Вы тут

Жанвільскія беларусы на беларуска-расійскім памежжы


Жанвіль. Вёска, назва якой гучыць на французскі манер, нейкім дзіўным чынам узнікла там, дзе рака Сож размяжоўвае дзве краіны — Беларусь і Расію, на самым-самым памежжы Магілёўскай і Смаленскай абласцей. Калі больш дакладна — там, дзе шчыльна, па-сваяцку прыхінуліся адзін да аднаго Мсціслаўскі і Хіславіцкі раёны. У часы, калі жылі без межаў (у тым ліку і ў СССР), Жанвіль быў звычайнай вёскай у атачэнні іншых. І бліжэйшая да яе беларуская вёска Парадзіна, была ці не асноўным "пастаўшчыком" жаніхоў і працоўнай сілы. Цяпер беларусаў на расійскім баку Сожа не так шмат, як раней, бо многія з іх атрымалі расійскае грамадзянства і лічаць сябе рускімі. Але ўсё роўна без беларусаў уявіць сучаснае жыццё Жанвіля немагчыма. Тыя, што прыйшлі сюды ў прымакі, працуюць механізатарамі і жывёлаводамі. Многія з іх ужо на пенсіі, а некаторыя толькі пачынаюць ставіць на ногі сваіх нашчадкаў, працягваючы жанвільскі беларускі радавод.

Адзін з апошніх беларусаў, які стаў жыхаром гэтай вёскі — жывёлавод мясцовага СВК "Звязда" Васіль Андрэеў (на фотаздымку). Не, ён паходзіць не з суседняй вёскі Парадзіна альбо Засожжа, а з больш далёкага Чэрыкаўскага раёна. З будучай жонкай — жыхаркай Жанвіля — пазнаёміўся яшчэ падчас вучобы ў Мсціслаўскім ліцэі. Пасля вяселля сям'я Васіля засталася на расійскім баку, і цяпер яго першая дачка Соф'я лічыцца самай маленькай жанвільскай беларускай.

Тое, што назва Жанвіль французскае паходжанне, няма ніякага сумневу. Не, па-французску з мясцовых ніхто не размаўляе і з Францыяй дыпламатычных і проста чалавечых зносін тут не наводзяць. У мясцовым СВК не вырабляюць французскіх сыроў і не разводзяць жаб на далікатэсныя стравы. Падставу меркаваць пра французскае паходжанне даюць назвы-цёзкі. А іх нават некалькі:

1. Жанвіль — камуна (кантон) у дэпартаменце Кальвадос (Ніжняя Нармандыя).

 

2. Жанвіль — камуна ў дэпартаменце Эр і Луар (Цэнтр).

3. Жанвіль — камуна ў дэпартаменце Уаза (Пікардыя).

4. Жанвіль-сюр-Жуін — камуна ў дэпартаменце Эсан (Іль-дэ-Франс).

А яшчэ Жанвіль — гэта палац ХVІІ ст. у камуне Палюэль (Верхняя Нармандыя)імя французскай пісьменніцы Мартэль дэ Жанвіль і мадэльера Элена Жанвіля. І нават біёлаг Кох, які адкрыў сухотную палачку, насіў імя Жанвіль.

1375700537981_2

Дакументальнага пацверджання версіі "хрышчэння" Жанвіля не існуе. Але мясцоваму насельніцтву найбольш даспадобы колішняя гісторыя, дакладнасць якой з цягам часу сцерлася з памяці і ператварылася ў легенду пра рамантычную гісторыю кахання. Па тутэйшых расповядах, у Айчынную вайну 1812 года мясцовая сялянка знайшла параненага француза, схавала яго ад пераследу, выхадзіла і стала яго жонкай. Неўзабаве адзін з хутароў, які пазней стаў маёнткам, атрымаў назву Жанвіль, што ў перакладзе азначае "Іванаў горад". Нават расійскі палітык, дэпутат, паэт, колішні сябар генсака Гарбачова Анатоль Лук'янаў (ён паходзіць са Смаленшчыны), пад уражаннем гэтай кранальнай легенды прысвяціў Жанвілю свой верш:

