Вы тут

У Віцебску памятаюць пра Севастопаль


Яны сабраліся ў Віцебску, бо амаль усе тут і жывуць, дачакаліся некалькіх гасцей з Мінска, пагрузілі ўсе рэчы ў зафрахтаваны аўтобус — а пагрузка выдарылася даволі складанай — і ўзялі курс на Севастопаль, дзе іх чакалі.

Як бы нічога дзіўнага. Летам з нашага краю многія імкнуцца на мора, за няблізкі свет.

Гэтыя чатырнаццаць беларусаў, што служылі ў свой час ваеннымі маракамі, даўно рыхтаваліся да паездкі.

Грамадскі рух "Марское брацтва — непарушна", які аб'ядноўвае ветэранаў ваенна-марскога флоту, вядомы разнастайнымі мерапрыемствамі ваенна-патрыятычнай скіраванасці. Магчыма, у многім дзякуючы іх памкненнем грамадства змагло даведацца, якая славутая марская гісторыя маецца ў сухапутнай Беларусі. Толькі за пасляваенны час сотні тысяч землякоў зведалі службу на савецкім ваенным флоце. Служылі добрасумленна, некаторыя па-геройску, а 70 беларусаў нават даслужыліся да высокіх адміральскіх званняў. Некаторыя служаць і да гэтай пары, праўда, ужо на расійскіх ці ўкраінскіх баявых караблях.

Вось такая наша самая свежая марская гісторыя.

А ёсць і больш даўняя. Звязаная з падзеямі Крымскай вайны, дзе наш след таксама адметны. Ажно 8 імянных беларускіх палкоў змагаліся тады за Севастопаль. Мінскі полк, які палёг амаль поўнасцю, Віцебскі, Полацкі, Брэсцкі... Пра іх подзвігі ў горадзе-героі не забываюць, назвы палкоў выбіты на ганаровых шыльдах у самым цэнтры.

Беларускія ветэраны флоту даўно выношвалі задумку ўшанаваць памяць землякоў, палеглых у час гераічнай абароны Севастопаля, знакам з роднай зямлі. Ад задумак перайшлі да канкрэтнага дзеяння. У сябе на радзіме вырабілі стаўны крыж з сасны і металу, аздобілі, ахрысцілі — і павезлі ў край, дзе знайшлі вечны спакой салдаты і маракі беларускіх палкоў.

Пра тое, як выраблялі гэты крыж, можна расказваць асобна. Справа няпростая, ды і нятанная.

Як яго рыхтавалі да транспартавання, як везлі — цяжэразны, велічны, амаль у восем метраў вышынёй, ды праз жорсткія дзяржаўныя межы, што праляглі сёння паміж брацкімі Беларуссю і Украінай з іх строгімі мытнямі — таксама можна ўспамінаць доўга.

Пра тое, як дамаўляліся аб устаноўцы з севастопальскай уладай і з кіраўніцтвам флатоў дзвюх дзяржаў — трыма бакамі, дзе ў кожнага свая праўда, — і тут можна цэлы раман пісаць.

Але ўсё вырашылі нашы людзі. І справу давялі да канца.

Можа, таму, што флот добра загартоўвае людзей і іх характар. Можа таму, што справа ў іх такая. Хрысціянская, гуманітарная і, на жаль, вельмі рэдкая для нашага празаічнага часу.

1375700544381_3-28

А яшчэ так склалася, што абодвума флатамі на Чорным моры — што расійскім Чарнаморскім, што Ваенна-марскімі сіламі Украіны, — камандуюць сёння нашы землякі-беларусы. Ураджэнец Віцебска Аляксандр Вітко і Юрый Ільін

, які паступаў вучыцца ў марское вучылішча з Рагачова. У час нашага прыезду адмірал Ільін быў не тое што заняты, а страшэнна загружаны. Якраз суправаджаў сваё самае высокае начальства — міністра абароны і прэзідэнта краіны, якія гасцілі ў горадзе. А з тымі былі яшчэ прэзідэнт Расіі і расійскі міністр абароны. Вы разумееце, які ў камандуючага флоту ў такія моманты звышнапружаны пратакол і дэфіцыт часу. Але, нягледзячы ні на што, адмірал адарваўся на хвіліну ад высокіх гасцей, каб паціснуць рукі нашым маракам і сфатаграфавацца разам. Вельмі моцны поціск рукі у яго, дарэчы, — як-ніяк, у марской пяхоце служыў.

— Я заўсёды памятаю, адкуль я. Я ж з Рагачова, хлопцы.

Усе двое сутак, якія мы правялі ў Севастопалі, цёплае ласкавае мора вабіла вока. Але акунуцца ў яго хвалі так і не давялося. Падрыхтоўка месца пад крыж на стромкім скалістым беразе ў цэнтры горада — а менавіта там дабіліся нашы месца пад памятны знак — аказалася справай няпростай у інжынерным сэнсе. І спачатку пайшла крыху не так, як бачылася ў сухапутным Мінску. Давялося папацець. Ніякія спецыяльныя машыны на дапамогу не маглі дабрацца, нават простыя рыштаванні не было куды ўціснуць — усё рабілі на руках. Выручаў і Чарнаморскі флот, маладыя рукі яго матросаў дапамагалі нашым ветэранам падняць і замацаваць крыж на скале.

