Вы тут

Ён пацярпеў за праўду і любоў да Радзімы


Вельмі знакавая і па-свойму ўнікальная падзея: у Віцебску ўшанавалі памяць славутага краязнаўца Мікалая Іванавіча Каспяровіча. Слоўнікавы матэрыял, сабраны віцебскімі краязнаўчымі арганізацыямі пад кіраўніцтвам Каспяровіча, ім жа апрацаваны, мае вялікае значэнне і для сённяшняга дня, калі паўстае праблема вяртання сапраўднай беларускай мовы, не "забруджанай" іншаземным уплывам.

У маі адбылося адкрыццё мемарыяльнай дошкі ў гонар гэтага выдатнага дзеяча беларускай навукі, а ў будынку ратушы была прадстаўлена выстава, прысвечаная жыццю і працы гэтага рэпрэсаванага ў 1930-я гады беларускага інтэлігента.

1375788253525_22ver-611111

Мікалай Каспяровіч нарадзіўся 9 (21-га — па старым стылі) мая 1900 года ў маёнтку Ізабалёва Ігуменскага павета Мінскай губерні (зараз Пухавіцкі раён Мінскай вобласці) у сям'і арандатара. Пачатак яго грамадскай актыўнасці супадае з вельмі складаным паслярэвалюцыйным часам, у які адбывалася станаўленне новай беларускай дзяржаўнасці. Атрымаўшы ў 1918-1921 гадах педагагічную адукацыю ў Мінскім настаўніцкім інстытуце,

Каспяровіч прысвяціў сваю дзейнасць арганізатарскай справе ў галіне адукацыі, распаўсюджанню ў шырокім асяродку нацыянальнай свядомасці. Ён быў удзельнікам Часовага беларускага нацыянальнага камітэта, Цэнтральнай беларускай школьнай рады, Мінскага таварыства гісторыі і старажытнасцяў. Дзейнасць гэтых грамадскіх арганізацый некаторы час адбывалася ў перыяд акупацыі. Адначасова на мяжы 1920-х гадоў ён бесперапынна працягваў вучыцца.

З 1921 года Каспяровіч працаваў на пасадзе інструктара Наркамата асветы Беларускай Рэспублікі, інспектара Слуцкага аддзела адукацыі. Разнастайная яго дзейнасць гэтага часу накіравана на арганізацыю беларускай школьнай адукацыі, распрацоўку метадычных пытанняў выкладання беларусазнаўчых прадметаў у школьным навучанні. Яго намаганнямі ў Слуцкім павеце ладзіліся кароткатэрміновыя беларусазнаўчыя курсы для настаўнікаў.

— Цікавым і насычаным стаў перыяд жыцця Мікалая Каспяровіча, звязаны з Віцебскам. Пасля ўваходжання часткі тэрыторыі Віцебскай губерні ў склад Беларускай ССР разгарнулася вялікая мэтанакіраваная работа па вяртанні і аднаўленні беларускай нацыянальнай культуры, — расказалі ў Віцебскім абласным краязнаўчым музеі. — Справа была падмацавана дзяржаўнай палітыкай беларусізацыі. Для вядзення арганізацыйнай працы ў гэтым кірунку Наркамат асветы БССР прызначыў Каспяровіча на пасаду інспектара Віцебскага акруговага аддзела адукацыі з пачатку жніўня 1924 г. Віцебскі перыяд непрацяглага жыцця Мікалая Іванавіча зусім кароткі — два гады (з восені 1924-га да восені 1926 г.) — і насычаны вялікімі справамі. Менавіта ў Віцебску ён распачаў многія свае працы, якія мелі плённы працяг у далейшай навуковай і арганізатарскай дзейнасці, былі пакладзены ў аснову яго друкаваных прац. Адначасова гэтыя справы мелі вялікае значэнне для віцебскага культурнага асяродку.

Галоўным кірункам дзейнасці Каспяровіча ў Віцебску стала краязнаўства. Па ініцыятыве і пры непасрэдным яго кіраўніцтве было ўтворана Віцебскае акруговае таварыства краязнаўства. Калі быць дакладным, фарміраванне краязнаўчай грамадскай арганізацыі ў Віцебску распачалося яшчэ напярэдадні прыезду Мікалая Каспяровіча, але менавіта яго намаганнямі акруговая арганізацыя стала больш самастойнай, абапіраючыся ў сваёй працы на сетку мясцовых (павятовых) і ніжэйшых (школьных) арганізацый. Краязнаўчае таварыства аб'ядноўвала больш за 1000 сяброў. Яно працавала згодна з праграмай дзейнасці Інстытута беларускай культуры, першай беларускай навуковай установы, утворанай у 1922 г., якая была потым рэарганізавана ў Беларускую акадэмію навук.

Віцебскае краязнаўчае таварыства разгарнула выдавецкую дзейнасць. Былі выдадзены ў 1925 і 1928 гадах 2 выпускі краязнаўчага альманаха "Віцебшчына", які не толькі друкаваў даследаванні Віцебскага краю, але меў вялікае метадычнае значэнне для арганізацыі краязнаўства. У Віцебску выдадзены кнігі Каспяровіча "Беларуская архітэктура" і "Беларускі арнамент". Каспяровіч падтрымаў справу арганізацыі ў Віцебску мясцовай філіі літаратурнага аб'яднання "Маладняк", з дзейнасцю якога звязаны імёны шэрагу таленавітых маладых літаратараў новай Беларусі. У Віцебску ж Каспяровіч распачаў справу вяртання мясцовай моўнай спадчыны краю. Праграма збірання мясцовага слоўніка беларускай мовы выконвалася ў адпаведнасці з агульным планам Інстытута беларускай культуры.

Маладая беларуская навука нараджалася намаганнямі энтузіястаў, справай даравітых выхадцаў з народнага асяродку, якія не парывалі сувязяў з народам. Таму навуковая дзейнасць, перш за ўсё ў гуманітарным кірунку, непарыўна звязана з краязнаўствам. Беларускія гуманітарныя веды нарадзіліся з краязнаўства, падмацоўваліся яго актыўнасцю, абапіраліся на масавы краязнаўчы рух, паступова набываючы прафесіянальныя рысы.

Навуковая праца Мікалая Каспяровіча непасрэдным чынам звязана з практычнымі ведамі, дзейнасцю на педагагічнай глебе. У Віцебску ён выкладаў беларусазнаўчыя прадметы — мову, літаратуру, гісторыю і геаграфію Беларусі — у мастацкім і прамыслова-эканамічным тэхнікумах.

Пазней, у 1926-30 гадах, працаваў у Мінску ў Інстытуце беларускай культуры, на пасадзе навуковага сакратара Цэнтральнага бюро краязнаўства БССР і адказнага сакратара часопіса "Наш край".

Уласнае жыццё, плённая праца на карысць Радзіме былі перарваныя беспадстаўным палітычным абвінавачваннем. У 1930 годзе Мікалай Каспяровіч быў асуджаны на 5 гадоў ссылкі ў Кемераўскую вобласць, а 26 снежня 1937 года — паводле наступнага прысуду — расстраляны. Рэабілітацыя адбылася толькі пасля смерці Сталіна...

Аляксандр ПУКШАНСКІ.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.