Вы тут

Жанчыны руляць


У Магілёўскай вобласці за руль дзесяці новых школьных аўтобусаў сядуць жанчыны

Напрыканцы звычайнага працоўнага дня ў аб'яднанай тэхнічнай школе № 1 Добраахвотнага таварыства садзейнічання арміі, авіяцыі і флоту ў Магілёве пачынаюцца заняткі для вадзіцеляў. Клас, дзе вучаць на катэгорыю "Д", поўны слухачоў, і сярод мужчын — пяць жанчын рознага ўзросту, якія старанна нешта запісваюць пра "крывашыпна-шатунны механізм". Яны — будучыя кіроўцы школьных аўтобусаў у сельскіх раёнах Магілёўскай вобласці.

Марыя Сапега з вёскі Ясная раніца Круглянскага раёна працавала выхавацелькай, але на прапанову раённага аддзела адукацыі змяніць працу пагадзілася.

— Я разумею, што адказнасць вялікая, — кажа жанчына. — Але ў мяне ў сям'і шмат дзяцей выхоўвалася, і я кірую легкавым аўтамабілем. Так што буду вучыцца, і спраўлюся. Трэба быць вельмі ўважлівым на дарозе, калі вязеш дзяцей. Не адцягваць сваю ўвагу ад дарогі і правільна прайсці маршрут. І, безумоўна, вельмі добра, што будзе новы аўтобус: гэта радасць і для мяне, і для дзяцей.

Сёлета ў школах Магілёўскай вобласці з'явяцца 32 новыя аўтобусы.

22 з іх набыты паводле дзяржаўнай праграмы ўстойлівага развіцця вёскі. Яшчэ дзесяць сельскіх раёнаў, якія больш за іншых маюць патрэбу ў тэхніцы, атрымаюць новыя аўтобусы ад Беларускага банка развіцця і рэканструкцыі, якія закупляюцца паводле распараджэння Прэзідэнта. Прычым вырашана, што дзеля бяспекі перавозкі дзяцей за руль гэтых новых аўтобусаў павінны сесці менавіта жанчыны. Для іх у Магілёве арганізавалі навучальны працэс.

1375987374645_1

— Вадзіцелі аўтобусаў з дзяўчат атрымліваюцца добрыя, таму што яны больш адказныя, — падтрымлівае ідэю выкладчык аўташколы Іван Варанко

. — Можа, у іх і не атрымаецца дасканала ведаць механізмы, але правілы яны вучаць добра і строга прытрымліваюцца іх. Яны спачатку думаюць, а потым выконваюць, як і належыць.

На палігоне аўташколы пачынаецца пробны занятак па ваджэнні аўтобуса. Вопытны інструктар Сяргей Шляхтаў запрашае адну з жанчын сесці за руль. Першай "кідаецца на амбразуру" Наталля Сычова. Яна — жыхарка Быхава, працуе намеснікам дырэктара па вучэбнай рабоце ў сельскай школе, за некалькі дзясяткаў кіламетраў ад райцэнтра.

— Кожны дзень я езджу на працу на сваім аўтамабілі, і ўжо столькі тысяч кіламетраў за рулём накруціла! — усміхаецца Наталля. — Таму і вырашыла паспрабаваць стаць вадзіцелем аўтобуса, па сумяшчальніцтве. План такі: раніцай саджуся ў Быхаве ў школьны аўтобус, збіраю дзяцей па дарозе, вязу іх у Абідавічы, выходжу і станаўлюся завучам. Пасля заканчэння заняткаў — зваротны працэс. Ну чаму не?

Разам з Наталляй прыехаў на заняткі яе 7-гадовы сын Арцём. Ён з цікавасцю і гордасцю назірае за манеўрамі аўтобуса, дзе за рулём маці, і спадзяецца быць яе галоўным пасажырам.

1375987374952_2

Ганна Бекмансурава жыве ў вёсцы Заполле Бялыніцкага раёна: у свае 28 гадоў яна з упэўненасцю гатова памяняць працу памочніцы выхавальніцы на вадзіцеля школьнага аўтобуса. Хаця б з-за заробку: на новым месцы абяцаюць як мінімум на мільён рублёў больш.

— Мне падабаецца аўтобус, — дзеліцца яна ўражаннямі ад першай паездкі. — Вялікія габарыты — гэта не страшна, а цікава. Я думаю, нездарма я сюды прыйшла. І мяне падтрымалі сваякі і сябры: маўляў, малайчына, трэба быць смелай і рашучай!

Надзея Ніканава аддае перавагу высокім абцасам, але дзеля новай працы гатова і босымі нагамі націскаць на педалі.

