Вы тут

Вось вам і атэрасклероз


Абсалютная большасць усіх "сардэчна-сасудзістых" смерцяў абумоўлена, па сутнасці, добра вядомымі захворваннямі, якія яшчэ называюць хваробамі-спадарожнікамі, — атэрасклерозам і артэрыяльнай гіпертэнзіяй. Гэтыя станы можна разглядаць як разам, так і паасобку. У большасці людзей артэрыяльная гіпертэнзія, або павышаны ціск, не звязаны з нейкімі захворваннямі ўнутраных органаў. Тым не менш, часам мае быць цесная сувязь з захворваннямі нырак і эндакрыннай сістэмы. Артэрыяльная гіпертэнзія з'яўляецца фактарам рызыкі развіцця атэрасклерозу.

Атэрасклероз — гэта змяненні ўнутранай абалонкі артэрый, звязаныя з адкладаннем у ёй халестэрыну. Фарміраванне халестэрынавых, або ліпідных, бляшак прыводзіць да нераўнамернага звужэння прасвету сасудаў, што парушае нармальны краваток, а значыць, тканкі арганізма атрымліваюць менш крыві і кіслароду з ёй. Такім чынам, калі арганізму патрабуецца больш кіслароду (пры фізічнай і эмацыянальнай нагрузцы) і кровазварот павінен узмацніцца, сасуды аказваюцца не здольнымі прапусціць больш крыві. Няздольнасць праяўляецца болем. Па сутнасці, гэта і ёсць ішэмія. Статыстыка сведчыць, што колькасць знаёмых з ішэмічнай хваробай сэрца ў нас прырастае фактычна год ад года.

Наогул фактары рызыкі сардэчна-сасудзістых захворванняў, звязаных з атэрасклерозам (у першую чаргу размова ідзе пра ішэмію), вывучаліся і яшчэ працягваюць вывучацца. Налічваецца, можа, не менш за сотню самых розных прычын, механізмаў, кандыдатаў у фактары рызыкі, якія разглядаюцца вучонымі. Паводле слоў вядучага навуковага супрацоўніка лабараторыі медыцынскіх інфармацыйных тэхналогій РНПЦ "Кардыялогія" Ігара КАЗЛОВА,

дакладна вядома, што сардэчна-сасудзістым захворванням, звязаным з атэрасклерозам, спрыяюць:

1.Артэрыяльная гіпертэнзія.

2.Высокі ўзровень халестэрыну і парушэнне балансу паміж ліпапратэідамі нізкай шчыльнасці ("дрэнным " халестэрынам) і ліпапратэідамі высокай шчыльнасці ("добрым" халестэрынам) на карысць першага.

3.Курэнне.

4.Лішняя вага.

5.Нізкая фізічная актыўнасць.

6.Нерацыянальнае, незбалансаванае харчаванне (лішак калорый; насычаных, жывёльнага паходжання, тлушчаў; недахват гародніны і фруктаў).

7.Парушэнне згусальнасці крыві, узроўню мачавой кіслаты (падагра), цукровы дыябет.

Як бачым, размова ідзе найперш пра лад жыцця асобна ўзятага чалавека. Здаецца, нічога складанага, і тым не менш, мяркуючы па захваральнасці і смяротнасці ад сардэчна-сасудзістай паталогіі ў нашай краіне, мала хто сапраўды прытрымліваецца здаровага ладу жыцця. Спецыялісты знаходзяць гэтаму псіхалагічнае тлумачэнне: эфектыўнасць асваення новых метадаў паводзін прама прапарцыянальна звязана з хуткасцю атрымання заахвочвання. І наадварот, адтэрміноўка пакарання за няправільныя паводзіны рэзка зніжае згаданую эфектыўнасць. Здаровы ці нездаровы лад жыцця ў маладым узросце прынясе свой "плён"… толькі праз гады.

