Вы тут

Гаўрыла


Лесвіца

Жывапіс Вашчанкі мне спадабаўся адразу і назаўжды. Упершыню я той жывапіс убачыў на выставе ў Беларускім дзяржаўным мастацкім музеі. Народу было шмат. Я прыйшоў разам з маці па запрашэнні свайго тагачаснага настаўніка — Сяргея Каткова. Ён выставіў летні нацюрморт з грыбамі і рыбаю, а Вашчанка выставіў карціну з маладым чалавекам, які нясе лесвіцу. Залаты чалавек нёс залатую лесвіцу. А над лесвіцай ляцелі пташкі, а пад ёю бег сабака. Усё навокал чалавека было вохрыста-залатое, як скошанае ў верасні жытнёвае поле. Для сябе я называю тую карціну "Лесвіца ў неба".

1375788236388_6-2
Воблака

На чарговай выставе ў Палацы мастацтваў з'явілася палатно Вашчанкі, на якім было зялёнае неба з ружовым воблакам, што ўздымалася над лесам. Пра "Воблака" публіка загаварыла. Казалі, што нехта са студэнтаў раней за Вашчанку ўбачыў і напісаў ружовае воблака ў зялёным небе. Называлі нават імёны. Асабіста я не помніў, каб нехта пісаў і паказваў падобнае воблака. Зрэшты, школа працуе дзеля агульнай справы. Збольшага вучні пераймаюць майстэрства ў выкладчыкаў, але ж і выкладчыкам патрэбны свежыя ўражанні і дзёрзкія пошукі, якія прыносяць у майстэрню іх вучні. Я так і не адшукаў жывапісца, які першы ўбачыў ружовае воблака над чорна-зялёным лесам, але я добра запомніў воблака Вашчанкі.

Стыль

Гаўрыла Вашчанка ўвайшоў у мастацтва як наватар, стварыў ўзоры жывапісу ў суровым стылі. Калі станковыя карціны паказалі, што Вашчанка здольны рабіць абагульненыя і манументальныя вобразы. Ён атрымаў замовы на сценапісы. У сваіх роспісах стваральнік суровага стылю ўсё ж застаўся найперш лірыкам, ягоны манументалізм лірычны, і ў ім няма ўсёразбуральных подыхаў сусветных катастроф. Лірычны манументалізм — вынаходніцтва, якое належыць менавіта Вашчанку, і гэтае адкрыццё знайшло працяг у творчасці шматлікіх іншых беларускіх манументалістаў. Таму можна сказаць, што Гаўрыла Харытонавіч змог стварыць уласную школу манументальна-дэкаратыўнага мастацтва.

Мянушка

Свайго выкладчыка Вашчанку студэнты называлі дзіцячым і пяшчотным словам "вава". Вава прыходзіў... Вавы сёння не будзе... Вава сказаў! Дарэчы, усё сказанае загадчыкам кафедры манументальнага мастацтва Гаўрылам Харытонавічам Вашчанкам для маладых беларускіх манументалістаў было законам.

Краявіды

Вашчанка любіць краявіды. Яму шмат даводзілася ездзіць у складзе мастацкага савета, які прымаў зробленыя манументальныя заказы. Усе роспісы, мазаікі, вітражы, мемарыялы трэба было ацэньваць. Вашчанка ацэньваў, ездзячы з калегамі на аўтобусе. У яго было сваё месца, ён любаваўся краявідам праз лабавое шкло. Аднаго разу на месца Вашчанкі сеў Алег Хадыка і прапанаваў Гаўрылу Харытонавічу сесці побач, балазе — месца ж два. На што Вашчанка сказаў, што Хадыка будзе замінаць любавацца краявідамі. Хадыка страшэнна абураўся гэткім выгнаннем з крэсла, выгнаннем ад лабавога шкла, выгнаннем з мастакоўскай эліты. Абурацца ён паабураўся, але саступіў, што разумна, бо трымаць Гаўрылу Вашчанку ў ворагах — небяспечна.

Японія

Калі Вашчанка вярнуўся з падарожжа ў Японію, дык расказаў пра тры здзіўленні. Японія была зусім чужой і нават варожай краінай, ажно пакуль ён не патрапіў у двор тамтэйшай акадэміі мастацтваў. Сярод мастакоў, выкладчыкаў і студэнтаў ён адчуў сябе сваім. Другое здзіўленне спарадзілі цэны на творы мастацтва. Вашчанка не змог набыць сабе нават самы маленькі і самы просценькі малюнак. Не хапала сродкаў. Японія і тады была, як і цяпер, вельмі дарагой краінай, у якой высока ацэньвалася ўсё, і нават сучаснае мастацтва малавядомых творцаў. Трэцяе вялікае здзіўленне і расчараванне адчуў Вашчанка і ў тамтэйшым музеі выяўленчага мастацтва. Ён спадзяваўся пабачыць там незлічоныя скарбы японскай культуры ад часоў старажытных да нашых дзён. Замест доўгачаканых скарбаў яго там сустрэў нешматлікі збор палотнаў рускага мастака з таварыства "Перасоўнікі" — Макоўскага. У прасторным і светлым музеі паказвалі толькі Макоўскага, а ўсё астатняе было схавана ў запаснікі. На выставе было і вядомае палатно "Дзеці, што ўцякаюць ад навальніцы". Наяўнасць вядомых "Дзяцей..." зусім не суцешыла Гаўрылу Харытонавіча, які так і не пабачыў арыгінальных шэдэўраў Хакусая, Хірасіга і Утамара.

