Вы тут

Іх служба не ведае спакою, або Адны суткі побач з дзяжурнай зменай пункта цэнтралізаванага назірання


Сярод асабовага складу падраздзяленняў Дэпартамента аховы ёсць асаблівы калектыў — своеасаблівае "сэрца" сістэмы аховы, дзякуючы якому каардынуецца праца нарадаў і груп затрыманняў. Ад аператыўнасці і ўважлівасці якіх таксама ў немалой ступені залежыць бяспека аб'ектаў, захаванасць маёмасці грамадзян, а часам — і чалавечае жыццё...

Дзяжурныя пункта цэнтралізаванага назірання — гэта прадстаўніцы слабага полу. Аднак задачы, пастаўленыя перад імі, здольны выканаць не кожны мужчына. І паслабленняў ім тут ніхто не робіць.

Каб зразумець, як яны служаць, трэба паспрабаваць. Мы накіраваліся ў Партызанскі аддзел Дэпартамента аховы сталіцы, дзяжурныя якога ўжо не адзін год перамагаюць у конкурсе на лепшы ПЦН.

Працоўны графік супрацоўніц тут пазменны: дзень—ноч па 12 гадзін. У Партызанскім аддзеле працуюць чатыры змены па пяць чалавек, а ў некаторых раёнах дзяжурных яшчэ больш. Пачаць разумець азы гэтай прафесіі мне пашчасціла з 8 раніцы: у гэты час — перазменка.

1375987386606_7-10

Старшая дзяжурнай змены, якая заступае, Мая Аксяневіч пагадзілася расказаць пра сваю працу, аднак папярэдзіла, што асабліва адхіляцца не мае права — падрабязнасці, якія цікавяць, трэба будзе спасцігаць самой.

— Зараз мы правяраем кропкі трывожнай сігналізацыі на аб'ектах. Запісваем у рабочы сшытак час зняцця. У нас каля двухсот кнопак (аб'ектаў, дзе ажыццяўляецца ахова грамадскага парадку з дапамогай ручных сістэм трывожнай сігналізацыі), і да 11 раніцы ўсе іх трэба праверыць. Пасля электраманцёры пачынаюць выконваць планавыя і пазапланавыя рэгламентныя работы.

Наша гутарка літаральна кожныя 30 секунд перарываецца тэлефоннымі званкамі, і Мая Пятроўна бадзёра адказвае: "Добрай раніцы! Пульт 14-ты. Слухаю вас...". У памяшканні знаходзяцца яшчэ тры яе памочніцы: Святлана Прымакова, Святлана Гурыновіч і Наталля Жалевіч

. З кожнага камп'ютара прыходзяць розныя сігналы. У кагосьці аб'ект здымаецца з аховы, у некага выдае няспраўнасць. Часам раздаецца сігнал "Трывога". Я тут усяго дзесяць хвілін, а ў галаве ўжо стаіць неймаверны гул. Гледзячы на мяне, жанчыны ўсміхаюцца: "Не перажывай, з намі было тое ж самае, калі дваццаць з лішнім гадоў таму ўпершыню пераступілі парог гэтага аддзела... Уся наша маладосць прайшла тут, дзеткі выраслі на нашых вачах. Вось Наташкіны яшчэ падрастаюць (Наталля самая маладая з прысутных, стаж яе працы ў гэтым калектыве крыху большы за дзесяць гадоў). Мы ўжо нібы адна сям'я, і, калі нешта не ладзіцца, ведаем: дзяўчаты абавязкова падтрымаюць і дапамогуць".

Час каля дзесяці, зноў пагружаемся ў працу. "Самае складанае — увесь час канцэнтраваць увагу на маніторы і быць вельмі сабранай, — падкрэслівае Мая Пятроўна. — Самае малое адцягванне ўвагі можа прывесці да непапраўных наступстваў".

На маніторы высвечваецца сігнал "Трывога". З дапамогай радыёстанцыі дзяжурная перадае бліжэйшаму экіпажу адрас і прычыну: аб'ект зняўся невядомым ключом, а гэта фактычна несанкцыянаванае пранікненне. Інфармацыя перадаецца і дзяжурнаму афіцэру аддзела, які каардынуе далейшыя дзеянні міліцыянераў.

З дапамогай аднаго камп'ютара дзяжурная можа сачыць за станам звыш 1200 аб'ектаў. Пры зняцці з аховы яна бачыць, якім ключом адключаецца сігналізацыя. Нават самыя вопытныя кліенты часам няправільна ставяць кватэру пад ахову ці здымаюць з яе. Паколькі сваіх дзяжурных яны ведаюць не адзін год, такая замінка вырашаецца хутка.

— Людзі сустракаюцца розныя, — расказваюць жанчыны. — За столькі гадоў мы часта нават па голасе пазнаём таго, хто тэлефануе. Як і ў любой працы з людзьмі, без казусаў не абыходзіцца. Часцей за ўсё капрызнічаюць пажылыя людзі і так званыя "зоркі". Апошніх вельмі абурае, што іх не пазнаюць або чаму не з першага званка бяруць трубку, калі такая знакамітасць на провадзе...