Яшчэ больш кансерватызму

У ліпені стаў вядомы новы варыянт рэкамендацый Еўрапейскага таварыства кардыёлагаў і спецыялістаў па лячэнні артэрыяльнай гіпертаніі. Рэкамендацыі вылучаюцца яшчэ большым кансерватызмам у падыходах да дыягностыкі і лячэння. У прыватнасці, для ўсіх пацыентаў узровень сісталічнага ціску павінен імкнуцца да значэння ніжэй за 140 мм рт сл. Дыясталічны ціск — асабліва для пажылых і хворых на цукровы дыябет — да значэнняў ніжэй за 85 мм рт. сл. Звяртаецца ўвага на важную ролю сутачнага манітарыравання артэрыяльнага ціску. У нашай краіне, дарэчы, толькі 14 працэнтаў апытаных пацыентаў з артэрыяльнай гіпертэнзіяй праходзілі падобнае даследаванне. Між тым, гэты метад дыягностыкі дазваляе атрымаць паказчыкі артэрыяльнага ціску па-за межамі медыцынскай установы. Бываюць выпадкі, што ў хатніх умовах чалавек мае ціск у межах нормы, аднак у медыцынскай установе ён павышаны. У новых рэкамендацыях па-ранейшаму вялікая ўвага надаецца ўжыванню солі не больш за 5–6 г у суткі (раней было 9–12 г). Індэкс масы цела не павінен быць вышэй за 25. Акружнасць таліі ў мужчын — менш за 102 см, у жанчын — менш за 88 см. Наогул страта вагі больш як на 5 кг для гіпертоніка азначае зніжэнне ціску на 5–6 мм рт. сл. Дадатковая фізічная нагрузка зніжае ціск на 5–8 мм. рт. сл. У медыкаментознай тэрапіі, як і раней, прымяняецца пяць класаў прэпаратаў.

Новая тэхналогія для цяжкіх выпадкаў

Шырока распаўсюджаная ў любой папуляцыі хранічная сардэчная недастатковасць — гэта і інваліднасць, і вялікія затраты на медыкаментознае і хірургічнае забеспячэнне такіх пацыентаў. Паводле слоў загадчыцы лабараторыі хранічнай сардэчнай недастатковасці РНПЦ "Кардыялогія" Алены КУРЛЯНСКАЙ, у нашай краіне для лячэння сардэчнай недастатковасці прымяняюцца практычна ўсе метады лячэння, якія адпавядаюць сусветным стандартам, — медыкаментозная тэрапія, імплантацыя кардыёстымулятараў і сінхранізуючых прыстасаванняў, хірургічная карэкцыя, трансплантацыя сэрца. Ажыццяўляюцца і новыя навуковыя праекты па вывучэнні дыягностыкі і лячэння хранічнай недастатковасці.

Вядзецца і навуковае даследаванне па вызначэнні прагнозу для пацыентаў з хранічнай сардэчнай недастатковасцю. Укараняецца новая тэхналогія лячэння хранічнай недастатковасці — інэрвацыя ныркавых артэрый. Парушэнне ў рабоце нырак можа спрыяць падтрымцы высокіх лічбаў ціску. Маніпуляцыя прымяняецца ў цяжкай катэгорыі хворых, калі медыкаментозная тэрапія з некалькіх прэпаратаў не дазваляе дасягнуць мэтавых лічбаў ціску. Такія людзі маюць высокую рызыку раптоўнай смерці ад інфаркту ці інсульту. Апрабіраваная на Захадзе тэхналогія паляпшае работу сэрца, яго скарачальныя здольнасці. Праз сцегнавую артэрыю мікракатэтар падводзіцца да ныркавай артэрыі, на нервовыя канчаткі аказваецца ўздзеянне токам, што дае зніжэнне ціску. Поўнасцю здаровым пацыент не становіцца, аднак ён можна ўжываць менш прэпаратаў і пазбегнуць крызаў.

Святлана БАРЫСЕНКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».