Вы тут

"Смачныя" словы роднай мовы


Гутарка пра напісанае і сказанае па-беларуску

Сёння вядзём размову з Аляксандрам Лукашанцам — дырэктарам філіяла "Інстытут мовы і літаратуры імя Якуба Коласа і Янкі Купалы" Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі. Абмяркоўваем самыя "смачныя" з'явы і праблемы нацыянальнай мовы: беларускамоўныя плакаты і білборды, лацінку ў сталічным метро, школу на роднай мове, шыльды, напісаныя па-беларуску, ды іншае.

1375788234581_6-20

— Па ініцыятыве Інстытута мовы і літаратуры Мінск упрыгожваюць плакаты "Смак беларускай мовы", якія гараджане прынялі з прыязнасцю. Пэўны час у сталіцы віселі вялікія білборды падобнай тэматыкі, накшталт "Ма-ма = мо-ва. Ты любіш маму?" — аднак іх даволі хутка знялі. Чаму было прынята такое рашэнне?

— Так, сапраўды, некаторы час вуліцы горада Мінска ўпрыгожвалі па-мастацку аформленыя плакаты сацыяльнай рэкламы "Смак беларускай мовы". Дзеля справядлівасці хачу адзначыць, што гэта не толькі ініцыятыва нашага інстытута. Я сам з задавальненнем успрымаю такую рэкламу і лічу, што яе павінна быць больш, таму што яна стварае прыемны беларускамоўны фон. Разам з тым любая візуальная рэклама, у тым ліку і беларускамоўная, павінна рэгулярна абнаўляцца. Таму я не бачу нейкага спецыяльнага падтэксту ў тым, што тыя ці іншыя рэкламныя білборды праз некаторы час мяняюцца.

— Раскажыце, што сёння з беларускай мовай адбываецца ў школе, якая з'яўляецца пэўным гарантам яе пераемнасці? Было шмат размоў пра тое, што беларускамоўныя класы і групы ў дзіцячых садках закрываюцца, а тыя бацькі, што хочуць навучаць сваіх дзетак на роднай мове, не ведаюць, куды іх аддаць. Якой вам бачыцца сітуацыя з мовай у школе?

— Сапраўды, сёння сістэма адукацыі з'яўляецца бадай што галоўнай крыніцай фарміравання беларускамоўнай кампетэнцыі нашага грамадства. Зразумела, чым больш будзе ўстаноў адукацыі з беларускай мовай навучання, тым больш высокай будзе ступень ведання і выкарыстання беларускай мовы. Таму задача павелічэння колькасці беларускамоўных школ і класаў, безумоўна, павінна стаць адным з дзяржаўных прыярытэтаў у сферы моўнага жыцця. Аднак, па маім глыбокім перакананні, гэтая праблема не можа быць вырашана толькі адміністрацыйным шляхам. Тут павінна быць кансалідаваная воля ўсяго беларускага грамадства. Вядома, хацелася б, каб у адпаведнасці з прынцыпамі дзяржаўнага двухмоўя, колькасць вучняў, якія вучацца ў беларускамоўных і рускамоўных школах, была прыблізна аднолькавай, але ў нашай сітуацыі гэта задача дастаткова аддаленай перспектывы. Бліжэйшай задачай у гэтай сферы мне бачыцца стварэнне такіх умоў, калі б бацькі маглі рэальна аддаць сваіх дзяцей у школы і дзіцячыя садкі з беларускай мовай навучання. Надзённай жа і цалкам вырашальнай у сённяшніх умовах, на мой погляд, задачай сістэмы адукацыі з'яўляецца такая арганізацыя навучальнага працэсу ў школе, каб кожны, хто атрымлівае сярэднюю адукацыю, мог рэальна авалодаць абедзвюма дзяржаўнымі мовамі — беларускай і рускай. Улічваючы недастатковасць беларускамоўнага асяроддзя, зразумела, што прэферэнцыі ў плане колькасці вучэбных гадзін у вучэбных праграмах павінна атрымаць менавіта беларуская мова.

— Пры непасрэдным удзеле Інстытута мовы і літаратуры ў сталічным метро назвы станцый цяпер напісаны не толькі кірыліцай, але і лацінкай. Напачатку пэўнай часткай грамадскасці гэта было ўспрынята як цікавы эксперымент і выклікала шмат дыскусій...

