Вы тут

Палата прадстаўнікоў выйшла на фінішную прамую па падрыхтоўцы да восеньскай сесіі


Работа парламентарыяў пятага склікання падчас трэцяй сесіі будзе не менш насычанай, чым вясной — у пачатку лета. Пра гэта на Савеце Палаты прадстаўнікоў сказаў старшыня ніжняй палаты парламента Уладзімір Андрэйчанка. Галоўным прыярытэтам сесіі стане эканамічны блок пытанняў. Новаму складу парламента таксама належыць упершыню разгледзець законапраект аб рэспубліканскім бюджэце на 2014 год.

Савет Палаты прадстаўнікоў разгледзеў прыкладны графік падрыхтоўкі пытанняў да трэцяй сесіі, якая пачнецца 2 кастрычніка. "Графік атрымаўся напружаным, але выканальным, і выкананне залежыць толькі ад нас", — запэўніў калег Віктар Гумінскі, намеснік старшыні Палаты прадстаўнікоў.

Зараз у ніжняй палаце знаходзяцца 52 законапраекты, з іх 45 уключаны ў графік (11 — у першым чытанні, 34 — у другім). На развіццё канкурэнтнага асяроддзя і прадпрымальніцкай ініцыятывы накіраваны законапраекты "Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у законы Рэспублікі Беларусь аб цэнаўтварэнні" і "Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у законы Рэспублікі Беларусь аб эканамічнай неплацежаздольнасці (банкруцтве)

". Плануецца завяршыць работу над праектам Воднага кодэкса Беларусі, закона аб дзяржаўным рэгуляванні гандлю і грамадскага харчавання, аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у законы па пытаннях гаспадарчых таварыстваў, аб гарадскім электрычным транспарце і метрапалітэне.

Да разгляду ў другім чытанні рыхтуюцца папраўкі ў Працоўны кодэкс, праект закона аб фізічнай культуры і спорце. Шэраг законапраектаў, якія плануецца разгледзець на восеньскай сесіі, датычыцца судовай сістэмы: канстытуцыйнай, грамадзянскай і гаспадарчай судавытворчасці. Найбольшую колькасць дакументаў рыхтуюць Пастаянныя камісіі па нацыянальнай бяспецы; па заканадаўстве; па прамысловасці, паліўна-энергетычным комплексе, транспарце і сувязі. 65% законапраектаў плануецца здаць на тыражыраванне да пачатку сесіі і ў першы месяц яе работы.

— Падрыхтоўка кожнага законапраекта патрабуе сур'ёзнай і карпатлівай працы парламентарыяў, стараннае ўзгадненне ўсіх прапаноў з зацікаўленымі органамі, зняцце магчымых спрэчных пытанняў, — падкрэсліў Віктар Гумінскі. — У гэтым старшыні камісій асабліва пераканаліся ў канцы другой сесіі, калі з шэрагам законапраектаў прыйшлося папрацаваць вельмі напружана.

Асаблівую ўвагу дэпутатаў Віктар Гумінскі звярнуў на падрыхтоўку законапраектаў да другога чытання. "Тыя тэрміны, якія мы разам запланавалі, павінны быць вытрыманы, — сказаў ён. — Для гэтага трэба працаваць на апераджэнне". Выключэннем стаў праект закона аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у Працоўны кодэкс, тэрмін разгляду якога перанесены на снежань. Канчаткова не вызначаны таксама тэрміны вынясення на сесію законапраекта аб энергазберажэнні.

Падчас восеньскай сесіі, якая на 10 дзён карацей за вясновую, апроч іншага, плануецца правесці парламенцкія слуханні і семінар па вывучэнні практыкі прымянення законаў.

— У беларускага парламента няма канікул, — патлумачыў журналістам старшыня Пастаяннай камісіі па ахове здароўя, фізічнай культуры, сямейнай і моладзевай палітыцы Аляксандр Цацоха. — У міжсесійны перыяд працягваюць працаваць рабочыя групы і камісіі. Наша камісія рыхтуе да трэцяй сесіі тры законапраекты. У другім чытанні плануецца разгледзець праект закона аб фізічнай культуры і спорце і законапраект, які яго суправаджае. Да першага чытання рыхтуецца законапраект аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у закон аб ахове здароўя.

Мяркуецца, што змяненні і дапаўненні ў закон аб ахове здароўя, якія вельмі актыўна абмяркоўваюцца грамадскасцю і зацікаўленымі ведамствамі, закрануць 35 артыкулаў. Найбольшую зацікаўленасць грамадскасці выклікаюць артыкулы аб стэрылізацыі і перарыванні цяжарнасці. Значныя змены прапанаваны ў артыкул аб відах медыцынскай дапамогі. Законапраект таксама прапануе норму па вяртанні медыцынскай установе сродкаў на лячэнне ў выпадку, калі пацыент нанёс шкоду ўласнаму здароўю ў выніку прыёму алкаголю, наркатычных або псіхатропных рэчываў. Прапануемыя змены ў артыкул аб урачэбнай тайне пашыраюць магчымасці прадастаўлення інфармацыі для ваенкаматаў, следчых органаў і страхавых кампаній. Яшчэ адна навіна законапраекта прадугледжвае ўвядзенне аплаты за прымяненне лекавых сродкаў і медыцынскага абсталявання ва ўмовах дзённых стацыянараў.

Пра законапраекты, якія рыхтуе да восеньскай сесіі Пастаянная камісія па адукацыі, культуры і навуцы, расказаў яе старшыня Генадзь Пальчык:

— Да другога чытання рыхтуем праект закона аб патэнтах на гатункі раслін, які вельмі важны для ўрэгулявання адносін распрацоўшчыкаў, заяўнікаў і вытворцаў селекцыі гатункаў раслін, узгаднення з адпаведнымі міжнароднымі дакументамі. Але асноўная задача, над якой зараз працуе камісія, — падрыхтоўка парламенцкіх слуханняў па ўдасканаленні заканадаўства і нарматыўна-прававой базы нацыянальнай сістэмы адукацыі. Яны павінны адбыцца ў другой палове лістапада. У аснову слуханняў будуць пакладзены вынікі амаль двухгадовага маніторынгу Кодэкса аб адукацыі. Гэта будзе не аднаразовае пасяджэнне — слуханні будуць складацца з папярэдняй канферэнцыі, "круглых сталоў", выязных пасяджэнняў.

Кажучы аб выніках маніторынгу Кодэкса аб адукацыі, Генадзь Пальчык назваў наступныя тэмы, якія, на яго погляд, патрабуюць змен: магчымасць прафесіялізацыі старэйшай ступені сярэдняй школы і дэлегаванне шэрагу паўнамоцтваў, якія раней былі замацаваны за ўрадам (ліцэнзаванне, акрэдытацыя, арганізацыя і інш.), Міністэрству адукацыі.

Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».