Вы тут

Водпуск — гэта маленькае жыццё...


Галоўная радасць і задавальненне — лета вярнулася! Зноў загулі побач рухавікі камбайнаў... Праз дрэвы, калі стаіш на ганку, можна ўбачыць іх грувасткія "целы" на дарозе, калі яны едуць праз пасёлак на чарговае поле. Зноў можна купацца! Пра тое, што купальны сезон адкрыты, відаць яшчэ на пад'ездзе да ракі: па доўгай вуліцы ідуць пехатою, едуць на веласіпедах і скутарах падлеткі, маладыя маці з дзеткамі і надзіманымі цацкамі (вядома, у сярэдзіне дня большасць дарослых яшчэ на працы). Ідуць да ракі адразу ў купальніках, так што можна і не пытацца, ці цёплая вада.

...Цікава нетаропка праехацца па вуліцах на веласіпедзе, разглядаючы, дзе, што і як змянілася за апошні час. Напрыклад, кінулася ў вочы, што зараз на змену папулярным яшчэ нядаўна бетонным агароджам (драўляныя ставяць усё радзей) прыйшлі металічныя: бардовыя, сінія, зялёныя, высокія і не вельмі. А яшчэ з'явілася адмысловая мода на каменныя платы. Гэта калі самі слупы вырабляюцца з адносна вялікіх камянёў, а прамежак паміж імі запаўняецца дзе дошкамі, дзе металам. Працэс працаёмкі і доўгі, але ахвотных усё больш. Памятаю, як школьнікамі збіралі тыя камяні на палетках, звозілі іх потым да краю поля і папросту ссыпалі. Цяпер на іх, кажуць, ідзе сапраўднае "паляванне". Яшчэ адзін "шык" — мець на самім участку ці ўздоўж яго з боку вуліцы аздабленне з валуноў. Відавочна, што зараз вырошчванне ўраджаю на ўласных сотках адыходзіць на другі план, саступаючы месца прыгажосці (хто як яе ўяўляе).

Яшчэ адна дэталь. Зараз практычна ў кожным другім доме з'явіліся шклопакеты. Апошнія — не толькі гарантыя захаванага ў доме цяпла. Драўляныя шыбы трэба даволі часта фарбаваць, а каб фарба добра лягла, іх трэба папярэдне ачысціць ад папярэдняга слою. Працэс, мякка скажам, нудны. Ды і на зіму трэба падвойныя рамы ставіць, заклейваць іх. Па вясне — зваротны працэс. Узімку можна было для праветрывання карыстацца толькі невялікай форткай. Шклопакет — зусім іншая справа, цывілізацыя. Толькі многія ўстаўляюць іх у старыя "каробкі": калі здымаюць ранейшыя драўляныя фарбаваныя налічнікі, а калі — не. Каб паставіць большае па памеры акно, трэба праразаць бензапілой драўляныя (як правіла) сцены дома, пашыраючы праём. Далёка не кожная фірма па ўстаноўцы пластыкавых вокнаў возмецца за такую працу. Мы з братам летась самі яе выконвалі. Уяўляеце, што робіцца ў доме?.. Таму большасць ідзе па шляху найменшага супраціўлення. У выніку я "байніцы" ў старых вясковых хатах, якія хаваюцца за старымі паўразбуранамі платамі. Выглядае, шчыра кажучы, некалькі дзіўнавата...

Дарэчы, пра хаты. "У вас жа такое вялікае паселішча, а ты сказаў — у вёску еду?!". Гэта былі першыя словы сяброўкі, што завітала з горада да нас у госці. Інэса — наша калега. У Пекіне

яна пражыла 12 гадоў, зараз пераехала ў Чэхію, будзе ўжо ўласным карэспандэнтам у Цэнтральнай Еўропе... Самае дзіўнае, што ў горадзе з-за спраў (нават у водпуску) сустрэцца ў нас не атрымалася, таму вырашылі сустрэцца за горадам, на прыродзе. З Інэсай, як некалі высветлілася, у нас вялікае кола агульных знаёмых, але, як ні дзіўна гэта прагучыць, мы пазнаёміліся (даўно тое было) за мяжой. З таго часу сябруем і сем'ямі, і дамамі. У прамым сэнсе: у нас практычна адначасова з'явілася ўласнае жыллё і мы нават разам ездзілі на будаўнічыя рынкі выбіраць матэрыялы, раілі нешта адно аднаму.

