Вы тут

"На тэлебачанні толькі фанаты сваёй справы застаюцца ў "абойме"


Яе поспех — вынік прыроднай настойлівасці і самаўдасканалення, якім спрыяе ўдача. У эфіры "Піжама-паці" на "Радыус-FM" яна спадарожнік і суразмоўца тых, каму не спіцца ноччу. На "НТБ-Беларусь" агучвае прагнозы надвор'я, а на "Беларусь 1" — абвяшчае шчаслівыя моманты выйгрышу ў праграме "Ваша лато". У свой час прыход на гэты праект быў, можна сказаць, экзаменам на прафесійную прыдатнасць, які Вольга Венская вытрымала на "выдатна". Мы сустрэліся з гэтай таленавітай дзяўчынай якраз пасля чарговага суботняга эфіру, і яна расказала, як распазнаць "тэлевізійны лёс", стварыць настрой без настрою і застацца ў абойме прафесіяналаў.

1376324742376_9-4

— Якія адчуванні застаюцца пасля эфіру "Ваша лато"?

— Калі працуеш на павышаным узроўні энергетыкі, то потым у пэўнай ступені адчуваеш спусташэнне. Разам з тым, мяне перапаўняе нейкая радасць, бо тая энергія, якая ідзе ад пераможцаў, часткова перадаецца і табе. Разумееш, што прыняла ўдзел у нечым важным за гэтую гадзіну, бо нехта стаў больш шчаслівым. І мне прыемна мець да гэтага дачыненне. Мяне часта пытаюць, ці не стамілася я яшчэ ад ролі дзяўчыны, якая кажа "Стоп гульня!"? Радасць ад гэтага падобная да той, калі ўрач паведамляе людзям, што яны стануць бацькамі. Тым больш што я прымаю ўдзел у стварэнні праграмы на розных этапах. Эфір — ужо вынік працы нашай творчай групы і кіраўніцтва "Беларускіх латарэй". А на працягу тыдня мы сустракаемся, абмяркоўваем розныя пытанні, шукаем гасцей, пішам сцэнарый, праца фактычна кіпіць кожны дзень. Праектам я жыву ўжо дванаццаць гадоў і, хачу спадзявацца, што супрацоўніцтва будзе працягвацца.

— "Ваша лато" — праграма пэўнага фармату. Ці не ўзнікала думак паспрабаваць сябе ў іншых праектах?

 

— Былі не толькі думкі, але і спробы. Разы два ўдзельнічала ў кастынгу на праграму "Добрай раніцы, Беларусь!" Атрымлівала добрыя водгукі ад рэжысёра, які прысутнічаў на рэпетыцыі. Аднак на тым усё і скончылася. Не ведаю, можа, проста яшчэ час не настаў. Унутры сябе я адчуваю, што магу зрабіць многае, і не перажываю. Наогул, навучылася цаніць тое, што маю зараз. У любым выпадку я рухаюся наперад і набываю вопыт.

— Прыход на "Ваша лато" адбыўся пасля вашага знаёмства з Сяргеем Кухто. Чаму вы навучыліся, працуючы побач з ім?

— Мы з Кухто пазнаёміліся яшчэ задоўга да адкрыцця праекта. У свой час я працавала ў праграме "5Х5". І аднойчы мы разам з маім аднакурснікам пайшлі на інтэрв'ю да Аксаны і Анатоля Вечар. Відаць, так замучылі іх пытаннямі, што тыя прапанавалі нам знайсці яшчэ кандыдатаў. Выпадкова тады сустрэлі Сяргея, паразмаўлялі з ім. Нейкі час зусім не перасякаліся. А калі прыйшла працаваць рэдактарам на праграму "Добры дзень, Беларусь!", то ён быў там вядучым. Потым, калі "Беларускія латарэі" адкрывалі праграму "Ваша лато", і быў аб'яўлены кастынг на ролю сувядучай, Кухто прапанаваў маю кандыдатуру. Мне падарылі шанц, вынік залежаў толькі ад мяне. Экзамен я вытрымала. Здаю яго паспяхова вось ужо не адзін год. На праграме Сяргей быў не толькі вядучым, але і кіраўніком. Таму ад яго я спасцігла сапраўдныя азы журналістыкі, здымачнага працэсу, арганізацыі прамога эфіру. Ён мог быць вельмі абаяльным на экране, а ў працы праяўляў патрабавальнасць. Школа, якую я прайшла ў Кухто, дапамагае мне і сёння.

— Як мне вядома, вы таксама дзеліцеся прафесійным вопытам, займаючыся выкладчыцкай дзейнасцю...

— Неяк раз мяне запрасілі правесці невялікі майстар-клас у адну з кампаній, якая рыхтуе вядучых для радыё і тэлебачання. Потым зноў прапанавалі, прычым ацэнкі маёй працы былі станоўчымі. З часам майстар-класы перараслі ў заняткі. Для мяне такая дзейнасць — абсалютна новы кірунак, але мне ён падабаецца. Відаць, нагадваюць пра сябе выкладчыцкія гены бацькоў. Я прайшла праз мноства кастынгаў, вучылася на розных курсах, ведаю, якая праца вядучага ў рэальнасці, таму магу падзяліцца практычным вопытам: з якога боку сябе лепш паказваць, як выходзіць са стрэсавых сітуацый, як здымаць мышачныя заціскі, якія перашкаджаюць раскрыцца. Заўсёды кажу, што так вось адразу вас ніхто не навучыць быць вядучым. Гэта бесперапынны працэс пазнання самога сябе плюс самаадукацыя.