"Когда драгун Наполеона,
Окоченев, упал с седла,
Его российская мадонна
К себе в деревню привела.
Согрела, вымыла, одела.
Хмельного поднесла стакан.
"Как звать тебя, солдатик смелый?"
Он, помолчав, ответил: "Жан".
Метели армию косили,
Бежала без оглядки рать.
А он остался здесь, в России,
Не стал колонну догонять.
Катилось за зимою лето
От родины за тыщу миль.
Драгун назвал деревню эту
Французским именем — "Жанвиль"...

Магчыма, гэтага напалеонаўскага драгуна сапраўды звалі Жанам, магчыма, ён быў жыхаром аднаго з вышэй пералічаных Жанвіляў і заснаваў яшчэ адзін на зямлі, якая ў той час уваходзіла ў склад. Магілёўскай губерні (пасля Трэцяга раздзелу Рэчы Паспалітай). Як некалі эмігранты засноўвалі пасёлкі і вёскі і давалі ім назвы сваіх айчынных гарадоў, магчыма, гэтак з'явілася на славянскіх землях паселішча з раманскай назвай. Нездарма ў свеце існуе некалькі Лонданаў, ёсць тры Масквы, нават два Полацкі і два Слуцкі.

Аднак мясцовыя краязнаўцы і журналісты расійскіх газет любяць прыводзіць яшчэ адну версію паходжання назвы населенага пункта. Маўляў, па-беларуску "ежевика" называецца "жавінка". Магчыма, у мясцовых беларускіх гаворках ажыны так і называюцца. Аднак гэтая версія толькі падмацоўвае думку пра беларускія карані Жанвіля. Тым больш калісьці гэтыя землі ўваходзілі ў склад Вялікага Княства Літоўскага, і жылі там продкі сённяшніх жанвільцаў.

Першае, што мяне здівіла, калі трапіў у Жанвіль, — аўтамабіль з дзяржнумарам з Мінскай вобласці. Адкуль, з якой нагоды? Разгадка аказалася простай: на некалькі дзён з горада Жодзіна да сваёй маці разам з жонкай і 5-гадовым сынам прыехаў адпачыць Віталь Лукашэнкаў. Дарога Жанвіль — Жодзіна складае 360 кіламетраў, таму Віталь госць тут не часты. Горад беларускіх аўтамабілебудаўнікоў стаў для маладой сям'і больш прывабным, чым расійская ўскраіна на беларускім памежжы.

— Магчыма, мы б жылі ў Жанвілі, але тут няма ніякай перспектывы, — кажа Віталь. — Школа зачынілася, газ да вёскі не давялі, сельсавет ліквідаваны. А галоўнае — няма працы, механізатары і тыя ў пастухі ідуць.

Першага сустрэчнага жанвільскага беларуса я заспеў за цырульніцкай справай — Уладзімір Карпенка падстрыгаў свайго аднавяскоўца Валерыя Іванова.

— У Жанвілі жыву больш за 30 гадоў, прыехаў з суседняй беларускай вёскі Засожжа, ажаніўся, — распавядае Уладзімір Ільіч. — Калі Саюз разваліўся, давялося ўзяць расійскае грамадзянства, каб не лічыцца нелегалам.

Пакуль беларус Карпенка змагаўся на працоўным фронце жанвільскага СВК "Звязда" ў якасці трактарыста, яго аднавясковец Іваноў нёс воінскую службу ў Яраслаўлі, Белгарадзе, Рыбінску. Спрачацца, чыя радзіма лепшая, сэнсу ім цяпер ну ніякага няма, бо да скону веку застануцца жанвільцамі і выручаць адзін аднаго ў розных жыццёвых абставінах. А моладзь з'яджае — хто ў недалёкі райцэнтр Хіславічы, хто ў абласны Смаленск. Нехта і на Маскву цэліць.

