Вы тут

Даруй, чалавек!..


На вясковыя могілкі на малой радзіме майго чалавека, дзе ляжыць ужо не адно пакаленне з навакольных вёсак і дзе пахаваны яго бацькі і шматлікія родныя, мы паехалі ў нядзельку. Яно і па часе зручней, і дабірацца спакайней, бо менш машын на дарогах.

Людзей на могілках амаль не было, толькі бліжэй да ўскрайку завіхаліся дзве жанчыны і хлопец. Як пасля высветлілася, Ала (так звалі старэйшую з жанчын), сама тутэйшая, жыве цяпер у бліжэйшым гарадку і прыехала з цяжарнай дачкой і зяцем, каб прывесці ў парадак магілу свекрыві.

Чалавек мой нетаропка ішоў уздож помнікаў і крыжоў, паказваў: вось тут пахаваны дзед Карпей, бацькаў бацька. Залатыя рукі меў мужык. Я яшчэ застала жывым яго малодшага сына, Карпуша, які пераняў бацькаў спрыт да рознай мужчынскай работы. Ён быў, як казалі ў вёсцы, нямко: не пашчасціла малому ў раннім дзяцінстве, пасля хваробы страціў слых, з гэтай прычыны гаварыць таксама не пачаў. Але майстравітым вырас! Што печ скласці, што дом пабудаваць, што пчол дагледзець. З таго і жыў.

У нагах у дзеда ляжыць яго старэйшы сын, наш бацька, інвалід Вялікай Айчыннай вайны. Быў ён прызваны ў армію пасля вызвалення Віцебшчыны

, трапіў у разведбатальён, у першым жа баі быў цяжка паранены і кантужаны. Яму, можна сказаць, пашанцавала: з усяго батальёна тады засталося чалавек дваццаць. На памяць аб ім у нашай сям'і захоўваецца салдацкая кніжка і ордэн Чырвонай Зоркі — за той самы бой...

Яшчэ праз колькі магіл — апошні прытулак другога дзеда, Аляксея, з матчынага боку. У свой час ён служыў у царскім войску, і за старанную службу ды адвагу просты сялянскі хлопец атрымаў званне унтэр-афіцэра. Малодшы афіцэрскі чын даваў дзеду пропуск у дваранскае саслоўе. Толку, праўда, ён з таго меў мала. Бо якое там дваранства, калі за плугам босы ходзіш?

Сям'я ў дзеда Аляксея была вялікая, але, што праўда, усе — прывучаныя да працы: маглі скатаць валёнкі, шылі кажухі, шапкі. Вось і адзявалі-абувалі ў вайну партызан, а жаночая палова сям'і яшчэ і хлеб для іх пякла. Пра гэта стала вядома немцам. Жывыя засталіся цудам, але аднаго з дзяцей, Марка, які тады быў падлеткам, адправілі-такі ў канцэнтрацыйны лагер. Трапіў ён у Асвенцым, і ліха хлопцу хапіла столькі, што і пад старасць без слёз расказваць аб гэтым не мог. Калі людзей з іх барака выганялі да печаў, змарнелы ўшчэнт, ён неяк змог уціснуцца між вентыляцыйнай трубой і дахам, дзе яго не ўнюхалі нямецкія аўчаркі. Дзякуючы гэтаму і выжыў...

Мы пераходзілі ад адной магілы да другой, і перада мной разгортвалася гісторыя роду майго чалавека, гісторыя яго продкаў, чыя кроў сёння цячэ і ў жылах маіх дзяцей, маленькіх унука і ўнучкі, а пасля, дасць Бог, і ў праўнукаў. Непарыўнасць часу адчулася раптам амаль фізічна: мы былі, ёсць, будзем!

Напэўна, нешта падобнае перажывала і Ала са сваімі памочнікамі, бо, калі я падышла да іх, дачка з зяцем сцішана сядзелі каля апошняга бабулінага прытулку, і маладзенькая будучая маці шчыльненька тулілася да мужнінага пляча, а той клапатліва атуляў яе ад дожджыку.

