Вы тут

Cкаўты назаўжды


Карэспандэнт "Звязды" паўдзельнічаў у міжнародным злёце скаўтаў

Кліч "Будзь гатовы!", дзяленне на атрады, начлег у лесе ў палатках, збор ля вялікага вогнішча… Усё гэта вядома мільёнам людзей, якія ў дзяцінстве насілі чырвоны піянерскі гальштук. Аднак піянеры рытуалы і атрыбутыку шмат у чым запазычылі ў сваіх папярэднікаў — скаўтаў. Гэты моладзевы рух быў створаны ў далёкім 1907 годзе англійскім палкоўнікам сэрам Робертам Стывенсанам Смітам Бадэн-Паўэлам, а неўзабаве прыйшоў і ў Расійскую імперыю. За гэты час скаўты перажылі імклівы росквіт, татальную забарону ў сталінскія часы і адраджэнне ў часы перабудовы.

— Калі мы толькі пачыналі сваю справу чвэрць стагоддзя таму, то працавалі пераважна з дзецьмі, якія выхоўваюцца ў інтэрнатах. Мы імкнуліся іх нечым заняць, прызвычаіць да дысцыпліны. Крыху нам дапамог і палітычны крызіс пачатку 1990‑х, калі магутнасць піянерскай арганізацыі пахіснулася. Бо піянеры тады былі для нас прамымі канкурэнтамі, — успамінаестаршыня Беларускай рэспубліканскай асацыяцыі скаўтаў Ігар КАСЦЕВІЧ. — Сёння мы з імі супрацоўнічаем. Дапамагаюць нам таксама Чырвоны Крыж і Беларуская Праваслаўная Царква. Увогуле сучасны скаўт — гэта добры краязнаўца, эколаг і гуманіст…

"Ваўчаняты" і "вавёрачкі"

Аднак юнак-скаўт мусіць быць дысцыплінаваным і мець добрую вытрымку. Выпрацаваць гэтыя якасці яму дапамагаюць разнастайныя цікавыя спаборніцтвы.

1375449233316_1

Адно з найбольш захапляльных выпрабаванняў носіць у скаўтаў назву "Тры пёры". Тут правяраюць вытрымку маладога чалавека. Першае пяро азначае поўнае маўчанне на працягу сутак, нягледзячы на ўсе спробы разгаварыць скаўта. Другое выпрабаванне — на голад. Яно таксама доўжыцца суткі. Але своеасаблівым "кантрольным стрэлам" лічыцца… рабінзанада. Скаўт мусіць правесці ў лесе роўна 24 гадзіны. З сабой ён можа ўзяць толькі цёплыя рэчы, спальнік, палатку, крыху ежы і паўтара літра вады. Можна прыхапіць з сабой і таварыша, аднак любыя спробы загаварыць з ім азначаюць непазбежную дыскваліфікацыю для абодвух — пільны кантроль за канкурсантамі вядзецца няспынна.

Стаць жа скаўтам тэарэтычна можа кожны чалавек

. Якіхсьці абмежаванняў па ўзросце няма — прымаюць як васьмігадовых хлапцоў, так і трыццацігадовых мужчын. Аднак тут скаўцкая кампанія дзеліцца на тры вялікія групы. Малыя ва ўзросце да дзесяці гадоў хутчэй адносяцца да падрыхтоўчай групы. Яны завуцца "ваўчанятамі" і "вавёрачкамі". Падлеткі аб'яднаны ў кадэцтва. А ўласна скаўцкае званне надаецца прыкладна гадоў у 15.

Скаўцкая арганізацыя хоць і нешматлікая ў параўнанні з піянерскай, але ўступіць у яе няпроста. Вырашальным крытэрыем адбору з'яўляецца рэкамендацыя ад сапраўдных членаў арганізацыі. Да таго ж узімку скаўты ў лес не ездзяць, а вывучаюць сваю справу ў тэорыі — як правільна распальваць агонь, завязваць моцныя вузлы, ставіць палатку… У праграме абавязкова стаіць вывучэнне гісторыі краіны ўвогуле і роднага краю ў прыватнасці. Менавіта таму са скаўтаў часта атрымліваюцца выдатныя следапыты. І калі навічок прыходзіць у гурток увосень, то за гэтыя месяцы становіцца бачна, хто ёсць хто. Пасля кіраўнікі дружын на адмысловай нарадзе вырашаюць, хто ж варты насіць званне скаўта. А ўсяго за чвэрць стагоддзя праз шэрагі гэтага руху на Беларусі прайшлі амаль 29 тысяч чалавек.

Агульны злёт? Джамбары!

Злёт скаўтаў з розных краін завецца для беларускага вуха нязвыкла — джамбары.

— Гэтае слова паходзіць з моў індзейцаў Паўночнай Амерыкі і азначае "збор усіх плямён". Раз на чатыры гады адбываецца сусветнае джамбары. Упершыню я трапіў на яго ў 1992 годзе. І быў уражаны тым, што ў лесе разгарнуўся сапраўдны горад з палатак — тады на яго з'ехаліся каля 35 тысяч скаўтаў са ста краін свету, — успамінае дырэктар сярэдняй школы № 98 горада Мінска Юрый БАТУРА. — Першае нацыянальнае джамбары прайшло сёлета ў ліпені. Каля двухсот чалавек з Расіі, Украіны, Арменіі і Беларусі сабраліся на дзевяць дзён на беразе возера Суя, што ў Полацкім раёне.