— Я працавала садаводам, цяпер у дэкрэтным водпуску. Але мне спадабалася ідэя стаць вадзіцелем аўтобуса, — прызнаецца жанчына. — Цікавая прафесія, хачу паспрабаваць сябе ў новай ролі. Гэта ж незвычайна — быць заўсёды ў руху!

Алена Чакулаева прыехала з Крычава. Яна раней працавала на мясцовым маслазаводзе, потым паштальёнам, сацыяльным работнікам, а цяпер, у 43 гады, вырашыла зноў памяняць працоўную сферу і нарэшце сесці за руль аўтобуса. Яна смяецца, што жанчыны ў іх кампаніі спрабавалі вадзіць усё — ад трактароў і да грузавікоў, таму павінны справіцца з чарговай, амаль што мужчынскай прафесіяй.

— Лёгкіх заняткаў сёння ўвогуле няма, — мяркуюць жанчыны. — Усюды адказнасць. А мы можам і да космасу дабрацца, калі трэба.

Не сакрэт, што ў наш час жанчыны амаль што пагалоўна селі за руль легкавікоў, многія прадпрымальніцы з лёгкасцю кіруюць мікрааўтобусамі. А цяпер прыгажуні і разумніцы з энтузіязмам асвойваюць і прафесію вадзіцеля аўтобуса.

— Жанчыны за рулём — гэта вельмі добра, — не маюць сумненняў Наталля Сычова і яе калегі. — Мы ўважлівыя, адказныя і спакойна ставімся да, прабачце, усіх дурняў на дарозе. Думаю, мы павінны справіцца з задачай.

Акрамя таго, што жанчыны будуць вельмі акуратна вадзіць школьныя аўтобусы і вельмі абачліва паводзіць сябе на дарозе, ёсць яшчэ і іншая нагода для таго, каб за руль новых аўтобусаў селі менавіта прадстаўніцы прыгожай паловы чалавецтва. Ім у правінцыі цяжэй знайсці працу з добрым заробкам, а таму вакантныя месцы вадзіцеляў будуць на карысць жаночай занятасці.

У некалькіх сельскіх раёнах адразу знайшлі ахвотніц заняць новыя працоўныя месцы. Гэта ў асноўным жанчыны, якія ўжо займаліся пасажырскімі перавозкамі на маршрутных таксі.

У Клімавіцкім раёне жанчына, якая возьмецца за падвоз дзяцей у сельскай мясцовасці ва ўстановы адукацыі, цяпер працуе ў сферы гандлю, але яна — не навічок у транспартным руху і кіравала маршруткай больш за тры гады. У раённым аддзеле адукацыі спадзяюцца, што новы школьны аўтобус будзе ў добрых руках.

У аддзеле адукацыі Асіповіцкага райвыканкама расказалі, што ім пашанцавала: яны знайшлі на месца вадзіцеля новага аўтобуса жанчыну, якая больш за дзясятак гадоў адпрацавала на маршрутным таксі. Яна сярэдняга ўзросту, мае сям'ю і двух дзяцей, жыве ў пасёлку паблізу ад раённага цэнтра. І, што вельмі важна для ўсіх, яна сама рада заняцца перавозам дзяцей. Заробак папярэдне акрэсліваецца ў
3 мільёны рублёў.

— Новыя аўтобусы — гэта вельмі важна, — паведаміла начальнік аддзела тэхнічнага нагляду і развіцця матэрыяльна-тэхнічнай базы навучальных устаноў упраўлення адукацыі Магілёўскага аблвыканкама Ганна Блюмнік. — Школьныя аўтобусы павінны мяняцца пасля 10 гадоў эксплуатацыі, і мы робім паэтапную замену. Таксама працягваецца рэарганізацыя ўстаноў адукацыі, і таму значэнне падвозу дзяцей ў школы і дзіцячыя садкі ў сельскай мясцовасці павялічваецца.

Сёлета ў Магілёўскай вобласці скароціцца колькасць устаноў адукацыі — іх стане менш на 23, а яшчэ 12 будуць рэарганізаваныя. Ва ўпраўленні адукацыі тлумачаць, што ў некаторых класах сельскіх школ вучацца па адным ці два дзіцяці: гэта не толькі негатыўна ўплывае на якасць навучальнага працэсу з-за адсутнасці здаровай канкурэнцыі, але і эканамічна нявыгадна. Таму робіцца аптымізацыя ўстаноў адукацыі. І ў такіх умовах, калі ўсё больш дзяцей будзе вучыцца ў суседніх вёсках, аграгарадках альбо райцэнтрах, усё большы націск робіцца на школьны транспарт і, безумоўна, на бяспеку перавозкі дзяцей.

Ілона Іванова. Фота аўтара.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».