Вы тут

Благадаць за Сожам


Кожны раз, бываючы каля славутай Блакітнай крыніцы за ракою Сож, імкнуся патрапіць у невялікую вёсачку з мілагучнай назвай Благадаць. Апошні раз наведваў яе ў 2007-м. І вось зноў вырашыў зазірнуць да яе жыхароў, якія, нягледзячы на чарнобыльскае забруджванне, заставаліся людзьмі адданымі сваёй малой радзіме. А яшчэ працавітымі і вясёлымі, клапатлівымі і майстравымі. Іх майстэрства спрадвеку выяўлялася ў ткацтве і вышыванні ручнікоў, пляценні з лазы кошыкаў, ва ўменні вырабляць бондарскі посуд і выпякаць хлеб.

Благадаць. Неверагодная цішыня. Сіняе пранізлівае неба над галавою. Брыду ў высокай траве пад шатамі стагадовых дубоў, углядаюся ў кожны дом, услухоўваюся: раптам рыпне брамка і з'явіцца гаспадар альбо гаспадыня. Але ні гуку, ні голасу, ні брэху. Міжволі стрэльнула думка: ці жыве хто ў вёсцы? Шэсць гадоў таму ў Благадаці было 11 чалавек. У густой летняй зеляніне не адразу пазнаеш, якая з хат яшчэ "жывая", а якая ўжо асірацела. Хвалюючы стан душы ўзмацніла і адсутнасць вясковай дарогі. Ледзь прыкметная сцежка хавалася пад шчодрым разнаквеццем: гэта сведчыць, што хадакоў у вёсцы не шмат. Ды што вясковая вуліца — нават дарога да населенага пункта цяпер зусім не тая, як раней, не напрасткі праз суседнюю вёску Дубна. Давялося дабірацца ляснымі нетрамі з добрых пяць кіламетраў. А тую, карацейшую, як даведаўся пазней, перакапалі дзікі і заліло вадою. А раптам ніхто не жыве?..

Ведаю: у гэты час вяскоўцы звычайна заняты сваімі агародамі альбо збіраюць у лесе ягады, і я гатовы быў чакаць любога суразмоўцу, які распавядзе пра сённяшняе благадацкае жыццё-быццё.

1376404434761_1

Але дастаткова было дайсці да хаты з прыбітай шыльдачкай "Дом сацыяльных паслуг", як пачаліся жаданыя сустрэчы. Бразнула жалезная клямка, і з двара выйшла гаспадыня — Тамара Дзмітрыеўна Сяргеенка. Адразу пазнаў гэтую жанчыну, узгадаў яе хату, у якой было шмат фотаздымкаў яе родных. Пакуль прыгадвалі з ёю мінулую сустрэчу, падышлі яе суседкі: дзве Марыі — Юдзіна і Навуменка. Дзесяццю хвілінамі пазней прысеў на лаўцы з цыгаркай стары ляснік Іван Грамаздоў. Разам далей прыгадвалі лета шасцігадовай даўнасці, прыгожы жнівеньскі дзень пасля праваслаўнага Макавея і вялікага свята каля Блакітнай крыніцы. Паўсміхаліся, узгадваючы, як вясковы жаночы калектыў пазіраваў мне на фоне адзінага сялянскага памочніка — коніка. З тых часоў жыхароў паменела ажно на пяць чалавек. Ад Тамары і дзвюх Марый пачуў, што іх старэйшую жыхарку Соф'ю Сяргеенку накіравалі ў сацыяльны прытулак і далейшы лёс бабулькі ім невядомы. А колішняя стараста вёскі і гаспадыня таго самага адзінага коніка Валянціна Гарэлікава перабралася да дзяцей у Оршу. На пытанне, чаму і яны не збіраюцца пакінуць аддаленую і адрэзаную вясновымі паводкамі і зімовымі завеямі вёску, у адзін голас адказалі: "У Благадаці нарадзіліся — у Благадаці і памром".

1376404439309_2

Да нашай кампаніі далучыўся і 17-гадовы Дзмітрый Васіленка, які нечакана апынуўся ў вёсцы. Нечакана, але не выпадкова: Благадаць — яго радзіма. Тут, як кажуць у народзе, "закапаны яго пупок". Хлопца цягне ў гэты куток, хоць не жыве ўжо каля дзесяці гадоў. Юнак любіць вандраваць, блукаць па лесе. Цяпер з бацькамі жыве ў Слаўгарадзе, але не лянуецца час ад часу праехаць на веласіпедзе амаль 15 кіламетраў ляснымі і палявымі дарогамі, каб зноў апынуцца на сваёй маленькай радзіме.

Дзмітрыя цешыць, што вёсачка яшчэ жывая і яго тут добра памятаюць. Што па-ранейшаму шумяць магутныя дубы, пасаджаныя ягонымі прапрадзедамі, і бруіцца пад гарою крынічка, з якой вяскоўцы бяруць ваду. І што ўсё грэецца на сонейку пры дарозе вялікі валун з дзіўнай назвай "печка Міколы". У пашпарце юнака, як і ў дакументах усіх сённяшніх жыхароў гэтай ціхай лясной мясціны, стаіць адна і тая ж пазнака аб месцы нараджэння — вёска Благадаць. Як доказ, што на ўсім белым свеце не знойдзеш лепшага месца і назвы, ад якой вее дабрынёй і святасцю.

Анатоль Кляшчук. Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?