...Што можа быць лепш, чым у спякотны дзень пасядзець у цяньку пад алычой-шатром у добрай кампаніі? Правільна, паласавацца засмажаным шашлыком! Ну, і каб да яго ў келіхах што было, акрамя хатняга кампоціку са свежых ягад... А калі сонца садзіцца, зноў распаліць вогнішча, каб, седзячы ў шэзлонгах, папросту глядзець у цемры на агонь, прыгадваць мінулае і дзяліцца планамі на будучыню... Ранкам жа, калі праспявалі пеўні і стала зразумелым, што будзе спёка, зноў уладкавацца пад алычой, каб паснедаць у прахалодцы... Шкада толькі, што не змаглі нашай госці дагадзіць з сувенірамі. Што нашаму чалавеку за мяжой можа лепш нагадаць пра радзіму, як не беларускія валёнкі, ці не так?! Але, на жаль, менавіта ў той дзень крама пры валяльна-лямцавай фабрыцы чамусьці не працавала...

Але ў водпуску былі не толькі радасныя моманты. Неяк патэлефанавала сваячка з дрэннай навіной: на пасялковых могілках невядомыя вандалы пабілі процьму помнікаў. Кінуў усе справы, пабег правяраць, ці ўсё ў парадку з магіламі нашых сваякоў. Пакуль дайшоў, сустрэў аднакласніцу, потым таварыша. Пацвердзілі: праўда, пабілі ці то 50, ці то 80 помнікаў. Прычым, высветлілася, што ўжо не ў першы раз... На магілах нашых сваякоў помнікі ніхто не крануў, дзякаваць Богу. Пакуль дайшоў, сапраўды бачыў некалькі паваленых помнікаў. Каб гэта зрабіць, патрэбны былі намаганні, напэўна, не аднаго чалавека. Калі тых, хто тое нарабіў, увогуле можна называць людзьмі...

Падчас водпуску мы заўсёды імкнёмся знайсці дзень, каб наведаць магілы родных і прыбрацца там. На жаль, за год такіх магчымасцяў няшмат... Дзед па лініі маці нарадзіўся ў 1862 годзе. Памёр у 1954-м. У яго было тры жонкі, трынаццаць дзяцей, таму ў нашай радні ўсё так заблытана... Старэйшыя дзеці загінулі падчас Вялікай Айчыннай. Мы ведаем іх толькі па імёнах. Апошняй жонкай у дзеда была наша бабуля, якая нарадзілася ў 1901 годзе. У іх нарадзілася пяцёра дачок. Яна памерла ў 1986-м, а пахаванне было ў дзень, калі мяне прымалі ў райцэнтры ў камсамол. Адразу з аўтобуса ад шашы я збочыў на могілкі, паспеў на пахаванне... Мая жонка кожны раз, калі прыходзіць на могілкі, пачынае падлічваць, колькі ж гадоў было майму дзеду, калі ў яго нарадзілася самая малодшая з дачок — мая маці. Атрымліваецца, што 78! "Вось дык мужчынская сіла", — смяецца жонка... Спачываюць тут і іншыя родныя: цёткі, дзядзькі, гумарны стрыечны брат Юрка, што пайшоў зусім маладым... Некалі ён вазіў мне са сталіцы рыбалоўныя кручкі і лёску з грузіламі, браў з сабой на рыбалку і ў грыбы... Некаторым пахаванням не адзін дзясятак гадоў, некаторыя — зусім нядаўнія...

Калі хочацца ў лес, у нас ёсць выбар — у бліжні ці дальні, як мы іх называем. Не ў грыбы-ягады. Проста праехацца на веласіпедах, пажыць у цішы. Летась быў шок ад наведвання дальняга лесу... Калі ўязджаеш у яго, высачэзныя дрэвы высяцца абапал дарогі, дорачы выратавальны цень. Так было заўсёды, колькі я сябе памятаю. А тут заехалі, а з левага боку — правал, "дзірка"... Старыя дрэвы спілавалі, пасадзілі маладняк. Усё правільна, напэўна, так і трэба. Толькі вось адчуванне, што пазбавілі цябе нечага дарагога, важнага... І лес як быццам ужо не той...

Камбайны амаль прыбралі збажыну, засталася невялікая лапінка. Па полі бегаюць два трактары, такія маленькія, як цацачныя здалёк, прасуюць у вялікія круглыя цюкі салому. Калі заехаць на ўзгорак, здаецца, што да самага гарызонту на адным полі, на другім у чаканні загаду стаяць арміі цёмна-залацістых саламяных воінаў... З іншага боку дарогі сёлета кукурузу пасадзілі ўшчыльную да самай праезнай часткі. Яна вымахала метры на два, стаіць суцэльнай зялёнай сцяной, ствараючы незвычайнае ўражанне, нібы гэта нейкія джунглі. Калі хутка едзеш на веласіпедзе, а свежы ветрык калыша побач вялікія расліны, здаецца, што нехта нябачны бяжыць у высокай кукурузе паралельна з табой навыперадкі...