— Так, у Інстытуце мовы і літаратуры па ініцыятыве Мінскага метрапалітэна ажыццёўлена транслітарацыя (палітарная перадача) назваў станцый метро сродкамі лацінскага алфавіта. Гэтая транслітарацыя выканана ў строгай адпаведнасці з прынятымі і ўхваленымі на міжнародным узроўні стандартамі (распрацаваная Дзяржаўным камітэтам па маёмасці Рэспублікі Беларусі сістэма транслітарацыі геаграфічных назваў была ўхвалена 10-й Канферэнцыяй ААН па стандартызацыі геаграфічных назваў у 2012 годзе), таму гаварыць пра нейкі эксперымент у гэтым выпадку не прыходзіцца. Гэта распаўсюджаная ў свеце практыка, і наша краіна такім чынам уваходзіць у сусветную інфармацыйную прастору. Хачу толькі звярнуць увагу, што лацінамоўныя надпісы ў метро (як і сама сістэма транслітарацыі) не арыентаваны на носьбіта якой-небудзь канкрэтнай заходнееўрапейскай мовы, а дазваляюць атрымліваць неабходную візуальную інфармацыю ўсім гасцям нашай сталіцы, якія карыстаюцца рознымі мовамі з лацінскім алфавітам у сваёй аснове.

— Часам ідзеш па вуліцы, бачыш шыльду на беларускай мове, якая напісана з памылкамі, або бягучы радок у транспарце няправільна сфармуляваны. Ці ёсць пэўны аддзел ці ўстанова, якая гэта адсочвае, і куды, напрыклад, чалавек можа звярнуцца, калі заўважыў памылку?

— Сёння ў сферы гукавой і візуальнай інфармацыі дастаткова востра стаіць праблема карэктнага выкарыстання моўных сродкаў, адпаведнасці пісьмовых і вусных тэкстаў літаратурным нормам. Гэта датычыць не толькі беларускамоўнай, але і рускамоўнай інфармацыі на вуліцах нашай сталіцы. Праблема дакладнасці, карэктнасці і арфаграфічнай правільнасці тэкстаў і надпісаў знаходзіцца ў сферы моўнай кампетэнцыі і культуры маўлення непасрэдных стваральнікаў інфармацыйных тэкстаў. На маю думку, адсочваць сітуацыю ў гэтай сферы моўнай дзейнасці павінны тыя службовыя асобы, у кампетэнцыю якіх уваходзіць моўнае афармленне вуліц горада, стварэнне афіцыйных шыльдаў устаноў і г.д. Аднак, паколькі такія надпісы і тэксты ствараюць агульны моўны фон сталіцы, найлепшым выйсцем са становішча, на мой погляд, магла б стаць абавязковая папярэдняя экспертыза любых тэкстаў візуальнай інфармацыі кампетэнтнымі спецыялістамі, у прыватнасці, супрацоўнікамі нашага інстытута. Надзённай праблемай у гэтай сферы з'яўляецца таксама істотнае павелічэнне ў адпаведнасці з прынцыпамі і сутнасцю дзяржаўнага двухмоўя колькасці менавіта беларускамоўнай гукавой і візуальнай інфармацыі, асабліва ў сталіцы нашай краіны — Мінску.

— Нядаўна чытала ў інтэрнэце, што адкрыліся нефармальныя курсы па вывучэнні беларускай мовы. А пры вашым Інстытуце няма чаго-небудзь падобнага або, магчыма, плануеце адкрыць?

— У сістэме Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі ў Інстытуце падрыхтоўкі навуковых кадраў ёсць спецыяльная кафедра беларускай мовы, якая якраз і забяспечвае выкладанне беларускай мовы ў першую чаргу для аспірантаў, а таксама для ўсіх іншых супрацоўнікаў НАН Беларусі. Таму курсы беларускай мовы могуць быць створаны ў першую чаргу ў гэтым інстытуце. Што ж датычыць нашага Інстытута мовы і літаратуры, які зараз уваходзіць у склад Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі, то ў нас таксама працуюць высокакваліфікаваныя спецыялісты, якія могуць прафесійна выкладаць беларускую мову. Таму пры неабходнасці ў нас таксама могуць быць створаны курсы беларускай мовы як для супрацоўнікаў НАН Беларусі, так і для ўсіх тых, хто жадае авалодаць беларускай мовай для таго, каб практычна карыстацца ёй у сваёй прафесійнай і паўсядзённай дзейнасці.

Ніна ШЧАРБАЧЭВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Канфуцый «прапісаўся» ў Мінску. Гутарым з дырэктарам Рэспубліканскага інстытута кітаязнаўства імя Канфуцыя БДУ, былым паслом Беларусі ў Кітаі Анатолем Тозікам

Канфуцый «прапісаўся» ў Мінску. Гутарым з дырэктарам Рэспубліканскага інстытута кітаязнаўства імя Канфуцыя БДУ, былым паслом Беларусі ў Кітаі Анатолем Тозікам

20 студзеня Беларусь і Кітай адзначаюць 29-ю гадавіну ўстанаўлення дыпламатычных адносін паміж нашымі краінамі. 

Грамадства

«Сталінскі праспект мы называлі брадвеем». Як і чым жылі беларускія стылягі

«Сталінскі праспект мы называлі брадвеем». Як і чым жылі беларускія стылягі

Пасля смерці Сталіна «жалезная заслона», якая аддзяляла Савецкі Саюз ад навакольнага свету, прыадчынілася.