Вы тут

Акрэдытацыя для сталічных будаўнікоў


З мэтай абароны рынку будаўнічых паслуг ад нядобрасумленных забудоўшчыкаў і павышэння кіравальнасці галіны ў цэлым прапануецца ўвесці ў выглядзе эксперыменту акрэдытацыю для ўсіх удзельнікаў будаўнічага рынку, якія працуюць на тэрыторыі Мінска. Аб гэтым паведаміў намеснік старшыні Мінгарвыканкама Андрэй Галь на пасяджэнні гарадскога выканаўчага камітэта, дзе абмяркоўвалася мадэрнізацыя будаўнічай галіны горада.

Акрэдытацыя — ужо ў верасні

На пасяджэнне былі запрошаны кіраўнікі будаўнічых акцыянерных таварыстваў, дзяржаўных прадпрыемстваў, якія ўваходзяць у структуру дзяржаўнага вытворчага аб'яднання "Мінскбуд", праектных інстытутаў, намеснікі кіраўнікоў раённых адміністрацый, якія адказваюць за развіццё тэрыторый, кіраўнікі раённых УКБ.

Андрэй Галь паведаміў, што праект палажэння аб акрэдытацыі распрацаваны ДВА "Мінскбуд". Пасля канчатковага ўдакладнення дакумент будзе замацаваны на ўзроўні пастановы Савета Міністраў. Акрэдытацыю павінны будуць прайсці ўсе будаўнічыя падрадныя арганізацыі, якія жадаюць ажыццяўляць работы на будаўнічых аб'ектах (першага і другога ўзроўняў адказнасці), размешчаных на тэрыторыі сталіцы. Праводзіцца яна будзе па заяўным прынцыпе. Таксама неабходна забяспечыць вядзенне рэестра акрэдытаваных будаўнічых кампаній. Арганізацыям-заказчыкам пры праектаванні і будаўніцтве аб'ектаў, размешчаных на тэрыторыі Мінска, даручана заключаць дамовы толькі з падрадчыкамі, уключанымі ў рэестр акрэдытацыі.

Старшыня Мінгарвыканкама Мікалай Ладуцька адзначыў, што такая акрэдытацыя будаўнічых структур павінна дзейнічаць ужо з першых дзён верасня. Разам з тым, зараз прыярытэт у вырашэнні сацыяльных праграм у адпаведнасці з дзеючым заканадаўствам аддаецца дзяржаўным заказчыкам. Тым не менш, палову падрадных работ у сталіцы выконваюць прыватныя будаўнічыя арганізацыі, і разбалансаванасць у гэтай сферы характэрная для Мінска больш, чым для іншых рэгіёнаў. Таму акрэдытацыя прынцыпова важная для горада.

На пасяджэнні ішла таксама размова аб вырашэнні кадравай праблемы ў будаўнічай галіне, зніжэнні працаёмкасці на будаўнічых аб'ектах, павышэнні якасці работ, ходзе будаўніцтва праблемных жылых дамоў і павышэнні эфектыўнасці дзейнасці камунальнага ўнітарнага прадпрыемства "Тэндарны цэнтр Мінгарвыканкама".

Сітуацыя з праблемнымі дамамі

У сталіцы сёлета за сем месяцаў уведзена ў эксплуатацыю 608 тыс. кв. м жылля. Гэта 61% ад гадавога задання, або 119% да ўзроўню аналагічнага леташняга перыяду, паведаміў на пасяджэнні гарвыканкама выканаўца абавязкаў старшыні камітэта будаўніцтва і інвестыцый Мінгарвыканкама Мікалай Бутрым. У тым ліку за ліпень у Мінску ўведзены 9 дамоў і 1 пускавы комплекс агульнай плошчай 79 тыс. кв. м. Да Дня будаўніка, які адзначаецца ў другую нядзелю жніўня, будуць уведзены яшчэ 5 дамоў і 2 пускавыя комплексы, лічыць Мікалай Бутрым.

Паводле яго слоў, за студзень—ліпень сёлета ўведзены ў эксплуатацыю 27 дамоў і 6 пускавых комплексаў, якія будуюцца з перавышэннем нарматыўных тэрмінаў. Агульная плошча гэтага жылля склала 260 тыс. кв. м. На будоўлях сталіцы ў стадыі будаўніцтва знаходзяцца 27 праблемных жылых дамоў. Арганізацыямі-заказчыкамі па ўсіх гэтых аб'ектах распрацаваны графікі правядзення работ, якія прадугледжваюць завяршэнне будаўніцтва ў 2013-2014 гадах. Графікі зацверджаны на пасяджэннях раённых адміністрацый, дзе падрадныя арганізацыі былі папярэджаны аб адміністрацыйнай і крымінальнай адказнасці ў рамках дзеючага заканадаўства за зрыў тэрмінаў уводу аб'ектаў у эксплуатацыю. Камітэт будаўніцтва і інвестыцый Мінгарвыканкама кантралюе выкананне распрацаваных графікаў вытворчасці работ да заканчэння будаўніцтва, у тым ліку па колькасці рабочых на аб'екце.

На працягу мая—чэрвеня на новабудоўлях праблемных дамоў амаль удвая павялічана колькасць рабочых. Зараз тут працуе крыху больш за 2,5 тыс. чалавек. Аднак іх усё яшчэ недастаткова для забеспячэння своечасовага ўводу, канстатаваў спадар Бутрым. Ён адзначыў нездавальняючую працу адміністрацый Савецкага, Першамайскага і Фрунзенскага раёнаў.

На гэты конт Мікалай Ладуцька даручыў забяспечыць павелічэнне колькасці рабочых на праблемных дамах, у тым ліку за кошт прыцягнення спецыялістаў з рэгіёнаў Беларусі і нават з іншых краін.

Зялёны Бор — 1,2 млн кв. м жылля

Сталіца з далучэннем да гарадскіх тэрыторый былога ваеннага палігона паблізу пасёлка Калодзішчы атрымала больш за
4 тыс. га свабодных плошчаў, прыдатных для жыллёвага будаўніцтва. Таму сёння Мінгарвыканкам сумесна з адной прыватнай кампаніяй распрацоўвае магчымасць асваення гэтага перспектыўнага мікрараёна, які атрымаў назву Зялёны Бор.

У новым мікрараёне плануецца пабудаваць 1,2 млн кв. м жылля, з якіх 900 тыс. кв. м — у канструкцыях буйнапанэльнага домабудавання па дзяржзаказе для грамадзян, якія стаяць на ўліку маючых патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў. Адпаведны праект указа Прэзідэнта падрыхтаваны і знаходзіцца на ўзгадненні.

Пакуль забудову гэтай тэрыторыі стрымлівае адсутнасць інжынерна-транспартнай інфраструктуры, растлумачыў Андрэй Галь. На будаўніцтва пазаквартальных інжынерных сетак для асваення гэтага мікрараёна спатрэбіцца каля 30 млн долараў.

Сяргей КУРКАЧ

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.