1375700542548_3-18

Неяк мне патрапіў на вочы артыкул пра інавазійныя расліны, што некалі па розных прычынах аказаліся ў нас і зараз літаральна выцясняюць абарыгенаў, не пакідаючы ім шанцаў. Змагацца з імі вельмі цяжка, а сама пагроза набывае ўсё большы размах. Пра баршчэўнік Сасноўскага ведаў і дагэтуль: уздоўж ракі яго месцамі багата. А вось пра залатарнік, які многія вырошчваюць у палісадніках як дэкаратыўную расліну, — не. Калі прачытаў той матэрыял, пачаў звяртаць увагу на наваколлі. Убачыў, што таго залатарніку на могілках — процьма. Больш за тое, мы ганарымся, як у нас своечасова засяваюць палі і збіраюць ураджай. Гэта так. А тое, што гэтая небяспечная расліна ўжо вырвалася за ваколіцы і займае значныя плошчы, усе ведаюць?.. Прыгожыя здалёк жоўтыя палі залатарніку літаральна прымыкаюць да палёў са збажыной. Граніца — як пад лінейку: там, дзе ўжо прайшоў камбайн... Так званы "шалёны агурок" таксама надзейна прапісаўся шмат дзе і нагадвае пра сябе сваім спецыфічным пахам. Не думаю, што гэта праблема адной толькі канкрэтнай мясцовасці, проста па ёй, напэўна, можна меркаваць пра агульны маштаб патэнцыяльнай бяды.

...Пра тое, што водпуск набліжаецца да свайго лагічнага завяршэння (вой, маўчыце, не гаварыце ўслых лішні раз!), нагадвае наша любімая алыча. Яна ў нас расце не зусім па правілах. У тым сэнсе, што абразаем мы яе не дзеля атрымання вялікага ўраджаю, а так, каб пад ёй было зручна сядзець, хаваючыся або ад спёкі, або ад невялікага дажджу. Калі плады пачынаюць падаць, калі перад тым, як сесці за вялікі і шырокі стол пад ёй, трэба спачатку расчысціць сабе дарогу, значыць, час адпачынку няўмольна заканчваецца. Алыча гулка падае на стол, можа стукнуцца аб талерку ці нават патрапіць у напоўнены кубак... Гэта азначае, што хутка пара збірацца ў горад... Пра тое ж сведчаць і клумбы, зробленыя рукамі жонкі: калі на іх нарэшце ўсё распусцілася, радуе вока, значыць, наша лета ўжо скончана... Калі перафразіраваць словы песні вядомага барда, водпуск — гэта маленькае жыццё.
У якім ёсць і вясёлае і сумнае, якое напоўнена працай і адпачынкам, сонцам і дажджамі, сустрэчамі і развітаннямі. Усё як у звычайным жыцці, толькі за невялікі тэрмін. І на сёлетні год ён ужо фактычна пражыты... "Чаму не на моры?" За водпуск ад розных людзей я чуў гэтую фразу не адзін раз... А таму, што мне вельмі добра там, дзе я нарадзіўся...

Сяргей РАСОЛЬКА.

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Эканомім на касметыцы. Як мінімізаваць выдаткі на прыгажосць і маладосць

Эканомім на касметыцы. Як мінімізаваць выдаткі на прыгажосць і маладосць

Како Шанэль сцвярджала, што чым горшыя справы ў жанчыны, тым лепш яна павінна выглядаць.

Грамадства

Дыета ад хандры. Што жаваць, каб не перажываць

Дыета ад хандры. Што жаваць, каб не перажываць

«Сумныя» прадукты — прэч з халадзільніка!

Грамадства

«Сталінскі праспект мы называлі брадвеем». Як і чым жылі беларускія стылягі

«Сталінскі праспект мы называлі брадвеем». Як і чым жылі беларускія стылягі

Пасля смерці Сталіна «жалезная заслона», якая аддзяляла Савецкі Саюз ад навакольнага свету, прыадчынілася.

Грамадства

Прынцып Інэсы Караткевіч: цаніць кожную хвіліну

Прынцып Інэсы Караткевіч: цаніць кожную хвіліну

«Ні разу не пашкадавала, што прыйшла працаваць у такую ўнікальную структуру, як спажыўкааперацыя»