Вы тут

Вышэй за неба толькі натхненне


У кожнага з нас ёсць адмысловая касета альбо СD-дыск, грампласцінка ці МР3-трэкі, у якіх узнікае патрэба, калі ўсё зусім дрэнна. Альбо — наадварот, так добра, што хочацца спяваць уголас! Філасофскі настрой, які калі-некалі накрывае, таксама патрабуе сугучнасці: калі "пралятае ціхі анёл", як колісь напісаў Уладзімір Караткевіч, настае час песень Алеся Камоцкага. Яны, бы крынічка, дзе праз пясок і каламутнасць жыццёвага і творчага мэйнстрыму ўпарта прабіваецца празрысты струмень надзеі, любові і веры ў яе сілы.

Не ўтрымалася, запытала ў паэта, музыканта, выканаўцы і проста шчодрага шчырага чалавека Алеся КАМОЦКАГА, адкуль ён сам сілкуецца гэтай верай у лепшае.

1376404492611_13-20

— Я ўжо ў тым узросце, калі робяць не тое, што правільна, ці няправільна, а тое — што хочацца! — На маё пытанне Алесь адказвае грунтоўна, так, як падыходзіць да ўсяго ў сваім жыцці. — Я некалькі разоў рэзка разварочваў свой жыццёвы шлях. Пасля ўніверсітэта мог працаваць на кафедры, выкладаць філасофію. А я пайшоў у тэатр і працаваў у класным калектыве, які называўся "Дзе-Я?". Мікола Трухан, яго кіраўнік, сышоў з жыцця больш за дзесяць гадоў таму, і тэатр практычна знік, бо трымалася ўсё на ім, на яго асобе. А тады планавалася даць яму курс студэнтаў у Акадэміі, хтосьці б прадоўжыў яго справу, былі б вучні.

Але ў жыцця свой сцэнарый. Лічу, што гэты тэатр — з'ява ў нашай найноўшай культурнай гісторыі ўвогуле неацэнена, яму да сёння няма аналагаў. Але з таго часу я зразумеў: мне недастаткова ведаць "як", трэба яшчэ разабрацца — "чаму" і "навошта".

Напрыклад, касьба. Гэтай сялянскай справе я навучыўся не так даўно. Не толькі кашу, але і сам магу касу направіць, накляпаць. Любы інструмент — рабочы ці музычны — павінен быць "заточаны" пад сябе. Тады будзе зручна і лоўка, арганічна.

Некаторыя мае сябры нават жартуюць, што я не люблю працу — бо хачу яе як мага хутчэй скончыць. Але тычыцца гэта практыкаванняў менавіта фізічных: узяўся ў сяброў на лецішчы яму капаць, дык навошта расцягваць гэтае "задавальненне" на некалькі дзён, калі ўсё можна зрабіць хутка?

Але вершы і песні пішуцца павольна. Яны запісваюцца ў сціслы тэрмін, а "выспяваюць" не адзін дзень.

— Алесь, твая ідэя перакладаў на беларускую мову хітоў усіх часоў і народаў, здаецца, прыйшлася публіцы да густу!

— Калі выйшаў мінулы дыск, думаў, што больш не буду гэтым займацца. Але неяк выпадкова назбіралася яшчэ колькі песень, хаця гэта не разглядалася як мэта. Я лічу, што такія рэчы, якія з'яўляюцца не наўмысна, проста так, бываюць нярэдка мацней, чым нешта "ад галавы", прадуманае. Гэтыя песні нават запісваліся не патрэкава, як звычайна робіцца, а без асаблівага мантажу, "з ліста", ад душы. Сёння збіраемся, іграем, здаецца, да з'яўлення альбома яшчэ іграць ды іграць, а ён праз тры дні такога душэўнага падыходу — ёсць!

— Што яшчэ хочацца праспяваць, каб яно — вядомае і папулярнае ў свеце — стала нашым, беларускім?

— Усё тое, што даспадобы, што да душы. Такіх песень шмат. Але ж я многа пішу і свайго. Вельмі хачу вярнуцца да тых альбомаў, якія рабіў у канцы 1990-х, на пачатку гэтага стагоддзя. Напрыклад, запісаў нізку рамансаў на вершы Рыгора Барадуліна. Тады я зрабіў гэта хутчэй, для памяці, як занатоўку. А зараз бачу, як гэта загучыць па-новаму, з добрымі музыкантамі. Мы з Уладзімірам Ткачэнкам запісалі тады 15 песень, але гэтую справу да канца не давялі: напэўна, я быў не гатовы да яе завяршэння. Цяпер думаю ўсё скончыць, але спачатку хочацца зрабіць зусім новую праграму.

