07 кастрычніка, панядзелак

Вы тут

Вайна і мір Мікалая Апіёка


Сёлета студыі ваенных мастакоў спаўняецца 10 гадоў. Для гісторыі — прамежак невялікі. Толькі і за гэты час зроблена нямала. Напісана шмат карцін, арганізаваны тэматычныя выставы, персанальныя экспазіцыі ўдзельнікаў творчага аб'яднання. Што ні палатно — то ўвасабленне воінскага подзвігу, усхваленне патрыятызму, своеасаблівы гімн Айчыне.

1376062294788_8-2

Вось ужо на працягу дзесяцігоддзя галоўным выканаўцам гэтага гімна (а па сумяшчальніцтве і кіраўніком студыі) з'яўляецца заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі Мікалай АПІЁК. Самім лёсам яму было наканавана стаць апявальнікам ваенна-патрыятычнай тэмы ў беларускім выяўленчым мастацтве.

— Ці не сталі таму прычынай дзіцячыя ўражанні, атрыманыя вамі, яшчэ падлеткам, у гады Вялікай Айчыннай вайны?

— Так яно і ёсць. Першую работу, прысвечаную ваеннай тэме, я напісаў яшчэ ў інстытуце. Яна называецца "Купалле. 1941 год". Памятаю, стаяў цёплы ліпеньскі вечар. раптам я пачуў залпы "кацюш" (наша вёска знаходзіцца за 20 кіламетраў ад Оршы

). У мяне і сёння ў вушах стаіць іх жудаснае выццё.

— Адкуль вы родам?

— З Дубровенскага раёна, што на Віцебшчыне. Вёска Макараўка. Раней гэта быў маленькі куточак цывілізацыі: недалёка ад яе пралягала шаша Берлін — Масква. Сёння вёска вымірае: засталося ўсяго 12 жыхароў.

— Ваша хата засталася? Ці прадалі "радзіму"?

— Не прадаў. Зараз у матчынай хаце жыве малодшая сястра.

— А вы там часта бываеце?

— Прыкладна раз у 3 месяцы. Хацелася б бываць часцей... Ёсць патрэба наведваць радзіму. Пабуду там дзён 5 (з эцюднікам, вядома). Усе ж багацці адтуль!

— Мікалай Апанасавіч, а хто вашы родныя?

— Мой дзед Сідар ваяваў у імперыялістычную вайну. Расказвалі, што ён быў запявалам у арміі. Бацька да вайны працаваў дыспетчарам электрастанцыі БелГРЭС. Як і ўсіх вясковых мужыкоў, яго забралі на фронт. Падчас бою пад Тамбовам ён быў моцна кантужаны. Таму далей да канца вайны знаходзіўся ў тыле. У 1946 годзе ён вярнуўся. Працаваў на чыгунцы.

— Ваш дзед ваяваў у Першую сусветную, бацька — у Другую. А вы ўзначалілі Студыю ваенных мастакоў...

— Яшчэ Сувораў казаў, што гераізм, патрыятызм і бадзёрасць усюды патрэбны, але гэта дарэмна будзе, калі не зыходзіць з мастацтва. Хто сказаў, што вайскоўцы не павінны разбірацца ў мастацтве? Яны такія ж людзі, як і ўсе. У іх таксама ёсць душа, якая прагне высокага і недасягальнага. Задача студыі — сродкамі выяўленчага мастацтва ў структуры ваенных дзеянняў адлюстраваць сённяшні дзень. Ваенныя вучэнні, быт, норавы, паводзіны сённяшняга воіна... 30% кожнай выставы павінна складаць гісторыя: калі мы не будзем будаваць фундамент на гістарычных падзеях мінулага, то не будзе з чаго ствараць будучыню.

— А хто яны, мастакі студыі? Таксама дзеці вайны?

— Не зусім так. На першай выставе студыі, якая называлася "Памяць", былі прадстаўлены работы 19 мастакоў. Прычым не толькі дзяцей вайны, але і яе ветэранаў. Сёння сярод мастакоў студыі актыўныя працуе толькі 8.

