Вы тут

АЧС: з разуменнем да ўсіх складанасцяў сітуацыі


Не паспелі мы ў суботнім нумары газеты даць адказ на пытанне чытачкі з Ляхавіцкага раёна адносна памераў санітарных і буферных зонаў вакол свінагадоўчых комплексаў, а таксама тых мерапрыемстваў, якія неабходна праводзіць у іх з мэтай папярэджання распаўсюджвання афрыканскай чумы свіней, як у панядзелак з раніцы прадказальна пачаў разрывацца рэдакцыйны тэлефон...

Першай эмацыянальна выклала сваю нават не праблему, колькі крыўду, жыхарка вёскі Нізкі Гарадзец Талачынскага раёна. Пенсіянерка, яка прымае двух парсючкоў. Усім вяскоўцам, у каго ёсць свінні, сказалі закалоць іх да 12 жніўня. "Чаму? Навошта?"... Залішне пераказваць, што можа ў такой сітуацыі, калі даводзіцца такім вось чынам пазбаўляцца ад скаціны, сказаць вясковы чалавек, які жыве найперш з вынікаў працы на зямлі...

Жыхарка вёскі Зубрэвічы Дзяржынскага раёна, якая патэлефанавала на "гарачую лінію" "Звязды"

літаральна ўслед за першай заяўніцай, наадварот, была разгубленай. Быццам бы насельнікаў прымушаюць забіваць свіней. На цэнтральнай сядзібе з гэтай нагоды быў сход з удзелам, у тым ліку, і ветэрынарных урачоў, але сама наша чытачка, як і некаторыя аднавяскоўцы, асабіста на ім не была. Інфармацыя да іх дайшла, як той казаў, праз трэція рукі... А канчатковым тэрмінам, калі грамадзяне павінны былі закалоць свіней, называлася дата 10 жніўня. Вось жанчына, тэлефануючы ў панядзелак 12-га, і была ў разгубленасці: што ж рабіць?..

Галоўны ветэрынарны ўрач Талачынскай раённай ветстанцыі Мікалай Голубеў на наш тэлефонны зварот патлумачыў, што ў вёсцы Копыль Віцебскага раёна на свінагадоўчым комплексе "Лучоса" была выяўлена афрыканская чума. Сем бліжэйшых да яго раёнаў, у тым ліку Сенненскі, Дубровенскі і Аршанскі, былі абвешчаны неспрыяльнымі. У 5-кіламетровай зоне там вакол свінагадоўчых комплексаў свінні ў насельніцтва падлягаюць толькі ўтылізацыі. У пагражальнай зоне радыусам ад 5 да 100 кіламетраў прадпісана знішчыць пагалоўе свіней у насельніцтва. Закалоць іх могуць і самі вяскоўцы, прычым прадукцыю забою дазваляецца ўжываць у ежу. Праўда, без права яе вывазу ў іншае месца.

— Ад Нізкага Гарадца да свінагадоўчага комплексу "Нарцызава", што ў нашым раёне, дзе ўтрымліваецца пагалоўе свіней у 54 тысячы, каля 45-50 кіламетраў. Там ёсць падазрэнне на чуму, таму наш раён абвешчаны неспрыяльнай зонай і неабходна праводзіць вышэйпералічаныя мерапрыемствы для пагражальнай 100-кіламетровай зоны, — распавёў Мікалай Эдуардавіч.

Што датычыцца тэрмінаў, у якія павінны ўкласціся з забоем свіней вяскоўцы, суразмоўца адзначыў: у мінулую пятніцу ў райвыканкаме на пасяджэнні штаба было адназначна сказана — адносіцца да сітуацыю па-людску. Гэта азначае, што калі, напрыклад, грамадзянін утрымлівае трох свіней і пакуль закалоў толькі адну з іх, ужо зразумела, што чалавек адэкватна ўспрымае сітуацыю. Яму патрэбна некалькі дзён, каб упарадкаваць атрыманую прадукцыю, перш чым забіваць другую жывёлу. У такой сітуацыі ніхто вяскоўцаў прыспешваць не будзе. Адпаведна, ніякіх адназначна жорсткіх тэрмінаў па забоі няма. "Калі чалавек адэкватна ставіцца да сітуацыі", — паўтарыў Мікалай Голубеў.

Галоўны ветэрынарны ўрач Дзяржынскай райветстанцыі Аляксандр Рашэтнік здзівіўся, што заяўніца з вёскі Зубрэвічы звярнулася ў газету, а не патэлефанавала яму. "Сапраўды, мы праводзілі на цэнтральнай сядзібе сход з насельніцтвам. Праўда, у раёне каля 300 вёсак, наведаць адразу ўсе немагчыма". Паводле далейшых слоў спецыяліста, вяскоўцы з-за гэтага сапраўды часам бываюць у разгубленасці. "Ёсць 5-кіламетровая зона вакол свінагадоўчых комплексаў, дзе ўтрыманне на падворках насельніцтвам свіней забаронена. А ёсць яшчэ 20-кіламетровая ахоўная зона, у якую трапляе і названая вёска, дзе свіней дазваляецца ўтрымліваць пры выкананні ветэрынарна-санітарных правілаў. Калі яны выконваюцца, ніякіх праблем няма". Прымусова ў такой сітуацыі забіраць жывёлу ў гэтай зоне будуць толькі, калі барані Божа, узнікне ачаг заражэння. Таму, па словах Аляксандра Міхайлавіча, грамадзянам проста прапанавалі самім пазабіваць свіней.

Я папрасіў галоўнага ветурача нагадаць тыя самыя правілы, пры ўмове якіх вяскоўцы могуць смела і надалей трымаць на сваіх падворках свіней. Аляксандр Рашэтнік пералічыў: хлеў, дзе ўтрымліваецца жывёла, павінен быць абнесены агароджай вышынёй 1,8 метра; ён павінен быць абсталяваны ветэрынарна-санітарным прапускніком, гэта значыць павінны быць памяшканні, дзе гаспадар зможа пераапрануцца, памыцца... Што датычыцца агароджы, яе пры неабходнасці можна паставіць, пагадзіцеся. А вось ці часта вы бачылі, умоўна кажучы, хлявы з душам?.. Гэта не аб правілах, а аб тым, наколькі вяскоўцы змогуць выканаць усе неабходныя патрабаванні...

Сяргей РАСОЛЬКА.

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.