Пры заключэнні дагавора на ахову кліент дае падрабязную інфармацыю пра сябе і блізкіх, каб у выпадку небяспекі міліцыянеры маглі дзейнічаць па абставінах, ведаючы ўсе, так бы мовіць, магчымыя падводныя камяні. Фіксуецца нават наяўнасць хатніх гадаванцаў. Непрыемна, калі дзяжурны выедзе для агляду памяшкання, а ў кватэры яго чакае злы сабака... Адна кватэра пастаянна "спрацоўвала" некалькі дзён запар. Для агляду выязджаў нарад, накіроўвалі электраманцёра для пошуку непаладак. Вычарпалі ўсе варыянты, пакуль уладальнікі не вярнуліся з водпуску і не прызналіся, што парушальнікам спакою аказаўся хатні кажан, пра якога яны забылі папярэдзіць.

Час набліжаецца да 11.00, электраманцёры паціху пачынаюць адзначацца з ахоўных аб'ектаў, правяраць працаздольнасць сігналізацыі. Усе іх паведамленні фіксуюцца ў рабочых сшытках дзяжурных.

Для праверкі тых самых сшыткаў прыходзіць намеснік начальніка Партызанскага аддзела — начальнік аддзела сродкаў і сістэм аховы, падпалкоўнік міліцыі Максім Копач. Максім Іванавіч расказвае супрацоўніцам пра аператыўнае становішча. Пасля абавязкова спытае, як справы, настрой, што новага. Прычым не забудзе сказаць пару кампліментаў: дзяжурныя ж — перш за ўсё жанчыны!

Бліжэй да поўдня становіцца спакайней. Званкоў ужо значна менш, электраманцёры папярэджваюць пра выкананыя работы на аб'ектах. Радыёстанцыя інфармуе пра тое, што адбываецца ў раёне. Адно з паведамленняў выклікае ва ўсіх буру эмоцый: на адной са сталічных вуліц знойдзена каляска з аднагадовым дзіцем, у выпадку з'яўлення бацькоў неабходна звярнуцца ў мясцовы РАУС.

— І гэта не адзіны выпадак, калі бацькі пакідаюць дзяцей. Мы ўсе мамы, а некаторыя ўжо і бабулі, — тым складаней зразумець, як такое наогул магло адбыцца. Вось так сядзім і перажываем да канца змены, пакуль не пачуем паведамленне, што бацькі аб'явіліся.

Вячэрняя змена пачынаецца не менш інтэнсіўна, чым ранішняя. Цяпер аб'екты здаюцца пад ахову. На гукі і мірганне ў маніторах я ўжо рэагую спакайней. Сутнасць прафесіі нібы ўлоўлена, аднак садзіцца за камп'ютар для працы яшчэ рана. Звычайна навічкам патрабуецца на гэта не менш за два тыдні.

У вячэрні час часцей за ўсё прыходзяць сігналы аб "аварыях" на кватэрах. Прычын тут некалькі. Людзі лянуюцца мяняць акумулятарныя батарэі ў ахоўным прыборы. Рэзервовае сілкаванне не спраўляецца, сістэма спрацоўвае і група затрымання абавязана выехаць туды. Калі гаспадара няма, то нарад застаецца ахоўваць жыллё да прыбыцця ўладальнікаў.

Яшчэ адной новай праблемай з'яўляецца няправільнае падключэнне інтэрнэту. Грамадзяне лянуюцца набыць сплітар, які б раздзяляў тэлефонныя лініі. Абанент спакойна сядзіць у інтэрнэце, а дзяжурная пункта цэнтралізаванага назірання атрымлівае сігнал "аварыі" ў яго кватэры.

Бліжэй да поўначы здача аб'ектаў пад ахову завяршаецца. Кожная дзяжурная па журнале праводзіць зверку: ці ўсе пазванілі? Паўночнікаў, якія прыпазніліся, супрацоўніцы набіраюць самі.

Раптоўна на пульце "спрацавала" кватэра: зняцце з аховы ажыццяўлялася невядомым ключом. Бліжэйшы нарад тут жа выязджае на месца. Міліцыянеры высвятляюць, што гаспадыня кватэры дала ключы знаёмай, а тая няправільна скарысталася электронным ключом. Інфармацыя пра яе ў журнале адсутнічае, таму пакуль сама гаспадыня не патэлефануе ў аддзел, назваўшы неабходны пароль, грамадзянку ў кватэру не ўпусцяць.

Начная змена тым і цяжкая, што хоць працы крыху менш, аднак уважлівасць патрабуецца большая. За акном якраз збіраецца навальніца, тут ведаюць пра яе небяспечныя наступствы: можа выйсці са строю абсталяванне, кватэры пачнуць "спрацоўваць" і ночка перастане быць спакойнай. Падымаецца ўвесь асабовы склад аддзела. Калі не хапае экіпажаў і супрацоўнікаў, каб ахапіць тэрыторыю масавых спрацовак, на дапамогу падключацца бліжэйшыя нарады суседніх падраздзяленняў.

Далёка за поўнач, а жанчыны ні хвіліны не сядзяць без справы: калі няма званкоў і экран манітора не стракаціць яркімі таблічкамі, яны запаўняюць рабочыя сшыткі, куды заносяць па хвілінах інфармацыю пра аб'екты, якія спрацавалі, і няспраўнасці, якія ўзніклі, каб раніцай электраманцёры аператыўна выправілі непаладкі.

Іх служба спакою не ведае. І перапынкаў таксама.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».