***

Трэба аддаць належнае мясцовым уладам: сёлета сельсавет ці то па ўласнай ініцыятыве, ці то па ўказанні з раёна пачаў наводзіць на могілках парадак. Тут добра прарэдзілі хмызняк, высеклі ссохлыя старыя дрэвы, і яны набылі больш-менш цывілізаваны выгляд. Бо, не ў крыўду будзе сказана віцебскаму люду, тутэйшае стаўленне да пахаванняў продкаў для мяне, якая вырасла ў Заходняй Беларусі, на Гродзеншчыне, дзе павага да памяці памерлых узведзена, можна сказаць, у своеасаблівы культ, падаецца нейкім — як бы гэта мякчэй сказаць — занадта будзённым.

Што больш за ўсё ўражвае — магілы размяшчаюцца хаатычна, новыя — упрытык да старых захаванняў ці паверх іх — пра даўнасць апошніх сведчаць камяні з выбітымі на іх крыжамі і ледзь прыкметнымі надмагільнымі насыпамі. Я дагэтуль вусцішна жагнаюся на кожным кроку, калі, не згледзеўшы, незнарок наступлю на ўскраек такой забытай, затаптанай магілы.

Але ў гэты апошні прыезд давялося сутыкнуцца з чымсьці такім, што інакш як дзікунствам не назавеш. Можа, мы нічога і не заўважылі б, калі б не Ала.

— Як ты думаеш, — спыталася я, падышоўшы, — можа, прапанаваць мясцоваму Савету дэпутатаў адкрыць рахунак для дабрачынных узносаў на добраўпарадкаванне могілак? А то, бач, якія піраміды з высечак склалі, па ўсім перыметры ляжаць, ды й пасярэдзіне таксама... І агароджы вакол могілак няма. Рабочых рук, напэўна, не хапае, ды і грошай, відаць, небагата. Можа, праз абласную газету звярнуцца да землякоў, каб дапамаглі?

— Ідэя неблагая, але... — сумелася ў адказ жанчына.

— Што?

— Ды каб толькі хмызняк у гэтых пірамідах ляжаў... А то ж яшчэ і косці!

— Мяркуючы па выглядзе, са старой магілы. Вунь там ляжаць, побач з сямейным захаваннем з прыгожай агароджай...

На кучы смецця сапраўды ляжалі прыкметна збуцвелыя чалавечыя косці. Хутчэй за ўсё, тыя п'яныя "капальнікі" наткнуліся на старое захаванне, і, не доўга думаючы, шпурнулі на сметнік "усё лішняе"...

Як такое магло здарыцца? Не чужакі ж тут дол капалі, не з-за мора хтосьці прыехаў. Хутчэй за ўсё — тутэйшыя, з суседніх вёсак. І магчыма, што сярод тых, хто гэта зрабіў, быў праўнук чалавека, чый вечны спакой так абразілі.

У нас не было з сабой рыдлёўкі. Сабралі чалавечыя астанкі, прыкрылі зверху старым вянком. Перахрысціліся: даруй, чалавеча, што маглі — тое для цябе зрабілі...

Ала збіралася дзён праз дзесяць зноў быць на могілках, абяцала ўсё закапаць. Спадзяюся, што так і зрабіла.

***

Да чаго ж мы дажыліся? Кім сталі? Што з намі зрабілася? Чаму з'явіліся сярод нас такія, для якіх няма нічога святога?

Разумею, што наўрад ці прачытаюць газету, а тым больш — задумаюцца над гэтымі пытаннямі тыя, для каго ўсе жыццёвыя каштоўнасці замяніла шклянка гарэлкі ці бутэлька "чарніла". Ды і не для іх пішу. А для тых, на кім трымалася і трымаецца духоўнасць нашага народа, — людзей паважлівых, працавітых, разумных.

Нельга маўчаць і рабіць выгляд, што нічога не адбываецца. Не па-чалавечы выракацца памяці продкаў... Абыякавых у гэтым выпадку быць не павінна.

Тады і зганьбленых пахаванняў на могілках таксама не будзе.

Наталля Каліноўская

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».