Вы тут

СУБОТНІК


Закон прыроды

У вітрыне ўсім патрэбнай

Селядцы ў "апратцы"

срэбнай...

Колькі часу паляжалі —

Размаўляць паціху сталі.

Як пра што?

Пра тое-сёе,

Пра жыццё сваё былое

У далёкім сінім моры...

Раптам з іх адзін гаворыць:

— Паглядзіце:

побач з намі

І суродзічы радамі...

Як і мы, ды без галоў.

У мяне ад крыўды кроў

Закіпае,

ў сэрца коле,

Бач: на іх цана паболей!

Праўда ёсць?

Ды, пэўна ж, не!

Безгаловыя ў цане!

— Ф'ю-ю, —

чырвоны свіснуў рак. —

У людзей здаўна ўжо так.

Скажа вам любы з народа:

Тое ўжо — закон прыроды.

Сцяпан ЦАРЫК,

г. Брэст.

Васіль НАЙДЗІН

Мільён руж

...Яна ўключыла магнітафон, які стаяў ля ложка, і заплюшчыла вочы: Ала Пугачова была, здаецца, побач... Песня брала за жывое: "Ну ёсць жа, ёсць на свеце мужчыны! Умеюць кахаць... Меў, бач, і дом, і карціны. Нічога не пашкадаваў — прадаў... Купіў кветак. Цэлае мора... Яна прачынаецца, падыходзіць да акна... Божа, ці не сон гэта: уся плошча ў кветках... Дзе ж, думае, той багач? Хто тут дзівачыць?.. А там — бедны мастак. Стаіць — ледзьве дыхае. Добры, мілы чалавек! Якое сэрца трэба мець! Якія пачуцці!"

...Ён ляжаў за сценкай у сваёй сціплай аднапакаёвай кватэры і, пачуўшы гэтую песню, таксама разважаў: "Ну, ёсць жа, ёсць, — думаў, — прыдуркі!.. Усё прадаць: і дом, і карціны! Дзеля чаго? Дзеля некалькіх хвілін ну, можа, гадзін сустрэчы... З той актрысай — невядома, якога тэатра... А потым яна сядзе ў цягнік. І той памчыць яе. Назаўсёды! А ты кусай, грызі свае локці, цалуй рэйкі... Жанчыны, каханне, ружы — гэта, вядома ж, добра. Але каб затым усё жыццё хадзіць галадранцам? Вы мне прабачце..."

— Дурань, — зрабіў заключэнне ён і ўжо ў поўнай цішы прамармытаў, — купіў бы лепей машыну. За тыя палотны...

Потым, па інерцыі, працягнуў сваю думку далей:

— На "Лексус" ці "Мерседэс", напэўна, не хапіла б. А на "Форд-Мандэа" — з каптуром. І на добры офісны касцюм — з гальштукам баксаў за сто. І на красоўкі, вядома ж — з лямпачкамі на пятках. Крочыш, а там... Не трэба і флікеры — шчоўк-шчоўк-шчоўк — гараць па чарзе пяткі...

Што гэта — здаецца, і ў галаве зашчоўкала? Здурнець можна. Трэба спаць...

Ён з галавой залез пад коўдру, але сон чамусьці не браў. Павярнуўся раз, другі... Мастак са сваімі ружамі сядзеў у галаве. Стаў прыкідваць, колькі ж трэба руж, каб заставіць імі плошчу. Памножыў колькасць на цану. Перавёў у долары. Атрымлівалася многа... Падумаў: "Відаць, сапраўды прыгожая была? Твар, фігура, прычоска... Але ж каб дом загнаць! Во прыспічыла... Суседкі не было, ці што?.. Да яе падкаціўся б. З двух дамоў адзін бы і прадаў — за валюту.

Думка пра суседку заскочыла ў галаву неяк непрыкметна. Больш за тое — яна расла, набірала сілу...

"Здрасце!" — "Здрасце, здрасце..." — "На работу?" — "А куды ж яшчэ?" — "Поспехаў!" — "Вам таксама...".

Тры гады на адным паверсе — дзверы ў дзверы, праз сценку. І не прыгледзецца, не пазнаёміцца! Ці ж нельга было спытаць пра краны? Зайсці — падрэгуляваць тэлевізар. Не заўсёды ж ён добра працуе? Ды што там — тысячу прычын можна знайсці. Бо мала ж іх, актрыс — на ўсіх не хопіць. Ды і што гэта за жыццё з актрысай? Сёння яна з табой, а заўтра — чорт ведае дзе і з кім. А тут — побач, надзейна...

Стаўшы ў ложку на калені, ён прыклаў вуха да сценкі.

Мёртвая цішыня — і ў суседкі таксама.

Позірк яго забегаў па кватэры: "Так, ніводнай карціны... Затое гадзіннік — гадзіннік ёсць (прадзед у грамадзянскую ў падарунак атрымаў), цэлы кут у кватэры займае... За яго ж у антыкварным таксама грошы дадуць. І не малыя... "Сірот" жа шмат... Асабнякоў набудавалі... Плошча там — хоць сабак ганяй! А ў мяне, глядзіш, больш прасторна стане... Не век жа аднаму тут жыць... Значыць, заўтра, зранку трэба схадзіць у антыкварны, адтуль — на рынак. Мільён тых руж не пацягну, але ж на сотню хопіць...

Ад думак пра букет сон стаў падкрадвацца сам — салодкі, цёплы і мяккі... А што — ён хоць не мастак, але ж ведае, навошта прырода стварыла ружы!

...Яшчэ раз стаўшы ў ложку на калені, ён прыклаў вуха да суседчынай сцяны. І падумаў: "Хутчэй бы раніца!".

Генадзь ШЭРШАНЬ

Ода локцю

...Калі паслухаць медыкаў, дык локаць — гэта тыльны бок сустава, які злучае і аб'ядноўвае косці пляча і перадплечча. Толькі і ўсяго! Яго нават укусіць немагчыма, хоць ён і блізка... Па асабістым жа вопыце ведаю: функцыі ў гэтага сустава значна шырэйшыя. Ну вось, як без яго раніцай зайсці ў аўтобус, тралейбус ці вагон метро? Ніяк! А што рабіць, зайшоўшы, калі не працаваць усё тымі ж локцямі? Ды зразумела ж: стаяць заціснутым паміж парэнчамі і чыёйсьці спінай. А ўжо каб знайсці сабе месца ды сесці — дык гэта наогул нездзяйсняльная мара!

Затое як добра ў тым жа цесным салоне адчуць локаць суседа — як салдата ў агульным страі, як супрацоўніка пасля агульнага наганяю начальства, як напарніка па гульні ў дурня...

Адсюль і высновы:

Локаць ёсць зброя ў змаганні за лепшае жыццё.

Локаць ёсць сімвал таварыскасці і ўзаемнай падтрымкі.

Локаць пагранічны слуп на мяжы асабістага суверэнітэту...

І гэта — толькі першыя, відавочныя вызначэнні галоўных функцый локця. Справа вучоных — высветліць астатнія і паведаміць пра іх грамадскасці.

г. Мінск.

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.