Вы тут

СУБОТНІК


Вясёлы слоўнік

Абабіць — ажаніць
Абабраць — злавіць бабра
Аблюбаваць — ажаніцца з Любай
Ацяпляць — рабіць абы-як
Вытрымаць — аб'явіць парадзісе аб нараджэнні тройні
Гуляш — лайдак
Закранаць — закручваць кран
Замарыцца — летуценіць
Кавалак — аматар кавы
Кратар — турэмшчык
Крыжаванка — могілкі
Лапацець — абуваць у лапці
Марылка — летуценніца
Матляць — брыдкасловіць
Пад'ёмнік — прапаршчык
Памылка — пральная машына
Папсаваць — слухаць сучасную музыку
Паядынак — застолле
Перапалка — шлагбаум
Пітон — п'янтос
Пляжыць — адпачываць каля мора
Правадыр — ДАІшнік
Прынос — пенснэ
Самацёк — час
Спадчына — страта пасады
Трапаць — садзіцца ў самалёт
Трыбунал — лектар
Трыбух

— трыа барабаншчыкаў
Хахаль — весялун
Цягнік — злодзей
Чыннік — кар'ерыст
Шыбаваць — шкліць вокны
Ялавец — рыбак-хвалько
Ярома — сталіца Італіі

Заўважыў Міхась ДУБОВІК,

Бярэзінскі раён, в. Арэшкавічы.

Барыс КАВАЛЕРЧЫК

Па-сваяцку

Гумарэска

Дрэнна, калі ў працоўным калектыве ўзнікаюць службовыя звадкі, калі адзін начальнік на месца другога меціць. Калі, напрыклад, галоўны інжынер капае пад дырэктара — і, вядома ж, не рыдлёўкай... Калі намеснік галоўнага бухгалтара з інтарэсам паглядае на крэсла шэфа.

А вось у нас на прадпрыемстве вельмі цёплыя адносіны. Іх нават сваяцкімі можна назваць. Ды і як інакш, калі ў намесніках у нашага дырэктара Івана Данілавіча родны брат яго жонкі ходзіць, а стрыечны — галоўным інжынерам працуе.

Шмат сваякоў і ў бухгалтэрыі ды іншых аддзелах, і ўсе яны дастойныя месцы займаюць. Апроч стрыечнага брата, сын яго Пётр Іванавіч тэхнічны аддзел узначальвае, дачка Машачка на кадрах сядзіць.

Вось толькі цешча Івана Данілавіча даўно на пенсіі і таму без працы. Але ж і яна кіруе — па тэлефоне: то загадае машыну прыслаць, каб у краму ці на рынак з'ездзіць, то з лецішча тэрмінова агуркі прывезці.

Каштоўныя ўказанні атрымлівае Іван Данілавіч і дома. Гэта адразу відаць, бо ён жа вой які смелы — гатовы горы звярнуць! А іншыя дні сядзіць ціхенька як тая мыш, што ад ката хаваецца. Зразумела, што жонка ды цешча з пасады яго не звольняць, але ж вымовы даюць. І, відаць, строгія.

А наогул, усё ў нашай фірме як мае быць. Асабісты вадзіцель Івана Данілавіча пачаў да яго дачкі заляцацца — парадніцца хоча. А чаму б і не: надакучыла, пэўна, абаранак круціць, а тут у нас неблагія вакансіі з'явіліся.

Толькі ў прыёмнай сакратарка Аксаначка, хоць нікому не сваячка, але такую адказную пасаду ўжо некалькі гадоў займае. Вельмі сімпатычная дзяўчына! Вы б толькі бачылі, якая ў яе фігура!

У апошні час і я пачаў усур'ёз задумвацца пра тое, што сорамна ў мае сорак у звычайных інжынерах хадзіць. Ды і родная сястра Івана Данілавіча летась аўдавела. Не буду ўтойваць: Аксаначка мне больш падабаецца. Але як на гэта паглядзіць Іван Данілавіч? Ён, як мне падаецца, і сам ахвотна б з ёй парадніўся, каб не жонка і цешча. А што датычыцца майго халасцяцкага жыцця, дык чаго дзеля пасады не зробіш? Можна адзін раз і жаніцца. Затое ўсё па-сваяцку будзе!..

г. Гомель.

Думкі ўголас

Злодзей — ананім, ды сляды — услед за ім.
Дзе гарэлка паваліла, там і спаць міла.
Спатыкнуўся конь, а разбіўся коннік.
Вушанка задумала, а валёнкі вінаватыя.
І сонны кракадзіл –– не бервяно.
Разумны і жалейку паслухае, дурному і барабан не ўказ.
Страчанае шчасце доўга аклікае.
Надзей –– мора, дасягненняў –– ручай.
Кашалёк ненаедны.
Шлях прамы, але ж па балоце.
Хамут вязе, а дуга цешыцца.
Не ўсе вежы ў Вавілоне.
І шыпшына вучыць, і крапіва.
Прачытала вогнішча ліст.
Вучыць кульгавы хадзіць прама.
Не рака шырокая, а мост кароткі.
Упоперак дарогі і адзін сабака –– перашкода.
Пеўню сніцца, што злавіў сініцу.
А ён без няні і ў акно не гляне.
Бачыш дзіва хвіліну, а памятаеш стагоддзе.

Барыс БЕЛЯЖЭНКА,

г. Віцебск.

Міхась СЛІВА

УСМЕШКІ

Улоў

Сустрэліся два мужыкі.

— Ну, як прайшла рыбалка? — пытае адзін у другога.

— Нармальна: учора — больш за тры кілаграмы, сёння — два прамілі...

Сіла волі

Размаўляюць два знаёмыя:

— Ты курыш?

— Не, месяц як кінуў і цяпер у рот не бяру — сіла волі...

— У мяне таксама... Год на працу не хаджу — і не цягне!

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?