ўмацавання аналітычнага ўпраўлення дэпартамента фінансавага маніторынгу. "Гэтае падраздзяленне ўжо даказала сваю эфектыўнасць, але сёння яно практычна завалена толькі выкананнем запытаў. А дзе прагнозны складнік яго работы, які так неабходны для праваахоўных органаў?" — задаў пытанне Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка лічыць, што не павінны заставацца ў баку ад гэтай работы і органы дзяржаўнай бяспекі. На яго думку, з улікам спецыфікі іх дзейнасці варта засяродзіць намаганні на павышэнні якасці маніторынгу аператыўнай абстаноўкі і своечасовага выяўлення рызык, якія фарміруюцца, выклікаў і пагроз у сферы барацьбы з карупцыяй і эканамічнымі злачынствамі.

Прэзідэнт даручыў КДК, Генпракуратуры, Нацыянальнаму цэнтру заканадаўства і прававых даследаванняў прапрацаваць усе пытанні прававога рэгулявання процідзеяння ўхіленню ад выплаты даўгоў шляхам ілжывага банкруцтва.

Па словах кіраўніка дзяржавы, памер пратэрмінаванай крэдыторскай запазычанасці па краіне ў даўжнікоў, якія знаходзяцца ў працэдуры банкруцтва, пастаянна расце і сёлета склаў больш як Br18 трлн. "Наогул з банкруцтвам трэба разабрацца і вельмі акуратна да гэтага падыходзіць, — сказаў Прэзідэнт. — Недапушчальна, што ні адным кантралюючым органам у краіне не ўказана ў абавязкі правядзенне праверак для ўстанаўлення памылковасці або наўмыснага банкруцтва, а таксама ўтойвання банкруцтва і перашкоды пакрыццю страт крэдытору".

На думку Прэзідэнта, выяўляць такія злачынствы мэтазгодна комплексна: як шляхам аператыўна-вышуковых і праверачных мерапрыемстваў, так і даследаваннем фінансава-гаспадарчай дзейнасці.

Неабходна навесці належны парадак у рознічным тавараабароце

Аляксандр Лукашэнка канстатаваў, што, нягледзячы на павелічэнне колькасці аб'ектаў, якія выкарыстоўваюць для разлікаў касавае абсталяванне, радыкальнага вывядзення выручкі з ценявога абароту дасягнуць не ўдалося. Кіраўнік дзяржавы лічыць, што прымяняемая зараз у касавым абсталяванні тэхналогія недасканалая. Кожны год павялічваецца колькасць выяўляемых правапарушэнняў. У той жа час, паводле ацэнак спецыялістаў, забеспячэнне за кошт укаранення сістэмы кантролю нават пяціпрацэнтнага павышэння рознічнага тавараабароту дазволіць павялічыць штогадовыя добраахвотныя падатковыя паступленні ў бюджэт.

"Трэба забяспечыць безумоўнае выкананне падатковых абавязацельстваў усімі суб'ектамі гаспадарання, — падкрэсліў Прэзідэнт. — Акрамя таго, сумесна з зацікаўленымі рэалізаваць комплекс мер, у тым ліку эканамічнага характару, накіраваных на прадухіленне незаконнага перамяшчэння тавараў праз дзяржаўную мяжу".

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.