Вы тут

У "Зялёных школах" цяпер статус факультатыву


Праграма "Зялёныя школы" ў якасці рэспубліканскага экалагічнага адукацыйнага праекта ўхвалена Міністэрствам адукацыі і Міністэрствам прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя. Адным са спосабаў рэалізацыі праграмы стане факультатыў "Зялёныя школы", ён афіцыйна ўключаны ў спіс факультатываў для ўсіх школьнікаў Беларусі.

Факультатыў распрацаваны ў рамках праекта ЕС і Праграмы развіцця ААН "Садзейнічанне развіццю ўсёабдымнай структуры міжнароднага супрацоўніцтва ў галіне аховы навакольнага асяроддзя ў Рэспубліцы Беларусь"

і спецыялістамі Акадэміі паслядыпломнай адукацыі ў партнёрстве са школьнымі настаўнікамі. Факультатыў мае за мэту папоўніць прабелы ў ведах аб роднай прыродзе, знаёміць школьнікаў з жывёльным і раслінным светам, які сустракаецца ім кожны дзень. Настаўнікі-энтузіясты ў рамках праекта будуць расказваць і паказваць кожнаму вучню на практыцы, як важна ведаць, разумець і выконваць сваю ролю ў ахове навакольнага асяроддзя.

Як паведаміла спецыяліст праекта па сувязях з грамадскасцю Алена Седач, не менш важнай мэтай факультатыву таксама з'яўляецца ўкараненне эфектыўнай адукацыйнай мадэлі экалагічнай накіраванасці, якая дасць магчымасць прыцягнуць да актыўнага ўдзелу настаўнікаў, навучэнцаў, бацькоў, а таксама органы ўлады. Праграма ўключае ў сябе наступныя напрамкі: біяразнастайнасць на прылеглай да школы тэрыторыі, устойлівае энерга- і водаспажыванне, абыходжанне з адходамі і інфармацыйныя акцыі ў мясцовай супольнасці. Школы, якія жадаюць атрымаць статус "зялёных", павінны выканаць комплекс мерапрыемстваў па зададзеных напрамках. Цяпер у рамках праекта вядзецца актыўная праца па пашырэнні сеткі "Зялёных школ" у Кобрынскім, Мастоўскім, Мёрскім і Шаркаўшчынскім раёнах.

Нагадаем, праграма "Зялёныя школы" была адаптавана для Беларусі ў рамках міжнароднага праекта па павышэнні экалагічнай інфармаванасці моладзі. Сёння каля 150 школ удзельнічае ў рэалізацыі праграмы па ўсёй краіне, закуплена абсталяванне для заняткаў з дзецьмі, распрацаваны метадычныя матэрыялы, праведзены навучальныя семінары для настаўнікаў і экалагічныя акцыі з удзелам школьнікаў.

Дадатковую інфармацыю можна атрымаць па тэл.: +375 17 267-96-23, +375 044 786-55-56, электронная пошта: @ аlеnа.sеdасh undр.bу.

Леанід Тугарын.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».