— А што самае складанае ў працы на тэлебачанні?

— Тут самае складанае — не спыняцца на дасягнутым. Важна пастаянна развівацца. Нават калі здаецца, быццам ты нечага дабіўся, трэба імкнуцца ісці наперад: запісвацца на нейкія курсы, спрабаваць сябе ў іншых праектах. Ні ў якім разе не спыняцца: маўляў, вось я зрабіў нешта і цяпер магу адпачываць. Тэлебачанне — тая сфера, дзе сёння ваш праект у эфіры, а заўтра яго закрываюць. І ў такіх умовах толькі сапраўдныя фанаты сваёй справы застаюцца ў "абойме".

— А вы можаце, сустрэўшы чалавека, зразумець, зможа ён быць у гэтай прафесіі ці не?

— Калі ты "варышся" ў гэтай сферы, то нават па тым, як вітаецца з табой чалавек пры сустрэчы, можна сказаць, ці чакае яго тэлевізійная будучыня альбо яму прыйдзецца вельмі многа працаваць над сабой. Напрыклад, дзяўчаты часта размаўляюць высокімі галасамі, а ў эфіры гэта недапушчальна. Значыць, трэба голас развіваць, бо некаму прыродай усё дадзена, іншыя ж павінны прыкласці нямала высілкаў. Усяго можна дабіцца, калі задачу перад сабой правільна паставіць. Веданне мэты і праца над яе дасягненнем дазваляюць расці.

— Эфір мае на ўвазе пэўны сцэнарый. А як рэагуеце на сітуацыі, калі здараюцца адхіленні ад плана?

— Жывы эфір — тое месца, дзе здараецца шмат нечаканасцяў. Табе можа здавацца, быццам усё будзе класна, калі скажаш тое і зробіш так, а ў працэсе зразумееш: павінна ўсё быць па-іншаму. Трэба ўмець пераключацца, уключаць імправізацыю. Напрыклад, тыя ж жарты ў эфіры — яны нараджаюцца па прынцыпе "тут і зараз". Сцэнарый — гэта добра, але ў галаве павінна быць больш ведаў, каб мог выкруціцца з любой сітуацыі. Калі ёсць уяўленне пра тое, што хочаш сказаць і на чым зрабіць акцэнт, то ўжо не саб'ешся, нават зрабіўшы адступленне. Вялікі талент — умець думаць, імправізаваць і рэагаваць на сітуацыю хутка. Вельмі засмучаешся, калі толькі пасля эфіру ў цябе нараджаецца тое, што хацеў сказаць, як бы мог удала пажартаваць. Праца ў прамым эфіры загартоўвае мысленне, бо рэакцыя на падзеі павінна быць імгненнай. Тэлебачанне — у нейкім сэнсе гульня, дзе трэба трымаць маску, што б ні здарылася. Побач з табой заўсёды працуюць прафесіяналы, якія падстрахуюць, калі раптам нешта пойдзе не па плане.

— А даводзілася ісці і "рабіць настрой" у эфіры, калі самі — не ў настроі?

— У такіх выпадках я заўсёды ведаю, як узняць яго. Існуюць спецыяльныя практыкаванні, якія дапамагаюць механічна актывізаваць нервовую сістэму. Напрыклад, пачынаем расціраць далонь аб далонь з усёй сілай, нібы хочам адтуль іскру здабыць. Спачатку адчуеце цяпло ў далонях, а потым прыліў энергіі. І такога моманту, як усмешка самой сабе ў люстэрку, ніхто не адмяняў. Пачынаеш усміхацца, і ў цябе запальваюцца вочы. Калі бывае сумна, мне дапамагаюць таксама спевы. Не істотна, будзеце вы спяваць дзіцячую песеньку ці нейкую сваю любімую мелодыю. Яшчэ я навучылася мысліць станоўча. Заўсёды дзякую жыццю за магчымасць працаваць у эфіры для сваёй аўдыторыі. У нашай прафесіі нельга заседжвацца. Трэба больш чытаць, глядзець, імкнуцца да ведаў. Калі жывеш у такім рытме, то на сум не застаецца часу. А ўвогуле я імкнуся працаваць так, каб праблемы заставаліся за дзвярыма студыі.

— "Вольга Венская — сэрца і розум эфіру" — гэта водгук слухачоў пра вас. А як вы самі ставіцеся да праяўлення ўвагі з боку аўдыторыі?

— Калі б рэакцыя на тое, што я раблю, наогул адсутнічала, было б над чым задумацца. Бо не існуе нічога горшага, чым абыякавасць. Я даражу ўвагай сваіх слухачоў. Прыслухоўваюся да іх пажаданняў і стараюся здзіўляць іх нечым кожны раз. Аўдыторыя ж раней за цябе адчуе падвох і проста пераключыцца на іншую радыёстанцыю.

Алена ДРАПКО

Загаловак у газеце: Вольга ВЕНСКАЯ: "На тэлебачанні толькі фанаты сваёй справы застаюцца ў "абойме"

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.