Асабіста спрыяў справе яшчэ адзін наш зямляк — намеснік камандуючага Чарнаморскім флотам капітан першага рангу Юрый Арэхоўскі: ён родам з Бялыніч.

Здзейсненае беларусамі мерапрыемства было ўключана ў праграму святкавання Дня Ваенна-марскога флоту ў Севастопалі. На яго сабраліся як высокія чыноўнікі, так і простыя людзі.

— Я спецыяльна прыехаў сюды, калі даведаўся, што сабраліся зрабіць беларусы, — сказаў нам былы ветэран Паўночнага флоту з Пецярбурга Мікалай Анісаў. — Надта ж гэта падзея незвычайная.

Што ідэя з такім вось помнікам, здзейсненая на грамадскіх пачатках, — вельмі незвычайная для нашага часу, на ўрачыстасцях гаварылі многія. Простыя севастопальцы. Афіцэры штабоў абодвух флатоў. Гарадскія ўлады. І прадстаўнікі беларускай дыяспары, якія жывуць у гэтым горадзе.

— Мы рады кожнай сустрэчы са сваімі землякамі, — сказала Ала Гарэлікава, старшыня севастопальскага аб'яднання беларусаў. — А тым больш з беларускімі маракамі. Бо маракі для нашага горада — асаблівыя людзі. Мы вельмі ганарымся гэтай справай. І, вярнуўшыся на Радзіму, беларускія маракі хай будуць спакойнымі за здзейсненае. Мы будзем прыглядваць за гэтым крыжам, за гэтым святым месцам.

Дарэчы, размаўляла яна з намі на чысцюткай беларускай мове. Хоць даўным-даўно, маладой дзяўчынай, з'ехала сюды з роднага Полацка.

Наогул, Севастопаль літаральна цесны ад беларусаў. Калі нашы ў дзень флоту, пераапрануўшыся ў ваенную форму ды з нацыянальнымі сцягамі прайшлі па горадзе, ім там мясцовыя жыхары ды і нашы турысты літаральна праходу не давалі.

Пасялілі гасцей на флоцкім судне "Енісей". Капітан якога ж — што тут ужо дзівіцца — таксама аказаўся пінчанінам.

А беларуская дэлегацыя, дарэчы, аказалася даволі незвычайнай. Хоць даўно ўсе сваё адслужылі — але дзе і як? Камандзір экіпажа, падводнік, глыбакаводны вадалаз, камандзір атрада пагранічных караблёў, марскія дэсантнікі — вось скупы пералік іх пасад на флоце... І ва ўсіх да гэтай пары — вернасць той службе. У дэлегацыі быў толькі адзін "немарак" — афіцэр запасу Аляксандр Галубовіч з фонду "Памяць Афгана" — былыя воіны-"афганцы", як могуць, падтрымліваюць справу "Марскога братэрства", не лічаць яе "несваёй".

За плячыма аўтара і каардынатара гэтага руху Арсенія Крыцкага разведвальны батальён дывізіі марской пяхоты на Ціхім акіяне. Той, хто вынес на сваіх плячах практычную рэалізацыю ідэі, — Юрый Кужалеў (тэрміновую службу адслужыў на Паўночным флоце). Цяпер у яго свая справа ў Віцебску. Ведаю многіх бізнесменаў, якія шмат гавораць пра неабходнасць добрых спраў, але хоць капейку дастаць на гэта з уласнай кішэні — рука ў іх не падымаецца. Юрый не з такіх. Не толькі падставіў плячо праекту, але і паехаў ставіць крыж уласнаручна. Сам бачыў, як ён збіраўся, як няпроста было яму адарвацца ад працы на гэтыя гарачыя летнія дні. Але ўсё кінуў і паехаў.

Цырымонія адкрыцця помніка ад беларусаў атрымалася прыгожай і шчымлівай. Паклонны крыж паўстаў якраз на тым пятачку, дзе калісьці кіпелі жорсткія баі. Што ў часы Крымскай вайны, што ў пару Вялікай Айчыннай. На марскім беразе выстраіліся роты ганаровай варты і аркестры ад абодвух флатоў — расійскага і ўкраінскага. Сабралася шмат высокіх ганаровых гасцей і духоўных саноўнікаў. Прыйшлі звычайныя севастопальцы, у тым ліку прадстаўнікі нашай тутэйшай дыяспары ў традыцыйных касцюмах.

Хвалі Чорнага мора ціха біліся аб узбярэжныя камяні. Над морам гучалі высокія словы пра той далёкі подзвіг. І малітва за душы тых беларускіх сыноў, хто пахаваны ў гэтай зямлі.

Будзеце ў Севастопалі — убачыце гэты крыж. Яго добра відаць праз заліў насупраць Графскай прыстані, бо стаіць у маляўнічым кутку Паўлоўскага мыса, крыху ніжэй флоцкага шпіталя. Відаць і ўначы, бо зрабілі і падсветку. Побач на флагштоках лунаюць дзяржаўныя сцягі Беларусі, Расіі і Украіны.

Якраз паўз гэтае месца выходзяць баявыя караблі несці службу ў Сусветны акіян. Велічны крыж з векавой беларускай сасны — гэта напамін і сённяшнім маракам, што Радзіма памятае пра ўсіх сваіх сыноў, хто мужна змагаўся, абараняючы гэты куток ад ворагаў, і назаўсёды застаўся тут.

Вікенцій Ключнік.

Мінск — Віцебск — Севастопаль — Віцебск — Мінск

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».