Шарая гадзіна

Вашчанка шмат разоў казаў, што любіць задумваць карціны ў шарую гадзіну. У паўзмроку яму добра думаецца. Самы творчы настрой у Гаўрылы Вашчанкі з'яўляецца ў час паміж днём і ноччу. Мне было цяжка зразумець яго, бо мая творчая актыўнасць прыпадае на раніцу, а ўспышкі азарэння з'яўляюцца ў непрадказальны час. Шарую гадзіну заўсёды ўсхваляў Леанарда. Ён лічыў, што ўсе рэчы ў гэткі час набываюць сваё сапраўднае аблічча, якое не скажаюць густыя цені і моцнае святло. У мяне ў паўзмроку складаецца адчуванне, што я нечага істотнага недабачваю і недачуваю. У шарай гадзіне мне яшчэ і сумна. Але ў апавяданнях Вашчанкі я пачуў галоўнае — заклік адшукаць свой уласны творчы час і берагчы яго.

Будаўнікі

Чалавек бывае не задаволены тым, што ён менавіта такі, а не іншы. Да свайго чалавечага яму карціць дадаць чужога. І адсюль — чалавек-рыбіна, чалавек-птушка, чалавек-змяя... Прага дадавання падштурхоўвае вынаходнікаў да адкрыццяў. Чалавек лётае, плавае, поўзае пад зямлёю, але так і не пазбаўляецца незадаволеннасці. Яго бянтэжыць смяротнасць. Чалавек выдумляе бессмяротнасць душы, выдумляе ўваскрашэнне, але супакоіцца не можа. Свае сумневы наконт бессмяротнасці ён хавае ў лабірынтах рэлігійных інстытутаў. Чалавек будуе саборы, каб часова забыцца пра вечнае небыццё. На пэўны час яму тое ўдаецца. Прынамсі, гэта ўдавалася зрабіць майму выкладчыку Гаўрылу Вашчанку. Ён некалькі разоў распавядаў адну і тую ж гісторыю... На будоўлі сабора ў рабочых спыталі, што яны робяць... "Цэглу нашу..." — адказаў адзін. "Сцяну фарбую..." — сказаў другі. Трэці абвясціў: "Будую сабор!" Вашчанка агітаваў мяне, як і астатніх сваіх вучняў — будаваць сабор. Як вучань, я мусіў пагадзіцца з настаўнікам, але як мастак, я фарбаваў сцяну. Лепш сказаць, што ты фарбуеш сцяну, чымсьці ганарыста думаць: нібыта малюеш Бога, адказнага за тваю спакутаваную і бессмяротную душу.

Матэрыялы

Ёсць матэрыялы, у якіх мастак рэалізоўваецца найлепшым чынам. Некаму дастаткова паперы і простага алоўка, як Юрыю Выхадцаву. Камусьці патрэбна смальта для выкладання шматметровых мазаік, як Аляксандру Кішчанку. Хтосьці выбірае іголку і цынк для афортаў, як Арлен Кашкурэвіч. Гаўрыла Вашчанка любіць палатно з алейнай фарбай, сцяну з воскам, вітражнае шкло і паперу з акварэллю. У Вашчанкі шмат любімых матэрыялаў. У кожным з іх ён рэалізоўвае свае задумы вельмі прафесійна. Уласна, матэрыял для Вашчанкі ніколі не быў самамэтаю. Ён — сродак. Вобразы Вашчанкі лёгка пераходзяць з акварэляў у вітражы і энкаўстыкі. Можа, нават і занадта лёгка.

Элементы

Карціна складаецца з элементаў, і ў Гаўрылы Вашчанкі свой непаўторны набор такіх элементаў... Шыяны — карзіны з вузкім горлам для захоўвання зерня (палешукі іх плялі з лазы і саломы). Буслы — гаспадары палескага неба. Сланечнікі — даніна богаабранаму Ван Гогу. Блакітнае вока — якое заўважаеш у аўтапартрэтах, партрэце сына Косціка і шматлікіх іншых партрэтах. Аблокі — яны на палотнах Вашчанкі цяжкія, поўныя жыццядайнасці і моцы. Хлеб у круглых, вялікіх, як прапячы, боханах. Дубы добрыя, як і ўсе беларускія волаты. Конь, які чакае свайго вершніка. Спаніэль — адданая добразычлівасць.

Спаборніцтвы

Вашчанка, як і большасць прадстаўнікоў у нашым суровым стылі 1960-х, спаборнічаў з Савіцкім. Калі талент Міхаіла Савіцкага ўвасабляўся ў трагічных сюжэтах, дык талент Вашчанкі быў наскрозь лірычны. Савіцкага натхняла творчасць Янкі Купалы, а Вашчанку — Якуба Коласа. Вашчанка, як і Колас, увесь зямны, хлебны і залаты. Савіцкі, як і Купала, нябесны, зорны і халодны. У маладосці ў свае настаўнікі я выбраў Вашчанку, як пазней выбраў у свае ўзоры Коласа і Багдановіча, а не браў дэманічнага Купалу і пякельнага Савіцкага. Нацюрморт Вашчанкі, названы коласаўскім радком "Мой родны кут", я і зараз лічу адным з найлепшых палотнаў у беларускім выяўленчым мастацтве.

Адам ГЛОБУС

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».