Вы тут

ЗАЦЯГВАЕ!


На Smаrtfіlm'е перамог фільм пра тое, чаму небяспечна фатаграфаваць сябе ў люстэрку

Сапраўды, па пераможцах трэцяга фестывалю мабільнага кіно Smаrtfіlm, у якім сёлета бралі ўдзел 113 рэжысёрскіх стужак, знятых на мабільныя тэлефоны, можна меркаваць пра агульныя тэндэнцыі ў маладым беларускім кіно, яго патэнцыял, перспектывы і магчымасці.

Галоўны прыз у намінацыі для прафесіяналаў "РRО" атрымаў Андрэй Ляўковіч за фільм "Люстэрка". Дасціпная лаканічная стужка — узор выдатнага пачуцця гумару, іроніі і нават сарказму, цудоўнага валодання камерай і здольнасці атрымаць максімальны вынік, карыстаючыся мінімальным наборам сродкаў. Сюжэт фільма просты. На спантаннай вечарыне ў кватэры аднаго з герояў усе ўдзельнікі захапляльнага хатняга мерапрыемства па чарзе заходзяць у ванны пакой па сваіх патрэбах і, бачачы вялікае люстэрка, вырашаюць сфатаграфавацца ў ім. Гучна іграе музыка. На яе фоне раззлаваны сусед ушчувае вясёлых маладых людзей. Зразумела, што гэта павінна "выстраліць" напрыканцы фільма. І пасля таго, як усе, хто сфоткаўся ў люстэрку, знікаюць у ім (нават два бравыя міліцыянеры, якіх выклікаў сусед), з'яўляецца сам сусед. Ён яшчэ раз пераканаўча пагражае маладым людзям: маўляў, нечага тут! І камера паказвае нам, што ўсе яны апынуліся ўнутры люстэрка... Вось як фантасмагарычна можа скончыцца такая сучасная і да болю знаёмая гісторыя пра "сфоткацца ў люстэрку".

У намінацыі для аматараў "LІGHT" перамог Юрый Капаткоў з чорна-белым нямым міні-фільмам "Сіnеmа".

Гэтая стужка, як ні дзіўна, таксама пра фота. А яшчэ пра кіно і рэальнасць. І пра тое, як фота і рэальнасць могуць уплываць на кінематограф. Увага: жарты! Гэты фільм нагадаў мне пра французска-бельгійскі фільм "Артыст", які атрымаў "Оскара" ў 2012 годзе. А значыць, маладыя беларускія рэжысёры імкнуцца за Галівудам. У прынцыпе, гэтая тэндэнцыя ўжо адзначалася. Узгадайма хаця б фільм Крыса Нонга "Здымаць на паражэнне". У Юрыя Капаткова трошку іншае імкненне: больш артавае, камернае, стылістыка мадэрну, заблытаны сюжэт.

Варта адзначыць і фільм маладога, але ўжо даволі вядомага рэжысёра і аператара Максіма Багдановіча, які атрымаў спецпрыз за фільм "Соль". Фільм зроблены ў фармаце музычнага кліпа, з дынамічным мантажом і добрым пачуццём гумару. Раніца, музыка Цоя, маладая жонка гатуе сняданак, малады муж ніяк не хоча прачынацца. Жонка ідзе на працу, не дабудзіўшыся яго. І так з дня ў дзень. Аднойчы жонка не вытрымлівае і насыпае мужу ў кубак з гарбатай соль замест цукру... Так, між іншым, у людзей жыццё мяняецца!

Дарэчы, усе фільмы-пераможцы адрозніваюцца падобнымі стылістычнымі падыходамі: буйныя планы, умоўнасць дэталяў, мінімальная колькасць акцёраў. У прынцыпе, яно і зразумела: кіно ж мабільнае! Між іншым, у свеце фестываляў, падобных на Smаrtfіlm, існуе мноства. А ў нас вось хіба што мабільны аператар "Вэлком" (пры падтрымцы Міністэрства культуры) вырашыў, што падтрымліваць творчую актыўнасць такога кшталту, як здымкі кіно на любы гаджэт, здольны гэта зрабіць, вельмі перспектыўна: можна выхаваць абсалютна самастойную канкурэнтаздольную крэатыўную моладзь.

Выглядае на тое, што з усё большым развіццём найноўшых тэхналогій і інтэрнэту творчыя людзі становяцца ўсё менш і менш залежнымі ад так званых "абставін непераадольнай сілы". Інакш кажучы, ствараць ім больш нішто не замінае. Ну, альбо зусім нішто. Прынамсі, сёння бадай у кожнага ёсць мабільны тэлефон або фотаапарат з магчымасцю здымаць відэа прыстойнай якасці. Зняў, зрабіў увесь постпрадакшн дома на камп'ютары, "заліў" на ю-туб — і ёсць вялікая верагоднасць таго, што менавіта тваё відэа заваюе планету. Праўда, можа быць, зусім ненадоўга. Тыдні на два, напрыклад. Але тым не менш! У любым разе паглядзім, з якім настроем вернецца з Галівуда Андрэй Ляўковіч, які за перамогу атрымаў у якасці падарунка паездку на самую буйную ў свеце кінафабрыку на адну з дзейных кінастудый.

Вольга ЧАЙКОЎСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Беларускі Чырвоны Крыж працягвае аказваць дапамогу падчас пандэміі і іншых надзвычайных сітуацый

Беларускі Чырвоны Крыж працягвае аказваць дапамогу падчас пандэміі і іншых надзвычайных сітуацый

Каля мільёна чалавек атрымала падтрымку ў выглядзе прадуктовых набораў, ваўчараў, якія можна было «атаварыць», грашовых сродкаў, дастаўкі прадуктаў на дом, а таксама простай размовы па тэлефоне «гарачай лініі» са спецыялістам.

Грамадства

Матывацыя праз гейміфікацыю, або як працуюць механізмы гульні ў адукацыі

Матывацыя праз гейміфікацыю, або як працуюць механізмы гульні ў адукацыі

Вядома, што гульня здольная захапіць усю ўвагу чалавека і не адпускаць яе доўгі час.

Культура

Падмурак Трэцяга Рэнесансу закладваецца ва Узбекістане

Падмурак Трэцяга Рэнесансу закладваецца ва Узбекістане

У Ташкенце прайшлі Тыдзень культурнай спадчыны Узбекістана і ІV Міжнародны кангрэс Сусветнага таварыства па вывучэнні, захаванні і папулярызацыі культурнай спадчыны Узбекістана «Культурная спадчына Узбекістана — падмурак новага Рэнесансу».

Грамадства

Елку можна секчы, але нельга спальваць у печы. Чым небяспечныя хвойныя дрэвы і што з імі рабіць, асабліва пасля свят

Елку можна секчы, але нельга спальваць у печы. Чым небяспечныя хвойныя дрэвы і што з імі рабіць, асабліва пасля свят

Елкі, вывезеныя на смеццевыя палігоны, падчас гніення выдзяляюць у асяроддзе шкодныя рэчывы не горш за пластык.