Я вельмі ўсцешаны, што са мной працуюць такія добрыя музыканты. Нават калі ў мяне складваецца цяжкаватая сітуацыя, яны мяне ратуюць. Калі наша перкусіяністка Таня Беразоўская не змагла ўзяць удзел у выступленні, на канцэрце за інструменты сеў Андрэй Малаковіч. Яго жонка, Іна Перасецкая-Малаковіч стала з намі супрацоўнічае. Яна прывяла мужа, сказала: "Зрабі гэта". І ён зрабіў. Прычым на высокім узроўні. Я вельмі ўдзячны. Увогуле, Андрэй нас і раней ратаваў. Аднойчы канцэрт зрываўся, бо гук быў не пастаўлены. У многім, дзякуючы яму, усё за лічаныя хвіліны да пачатку выступлення было даведзена да ладу.

Ці з апошняга: у клавішніка Аляксандра Віслаўскага наш канцэрт супаў з яго гастролямі. Я дамовіўся з Андрэем Лабчэўскім пра замену, а тут раптоўна вярнуўся і Віслаўскі. На канцэрт прыехалі абодва і потым адзін аднаму давалі пайграць. Гэта былі два розныя інструменты, музыканты, манеры — на сцэне быў нейкі новы шык. У выніку зараз я думаю: ідэальны калектыў для мяне сёння — гэта два клавішнікі, кантрабас, перкусія.

Увогуле, я вельмі рады, што са мной працуюць такія цудоўныя музыканты і шчырыя людзі, якія ў складаных, памежных сітуацыях мяне падтрымліваюць.

— Гэта таму, што ім цікава?

— Так, бо тое, што яны тут робяць, гэта ж не з-за вялікіх грошай. І мне з імі прыемна і цікава. Летась мяне асяніла: людзі іграюць са мной, і няхай рукі ў іх занятыя, але ж яны могуць спяваць! Таму, калі быў мой "дзеньнароджанскі" канцэрт, я сказаў: "О, хлопцы, з вас па падаруначку — па песеньцы". Раздрукаваў ім тэксты песень перад выступленнем, яны спявалі "з ліста". Цяпер у нас увайшло ў завядзёнку: на кожным канцэрце — то адна песенька, то іншая ў выкананні музыкантаў. Спяваюць усе інструменталісты. Думаю, хутка будзем і танцаваць: у скрыпачкі Алены Віслаўскай такі вопыт імправізацый у парыжскім метро, што нашы канцэрты для яе занадта спакойныя.

— Алесь, на сваім чэрвеньскім канцэрце ты афіцыйна абвясціў аб плане "перастаць быць ахламонам". Чаму?

— Можна сказаць, што надакучыла, узрост не дазваляе. Пра тое, што мой традыцыйны чэрвеньскі канцэрт — "дзеньнароджанскі", ведаюць многія. Таму і прыходзяць на яго з падарункамі: цукеркамі, каўбасамі, адмысловымі бутэлечкамі. А я, як бы мовіць, раблю творчую справаздачу.

Ёсць больш грунтоўныя планы: збіраюся зрабіць больш канцэптуальным, чым папярэднія, новы альбом, звярстаць чарговую кніжку. Яна выйдзе амаль на год раней, чым я планаваў — неяк хутчэй напісалася.

Мы ж сваім "пісаннем" не распараджаемся — бывае, што год ці два нічога не пішацца. Ад перадапошняй да апошняй кнігі быў перапынак у чатыры гады, а зараз між кніжкамі будзе год. Друкую іх, бо трэба ж некуды падзець тое напісанае, што — не песні.

Увогуле, планы не павінны абмяжоўвацца нейкай адной толькі мэтай — іх трэба адначасова многа, яны павінны замінаць адзін аднаму. І толькі тады хоць што-небудзь атрымаецца! Калі ёсць толькі адзін план — гэта сумна.

— Дык для цябе ўсё ж галоўнае не песні, а тое, што спяваецца?

— Так. Спадзяюся, што сёлета, ці, самае крайняе, будучай вясной, запішу новы альбом. Што там будзе? Няхай гэта застанецца лёгкай інтрыгай. Бо — адкрыю таямніцу, — я да яго падступаўся год дзесяць, і ўсё, што рабіў гэты час, было вялізным прагонам перад новай работай. Нельга ж дзесяць гадоў толькі збірацца штосьці зрабіць — гэтак жа ж нічога не атрымаецца.

Хаця... Ёсць у мяне такія знаёмыя, якія з імпэтам і неаслабным год ад году энтузіязмам расказваюць пра свае ідэі, ненапісаныя кнігі. Я нават злёгку зайздрошчу гэтай палкасці і чакаю, калі яны свой энтузіязм увасобяць у нешта зямное.