— У Жанвілі 204 жыхары. Асноўны статус насельніцтва можна вызначыць па назвах падпісных выданняў, якія развозіць па вёсцы паштальён Валянціна Карпенка (дарэчы, жонка беларуса Уладзіміра Карпенкі). Найбольшым попытам карыстаюцца газеты "Пенсионер Смоленщины" і "Смоленская дешёвая". Летам, як звычайна, вясковае насельніцтва павялічваецца за кошт гарадскіх дзяцей на канікулах. Па вёсцы мяне суправаджаюць тры сябрукі на веласіпедах. Адзін з іх, 9-гадовы Сяргей Ратуеў,прыехаў да бабулі са Смаленска, не без гонару кажа, што яго дзед — беларус. У 16-гадовай Кацярыны Гурчанкі, якая ўлетку ахвотна дапамагае сваёй бабулі па гаспадарцы, бацька нарадзіўся ў Парадзіне, таму яна таксама беларуска.

Вёска Парадзіна знаходзіцца за Сожам. Дарога да яе, самая кароткая з Жанвіля ў Беларусь — 7 кіламетраў. Але даехаць да моста праз раку можна толькі ў сухое надвор'е на матацыкле, трактары альбо кані. Парадзінскіх хлопцаў гэта не надта бянтэжыць, і яны гатовыя нават на веласіпедах дабірацца да сваіх жанвільскіх сябровак і нявест. Не ехаць жа ўкругаля праз Мсціслаў і Хіславічы за добрых 70 кіламетраў?!. А яшчэ прасцей — пазваніць, таму што мабільная сувязь у рускім Жанвілі цалкам беларуская. Тут і Вэлком, і МТС працуюць на поўную антэну. Праўда жанвільцам гэта не вельмі зручна, бо званіць па Расіі трэба з дапамогаю роўмінгу, альбо мяняючы сім-картку.

Нават такія дробныя нязручнасці, як дарога і сувязь, часта даюць падставу старэйшым жыхарам для настальгіі па ранейшым жыцці, калі межы былі ўмоўнымі, а грамадзянства нікога не цікавіла. Калі рускія і беларусы касілі сена на адным полі, купаліся ў адной рацэ і спявалі адны і тыя ж песні.

Анатоль Кляшчук, фота аўтара.

Хіславіцкі раён,

Смаленская вобласць.

 

Загаловак у газеце: Жанвільскія беларусы і іншыя насельнікі вёскі на беларуска-расійскім памежжы

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Камфортнае жыллё і спрыяльнае асяроддзе. Аднайменная дзяржпраграма дазволіць павысіць якасць камунальных паслуг і наблізіць да Мэты-99

Камфортнае жыллё і спрыяльнае асяроддзе. Аднайменная дзяржпраграма дазволіць павысіць якасць камунальных паслуг і наблізіць да Мэты-99

Днямі аб праекце профільнай дзяржпраграмы журналістам падчас прэс-прэзентацыі расказаў міністр жыллёва-камунальнай гаспадаркі Андрэй Хмель.

Эканоміка

Якія асноўныя паказчыкі і параметры закладвае Магілёўшчына ў сваю рэгіянальную праграму развіцця?

Якія асноўныя паказчыкі і параметры закладвае Магілёўшчына ў сваю рэгіянальную праграму развіцця?

Пра гэта ў нашай гутарцы з намеснікам старшыні Магілёўскага аблвыканкама Русланам Страхаром.

Эканоміка

Разбіраем інвестпраграму Мінска на бягучы год

Разбіраем інвестпраграму Мінска на бягучы год

Яна ў гэтым годзе на 20 % «таннейшая», чым у папярэднім.

Культура

Бландзінкі за шпільцішам. Карэспандэнт «Звязды» зазірнуў углыб аргана

Бландзінкі за шпільцішам. Карэспандэнт «Звязды» зазірнуў углыб аргана

Прыгажуні-гераіні паралельна — выкладчыцы Віцебскага дзяржаўнага музычнага каледжа імя Салярцінскага.