— Над чым сёння яны працуюць?

— Наш калектыў аб'ядноўвае адзін маштабны праект. Мы пішам серыю партрэтаў двойчы Герояў Савецкага Саюза — ураджэнцаў Беларусі. Сярод іх — удзельнікі баявых дзеянняў Павел Галавачоў, Сяргей Грыцавец, Іосіф Гусакоўскі, Сцяпан Шутаў і Іван Якубоўскі. А таксама першыя беларускія касманаўты — Пётр Клімук і Уладзімір Кавалёнак.

— У вас ёсць і асабісты цыкл партрэтаў — беларускай творчай інтэлігенцыі. Уладзіміра Мулявіна, Міхаіла Пташука, Яўгена Глебава, Аляксея Дударава... Ці будзе працяг у гэтага праекта?

— Безумоўна! Зараз працую над партрэтам Ігара Лучанка. У хуткім часе планую напісаць партрэты Генадзя Аўсяннікава, Арнольда Памазана.

— Вы працуеце ў многіх жанрах жывапісу. У вашай калекцыі шмат нацюрмортаў, пейзажаў, партрэтаў... Паспрабуйце даць сабе ацэнку: што ўдалося лепш, а што горш?

— Магу вельмі доўга і шмат маляваць прыроду, рабіць эцюды. Толькі пейзаж мяне не трывожыць. Мая хвароба — чалавек. Яшчэ ў школе, калі ўвогуле не было такога прадмета, як маляванне, у мяне з'явілася цяга да мастацтва. Памятаю, як у пятым класе мы, хлопчыкі-падлеткі, разважалі пра будучыню. І я тады незнарок выказаўся, што мару намаляваць карціну, дзе будзе шмат-шмат людзей, якія былі б як жывыя: размаўлялі, спрачаліся...

— Мікалай Апанасавіч, а якую са сваіх работ вы лічыце вяршыняй вашай творчасці?

— Я ніколі не задумваўся над гэтым.

— А калі паспрабаваць зрабіць гэта зараз?

— Напэўна, работа ў цэлым. Як варыянт — вялікі трыпціх "З жыцця Усяслава Чарадзея. ХІ стагоддзе", над якім я працую ўжо чацвёрты год. Галоўная ідэя работы — яднанне славянскіх народаў. Невыпадкова ў цэнтры твора адлюстраваны тры Сафіі — Полацкая, Кіеўская і Наўгародская. Тут і вызначальныя асобы той эпохі — Усяслаў Чарадзей, Ефрасіння Полацкая, Кірыла Тураўскі...

— Мікалай Апанасавіч, ваша жонка Тамара Нікалаева-Апіёк — заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь, таленавітая актрыса Купалаўскага тэатра. Як вы, двое людзей мастацтва, ужываецеся разам?

— Напэўна, сакрэт у тым, што мы — прадстаўнікі розных сфер творчасці. Добра, што яна не мастачка! Праўда, быў перыяд, калі мы 10 гадоў працавалі разам — у Гродзенскім абласным драматычным тэатры, дзе я быў галоўным мастаком. Я і сёння гляджу ўсе яе спектаклі. І хто, як не я, можа сказаць ёй праўду. У той жа час і яна не ўпусціць моманту мяне пакрытыкаваць. І трэба сказаць, што гэта нават бывае карысна.

Гутарыла Вераніка КАНЮТА

Выбар рэдакцыі

Памяць

Дакументы звязваюць мінулае і будучыню

Дакументы звязваюць мінулае і будучыню

6 кастрычніка архівісты адзначылі сваё прафесійнае свята.

Навука

Колькі ў Беларусі карысных выкапняў?

Колькі ў Беларусі карысных выкапняў?

У поўным аб’ёме задаволена патрэба краіны ў калійных і каменных солях, торфе, сапрапелі, будаўнічым камені, падземных водах.