Вы тут

Гандаль і нацыянальная годнасць


У парламенце да другога чытання рыхтуецца законапраект аб дзяржаўным рэгуляванні гандлю і грамадскага харчавання. Галоўная яго мэта: у выбудоўванні парытэту паміж пастаўшчыкамі і гандлем не забыць пра трэці бок — пакупнікоў. Пра гэта ў інтэрв'ю "Звяздзе" расказаў намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па жыллёвай палітыцы і будаўніцтве Аляксей КУЗЬМІЧ.

1376400186378_10-30

— Аляксей Фёдаравіч, чым выклікана прыняцце новага закона ў сферы гандлю?

— Гандаль у нашай краіне рэгулюецца законам 2003 года "Аб гандлі". Ініцыятарам новага законапраекта выступіла Міністэрства гандлю. Праект мае іншую назву: "Аб дзяржаўным рэгуляванні гандлю і грамадскага харчавання ў Рэспубліцы Беларусь".

Адна з асноўных прычын — бурнае развіццё гандлёвых сетак. 26 чэрвеня законапраект быў прыняты ў першым чытанні. Зараз парламенцкая камісія збірае прапановы, якія паступаюць як з боку дэпутатаў, так і ад іншых органаў дзяржаўнай улады. Шмат прапаноў паступіла ад Савета Рэспублікі. Плануем у бліжэйшы час сабраць рабочую групу і ўсе іх разгледзець. У рабочую групу, акрамя дэпутатаў, уваходзяць прадстаўнікі таварыства абароны правоў спажыўцоў, "Белкаапсаюза", гандлю, Камітэта дзяржаўнага кантролю, Міністэрства эканомікі, вучоныя, юрысты.

Каменем спатыкнення стала пытанне аб абмежаванні росту гандлёвых плошчаў для суб'ектаў гандлю, доля якіх у аб'ёме рознічнага тавараабароту харчовых тавараў у межах Мінска, гарадоў абласнога падпарадкавання і раёнаў за папярэдні фінансавы год перавысіла 20 працэнтаў. У першапачатковай рэдакцыі бар'ер у 20 працэнтаў не быў прадугледжаны — аб'ём тавараабароту гандлёвых сетак павінен быў вызначаць Савет Міністраў. Але дэпутаты, прадстаўнікі малога і сярэдняга бізнесу настаялі, каб 20-працэнтны парог быў замацаваны ў будучым законе.

— Бар'ер у 20 працэнтаў — гэта многа або мала?

— Сёння толькі "Еўраопт" у Мінскім раёне перавышае гэты бар'ер. У астатніх рэгіёнах доля тавараабароту "Еўраопта" складае каля 7 працэнтаў, а іншыя гандлёвыя сеткі не перавышаюць 2 працэнтаў. Ёсць раёны, дзе доля гандлёвых сетак у тавараабароце менш за палову працэнта.

Разам з тым, зараз абмяркоўваецца пытанне, якім чынам улічваць аб'ём інтэрнэт-гандлю канкрэтнай кампаніі, калі яна працуе таксама ў стацыянарных магазінах і ўжо дасягнула 20-працэнтнага бар'еру ў тавараабароце.

— Інтэрнэт-магазіны знайшлі сваё месца ў законапраекце?

— Так, на інтэрнэт-гандаль існуюць розныя пункты погляду, але гэта пытанне трэба кантраляваць, каб, па-першае, абараніць пакупнікоў ад нядобрасумленных прадаўцоў і вытворцаў; па-другое, каб вывесці гэты рынак з ценю. Тут распрацоўшчыкі праекта выкарыстоўвалі вопыт іншых краін. Нагадаю, што пакупнік павінен у любым выпадку патрабаваць чэк на набыты тавар, інакш абараніць яго інтарэсы будзе цяжка.

Законапраект закліканы не толькі ўстанавіць парытэт інтарэсаў пастаўшчыкоў і гандляроў, але, што найбольш важна, — абараніць інтарэсы пакупнікоў.

Напрыклад, паступіла слушная прапанова ад Савета Рэспублікі — размяшчаць аб'екты гандлёвых сетак згодна з горадабудаўнічай палітыкай рэгіёна. Масква на гэтым апяклася, і мы можам паўтарыць яе памылку. Паглядзіце, на вуліцы Кальварыйская ў Мінску адкрыты два магазіны сеткі "Еўраопт", а пляцовак для транспарту там недастакова. Гэта стварае нязручнасці для жыхароў горада. Таму законапраект прадпісвае мясцовым органам улады глядзець, дзе размяшчаць аптовыя аб'екты.