— Не раскрываючы асноўнай інтрыгі, усё ж скажы: чым новы альбом будзе адрознівацца ад усяго таго, што было раней?

— Гэта будзе мой настрой дня сённяшняга, маё сучаснае бачанне. І, у той жа час, новая работа будзе своеасаблівым працягам альбома "Дах", які выйшаў у 2006 годзе. Тады я не быў гатовы зрабіць альбом поўнасцю канцэптуальным, а зараз, адчуваю, такі час прыйшоў.

Зразумела, гэта пакуль у мяне ў галаве, альбом усё роўна атрымаецца не такім, як я яго зараз уяўляю. Гэта калі будоўля адхіляецца ад плана, будыніна можа проста "заваліцца", а ў творчасці — наадварот: адыход ад першапачатковай задумы — гэта ж палёт, паветраны палац!

З песнямі найчасцей так усё і бывае. Пішу аб адным, а напраканцы атрымліваецца пра зусім іншае, з'яўляецца больш глыбокі сэнс.

— У адной музычнай краме ў цэнтры Мінска запыталася пра дыск Камоцкага. А мне ў адказ: тут у нас расіяне-пакупнікі "зграбаюць" беларускую музыку...

— Неяк перад канцэртам патэлефанаваў незнаёмец. Я быў за рулём, нават спыніўся, каб адказаць. Ён з Маскоўскай вобласці, быў у Мінску, пачуў па радыё мае песні, знайшоў неяк мой тэлефон: хацеў праз сваіх сваякоў набыць мае дыскі. Мы з ім пагаварылі, дамовіліся, дзе родзічы могуць набыць жаданае. І я паехаў на канцэрт. А там пачаліся пытанні накшталт таго, что мае песні слухаюць толькі ў Мінску, правінцыі не да філасофскіх песень! Пад уражаннем "свежай" размовы адквазваю: не, з перыферыяй таксама ўсё ў парадку. Вось, напрыклад, званілі з Маскоўскай вобласці, прасілі дыскі!

Увогуле, я раблю з задавальненнем сваю справу. А прасоўваннем гатовых работ калі і займаюся, то вельмі няўмела, бо я істота, не абазнаная ў камерцыі... Калі там нешта і атрымліваецца, то гэта не дзякуючы маім талентам. Хацелася б, каб прамоўшнам займаўся прафесіянал. Але сёння такія людзі працуюць пераважна з "папсой", бо іншага ў нас увогуле амаль што няма.

У мяне ёсць мара — прачнуцца раніцай ад званка свайго прадзюсара, які б лаяўся на мяне ўголас: "Што спіш, нічога не робіш, час ідзе!" Я думаю, што не надта злаваўся б на яго — наадварот, быў бы шчаслівы!

— Алесь, дзякуй за размову. І хаця зараз не Новы год і ты ўвогуле чалавек не пітушчы, развітацца з табой хачу амаль што тостам. Бо жадаю табе здзяйснення ўсіх творчых планаў і мар. Каб песні і вершы нас, тваю ўлюбёную публіку, таксама натхнялі на планы і мары.

Ларыса РАКОЎСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Чаму ў старасці псуецца характар, з'яўляюцца бяссонніца і трывожнасць

Чаму ў старасці псуецца характар, з'яўляюцца бяссонніца і трывожнасць

Аб праблемах старэння і тым, як заўважыць і, магчыма, прадухіліць розныя псіхалагічныя захворванні ў пажылых, мы паразмаўлялі з урачом-псіхатэрапеўтам Гарадскога клінічнага псіхіятрычнага дыспансера Марынай Шчаслянок.

Грамадства

«Беларусь у маіх вачах». Блогер Паліна Амяльянчык адкрывае цікавыя факты з гісторыі роднага краю

«Беларусь у маіх вачах». Блогер Паліна Амяльянчык адкрывае цікавыя факты з гісторыі роднага краю

Акрамя фотаздымкаў храмаў і руін былых сядзіб, практычна кожны пост Паліны суправаджаецца яркімі біяграфіямі землякоў. 

Грамадства

Канфуцый «прапісаўся» ў Мінску. Гутарым з дырэктарам Рэспубліканскага інстытута кітаязнаўства імя Канфуцыя БДУ, былым паслом Беларусі ў Кітаі Анатолем Тозікам

Канфуцый «прапісаўся» ў Мінску. Гутарым з дырэктарам Рэспубліканскага інстытута кітаязнаўства імя Канфуцыя БДУ, былым паслом Беларусі ў Кітаі Анатолем Тозікам

20 студзеня Беларусь і Кітай адзначаюць 29-ю гадавіну ўстанаўлення дыпламатычных адносін паміж нашымі краінамі.