1375449233459_2

Гэты час яны жылі ў лесе самастойна, без татальнага кантролю з боку бацькоў. Важна, каб скаўт меў моцны духоўны стрыжань. І мы ставім перад сабой задачу максімальна развіць юнака ў духоўным і практычным сэнсе. Хаця першапачаткова скаўты былі створаны на ваенізаванай базе, каб падрыхтаваць падлеткаў да службы ў войску. З цягам часу мілітарысцкі складнік у праграме цалкам знік, аднак форма і атрыбутыка яго дагэтуль нагадвае англійскую ваенную стагадовай даўніны. Паўваеннае мінулае адчуваецца нават у назвах скаўцкіх груп. Так, калі ў піянераў ёсць звёны і атрады, то ў скаўтаў яны заменены на патрулі і дружыны. Прыналежнасць да іх лёгка вызначыць па адпаведных нашыўках. Назвы патрулёў гучаць для навічка нязвыкла — напрыклад, "Жоўты папугай", "Белы крумкач"… Ад назвы патруля будзе залежаць і колер гальштука, чаго няма, дарэчы, у піянераў.

Цікавы ў скаўтаў і распарадак дня. Напрыклад, сігнал пад'ёму гучыць у іх а восьмай раніцы. Прытым каманды адбою не існуе ўвогуле. Але па лагеры позна ўначы ніхто не бадзяецца.

За 25 гадоў кіраўніцтва я нагледзеўся на даволі анекдатычныя выпадкі, — прыгадвае Ігар Касцевіч. — Маці прывяла да нас узімку на заняткі сына-трэцякласніка. Той адразу спытаўся: "А ці можна ў паходзе глядзець тэлевізар і гуляць на камп'ютары?" Пачуўшы адмоўны адказ, сышоў. І смешна, і сумна адначасова…

Дзяжурны на ўсе рукі

Яўген Міхалькевіч прыйшоў у скаўтынг чатырнаццацігадовым хлопцам. Зараз яму ўжо дваццаць, ён вучыцца ў Беларускім дзяржаўным універсітэце інфарматыкі і радыёэлектронікі.

— Больш за ўсё мне запомніўся мой першы паход на раку Уша, які традыцыйна адбываецца на майскія святы. Там мяне і прынялі ў скаўты. Аднак пра цырымонію я лепш прамаўчу, бо гэта — адна з найвялікшых таямніц руху. Але магу сказаць, што яна запамінаецца на ўсё жыццё…

За мінулыя шэсць гадоў я навучыўся якасцям сапраўднага лідара. Вось, напрыклад, зараз я дзяжурны па скаўцкім лагеры. Дзяжурны прызначаецца на суткі і нясе вахту дваццаць чатыры гадзіны без перапынку. Праца, шчыра кажучы, няпростая — трэба паўсюль паспець, трымаючы ў галаве адначасова з дзясятак розных пытанняў.

Скаўты займаюцца і дабрачыннасцю. Штогод яны ўдзельнічаюць у акцыі "Віфлеемскі агонь міру і сяброўства". Ад гэтага агню яны запальваюць лампадкі ў праваслаўных і каталіцкіх храмах Беларусі — месцах, куды людзі прыходзяць у пошуку міру, надзеі і цяпла. Скаўтам не ўласціва рэлігійная апантанасць. Але і мацёрых атэістаў яны ў сваіх шэрагах не вітаюць. Дастаткова проста схіліць галаву і памаўчаць на пастраенні, калі чытаюць малітву.

На жаль, бываюць і такія выпадкі, калі скаўт у нечым праштрафіўся. Тады яго чакае Суд гонару. Але нават выключэнне чалавека з радоў дружыны часта бывае толькі фармальнасцю.

Валяр'ян ШКЛЕННІК.

Фота аўтара.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Камфортнае жыллё і спрыяльнае асяроддзе. Аднайменная дзяржпраграма дазволіць павысіць якасць камунальных паслуг і наблізіць да Мэты-99

Камфортнае жыллё і спрыяльнае асяроддзе. Аднайменная дзяржпраграма дазволіць павысіць якасць камунальных паслуг і наблізіць да Мэты-99

Днямі аб праекце профільнай дзяржпраграмы журналістам падчас прэс-прэзентацыі расказаў міністр жыллёва-камунальнай гаспадаркі Андрэй Хмель.

Эканоміка

Якія асноўныя паказчыкі і параметры закладвае Магілёўшчына ў сваю рэгіянальную праграму развіцця?

Якія асноўныя паказчыкі і параметры закладвае Магілёўшчына ў сваю рэгіянальную праграму развіцця?

Пра гэта ў нашай гутарцы з намеснікам старшыні Магілёўскага аблвыканкама Русланам Страхаром.

Эканоміка

Разбіраем інвестпраграму Мінска на бягучы год

Разбіраем інвестпраграму Мінска на бягучы год

Яна ў гэтым годзе на 20 % «таннейшая», чым у папярэднім.

Культура

Бландзінкі за шпільцішам. Карэспандэнт «Звязды» зазірнуў углыб аргана

Бландзінкі за шпільцішам. Карэспандэнт «Звязды» зазірнуў углыб аргана

Прыгажуні-гераіні паралельна — выкладчыцы Віцебскага дзяржаўнага музычнага каледжа імя Салярцінскага.