— Якія яшчэ хібы ў гандлі павінен выправіць новы закон?

— Напрыклад, ён павінен спыніць практыку "пакупкі" гандлёвых паліц пастаўшчыкамі. Нядаўна я зайшоў у краму і спытаў, ці ёсць у іх беларускія марынаваныя агуркі. Мне паказалі на самую ніжнюю паліцу, з якой не толькі нязручна браць тавар, але там цяжка гэты тавар убачыць. Затое вышэй стаялі агуркі з Украіны, Малдовы, Расіі, Балгарыі, Германіі, Польшчы, Мексікі... На мой погляд, такая практыка прыніжае нацыянальную годнасць беларусаў.

У законапраекце ўпершыню ўводзіцца паняцце "дыскрымінацыйныя ўмовы". Гэтая норма найбольш датычыцца прадстаўлення гандлёвых месцаў на рынках. Шмат пытанняў было пра тое, што лічыць "дыскрымінацыйнымі ўмовамі". Гэта — няроўныя ўмовы для гандлю ў параўнанні з іншымі суб'ектамі. Уладальнік рынку добра ведае, куды звычайна пакупнікі "не даходзяць" і куды яны ідуць у першую чаргу — і карыстаецца гэтым. Новы закон павінен зрабіць умовы ажыццяўлення гандлю, грамадскага харчавання і пастаўкі тавараў больш празрыстымі.

Яшчэ адна норма датычыцца рэжыму працы. Праект закона прапісвае, што час працы гандлёвых аб'ектаў павінен узгадняцца з органам мясцовай улады. Справа ў тым, што гандаль арыентуецца на гадзіны, якія прыносяць найбольшую выручку, аднак мясцовая ўлада павінна абараніць інтарэсы работнікаў, якія заканчваюць працоўную змену ў іншы час.

Дакумент стварае ўмовы для захавання крам "крокавай даступнасці". Калі гэтага не зрабіць, маленькія магазінчыкі могуць знікнуць. Аднак не кожнаму зручна закупляцца ў гіпермаркетах.

Яшчэ адна ганебная практыка, супраць якой накіраваны праект, — пераўтварэнне параўнальна невялікіх магазінаў у аптовыя (па сутнасці, у склады) за кошт гандлёвых плошчаў і камфорту для пакупнікоў.

— Падчас абмеркавання закона ўздымалася пытанне абслугоўвання гандлёвымі сеткамі маленькіх вёсак.

— Размоў пра тое, што гандлёвыя сеткі гатовы абслугоўваць малыя населеныя пункты, было шмат. Аднак на выязным пасяджэнні камісіі ў Брэсце мы высветлілі, што, напрыклад, у Камянецкім раёне больш за 200 вёсак абслугоўвае 5 аўталавак: чатыры належаць "Белкаапсаюзу" і адна прыватная. Сеткавыя магазіны ўдзел у гэтым не бяруць. Так што сказаць — гэта адно, а рабіць — зусім іншае.

Справа ў тым, што абслугоўваць малыя населеныя пункты стратна. Калі ў вёсцы жыве некалькі старых, то што яны купяць? Самае вялікае — мех цукру раз у год.

Таму адзіны гулец на гэтым полі, які не мае абмежавання ў долі тавараабароту, — "Белкаапсаюз". Гэтая арганізацыя вырашае не толькі пытанні гандлю і нарыхтовак — яна падтрымлівае сацыяльныя стандарты.

— Калі плануецца другое чытанне праекта?

— Нам неабходна сінхранізаваць законапраект "Аб дзяржаўным рэгуляванні гандлю і грамадскага харчавання" з праектам закона аб антыманапольнай дзейнасці. Бо, згодна з апошнім, у разрад гаспадарчых суб'ектаў з дамінуючым палажэннем трапляюць прадпрыемствы, доля якіх на таварным рынку перавышае 15 працэнтаў, а наш законапраект дае такім арганізацыям магчымасць расці. Антыманапольны законапраект рыхтуецца пакуль яшчэ толькі да першага чытання. Спадзяюся, мы паспеем падчас восеньскай сесіі разгледзець абодва дакументы, але, хутчэй за ўсё, гэта будзе бліжэй да канца года.

Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.