Вы тут

Кватэрнае пытанне


З правам на выбар

Наш дом збіраюцца зносіць у сувязі з адабраннем зямельнага ўчастка. На што ў гэтым выпадку разлічваць уласнікам кватэр? Якім дакументам рэгулююцца іх правы?

Г. Церахаў, г. Бабруйск.

У адпаведнасці з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 2 лютага 2009 г. № 58 "Аб некаторых мерах па абароне маёмасных правоў пры адабранні зямельных участкаў для дзяржаўных патрэб" мясцовы выканаўчы камітэт альбо па яго рашэнні асоба, якой выдзяляецца зямельны ўчастак, абавязаны да прыняцця рашэння аб адабранні зямельнага ўчастка для дзяржаўных патрэб прапанаваць і забяспечыць па выбары ўласніка жылога дома або кватэры ў блакіраваным або шматкватэрным жылым доме (долі ў праве ўласнасці на аднакватэрны, блакіраваны жылы дом або кватэру) рэалізацыю аднаго з яго правоў на атрыманне:

ва ўласнасць кватэры тыпавых спажывецкіх якасцяў, а таксама ў выпадку, калі рынкавы кошт кватэры, якая выдзяляецца, меншы за рынкавы кошт жылога дома або кватэры, будынкаў, збудаванняў і насаджэнняў пры іх (доляў у праве ўласнасці на адпаведную нерухомую маёмасць), што падлягаюць зносу, — грашовай кампенсацыі ў памеры гэтай розніцы;

грашовай кампенсацыі за жылы дом або кватэру, будынкі, пабудовы і насаджэнні пры іх, якія прызначаны на знос, за спыненне права ў агульнай уласнасці ў памеры іх рынкавага кошту, але не менш, чым выдаткі, неабходныя для будаўніцтва раўнацэннага жылога дома або кватэры, будынкаў, збудаванняў.

Мясцовы выканаўчы камітэт

пры наяўнасці аб'ектыўнай магчымасці, у тым ліку пацверджанай генеральнымі планамі гарадоў і іншых населеных пунктаў, горадабудаўнічымі праектамі дэталёвага планавання, зацверджанымі ў адпаведнасці з заканадаўствам, абавязаны прапанаваць уласніку жылога дома (долі ў праве ўласнасці на аднакватэрны або блакіраваны жылы дом) дадаткова да пералічанага рэалізацыю аднаго з яго правоў на:

будаўніцтва і (або) атрыманне ва ўласнасць жылога дома, будынкаў, збудаванняў і насаджэнняў пры ім (доляў у праве ўласнасці на адпаведную маёмасць), раўнацэнных па добраўпарадкаванні і агульнай плошчы тым, якія трапілі пад знос;

перанос і аднаўленне жылога дома, будынкаў, збудаванняў і насаджэнняў пры ім, якія трапілі пад знос.

Пры гэтым у вызначаным парадку вырашаюцца пытанні аб выдзяленні землекарыстальніку, землеўладальніку, уласніку або арандатару новага зямельнага ўчастка ўзамен адабранага.

Уласнікам жылога дома (кватэры), які прызначаны на знос, можа быць рэалізавана па выбары толькі адно з прадугледжаных правоў.

Калі разам жыць нельга...

Мы з мужам і дарослымі дочкамі займаем двухпакаёвую кватэру. Цесна... Да таго ж я апошнім часам цяжка хварэю. Калі мяне, як абяцаюць дактары, прызнаюць інвалідам, ці дазволіць гэта нашай сям'і стаць на ўлік для паляпшэння жыллёвых умоў?

П. Я., г. Гомель

Сама па сабе інваліднасць не з'яўляецца абавязковай падставай для прызнання грамадзян маючымі патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў і пастаноўкі іх на кватэрны ўлік.

Разам з тым, падп. 1.1.7 арт. 35 новага ЖК (увайшоў у сілу з 2 сакавіка 2013 г.) устаноўлена, што маючымі патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў прызнаюцца грамадзяне, якія пражываюць у адным пакоі або аднапакаёвай кватэры з іншымі грамадзянамі і маюць захворванні, названыя ў пераліку, вызначаным Міністэрствам аховы здароўя Рэспублікі Беларусь, а таксама грамадзяне, якія пражываюць у адным пакоі або аднапакаёвай кватэры з іншымі грамадзянамі, што маюць захворванні, названыя ў гэтым пераліку.

Пералік названых захворванняў зацверджаны пастановай Міністэрства аховы здароўя ад 22 снежня 2012 г. № 202. Наяўнасць такіх захворванняў дае падставу грамадзянам, якія церпяць ад гэтых захворванняў, быць прынятымі на кватэрны ўлік незалежна ад узроўню забяспечанасці агульнай плошчай жылога памяшкання на аднаго члена сям'і згодна з агульным правілам, грамадзяне прымаюцца на кватэрны ўлік пры забеспячэнні жыллём менш за 15 кв. метраў агульнай плошчы на аднаго чалавека, а ў г. Мінску — менш за 10 кв. метраў.

Абмен? Без абману

Наша сям'я вырашыла абмяняць сваю непрыватызаваную кватэру на такую ж, але ў іншым раёне, бліжэй да працы. Не адразу, але мы знайшлі варыянт... Аднак у афармленні здзелкі нам адмовілі па той прычыне, што пасля абмену як быццам пагаршаюцца ўмовы пражывання аднаго з удзельнікаў — хворага на туберкулёз. Ці правамоцная такая адмова, калі чалавек збіраўся пераехаць у іншую кватэру такой жа плошчы?

С. Клюеў, г. Мінск

У лісце, на жаль, не паведамляюцца ўсе абставіны, звязаныя з абменам, але заканадаўства (у тым ліку арт. 79 ЖК) змяшчае ўмовы, пры якіх абмен не дапускаецца. У прыватнасці, ён немагчымы, калі кватэра, дзе пражываюць некалькі наймальнікаў жылых памяшканняў дзяржжылфонду, у выніку даецца ва ўладанне і карыстанне грамадзяніну, што мае заключэнне ВКК аб наяўнасці ў яго захворвання з пераліку зацверджаных Міністэрствам аховы здароўя, пры якім прызнаецца немагчымым сумеснае пражыванне ў адным пакоі (кватэры).

Магчымы і такі варыянт, што сям'я, членам якой з'яўляецца хворы чалавек, наўмысна спрабуе пагоршыць свае жыллёвыя ўмовы (а яны ў гэтым выпадку могуць быць пагоршаны нават пры аднолькавым метражы).

Трэба мець на ўвазе, што абмен, здзейснены з парушэннем патрабаванняў жыллёвага заканадаўства, можа быць прызнаны судом несапраўдным (арт. 81 ЖК), і ў гэтым выпадку бакі падлягаюць перасяленню ў жылыя памяшканні, якія займалі раней.

Суд можа прызнаць абмен несапраўдным і па іншых прычынах. Напрыклад, палічыўшы, што здзелка заключана пад уплывам памылкі або падману. У прымяненні да жылой плошчы памылкай прызнаецца няправільнае ўяўленне аб такіх значных недахопах жылога памяшкання, якія на момант здзяйснення здзелкі не маглі быць выяўлены, а выявіліся пасля, і гэтыя недахопы перашкаджаюць пражыванню там. Так, памылкай, якая цягне прызнанне абмену несапраўдным, можа з'яўляцца шкоднасць пражывання ў атрыманым па абмене жылым памяшканні па стане здароўя. Прычым памылка грамадзяніна можа мець месца і пры адсутнасці віны іншага боку, які ўдзельнічаў у абмене.

Віктар САВІЦКІ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».