Вы тут

Трайня капітана Кісялёва


Капітан міліцыі Дзмітрый Кісялёў, як сапраўдны мужчына, вырашыў пераняць традыцыйную форму шчасця: пасадзіць дрэва, пабудаваць дом і вырасціць сына. З дзецьмі атрымалася як у кіно: захацеў шчасця — а яго ўтрая "прываліла"!

— Пасля школы паступіў у Гомельскі машынабудаўнічы тэхнікум, аднак ужо на апошніх курсах зразумеў, што гэта не маё і трэба штосьці мяняць. Пайшоў у армію. Менавіта там і вырашыў, што пасля арміі пайду ў міліцыю. Выбар спыніў на ахове: я чалавек адказны і старанны, а праца дзяжурных змен заўсёды ўражвала.

Спачатку працаваў міліцыянерам-кінолагам у Савецкім аддзеле аховы Гомеля

, потым назначылі памочнікам камандзіра ўзвода. Праца падабалася, кожны дзень быў непрадказальны. Дапамога людзям, фактычна штодзённае затрыманне правапарушальнікаў стымулявала. Паступіў на завочнае аддзяленне Магілёўскага каледжа МУС.

У 2007 годзе мне прапанавалі пасаду камандзіра ўзвода ў Цэнтральным аддзеле аховы. Можна сказаць, што яшчэ адна пастаўленая мэта была рэалізавана — тады ж я атрымаў і афіцэрскае званне.

— А як складвалася жыццё сямейнае?

— У той час з Танюшай туліліся ў здымнай кватэрцы. Калі жонка зацяжарала, з нецярпеннем чакалі вынікаў медыцынскага абследавання. Таццяна пайшла на дыягностыку ў паліклініку, я быў у горадзе па справах. Памятаю, жонка патэлефанавала: "Віншую, татуля, у цябе будзе трайня". Шчыра прызнаюся, у мяне тады аж мову адняло...

— Што змянілася ў жыцці са з'яўленнем трайнятак?

— Спачатку было вельмі цяжа, толкам выспацца ніколі не ўдавалася: малыя патрабавалі клопату і ноччу. Аднак дом ёсць дом, а служба — службай. З 2010 года пайшоў на павышэнне — стаў камандзірам роты аддзела аховы. Расцілі малых, спраўляліся з усімі цяжкасцямі. Нам вельмі дапамагалі бабулі з дзядулямі. Танюшы было больш складана, чым усім, але яна ні разу не паскардзілася. Пры вырашэнні розных пытанняў, па магчымасці, дапамагалі родныя, сябры і, безумоўна, калегі. Дзяржава дапамагла вырашыць асноўную праблему з жыллём, выдзеліўшы трохпакаёвую кватэру на льготных умовах. Мясцовыя выканкамы аказваюць дагэтуль неабходную сацыяльную дапамогу. Цяпер ужо вось стала лягчэй: дзеткі нарэшце падраслі.

Кожны дзень, калі іду раніцай на працу і саджуся ў аўтамабіль, заўсёды гляджу на шосты паверх, дзе акно нашай кватэры, з якога дружна махаюць ручкамі ўсе трое маіх дзетак. Яны ўжо сёння мараць пра будучыню. Дачка кажа, што будзе спяваць і танцаваць, як "зоркі" на тэлеэкране, а Паша і Ваня, бачачы мяне ў форме, не задумваючыся адказваюць, што "будуць як тата". Убачыўшы любы міліцэйскі аўтамабіль, дзеці дружна крычаць: "Татавы сябры паехалі!"

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.